На тралейбусе — у тропікі

“Тут знікае адчуванне часу”, “Зайшоўшы пасля школы сюды, я не хачу збірацца дадому”, — менавіта так тлумачаць свае працяглыя, да вечара, візіты выхаванцы гурткоў экалагічнага аддзела Цэнтра дадатковай адукацыі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна сталіцы. Штодзень сюды да сваіх крылатых, чубатых, стракатых, калматых, зубастых сяброў спяшаюцца сотні мінчан.

Дай лапу, сябар!

У экалагічным аддзеле займаюцца 54 групы — гэта 800 навучэнцаў. Аб’яднанне “Займальная заалогія” — самае запатрабаванае. Тут знайшлі сабе дом не толькі хвалістыя папугаі, канарэйкі, трусы, дэкаратыўныя пацукі і марскія свінкі, але і новазеландскі папугай, разэлы, карэлы, пясчанкі, шыншылы, полазы, ігуаны, экзатычныя віды чарапах (скарпіёнавая, фларыдская і інш.), яшчарак, прусакоў…


“У нас дзеці вучацца даглядаць жывёл, вырашаюць для сябе, трэба ім дома іх заводзіць ці не, — праводзіць экскурсію па міні-заапарку “Карлуша” Таіса Міхайлаўна Красільнікава, загадчыца эколага-біялагічнага аддзела ЦДАДіМ “Эўрыка”. — Жывёлы ў нас усе кантактныя, за выключэннем Шурачкі — вялікага александрыйскага папугая. Яна даволі камунікабельная, але вельмі нервуецца, калі яе чапаюць, моцна крычыць”.

Мы трапілі якраз на наваселле: эўблефара і маісавы полаз Кара мяняліся сваімі “кватэрамі” (шклянымі скрынямі, ці, правільней, аб’ёмамі). Такім абменам кіруе Наталля Віктараўна Вітушка, кіраўнік аб’яднання “Займальная заалогія”, і яго выхаванец 11-гадовы Дзяніс Маркевіч, які больш чым хто пасябраваў з Карам.

“Я прыйшоў у цэнтр два гады назад і застаўся там. Асабліва мяне прывабліваюць экзатычныя жывёлы. Кара не кусаецца, з ім можна пагуляць, ён любіць быць на руках”, — гаворыць Дзяніс, а Кара ўецца па яго руках, плячах, зазірае ў вочы.


“Многія думаюць, што змеі слізкія і халодныя, а на самай справе яны цёплыя, прыемныя навобмацак. Перш чым даверыць нам любую жывёлу, Таццяна Віктараўна вучыць правільна браць іх у рукі і трымаць. Нам з дзяцінства тлумачаць, што змяя — істота небяспечная, бо можа ўкусіць. Але калі ведаць, як правільна з ёй абыходзіцца (не сціскаць, не фіксаваць змяю, а даваць ёй адносную свабоду), яна ніколі не ўкусіць чалавека. Так мы вучым дзяцей дружалюбным, разумным адносінам да прыроды”.

Дзяўчаты ў гэты час дасталі яшчарку агаму, размінаецца і ветэран калекцыі жаўтапузік — бязногая яшчарка. Чакае вольных рук сцынк.

“А гэта адгадка на найбольш папулярнае пытанне крыжаванкі “Самая вялікая насякомаедная жаба”, — гаворыць Таіса Міхайлаўна, дастаючы з тэрарыума жабу агу. — З дзяцінства мы чуем перасцярогу: “Не бярыце ў рукі жабу — будуць бародаўкі”. Мы развейваем гэты міф: бародавак ад жаб не будзе. А вось алергія можа ўзнікаць, бо ў жаб ёсць атрутныя залозы, якія могуць выклікаць раздражненне скуры. Мы паказваем дзецям, як жабы глытаюць: цікава, што з адкрытымі вачыма яны не могуць нічога праглынуць — толькі пры дапамозе вочных яблыкаў”.

Дзеці тут не толькі вучацца даглядаць жывёл, але і пашыраюць свой кругагляд у галіне біялогіі, геаграфіі, хіміі, праводзяць назіранні, ходзяць на экскурсіі, ладзяць віктарыны, глядзяць мультфільмы і абмяркоўваюць іх. Праўда, гэта біялагічныя мультфільмы: “Малышкі” пра насякомых і павукападобных, “Мікракосмас” пра мікрасвет, нябачны вокам, але ад гэтага не менш цікавы.


