Музейнае “Сонейка”

Колькі звычайна доўжыцца музейная экскурсія? Гадзіну, дзве? А як вам экскурсія працягласцю 21 дзень! Хаця якая ж гэта экскурсія? Гэта амаль цэлае жыццё, сагрэтае музейным сонцам. Пад яго ласкавымі промнямі і праводзяць у прышкольным летніку “Сонейка” першыя тры тыдні летніх канікул навучэнцы сярэдняй школы № 5 Пружан.

Крыху крэатыўнасці

Пра 5-ю пружанскую школу адразу і не скажаш, што музейная педагогіка з’яўляецца тут адной з галоўных форм выхаваўчай работы. У школе няма не тое што музея, нават музейнага куточка. Затое працуюць творчыя, ініцыятыўныя педагогі, як, напрыклад, старшая выхавальніца летніка Ларыса Міхайлаўна Шопік — аўтар арыгінальнага праекта “Маленькія турысты, або Таямніца чароўнага куфэрка”, па якім працуе “Сонейка”.


— Летнік для навучэнцаў — гэта новы лад жыцця, новы калектыў, час гульняў, забаў, зняцця назапашанага за навучальны год напружання. Гэта перыяд творчага развіцця, пашырэння кругагляду, час падарожжаў, наведвання памятных мясцін, музеяў, таму праект “Маленькія турысты, або Таямніца чароўнага куфэрка” з’явіўся невыпадкова. У ім спалучыліся розныя напрамкі выхаваўчай работы (краязнаўчы, мастацкі, экалагічны, спартыўны), аднак прыярытэт аддаецца музейнай педагогіцы. Беларусь справядліва называюць краінай музеяў, і летні адпачынак беларускага школьніка абавязкова павінен быць напоўнены музейнымі экскурсіямі, — лічыць Ларыса Міхайлаўна.

Як толькі промні летняга сонейка радасна заглядваюць у школьныя вокны, у “Сонейку” пачынаецца насычанае музейнае жыццё. На працягу трох тыдняў юных пружанцаў чакае знаёмства з музеямі дзяцінства, здароўя, хлеба, казак, археалогіі, мабільных тэлефонаў, а яшчэ з музеем вытанчаных паненак і “Бездзежскім фартушком”, не гаворачы ўжо пра экскурсіі ў Хатынь, Брэсцкую крэпасць, наведванне знакамітага народнага майстра Мікалая Васільевіча Тарасюка, які пакінуў нам у спадчыну незвычайную краіну драўляных чалавечкаў, а таксама музей “Успаміны Бацькаўшчыны”.

У кагосьці з чытачоў можа ўзнікнуць справядлівае пытанне: “Дык які ж гэта прышкольны летнік, калі яго наведвальнікі кожны дзень знаёмяцца з аб’ектамі, размешчанымі ў розных рэгіёнах краіны? Гэта ўжо не летнік, а экскурсійны тур па Беларусі”. Заўвага цалкам слушная, аднак мы жывём у эпоху інтэрнэту і, што важна, побач з крэатыўнымі педагогамі, якія актыўна выкарыстоўваюць сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі ў выхаваўчай рабоце. Менавіта дзякуючы спалучэнню інтэрнэту з крэатыўнасцю пружанскіх педагогаў і ўзнік праект, які ўвабраў у сябе ў асноўным завочныя экскурсіі (экскурсіі-гульні, экскурсіі-віктарыны, анімацыйныя экскурсіі).

Для фізікаў і лірыкаў

Рэальныя экскурсіі ў рэальныя музеі таксама прадугледжаны праграмай летніка, і ў першую чаргу гэта наведванне музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Сумесна з выхавальнікамі летніка супрацоўнікі музея праводзяць цыкл музейна-педагагічных заняткаў, падчас якіх знаёмяць навучэнцаў з багатай спадчынай роднага краю. Напрыклад, “Гісторыя лялек” у тэматычны дзень гульні і цацкі — гэта знаёмства з цацкамі нашых бабуль і прабабуль, а “Падарожжа ў свет посуду” ў дзень вельмі ўмелых ручак — гэта знаёмства з адмысловымі сталовымі прыборамі, якімі карысталіся прадстаўнікі шляхецкіх родаў у мінулыя стагоддзі.

Акрамя экскурсій, праграма летніка ўключае цыкл інфармацыйных хвілінак, якія з’яўляюцца спалучэннем міні-экскурсій з міні-віктарынамі. Так, у тэматычны дзень моднікаў і модніц вучні знаёмяцца з экспазіцыяй музея “Бездзежскі фартушок”, што ў Драгічынскім раёне. Пачынаецца знаёмства з невялікага бліцапытання вучняў: “Скажыце, калі ласка, каго і чаму называюць моднікамі і модніцамі. Якую вы любіце насіць вопратку? Адгадайце загадку: ён ад бруду і ад плям абараняе сукенку. (Фартух.) Калі апранаюць фартух? Ці можа фартух быць святочнай вопраткай?” і г.д. А замацоўваюцца атрыманыя веды завочнай экскурсіяй — праглядам відэароліка “Бездзежскі фартушок”.

