Рэспубліканскі экалагічны адукацыйны праект “Зялёныя школы” пашыраецца — цяпер да яго далучаюцца і ўстановы дашкольнай адукацыі. Семінар для 70 педагогаў, якія працуюць з дзецьмі 5—7 гадоў у дзіцячых садках краіны, прайшоў днямі на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У межах сустрэчы педагогі змаглі ацаніць вынікі рэалізацыі экалагічнай праграмы “Зялёныя школы” ў Беларусі, абмяняцца вопытам, напрацоўкамі і намеціць далейшы экалагічны курс сваіх устаноў.
Праграма “Зялёныя школы” з’яўляецца важным кампанентам праекта “Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Праект накіраваны на эфектыўнае і інклюзіўнае кіраванне навакольным асяроддзем на мясцовым узроўні, маніторынг экалагічных рызык, абмен адпаведнай інфармацыяй, у прыватнасці, у галіне атмасфернага паветра. На яго фінансаванне Еўрапейскі саюз вылучае 3,5 млн еўра.
Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”, зазначыла: “Мы ўсе разумеем ролю дашкольнага дзяцінства і малодшага школьнага ўзросту. Гэта першае звяно ў сістэме экалагічнай адукацыі. Гэта ўзрост эмацыянальнасці, асаблівай успрымальнасці, велізарнай цікавасці да свету прыроды. Таму так важна, што нашы дашкольнікі ўключаюцца ў работу па гэтым кірунку”.
Праграмай семінара прадугледжвалася абмеркаванне шэрага актуальных тэм, у іх ліку — асноўныя тэндэнцыі развіцця экалагічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту ў Беларусі, тэхналагічныя аспекты рэалізацыі праекта “Зялёныя школы” ва ўстановах дашкольнай адукацыі, метады і формы работы з выхаванцамі і бацькамі, узаемадзеянне дашкольных устаноў і УВА ў пытаннях экалагічнай адукацыі дзяцей і інш.
Так, І.В.Фёдараў, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, акцэнтаваў увагу на тых момантах, якія найбольш важныя ў рэалізацыі праекта. У прыватнасці, гаворачы пра адзін з 4 кірункаў праграмы — захаванне біяразнастайнасці, заклікаў садкі не скошваць усю траву на тэрыторыі, а пакідаць хоць маленечкі кавалачак дзікага лугу, каб дзець маглі назіраць там за жыццём жучкоў і казурак, пастарацца павялічыць іх відавую разнастайнасць, стварыўшы штучны вадаём ці экалагічную сцежку. Вельмі ўдалая, на яго погляд, ідэя праекта “Маё любімае дрэва”, калі дзеці самі садзяць дрэва і самі яго даглядаюць, за ім назіраюць, пра яго расказваюць у садку. Што да размоў пра водазберажэнне, пачынаць трэба не з вырашэння глабальных задач, а з уласнага ваннага пакоя, дзе абавязкова трэба паставіць шкляначку, якая дапаможа падчас чысткі зубоў значна эканоміць ваду, і думаць пра эканомію электраэнергіі штодзень, каб, напрыклад, роздумы пра меню праходзілі не каля адчыненага халадзільніка.
Іван Віктаравіч нагадаў, што статус “зялёныя школы” актыўна атрымліваюць і дашкольныя ўстановы краіны, а для гэтага выконваюць заданні. І таму ён заклікаў удзель-нікаў у пагоні за дыпломам не забываць пра галоўнае — пра дзяцей і іх экалагічнае выхаванне.
Па словах Ірыны Рамуальдаўны Клявец, спецыяліста ў галіне адукацыі праекта “Далучэнне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, распаўсюдзіць праект “Зялёныя школы” на дашкольныя ўстановы кіраўнікі праекта збіраліся даўно. А ў тым, што гэта была са-праўды актуальная ініцыятыва, пераканала і прадстаўленне вопыту ў экалагічным кірунку загадчыкамі садкоў і іх намеснікамі падчас семінара. І стала відавочным, што экалагічная адукацыя найчасцей педагогамі-дашкольнікамі разумеецца аднабока, бо ў асноўным размова ідзе пра захаванне біяразнастайнасці, у меншай ступені закранаецца вода- і энергазберажэнне ці абыходжанне з адходамі. Ёсць і асобныя дзіцячыя садкі, якія працуюць толькі ў адным з гэтых кірункаў, апускаючы іншыя. І менавіта праект “Зялёныя школы” якраз і дасць магчымасць комплекснай экалагічнай адукацыі, якая ўключыць усе гэтыя 4 кірункі.
Паглядзець, як гэтая праграма рэалізуецца на практыцы, удзельнікі семінара змаглі, наведаўшы мадэльную ўстанову яслі-сад № 137 Мінска, якая з гэтага года стала рэсурсным цэнтрам па рэалізацыі комплекснага адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Педагогі садка прэзентавалі гасцям прадметна-развіццёвае асяроддзе ўстановы і груп па экалагічным выхаванні, заняткі педагога-псіхолага Г.Л.Абрэўка з элементамі эколага-псіхалагічнага трэнінгу, інтэрактыўную гульню з дызайн-праектам “Беларусь мая сінявокая”, заняткі з выхаванцамі старшай групы па вывучэнні разнастайнасці птушак на тэрыторыі ўстановы з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання. Дзякуючы праекту, у садку з’явілася інтэрактыўная панэль з праграмным забеспячэннем і мультыборд з выхадам у інтэрнэт.