Некаторыя выхаванцы гуртка ўжо даўно вырашылі, што сваё прафесійнае жыццё звяжуць з жывёламі, таму кожныя заняткі для такіх дзяцей — практыка. Напрыклад, дзевяцікласніца Ефрасіння Кавалёва-Лаўрэнцьева марыць стаць ветерынарам. “У маёй сям’і ўсе творчыя людзі: мама — актрыса, дзядуля з бабуляй — прафесійныя танцоры тэатра. Малодшая сястра таксама збіраецца звязаць жыццё з музыкай. А я не магу не парушыць традыцыю: надта люблю жывёл. У мяне дома іх заўсёды было шмат. Цяпер, напрыклад, жывуць дзве змяі, трус, сабака, яшчарка, чарапаха і ажно пяць катоў. Праўда, маю любоў да гадаванцаў раздзяляе ўся сям’я: з катоў толькі ад зін быў куплены — падарунак сястры на дзень нараджэння. Астатнія прыбіліся, аднаго мама падабрала на вуліцы. Неяк у трыццаціградусны мароз мы знайшлі 8 шчанят. Забралі ўсіх, разам выхадзілі, раздалі новым гаспадарам”.

Фросі часта даводзіцца лячыць жывёл. Зараз хварэе змяя, у якой нараст на галаве. Першы раз яе ўдалося вылечыць, але ўзнікла рэмісія, і разам з мамай, якая выступае асістэнтам, дзяўчынка робіць змяі ўколы, наносіць мазь на галаву.

“Я люблю ўсіх жывёл без выключэння, — гаворыць дзяўчына. — Не любіла толькі прусакоў. Ледзь вытрымлівала, займаючыся ў цэнтры, суседства з імі, не магла нават глядзець на прусакоў спакойна, адыходзіла далей ад клетак. Але аднойчы адважылася і ўзяла іх у рукі. Высветлілася, што дарма іх не любіла: яны забаўныя. Цяпер я не праходжу міма, праводжу з прусакамі хаця б некалькі хвілін”.

Перамагаючы прыродны страх

У тым, што ў цэнтры больш няма жывёл і насякомых-ізгояў, заслуга кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Трапітэра” заолага Сямёна Ісаакавіча Герахта. Гэта толькі спачатку, калі заходзіш да яго і яго “падапечных”, па спіне прабягае халадок, але пасля заатрэнінгаў “Перамажы страх у сабе” наведвальнікі прывязваюцца да трапічных гасцей, даюць кожнаму імёны.

Ва ўнікальнай калекцыі, якую Сямён Ісаакавіч збірае ўсё свядомае жыццё, — больш за 150 асобін 80 відаў: скарпіёны, змеі, удавы… Самых небяспечных з іх можна ўбачыць хіба толькі ў фільмах жахаў. Многія гадаванцы амаль зніклі і занесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу. У цэнтры запэўніваюць: такую калекцыю ў Беларусі больш нідзе не ўбачыш.


Так, у шафах, кожны ў сваёй скрынцы, жыве больш за 40 відаў павукоў. За закрытымі дзверцамі, дзе мала святла, амаль няма хістанняў тэмпературы і вільготнасці, для павукоў створаны ўмовы, набліжаныя да прыродных. Каб карміць іх, створаны міні-віварыі, дзе разводзяцца спецыяльная кармавая парода прусакоў, лічынкі, мышы.

С.І.Герахт можа расказваць пра кожнага павука гадзінамі і перакананы: чым больш даведаюцца дзеці, тым больш будуць гарнуцца да гадаванцаў. Напрыклад, адкрыццём для кожнага становіцца тое, што павукі бачаць, чуюць і ўсё разумеюць. “Я магу скамандаваць яму прыняць любое становішча цела, і ён выканае, — гаворыць Сямён Ісаакавіч і адразу ж загадвае: “Падымі ножкі!” У адказ самка мексіканскага павука паслухмяна ўзнімае пярэднія лапкі ўгору. — Гэта не фокус. Іншая справа, што такога ніхто не робіць. Зразумела: атрутных павукоў нават у рукі ніхто не бярэ”.

Педагог даказвае, што з любой жывёлай можна наладзіць кантакт, дэманструючы цуды дрэсіроўкі (ці ўзаемаразумення?) бранхіпельмы, чырванакніжнага мексіканскага павука — двухколернай афанапельмы, самага буйнога афрыканскага павука — цытарышыуса і інш.


“Цытарышыус пакуль малыш, яму — 11 гадоў. Але гэтыя павукі неверагодна павольна растуць, вельмі дрэнна жывуць і шмат гінуць — як у прыродзе, так і ў штучных умовах. Нават кожная лінька — вялікая рызыка, што павук не выжыве, — гаворыць педагог. — З таго вывадка, які 11 гадоў назад трапіў у Мінск і з якога я ўзяў гэтага павука, жывых больш няма. Ён жа ў нас цудоўна сябе адчувае”.

Не менш каштоўныя экзэмпляры і ў змяіным царстве: аўстралійскія дывановы і зялёны пітоны, самы маленькі пітон у свеце — вельмі рэдкі аўстралійскі карлікавы, або дзіцячы пітон, мексіканская горная каралеўская змяя, в’етнамскі полаз і інш.