— Кантынгент навучэнцаў летніка розны. Гэта і вучні пачатковых класаў, і старшакласнікі. У кожнага свае захапленні, таму, плануючы тэматычныя дні, мы стараліся зацікавіць мерапрыемствамі і дзяцей, і падлеткаў, і моладзь; і фізікаў, і лірыкаў. Напрыклад, у план праграмы для лірыкаў уключана экскурсія ў музей “Бездзежскі фартушок”, а для фізікаў — у брэсцкі музей мабільных тэлефонаў. Цікава, што вучням з тэхнічным складам розуму больш спадабалася назіраць за працэсам стварэння знакамітых фартухоў, чым разглядваць першыя мадэлі мабільных тэлефонаў, — дзеліцца Ларыса Міхайлаўна.

Драўляны цуд

Вышываныя сарочкі, фартухі і ручнікі — гэта яшчэ што! Трэба было бачыць, з якой цікавасцю дзеці разглядвалі драўляных чалавечкаў, выразаных самабытным майстрам з вёскі Стойлы Пружанскага раёна Мікалаем Васільевічам Тарасюком. Драўляныя дамы, драўляныя мужчыны і жанчыны — мініяцюрная вёска з яе адвечным ладам жыцця не можа не зачароўваць. У нечым наіўныя фігуркі з’яўляюцца ўнікальнай энцыклапедыяй сялянскага жыцця. Вось хрэсьбіны, вось перад намі паўстае абрад вянчання маладых, а вось, як пісаў класік, дзяльба кабанчыка, а потым і застолле. Значная частка работ прысвечана адвечнай тэме працы селяніна на зямлі.

Усе работы з’яўляюцца своеасаблівым гімнам роднаму краю, сваякам і суседзям, якія калісьці жылі ў Стойлах. Пасля смерці майстра (некалькі апошніх гадоў свайго жыцця Мікалай Васільевіч з’яўляўся адзіным яе жыхаром) вёска стала своеасаблівым музеем пад адкрытым небам. І ў гэтым музеі нядаўна быў адкрыты драўляны помнік майстру. На падворак Мікалая Васільевіча і цяпер наведваюцца вучні і настаўнікі, усе, каго цікавіць народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Шмат драўляных работ захоўваецца ў фондах раённага музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, куды і адправіліся ў тэматычны дзень вельмі ўмелых ручак вучні 5-й пружанскай школы. Напярэдадні экскурсіі для іх была праведзена інфармацыйная хвілінка. Навучэнцы азнаёміліся з творчасцю майстра, дружна шукалі адказы на пытанні настаўніка пра значэнне назвы тэматычнага дня, падбіралі сінонім да выразу “вельмі ўмелыя рукі”, адказвалі на пытанні, дзе нарадзіліся, ці ганарацца малой радзімай гэтак жа, як іх знакаміты зямляк. Завяршыла інфармацыйную хвілінку прэзентацыя “Драўляны цуд”.

Вас захапляюць браўзерныя анлайн-гульні? Вы любіце пасядзець гадзінку-другую за камп’ютарам у горадабудаўнічым сімулятары, узводзячы на экране манітора мініяцюрныя дамы, пашыраючы насельніцтва свайго віртуальнага горада? Мікалай Тарасюк пачаў ствараць сваё рэальнае, а не віртуальнае мініяцюрнае паселішча яшчэ ў дзяцінстве, калі знакамітыя матэматыкі і інжынеры толькі пачыналі марыць пра стварэнне камп’ютараў, а пра віртуальныя гульні і гаворка не вялася. Хаця, якая тут можа быць гаворка: рэальнае заўсёды больш цікавае, чым віртуальнае. Работы майстра будуць захапляць яшчэ не адно пакаленне, якое не ўяўляе свайго рэальнага жыцця без віртуальнага.

Няма пытанняў

Работа пружанскага “Сонейка” па праекце “Маленькія турысты, або Таямніца чароўнага куфэрка” прадугледжвае не толькі экскурсіі, але і інтэлектуальныя гульні, конкурсы малюнкаў, майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы. Кожны вучань знойдзе сабе занятак па душы. І не важна, фізік ён ці лірык, змена не пакіне абыякавым ніводнага школьніка. Для тых, каго на працягу трох тыдняў сагравалі ласкавыя промні музейнага “Сонейка”, хто падчас экскурсій шукаў таямніцу чароўных куфэркаў, не стаіць пытанне, як цікава правесці летнія канікулы. Адказ відавочны: разам з музеем.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Ларысы ШОПІК.