Пластылінавае хобі

Арганізацыя занятасці школьнікаў у шосты дзень застаецца адным з прыярытэтных кірункаў выхаваўчай дзейнасці педагогаў. Не сталі выключэннем і настаўнікі сярэдняй школы № 111 Мінска. Улічваючы творчы патэнцыял педагогаў і сучаснае тэхнічнае забеспячэнне вучэбнага і выхаваўчага працэсу, адміністрацыяй школы ў верасні 2016 года было прынята рашэнне наладзіць ва ўстанове дзейнасць студыі краязнаўчай анімацыі на базе аб’яднання па інтарэсах “Шукаем шэдэўры”.


Анімацыя — цудадзейная выхаваўчая сіла, якая прыходзіць да чалавека ў дзяцінстве, знаёміць яго з навакольным светам. Вобразы анімацыйнага фільма (роліка) заўсёды арыгінальныя і добра запамінаюцца. У перакладзе з лацінскай мовы анімацыя — “адухаўленне”. Яе задача — ажывіць выяву, слова і музыку з дапамогай руху. “Жывыя” малюнкі і лялькі вучаць дабрыні і вынаходлівасці, дапамагаюць зразумець жыццёвыя сітуацыі. Студыя краязнаўчай анімацыі, якая дзейнічае на базе сярэдняй школы № 111 Мінска, прапаноўвае навучэнцам увайсці ў свет стварэння мультфільма праз гульню, якая абавязкова прысутнічае ў працэсе анімацыйнай творчасці. Студыя з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам краязнаўчай работы з падлеткамі.

Арганізацыя дзейнасці студыі анімацыі была пачата мной у 2015 годзе ў Заводскім раёне сталіцы, падчас работы ў сярэдняй школе № 144. Хочацца адзначыць асабісты ўклад у развіццё гэтай справы вучняў Настассі Каржуковай і Аляксандра Шчэрбіча, якія дазволілі паверыць мне як настаўніку, што дзецям гэта сапраўды цікава. У 111-й школе вырашыў не кідаць пачатай справы і пры падтрымцы адміністрацыі, калег-аднадумцаў і вучнёўскага калектыву наладзіў на базе аб’яднання па інтарэсах “Шукаем шэдэўры” дзейнасць студыі краязнаўчай анімацыі. Працуем мы ў плённым супрацоўніцтве з аддзелам краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Ганна Цімафееўна Сажнева, загадчык аддзела, аказвае актыўную метадычную і арганізацыйную падтрымку краязнаўчага кшталту.

Мы, дарослыя, толькі задаём дзецям кірунак для работы. Усё астатняе (сцэнарый, здымкі, мантаж і агучванне) яны робяць самі. Напрыклад, для краязнаўчага роліка па знакавых і любімых месцах Мінска адны вучні фатаграфавалі ці малявалі сталічныя вуліцы, праспекты, помнікі і гістарычныя будынкі, іншыя затым складалі са здымкаў і малюнкаў відэарад, падбіралі адпаведнае музычнае суправаджэнне і стваралі экскурсавода — пластылінавую фігурку, якая знаёміць гледачоў з родным горадам.

Падчас падрыхтоўкі анімацыйных ролікаў таленты падлеткаў раскрываюцца шматгранна, а задавальненне ад праведзенай работы прыкметна павышае самаацэнку. Я як кіраўнік аб’яднання па інтарэсах адказваю за распрацоўку тэм, Ганна Худніцкая, школьны педагог-псіхолаг, — за эмацыянальны стан удзельнікаў студыі, дапамагае шукаць адказы на пытанні, якія ўзнікаюць, і своечасова падагравае цікавасць да агульнай справы.
Наш сцэнарыст Каця Гіпчык знаходзіць час на заняткі краязнаўствам, нягледзячы на ўсебаковую занятасць. Яна, пераможца шматлікіх конкурсаў і алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, распрацоўвае план будучага анімацыйнага фільма, расказвае астатнім удзельнікам, як задуманае павінна выглядаць на экране. За тэхнічную частку работы адказваюць адзінаццацікласнікі Саша Грыгаровіч і Насця Сумар, за творчы аспект — Паліна Бабавоз, Даша Марціновіч, Даша Падгайная, Саша Печанева і Наташа Чыжык. Удзельнікі аб’яднання з задавальненнем расказваюць, як захапіліся ідэяй студыі краязнаўчай анімацыі, як асвойвалі камп’ютарныя праграмы па анімацыі і вучыліся па кадрах манціраваць ролікі. Да работы далучаем час ад часу і школьных настаўнікаў інфарматыкі.


“Нас вельмі зацікавіла пластылінавая анімацыя. Спачатку, вядома, перагледзелі класіку жанру — мультфільмы “Пластылінавая варона” і “Падаў леташні снег”. Потым уласнымі сіламі вырабілі невялікі хромакей (экран зялёнага колеру, на фоне якога здымаем сваіх герояў), — Наташа Чыжык захоплена пералічвае ўсё, чаму навучылася за гэты час. — Для краязнаўчых фільмаў мы прыдумалі і зляпілі экскурсаводаў: інтэлігентнага знаўцу гісторыі Бусла і аматарку пешых прагулак Гараджанку. Мы ўжо выпусцілі 12 анімацыйных краязнаўчых ролікаў. Яны розныя па тэматыцы і афармленні, але сэнсавае напаўненне адно — краязнаўчае. Гэта і ролікі да твораў П.Броўкі, А.Куляшова, Я.Купалы, Я.Коласа і іншых пісьменнікаў”.


Праз удзел у студыі краязнаўчай анімацыі ўдалося дасягнуць павышэння ўзроўню матывацыі вучняў да вывучэння гісторыі нашай краіны, роднай мовы і літаратуры. Пры ўсебаковай дапамозе і падтрымцы з боку ўпраўлення адукацыі Ленінскага раёна, адміністрацыі школы ўдзельнікамі студыі краязнаўчай анімацыі ў лютым 2017 года на базе нашай установы былі арганізаваны і праведзены першыя раённыя краязнаўчыя чытанні, на якіх удзельнікі студыі паказалі добрыя вынікі, атрымаўшы чатыры дыпломы розных ступеней.

Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Шукаем шэдэўры” ўпэўнены, што веды, атрыманыя ў студыі, абавязкова спатрэбяцца ім у будучыні, і лічаць краязнаўчую анімацыю выдатным хобі сучаснага школьніка.

Мікалай КУРЫЛОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 111 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва аўтара.