“Целам з Францыяй, сэрцам з радзімай”

Што аб’ядноўвае аграгарадок Іванск Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці з Польшчай, Галандыяй, Францыяй, Вялікабрытаніяй, Швецыяй і нават Канадай? Сонца, што кожную раніцу ўзыходзіць над беларускімі палямі і галандскім узбярэжжам Паўночнага мора? Месяц, які адначасова свеціць на ціхія іванскія вуліцы і шумныя Елісейскія палі? Ці, можа, сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, якім увечары любуюцца жыхары еўрапейскага і амерыканскага кантынентаў? І сонца, і месяц, і зоркі, аднак у першую чаргу прадстаўнікі знакамітага роду Валадковічаў, якія калісьці праславілі сваё імя і родны Іванск па абодва берагі Атлантычнага акіяна.
Раскіданае гняздо

Сумнае расставанне Валадковічаў з Іванскам адбылося ў 1918 годзе. Шыкоўны палац, узведзены ў канцы XІХ стагоддзя, быў пакінуты на літасць лёсу і часу. Магчыма, Вінцэнт Валадковіч спадзяваўся яшчэ вярнуцца ў родныя мясціны, бо пакінуў у маёнтку амаль усё багацце, узяўшы з сабой у Варшаву толькі самае неабходнае і… табун пародзістых коней, развядзенню якіх ён прысвяціў значную частку свайго жыцця. Аднак спадзяванні не спраўдзіліся. Вінцэнту не давялося пабачыць дарагія сэрцу краявіды, а рысакі вараной масці больш ніколі не вазілі яго на брычцы па беразе звілістай Улы. І ўсё ж Валадковічы вярнуліся на зямлю продкаў. Праўда, адбылося гэта толькі ў 2010 годзе, ды і прыехалі нашчадкі Вінцэнта і яго жонкі Соф’і ў Іванск не як гаспадары, а як звычайныя турысты. Два майскія дні знаёмства з адметнасцямі Чашніцкага раёна, папяровай фабрыкай, заснаванай Вінцэнтам, рэшткамі Іванскага палацавага ансамбля, а далей зноў аўтобус, польскія і галандскія далягляды.
З той радаснай сустрэчы засталіся не толькі цёплыя ўспаміны, шматлікія фотаздымкі і відэазапісы, але і некалькі сумных нотак. Канечне, унучка Вінцэнта Валадковіча Эльжбета, яе дзеці і ўнукі былі ўражаны цёплым прыёмам, аднак руіны палаца кранулі іх не менш. Раскіданае гняздо — менавіта так можна сказаць пра сённяшні стан радавога маёнтка Валадковічаў. Ад яго былой велічы засталіся толькі рэшткі флігеля, гаспадарчых будынкаў і частка сцяны некалі шыкоўнага палаца. Нібыта шэра-чырвоны стражнік яна ўзвышаецца над іванскімі ваколіцамі.

