“З дзяцінства працуй, нябожа, то і Бог дапаможа”, — гавораць у народзе. Нядаўна давялося наведаць гістарычнае мястэчка Жодзішкі Смаргонскага раёна. І не толькі наведаць, але і паўдзельнічаць у адкрыцці ўнікальнага музея народнага побыту ў адноўленым вадзяным млыне. Зноў круціць млын сваё кола, меле муку, а экспазіцыя расказвае аб працавітасці нашых продкаў.
З вялікай цікавасцю навучэнцы школ Смаргоні, Жодзішак, навакольных вёсак разглядвалі экспазіцыю, засыпалі зерне ў бункер, радаваліся бялюсенькай муцэ і слухалі аповед сапраўднага гаспадара, які адрадзіў і даў жыццё млыну. Францішак Баляслававіч Жылка з любоўю расказваў вучням аб працы на зямлі. Расказваюць пра гэта і раздзелы экспазіцыі “Хлеб усяму галава”, “Хлеб у хаце гаспадар”. У трэцяй зале дзеці бліжэй знаёміліся з прыладамі побыту і працы дзядуляў і бабуль. Яны самі сукалі ніткі, часалі лён, круцілі ганчарнае кола, мялі гліну, змаглі дакрануцца да кожнага экспаната. А каля млына з калодзежа-жураўля хлопчыкі і дзяўчынкі пілі сцюдзёную ваду, гулялі ў народныя гульні. Нібыта садзілі і збіралі бульбу пад лірычную мелодыю “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, запрагалі каня, секлі дровы.
Шмат было ахвотных наведаць млын, якому больш за 200 гадоў, які жывы, дыхае гісторыяй. Кожная навучальная ўстанова можа пабачыць гэтую прыгажосць і дакрануцца да мінулага. У гэтым і патрыятызм, і паклон тым, хто цяжкай працай перадаў нам лепшае — вучыцца, вучыць дабру.
Мікола КОТАЎ,
фалькларыст.
Фота Васіля КУЛІКОВА.