Зоркі клічуць

Існуе такая тэорыя, што для дарослых людзей час бяжыць хутчэй, бо яны ўжо шмат чаго ведаюць пра жыццё і іх дні падобныя адзін да аднаго. У дзяцей жа што ні дзень, то новае адкрыццё і адпаведна новыя эмоцыі. Каб гэтае лета не праляцела з хуткасцю баліда Формулы-1 па трасе, Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці прапаноўвае шмат варыянтаў сябе заняць.

dav

Знайдзі сваё

Сёлета ў цэнтры працуе шэсць пляцовак, дзе можна праверыць свае навыкі ці адкрыць “для сябе нешта новае”. У IT-лабараторыі вывучаюць асновы мультыплікацыі і інтэрактыўнай графікі з дапамогай праграмы Macromedia Flash. У цэнтры хочуць стварыць свой мультфільм. Дзеці, якія прыходзяць у IT-лабараторыю, абмяркоўваюць гэтую ідэю, спрабуюць намаляваць нейкіх мультыплікацыйных герояў.

На пляцоўцы “Тэрыторыя ТЭХНА” можна даведацца ўсё пра суднабудаванне, засвоіць напрамак PaperMade (выраб мадэлей з паперы ў розных тэхніках) і пагуляць у камп’ютарныя гульні. Цэнтр нават прапаноўвае паспрабаваць сябе ў іх аўтарскай гульні “Сімулятар бою”.

Не толькі тэхнічнымі напрамкамі багатыя ў Гродне. На пляцоўцы “АРТ-ХАОС” дзеці вучацца асновам малюнка, жывапісу і кампазіцыі, прычым выкарыстоўваючы розныя матэрыялы. А вось тых, хто завітае на пляцоўку Non stop, чакае пагружэнне ў сучасныя віды і стылі танцаў.

Пасярэдзіне — Ганна Ліпай.

У “Тэхнічнай гасцёўні” займаюцца вырабам простых мадэлей караблёў, самалётаў, ракет, прамысловай тэхнікі. Туды прыходзяць дзеці пачатковых класаў. Паралельна з гэтым праводзяцца квест-гульні, экскурсіі ў прафесію. У нас ёсць галерэя прафесій (памяшканне ў Гро­дзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну), там прадстаўлены ўсе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія існуюць у нашай вобласці, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Людміла Кузьміна. — Ёсць у нас і анлайн-майстэрня. Пасля вясновых канікул мы пачалі выкладваць на наш YouTube-канал розныя майстар-класы ад педагогаў”. Напрыклад, можна навучыцца рабіць 3D-кветку, пабудаваць спро­шчаную мадэль амерыканскага паруснага брыга або стварыць ахоўны шчыток для стаматолагаў з канцылярскіх тавараў. Самыя папулярныя відэа, дарэчы, звязаны з Вялікаднем: “Майстар-клас па стварэнні вырабу “Вясёлая курачка”, “Майстар-клас па стварэнні вырабу “Велікодны пеўнік”. Запомніце, можа спатрэбіцца ў наступным годзе.

Засталася яшчэ адна пляцоўка — “Зоркі клічуць”. Там знаёмяць з авія- і ракетамадэляваннем. Пра другое хочацца раска­заць больш падрабязна.

Мне б у неба

Аляксандр Ліпай, педагог па ракетна-касмічным мадэляванні, пачаў займацца мадэляваннем у 4 класе, праўда, спачатку яго цікавілі самалёты. Пасля службы на ваенна-марскім флоце Аляксандр Мікалаевіч прыйшоў да дырэктара цэнтра тэхнічнай творчасці і прапанаваў стварыць гурток па ракетамадэляванні. Тады такога напрамку ва ўстанове яшчэ не было. Так з 1991 года педагог і не мяняў месца працы. Спачатку прыходзілася шмат ездзіць па краіне, каб пераймаць вопыт, але ўжо праз чатыры гады Аляксандр Мікалаевіч удзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах. “У савецкі час, напэўна, кожны марыў ­стаць лётчыкам ці касманаўтам. І ў мяне былі такія думкі, але здароўе не дазволіла. Застаўся на зямлі будаваць мадэлі”, — расказвае педагог. Але гэта не перашкодзіла пазнаёміцца бліжэй з ракетна-касмічнай справай. З 1996 года Аляксандр Ліпай ездзіць на этап Кубка свету, які праходзіць на касмадроме Байканур. Ён не раз бачыў сваімі вачыма пляцоўку, з якой стартаваў Юрый Гагарын. Гаворыць, што эмоцыі ад гэтага незабыўныя.

