Злавіць абодвух зайцоў

Нарэшце надышоў час, калі людзі на падсвядомым узроўні адчуваюць нейкую расслабленасць.

Для настаўнікаў і вучняў яна цалкам слушная, іншым прыйдзецца пачакаць афіцыйнага адпачынку, каб пачаць атрымліваць асалоду на поўную. Вольнага часу шмат, а што з ім рабіць? Як варыянт — пахадзіць на заняткі ў мясцовы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Пасярэдзіне — Вольга Швяцова.

Лета з карысцю

Цэнтр творчасці “Эверэст” Магілёва прапаноўвае ўсім жадаючым шмат варыянтаў для таго, каб зрабіць сваё лета разнастайным. Анонс мерапрыемстваў на тыдзень можна знай­сці за хвіліну: заходзіце на сайт цэнт­ра, на галоўнай старонцы націскаеце на карцінку “Лета-2020”, а потым на карцінку “Анонс мерапрыемстваў на тыдзень”. На­прыклад, з 15 па 20 чэрвеня можна было ­паўдзельнічаць у двух майстар-класах на старонцы цэнтра ў Instagram (па эстрадным танцы і па вырабе “смачных” упрыгажэнняў з лёгкага пластыліну), у жывых майстар-класах па харэаграфіі, дэкаратыўна-прыкладной і выяўленчай творчасці, пагу­ляць у інтэрактыўную гульню “Як не ­стаць ахвярай злачынства” і наведаць праз Zoom гісторыка-асветніцкае мерапрыемства “Гады, абпаленыя вайной”. Усё гэта аб’ядноўвае справядлівы хэштэг — #летазкарысцю2020.

“Марафон “Праводжу лета з карысцю” — гэта ініцыятыва галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, мы яе штогод падтрымліваем, — расказвае дырэктар цэнтра Іна Галоднікава. — На нашым сайце напісана, што мы можам у рамках марафону прапанаваць дзецям. Без розніцы, будзе гэта навучэнец нашых аб’яднанняў ці не, летам мы адкрыты для кожнага. Калі дзіцяці нешта спадабалася, яно можа  патэлефанаваць, мы дадзім кантакт педагога, і яны дамовяцца пра форму работы — дыстанцыйна ці ўжывую”. У гэтым годзе, на­прыклад, прапаноўваюць навучыцца танцам, асновам гуказапісу і макіяжу, дыхальнай гімнастыцы, мастацтву самаабароны і інш.

Акрамя гэтага, ёсць яшчэ пляцоўкі, якія могуць зацікавіць. Напрыклад, “Эверэст — тэрыторыя творчасці”. Два разы на ты­дзень, у аўторак і пятніцу з 14:00 да 15:00, на старонцы цэнтра ў Instagram ідуць прамыя эфіры з майстар-класамі. Яны захоўваюцца, так што, калі не паспелі — не бяда. На YouTube-канале цэнтра таксама можна знайсці цікавыя майстар-класы для ўсіх. Да таго ж кожны дзень пасля абеду працуе інтэрактыўная пляцоўка, дзе ў мікрагрупах жадаючыя могуць асвоіць асновы дэкаратыўнага, харэаграфічнага і вакальнага мастацтва.

“Па чацвяргах у нас працуе пляцоўка “Новае пакаленне”. Cустрэчы праводзяцца на платформе Zoom. Напрыклад, дзеці паспелі паслухаць і абмеркаваць тэмы “Інтэрнэт: ЗА і СУПРАЦЬ”, “Навуч.LAB”. На спартыўна-гульнявой пляцоўцы Game-time дзеці могуць карыстацца тэнісным сталом, баскетбольным кальцом і іншым абсталяваннем. Ім не бу­дзе калі сумаваць, бо там заўсёды ёсць педагог-арганізатар”, — гаворыць Іна Валер’еўна.

Заняткі з мамамі.

Крок за крокам

Адно з аб’яднанняў, якое не спыняе сваю работу нават у самую гарачую пару года, — студыя сучаснага эстраднага мастац­тва Step by step. Туды дзеці прыходзяць, каб навучыцца спяваць і танцаваць. Прычым 70% выхаванцаў займаюцца і тым, і тым. “У асноўным адразу прыхо­дзяць тыя, хто хоча займацца і вакалам, і харэаграфіяй. Ці дзеці прыхо­дзяць танцаваць, глядзяць на тых, хто і спявае, і танцуе, і пытаюцца: “А можна мне паспраба­ваць?”. Адна дзяўчына дагэтуль не можа вызначыцца, на якую спецыяльнасць у каледж ёй паступаць, — гаворыць кіраўнік студыі Вольга Швяцова. — Мне калісьці сказалі, што не можа быць добра ўсё. Калі будзеш выдатна выкладаць харэаграфію, значыць, дрэнна — вакал і наадварот. Але калі я спрабавала выбраць нешта адно, мне было сумна. У думках з’яўляліся нумары, якія можна было б паставіць і з вакалістамі, і з танцорамі”.