“Адзін з апошніх набыткаў — унікальная в’етнамская астраўная атрутная змяя, але вельмі рэдкая ва ўсіх адносінах. Знайсці яе можна толькі на маленькім астраўку ў Паўднёва-Кітайскім моры — больш нідзе ў свеце гэтай змяі няма. Я, займаючыся заднебаразнаватымі атрутнымі змеямі і працуючы над навуковай работай, марыў атрымаць такі ўнікальны экзэмпляр. Мне пашанцавала: малыш бойгі ў мяне ўжо ёсць, — гаворыць Сямён Ісаакавіч і дэманструе невялікую, памерам з дажджавога чарвячка, змяю, якая прымасцілася на карчы, а потым дадае: — Гэта ўжо падлетак (яму паўтара месяца), а дарослы ён будзе каля метра”.

Здзіўляе наведвальнікаў “Трапітэры” не толькі колькасць і ўнікальнасць насельнікаў пакоя. Хоць большасць з іх у руках патрымаць не ўдасца (надта небяспечная іх прырода), усё ж знаёмяцца з імі дзеці не толькі праз шкло. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць у аб’яднанні дадатковыя веды па заалогіі. Напрыклад, калі прыходзіць пара павуку ліняць, у кабінеце асабліва людна. Уявіце: у вялікага павука адкрываецца, як люк у танку, верхняя палова тулава (галавагрудны шчыт), а адтуль павольна-павольна, звычайна перавярнуўшыся, трымаючыся на спецыяльнай павуцінцы, каб павуку было зручна, ён выцягвае па чарзе канечнасці са сваёй старой скуры. Новы шкілет у яго вільготны, першапачаткова мяккі, і толькі за кошт гэтага павук зноў расце, бо старая вопратка — вонкавы шкілет — як панцыр, стрымлівае яго рост. А цвярдзее новы шкілет менш за суткі — менавіта гэты час даецца павуку, каб падрасці.


Наведвальнікам цікава назіраць і за тым, як ліняюць змеі: яны скідваюць скуру не толькі з тулава, але і з вачэй. Усё гэта і шмат чаго іншага бярэцца за аснову дзіцячых навуковых даследаванняў. Дзеці даследуюць скарпіёнаў, якія ахвотна тут размнажаюцца, назіраюць, як з яек выводзяцца змеяняты, з апалонікаў — жабяняты, складаюць меню для зялёнай ігуаны, вывучаюць карысныя ўласцівасці хіціну смаўжоў. Натуральна, вынікі даследаванняў атрымліваюць высокую ацэнку на адпаведных конкурсах.

Пра самае ўнікальнае адкрыццё цяпер яны будуць пісаць у Лонданскае каралеўскае таварыства па развіцці ведаў пра прыроду. “Мы змаглі атрымаць пры аддаленай гібрыдызацыі гібрыд змей, якога ў прынцыпе па законах генетыкі быць не павінна, — расказвае Сямён Ісаакавіч. — Пакуль яшчэ нікому ў свеце не ўдалося развесці гіганцкага кенійскага кіўсяка. У нас жа дзве стэрыльныя асобіны далі патомства. Гэта сусветная сенсацыя! Як так атрымалася — ніхто пакуль не ведае. Цяпер нашы генетыкі будуць праводзіць экспертызу”, — гаворыць заолаг і дэманструе маладняк — чорных монстрыкаў са 180 парамі лапак у кожнага.


“Маючы такія калекцыі, мы проста не можам іх ад усіх хаваць, таму сумесна з упраўленнем адукацыі, спорту і турызму наладзілі вучэбныя заняткі для школ раёна і горада ў форме экскурсій і трэнінгаў, на якіх знаёмім дзяцей з разнастайнасцю трапічнай фаўны, даём магчымасць бліжэй пазнаёміцца з насельнікамі кантактнага заапарка”, — гаворыць Таіса Міхайлаўна Красільнікава.

З гэтага года “Эўрыка” сур’ёзна засяродзілася і на прафарыентацыі. “Усе нашы аб’яднанні разлічаны ў асноўным на дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту. Але мы імкнёмся задзейнічаць і старшакласнікаў, каб падштурхнуць іх да выбару прафесіі, таму з гэтага навучальнага года адкрываем для 7—11 класаў малы факультэт прыродазнаўства. У яго рамках прадугледжаны паглыблены курс хіміі, біялогіі, асноў фізіялогіі і жывёл для тых, хто выбірае сумежныя прафесіі. Зараз выходзім на медкаледжы, плануем заключыць з імі дамоўленасці. На базе гэтых каледжаў нашы выхаванцы будуць знаёміцца з прафесіяй урача — не толькі тэарэтычна, але і на практыцы”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*