Зараз Аляксандр Мікалаевіч — майстар спорту міжнароднага класа. А як жа інакш, калі за плячыма столькі дасягненняў: пераможца Кубку свету ў 2010, 2014 і 2017 гадах, прызёр чэмпіянату свету ў 2006, 2010, 2015 і 2016 гадах, прызёр Кубка свету ў 2007 і 2013 гадах. Педагог працягвае выступаць на спаборніцтвах, чым вельмі радуе сваіх выхаванцаў. “Знахо­дзіцца разам з дзецьмі на адной стартавай пляцоўцы — гэта адны плюсы. Яны назіраюць за мной, разумеюць, што мы ў адных умовах, што я зараз не педагог, а сапернік. На этапах Кубка свету няма раздзялення па ўзросце, залік ідзе агульны. Можна пачынаць ужо ў 10 гадоў, а самаму старэйшаму ўдзельніку будзе 75. А на чэмпіянаце Еўропы спартсмены дзеляцца на ўзроставыя катэгорыі”.

Гэта не проста цацкі

Лабараторыя ракетна-касмічнага ма­дэлявання, якой кіруе Аляксандр Ліпай, працуе ў трох напрамках: спартыўны мадэлізм, стэндавы мадэлізм (вырабляюць мадэлі-копіі, максімальна набліжаныя да рэальных аб’ектаў) і паказальныя запускі (дзеці без абмежаванняў самі прыдумваюць мадэлі, напрыклад, да нейкіх памятных дат). У гуртку цяпер займаюцца больш за 20 чалавек. Некаторыя працуюць у групах, некаторыя — індывідуальна (бо паказалі добрыя вынікі на спаборніцтвах і патрабуюць асаблівай увагі). Самаму старэйшаму выхаванцу Аляксандра Мікалаевіча зараз 23 гады. Абмежаванняў па ўзросце ў гуртку няма. Педагог лічыць, што ў дзяцінстве дзеці ўспрымаюць ракетамадэляванне як гульню, а калі становяцца старэйшымі, пачынаюць ставіцца да справы больш сур’ёзна. Дарэчы, у апошні час у ракетамадэляванне прыходзіць усё больш дзяўчынак. Ціка­васць да прадмета Аляксандр Ліпай звязвае, па-першае, з візуальнай цікавасцю да розных відаў ракет, якія дзеці могуць убачыць у лабараторыі, па-другое, з жаданнем зрабіць нешта сваімі рукамі, каб яно яшчэ і працавала. Апошнім часам, па словах педагога, дзецям хочацца чагосьці сапраўднага, да чаго можна дакрануцца, а не толькі камп’ютарных гульняў. “Самыя першыя і простыя мадэлі мы робім з паперы, далей ідуць больш складаныя са спецыяльнага дрэва, пенапласту, тканіны, кампазіцыйных матэрыялаў. У мінулым годзе ўпершыню ў Беларусі мой выхаванец раздрукаваў ма­дэль на 3D-прынтары і запусціў яе. Гэта было зроблена да Дня касманаўтыкі. Выбралі амерыканскую ракету “Сатурн-5”, бо яе чарцяжы знайсці нескладана і форма больш простая — цыліндрычная”.