На заняткі прыходзяць дзеці ад 6 да 20 гадоў. Ёсць канцэртны склад і тыя, хто толькі нядаўна далучыўся да калектыву. Раней заняткі былі групавыя, але з-за эпідэмічнай сітуацыі прыйшлося пераглядзець праграму. Сустрэчы ўжывую не зніклі зусім, але цяпер на іх прысутнічае да 4 чалавек, каб было прасцей трымаць дыстанцыю. Пры ўваходзе ў цэнтр у дзяцей і педагогаў правяраюць тэмпературу, усюды даступныя сродкі гігіены. Знайшлі свой добры водгук і анлайн-заняткі на платформе Zoom. У цэнтры ёсць Wi-Fi, камп’ютары, ноўтбукі, таму педагогам у тэхнічным плане няцяжка арганізаваць дыстанцыйную форму навучання. Часам Вольга Швяцова запісвае на відэа нейкія танцавальныя звязкі, дасылае іх у групы ў Viber, дзеці вучаць, а потым адпраўляюць відэаадказ. Так харэограф можа кантраляваць, як выхаванцы вучаць новыя рухі і ці не забываюць стары матэрыял.

“Вочныя заняткі прахо­дзяць у харэаграфічнай або актавай зале. Дзеці часта знаходзяцца на сцэне, і гэта вялікі плюс, бо на сапраўдных выступленнях яны не так яе баяцца. Мы пастаянна праветрываем памяшканне, добра, што зараз дазваляе надвор’е, — расказвае Вольга Мікалаеўна. — Спачатку ідзе размінка, расцяжка, потым адпрацоўваем танцавальныя рухі. Калі гэта канцэртны склад, то паўтараем танцавальныя кампазіцыі, развучваем нешта новае, гля­дзім майстар-класы анлайн. Калі мы вучылі новую звязку, а хтосьці прапусціў заняткі, то запісваем яе на відэа павольна, а потым хутка пад музыку, каб дзіця магло вывучыць дома і на наступныя заняткі прыйсці пад­рыхтаваным. Так ніхто не выпадае з працэсу”.

У навучанні дзецям больш за ўсё падабаецца паўтараць тое, што ўжо засвоена. Рухі атрымліваюцца на аўтамаце, а гэта прыносіць больш задавальнення. Таксама выхаванцы любяць сілавыя трэніроўкі, якія праходзяць раз на два тыдні. На іх ідзе работа над целам, пэўнымі групамі мышцаў і расцяжкай.

Апошнім часам вельмі папулярнымі сталі сумесныя заняткі дзяцей з бацькамі. У асноўным прыходзяць мамы, таты ж пакуль прыглядаюцца. Вольга Швяцова ўжо думала, як прыцягнуць мужчын: паспрабуе праводзіць трэніроўкі на вуліцы з мячом, мабыць, нешта зменіцца. “Спачатку мы робім прак­тыкаванні, каб навучыцца рухацца разам, таму што бацькі напачатку заціснутыя. Потым разыгрываем эцюды. Даецца якая-небудзь тэма, напрыклад, трэба пакласці дачку спаць. Толькі мама і дачка мяняюцца месцамі: дачка павінна пакласці маму спаць, а тая — адчуць сябе ў танцы дзіцем. Аказалася, што многія мамы ў юнац­тве танцавалі, зараз яны ўсё гэта ўспамінаюць. Гэта выдатны шанс адчуць сваё цела, размяцца”. Да таго ж калі на занятках прысутнічаюць і бацькі, і дзеці, гэта іх аб’ядноўвае. Бацькі прызнаюцца, што змянілася нават унутранае стаўленне адно да аднаго, зносіны сталі больш даверлівымі. У плюсе не толькі дарослыя і маленькія выхаванцы, але і педагог. Дысцыпліна, дзякуючы прысутнасці бацькоў, паляпшаецца, таму звязкі і праграмы засвойваюцца хутчэй. У жаданнях Вольгі Мікалаеўны — стварыць сямейны клуб, але гэта патрабуе шмат эмацыянальных і фізічных сіл, таму пра канкрэтныя даты пакуль сказаць складана.