Асноўны акцэнт у гэтай установе робіцца на практычную дзейнасць навучэнцаў: назіранні, практычныя работы па засваенні спосабаў прыродаахоўнай і рэсурсазберагальнай дзейнасці, арганізацыю і рэалізацыю адукацыйных праектаў, змяненне ўласных паводзін, правядзенне асветніцкіх і экалагічных акцый. Напрыклад, каб мінімізаваць адходы, на тэрыторыі садка кампастуецца арганіка — лісце, пустазелле. Нядаўна прайшоў конкурс сярод навучэнцаў і іх бацькоў на лепшы букет з асенняга лісця.
Актыўная работа ладзіцца па ўсіх раздзелах праграмы — вывучэнні відавой разнастайнасці жывёл і раслін, энерга- і водаспажыванні, мінімізацыі адходаў, па інфармацыйна-экалагічным кірунку. Тэарэтычныя заняткі праходзяць у форме гульні, аповеду, тлумачэнняў, паведамленняў, гутарак. На працягу гэтага навучальнага года запланавана шмат мерапрыемстваў на базе аднаго з галоўных партнёраў садка — Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Тут пройдуць тэматычныя экскурсіі, заняткі для дзяцей, семінары-практыкумы і майстар-класы для педагогаў. Плануецца падключаць да заняткаў і бацькоў навучэнцаў.
Каб ва ўдзельнікаў семінара склалася больш выразнае ўяўленне пра іх будучую работу ў праекце, каб асновы экалагічных ведаў, якія яны ўжо даюць сваім выхаванцам на месцах, атрымалі працяг, вельмі дарэчы было знаёмства з дзейнасцю яшчэ аднаго рэсурснага цэнтра — Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, з асноўнымі кірункамі экалагічнай адукацыі з дзецьмі, у тым ліку дашкольнага ўзросту. Так, далёка не ўсё з прадстаўленага тут можна рэалізаваць у сваім садку. Скажам, птушыны падворак з разнастайнымі пародамі курэй, шыкоўныя кветнікі і дэндрарыі, эксперыменты, якія можна праводзіць на іх базе. А вось стварыць на адной невялічкай клумбе міні-сад водараў — чаму б і не? Можа, экскурсія ў аранжарэю з экзотамі не стане штуршком для стварэння такой жа на тэрыторыі садка, бо, зразумела, магчымасць паспытаць на смак уласна вырашчаныя ў садку бананы ці ягады мушмулы, зварыць з фікусаў каўчук вымагае і каласальных сродкаў, і часу, і адпаведных ведаў, затое вопыт вырошчвання цюльпанаў у вазонах педагогаў вельмі зацікавіў. Як і тэхналогія стварэння какедамы — кветкі, вырашчанай у шарыку з імху. Таму (калі не ў гэтым годзе, то ў наступным дакладна) сакавіцкім падарункам для мам дашкольнікаў краіны будуць не папяровыя кветкі, а жывыя.
Жанна Мікалаеўна Казловіч, загадчыца ясляў-сада № 101 Гродна, сказала: “Мы, педагогі-дашкольнікі, добра разумеем, што трэба берагчы свет, які нас акружае, берагчы рэсурсы, нашу зямлю. Тое, што мы пачулі на семінары ад спецыялістаў, дапаможа нам у будучыні, калі будзем планаваць работу па кірунку “Зялёных школ”. Што тычыцца мяне, я гатова. Цяжкасці я бачу ў тым, што мала друкаваных выданняў па экалагічным кірунку. Тыя аўтары і выданні, якія ў доступе, знаёмяць дзяцей з прыродным светам, які акружае нас. А нам трэба пазнаёміць дзяцей з гэтым светам крыху з іншага боку. Дакладней, з усіх бакоў. І з улікам таго, што нашы дзеці яшчэ маленькія. Мы, педагогі, натхнёныя ідэяй дашкольнай адукацыі, але нам усё роўна спатрэбіцца дапамога. Мы будзем быццам бы праз прызму праламляць усю тую інфармацыю, якую вы нам дасце. Самае галоўнае — мы даведаліся, якія ёсць грамадскія аб’яднанні, куды мы можам звярнуцца, каму мы можам патэлефанаваць. Важна заўсёды камусьці своечасова задаць пытанне. Мы будзем яшчэ сустракацца. Для сябе мы з калегай вырашылі, што абавязкова паспрабуем”.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Ірына Клявец адзначыла, што любая праектная дзейнасць — гэта не толькі выразная мэта і вынікі. Важны таксама агульны падыход. Напрыклад, прызначэнне вадаёма каля дзіцячага садка можа ў кожнага быць сваё. Для аднаго гэта дэкаратыўны элемент, куды можна запусціць штучныя кветкі ці штучных качак, а для другога важна тое, што на яго вадаём прылятаюць птушкі, побач з’яўляюцца казуркі, земнаводныя, за якімі можна назіраць. Тое ж азеляненне, аздабленне маюць рознае прызначэнне. У якасці прыкладу спецыяліст прывяла размаляваныя камяні, якія могуць гаварыць пра жаданне акультурыць тэрыторыю, але ніяк не пра экалагічную дасведчанасць.
Для педагогаў галоўным вынікам сустрэчы сталі веды, якія яны атрымалі, і кантакты аднадумцаў, якіх яны тут знайшлі. І напрыканцы ад іх прагучала фраза: “Добра школам, дзе ёсць біёлагі. А ў дзіцячым садзе мы і выхавальнікі, і біёлагі — усе адразу ў адным абліччы. Нешта маем права і не ведаць. Але мы зразумелі, што ўсё залежыць ад нас, што мы можам атрымаць метадычную падтрымку. І яшчэ мы зразумелі: хто першы датэлефануецца да патэнцыяльных партнёраў-паплечнікаў — таго і поспех. А дзверы адчыняюцца, калі ў іх стукаюць”.
Святлана НІКІФАРАВА.