Са створанымі мадэлямі дзеці і педагог едуць на спаборніцтвы. Звычайна гэта вясна, лета і ранняя восень, калі надвор’е дазваляе здзейсніць запуск (позняй восенню і зімой ствараюцца новыя ракеты, дапрацоўваюцца старыя). Усяго існуе 12 класаў мадэлей, і ў кожнага свае асаблівасці. Некаторым трэба ўзляцець як мага вышэй, некаторым — ляцець як мага даўжэй, прычым выкарыстоўваць парашут, стужку ці ротар. “Самы складаны клас — гэта мадэлі-копіі. Можаце сабе ўявіць: мадэль ракеты “Саюз” (з ёй выступаў украінскі спартсмен на чэмпіянаце свету) зроблена ў маштабе 1:50 і так, што нават колькасць заклёпак супадае. Яна і ўзлятае як сапраўдная, аддзяляюцца ступені. Мы ў асноўным выступаем на спаборніцтвах у 5-ці класах: парашут, стужка, ротар, копіі і ракетапланы”.

Складанасць спаборніцтваў у тым, што ўсе ўдзельнікі вырабляюць мадэлі па пэўных тэхнічных патрабаваннях (даўжыня, дыяметр, вага). Па сутнасці, у адным класе збіраюцца людзі з аднолькавымі ракетамі. Таму, калі едзеш на спаборніцтвы, ніколі не можаш быць упэўненым у сваёй перамозе. У гэтым ёсць свая прывабнасць. “Спорт ёсць спорт. Не ведаю, як можна гарантаваць нейкае месца. Часта можна заўважыць на фотаздымках, што падлеткі па месцах знаходзяцца вышэй за дарослых мужчын. Як вызначаецца, хто лепшы? Напэўна, нешта ўверсе дапамагае. Але гэта не значыць, што рыхтавацца не трэба, што ты прыедзеш, проста націснеш кнопку і пераможаш, так не бывае”.

Зрабіць і запусціць ракету — гэта яшчэ паўсправы. Яе трэба за 50 мінут знайсці, прынесці і запусціць зноў. А ўмовы бываюць рознымі: лес, поле, вада, спякота і г.д. Ты бяжыш, адным вокам сочыш за ракетай, другім — за зямлёй — няпростая справа. “Аднойчы мы былі на спаборніцтвах у Любляне (Славенія), там ракета прызямлілася за 15 кіламетраў ад месца старту. Лёгкая атлетыка адпачывае. Бывала, прыходзілася і машыну браць, і лодку арандаваць, і сярод поля кукурузы шукаць мадэль даўжынёй 50 сантыметраў. Таму на занятках мы спачатку тэарэтычна вывучаем, як арыентавацца на мясцовасці, а потым сапраўды выяз­джаем на прыроду, спрабуем сілы”.

Найбольш добрыя вынікі на спаборніцтвах традыцыйна паказваюць Польшча, Балгарыя, Чэхія, Славакія, Расія, Літва. У апошнія гады і беларускія спартсмены выступаюць на даволі высокім узроўні. Напрык­лад, выхаванец Аляксандра Мікалаевіча Кірыл Жабравец у 2016 годзе стаў чэмпіёнам свету ў Львове (Украіна). “Дагэтуль мае гурткоўцы выйгравалі на этапах Кубка свету, але такую перамогу мы атрымалі ўпершыню. Мая дачка Ганна ў мінулым годзе на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца ў класе ракетапланаў. І Кірыл, і Ганна зараз знаходзяцца ў асноўным складзе нацыянальнай зборнай Беларусі”.

У наступным годзе Аляксандр Мікалаевіч будзе адзначаць 30-годдзе сваёй педагагічнай дзейнасці. І для мяне відавочна, што гэты час ён любіць усёй душой. Вызначыць гэта вельмі проста: пасля інтэрв’ю параўнаць коль­касць запісаных мінут на дыктафоне і колькасць мінут па адчуванні. Калі ў другім выпадку іх значна менш — гэта той самы, апантаны сваёй справай, чалавек.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.М.Ліпая.