Вакальныя рэпетыцыі таксама адбываюцца ў вочнай і дыстанцыйнай формах. Многія прыхо­дзяць сем’ямі (напрыклад, сёстры), у такім выпадку дзеці могуць займацца адначасова ўдваіх. Пры іншым раскладзе — індывідуальныя сустрэчы. Дыстанцыйна працаваць з вакалістамі педагогу прасцей, чым з танцорамі. Апошнім трэба выпраўляць рухі на месцы, часам тлумачэннем не дасягнуць патрэбнага выніку, затое з вакалістамі ўсё дзейнічае наадварот.

Нягледзячы на тое што выступленні на канцэртах і фестывалях пакуль адменены, у студыі актыўна вучаць новы матэрыял. Зараз існуе іншы варыянт падзяліцца дасягненнямі — выкласці ў сацыяльныя сеткі. Дарэчы, гэта, па словах Вольгі Мікалаеўны, прыцягвае больш увагі да юных артыстаў.

“Рэпертуар у вакалістаў разнапланавы. У нас ёсць шмат тэматычных нумароў, таму што мы выступаем на многіх гарадскіх пляцоўках падчас свят. Нашы таленты, на­прыклад Іра Карпенка, самі пі­шуць песні і іх выконваюць. Мы стараемся спяваць на розных мовах: на рускай, беларускай, англійскай, французскай і румынскай. Дзеці хочуць яшчэ і на карэйскай, таму што K-pop папулярны, некаторыя на кітайскай, бо вучаць яе ў школе. Калі песня цікавая, мы яе бяром, і няважна, на якой яна мове. Я стараюся ісці ў нагу з часам, з моладдзю, рабіць тое, што ім падабаецца. Але цэнзура ўсё ж павінна прысутнічаць, асабліва калі ты выступаеш перад публікай”.

Ісці да педагога

Амаль усе нумары, створаныя за 17 гадоў існавання студыі Step by Step, можна памячаць знакам капірайту і за ім пісаць “Вольга Швяцова”. Складана ўявіць, адкуль педагог чэрпае натхненне так доўга. Аказваецца, усё даволі проста: прагледжаны фільм, пачутая песня або расказаная гісторыя могуць падштурхнуць да стварэння чагосьці свайго. Напэўна, педагагічны талент і заключаецца ў тым, што са звычайнай рэчы чалавек умее стварыць нешта асаблівае. Вольга Мікалаеўна гаворыць, што сваю ролю ў прыдумванні новага нумара адыгрываюць і дзеці. Часта яны ці раскажуць нешта цікавае, ці прапануюць ідэю. “Напэўна, калі я сама займалася, то хацела нешта зрабіць па-свойму, не так, як уяўляў сабе мой кіраўнік. У мяне было столькі розных ідэй, што, калі я стварыла свой калектыў, пачала пакрысе іх рэалізоўваць. А потым мы шмат дзе былі з калектывам, шмат чаго бачылі — любы падобны момант натхняе. Варта яшчэ не забываць хадзіць у адпачынак. Праўда, без дзяцей ён у мяне не праходзіць, таму што летам працую культурным арганізатарам у загарадным лагеры. Але дзеці цяпер вельмі развітыя, жывыя, з імі цікава пагаварыць, ад іх падсілкоўваешся энергіяй”.

Пра вынікі работы Вольгі Мікалаеўны лепш за ўсё скажуць паездкі калектыву на розныя фестывалі. Запомніўся конкурс “Хваля ідэй” у Балгарыі, дзе ты і ўдзельнічаў, і адпачываў каля мора. Дзякуючы фестывалю ART-PANORAMA Baltika, многія танцоры і вакалісты студыі пабывалі ў Латвіі, Эстоніі, Швецыі. Напэўна, асабліва іх уразіла тое, што выступалі яны на вялікім пароме (страхі пра хістанне на вадзе не здзейсніліся). Паездка на “Арт-парад у Віцебску” (міні “Славянскі базар” для дзяцей) пакінула шмат эмоцый і думак для асэнсавання.

“У дзяцей і мяне даверлівыя адносіны. Мы працуем у дадатковай адукацыі, да нас яны не абавязаны хадзіць, як у школу. Да нас прыйдуць, толькі калі ўбачаць педагога, які будзе падабацца дзецям, калі яны бу­дуць зацікаўлены і імі будуць зацікаўлены. Я як педагог павінна пака­заць ім, што цаню кожнага”, — завяршае на прыгожай ноце Вольга Мікалаеўна.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.М.Швяцовай.