Тонкая работа

Так склалася ў нашым народзе, што прыход гасцей — гэта значная падзея, а падрыхтоўка да яе нагадвае цэлы рытуал з абавязковым навядзеннем чысціні ў доме, гатаваннем адмысловых страў. Прыкладна так рыхтаваліся да сустрэчы польскіх і галандскіх гасцей настаўнікі і вучні Іванскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Тэрыторыю ўстановы адукацыі ўпрыгожылі рознакаляровымі клумбамі, на абедзенны стол былі пададзены традыцыйныя іванскія стравы. Праграмай сустрэчы было прадугледжана і знаёмства з прадстаўленым у школьным музеі матэрыялам па гісторыі роду Валадковічаў.
Краязнаўчая падрыхтоўка да памятнай сустрэчы вялася не дзень ці два і нават не тыдзень, а 15 гадоў. Менавіта столькі часу разам з калегамі і вучнямі займаецца даследаваннем ваколіц Іваншчыны настаўнік англійскай мовы і гісторыі Віктар Вільгельмавіч Грыбко. У выніку шматгадовай працы сабраны вялікі архіў прадметаў побыту нашых продкаў, старых фотаздымкаў, гістарычных дакументаў, якія і сталі асновай для стварэння школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”.
— Усё, што вы тут бачыце, знойдзена і створана рукамі нашых настаўнікаў і вучняў. Разам яны шукалі, даследавалі, выпілоўвалі, выразалі, нават нарыхтоўвалі зімой чарот для імправізаванай сялянскай хаты. Канечне, нам хацелася б крыху мадэрнізаваць экспазіцыю, зрабіць яе больш сучаснай. Аднак для гэтага, як вядома, патрэбны пэўныя фінансавыя выдаткі. Новыя стэнды, шкло, асвятленне — усё каштуе немалых грашовых сродкаў, — адзначыў у пачатку знаёмства з музеем дырэктар Іванскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аляксандр Мікалаевіч Крывалап.
Музейныя прадметы захоўваюцца ў сямі раздзелах экспазіцыі. Паколькі экскурсія па кожным раздзеле доўжыцца гадзіну, то паўнавартаснае знаёмства з музеем доўжыцца, адпаведна, сем гадзін. Але гэта, як кажуць, па пратаколе. На самай справе слухаць цікавы аповед кіраўніка музея Віктара Вільгельмавіча Грыбко можна суткі напралёт. Настаўнік-краязнаўца цэлую гадзіну можа расказваць толькі пра асобны экспанат. І не толькі пра шырока распаўсюджаныя збаны, біклагі. Узяць, напрыклад, дубовую мянташку. Карысталіся ёй наступным чынам: змочвалі кавалак дрэва ў расе або ў ёмістасці з вадой, церлі аб пясок, які забіваўся ў спецыяльна надрэзаныя пазы, а ўжо потым вастрылі касу.
— А гэтым магічным грэбенем напярэдадні вяселля расчэсвалі нявесце валасы на шчаслівае жыццё. Вось самаробная скрыпка нашага зямляка-ўмельца Васіля Нічыпаравіча Падрэзы. З вайны ён вярнуўся без нагі, што, аднак, не пашкодзіла яму займацца любімай справай. Цымбалы, скрыпкі, мандаліна, балалайкі — разам са сваімі дзецьмі ён стварыў цэлы аркестр, без якога не абыходзілася ніводнае вясковае вяселле, праводзіны ў войска або пахаванне. Што цікава, інструменты зроблены не з фанеры, а выдзеўбаны з суцэльнага кавалка дрэва. Можна толькі здзіўляцца майстэрству гэтага чалавека, яго тонкай, у прамым сэнсе гэтага слова, рабоце, — расказвае Віктар Вільгельмавіч.
Усяго асноўны і дапаможны фонд налічвае звыш 400 экспанатаў. Сярод іх прылады працы першабытных людзей (асабліва цікавыя каменныя сякеры, або, як кажуць жыхары Іванска, “перуновы стрэлы”), прататып сучасных тэрмасаў (ёмістасць для вадкасці з бяросты), гліняны гаршчок з вёскі Сялец, які перажыў некалькі пажараў у гады вайны і дайшоў да нашых дзён. Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. І адбываецца гэта ў тым ліку дзякуючы навукова-тэхнічнаму прагрэсу. Узяць, напрыклад, інструмент для падбівання чароту на страсе. Ён стаў непатрэбным, і пра яго паступова забыліся пасля будаўніцтва ў краіне шыферных заводаў. Падобны лёс хутчэй за ўсё чакае і звычайную металічную касу, бо цяпер амаль на кожным падворку ёсць бензакасілкі.

Беларускія вампіры

Нашчадкі Валадковічаў з цікавасцю слухалі аповед пра гэтыя прадметы, аднак, па словах Віктара Вільгельмавіча, яны літаральна абамлелі ад нечаканасці, калі ім паказалі аўтограф дзеда пані Эльжбеты, датаваны 23 красавіка 1865 года.
— Валадковічы былі вядомымі і цікавымі людзьмі. Адзін з іх, удзельнік паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, заснаваў французскую галіну роду. Пасля разгрому паўстання ён эмігрыраваў у Францыю, сустрэўся з Напалеонам, быў яго ад’ютантам. У 1812 годзе камандаваў польскім легіёнам, дайшоў да Масквы, там быў паранены, патрапіў у палон. Калі была аб’яўлена амністыя, то пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе і памёр. Ён быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна, а яго імя, вядомае як Генрых-прыгажун, выбіта на Трыумфальнай арцы ў Парыжы. Яшчэ адзін Валадковіч, Аляксандр, удзельнічаў у паўстанні 1830 — 1831 гадоў, таксама быў паранены і эмігрыраваў да сваіх родзічаў у Парыж. Там ён даслужыўся да пасады пасла Францыі ў Швецыі. Вельмі любіў малую радзіму і калі паміраў, то загадаў пахаваць сябе ў Парыжы, а сэрца выразаць і адвезці ў радавы склеп у Іванск, што і было зроблена. На помніку, усталяваным на яго магіле, такая эпітафія: “Целам з Францыяй, сэрцам з радзімай”. На жаль, дзе тое сэрца, мы не даведаемся, бо цяпер ад радавога склепа застаўся толькі правал у зямлі, — паведаміў Віктар Вільгельмавіч.
Валадковічы былі не толькі заможнымі, але і працавітымі. У Чашніках яны заснавалі папяровую фабрыку, якая дзейнічае да сённяшняга часу, у Іванску іх намаганнямі быў адкрыты спіртавы, чарапічны і цагляны заводы. А яшчэ яны вялі незвычайны лад жыцця, за што іх празвалі беларускімі вампірамі. Засыналі яны ў дзесяць раніцы, спалі да 16 гадзін вечара, потым прачыналіся, абедалі ў 18 гадзін, а потым усю ноч у іх гарэла святло (дарэчы, першая ў раёне электралінія і тэлеграф на тэрыторыі Чашніччыны былі праведзены ў Іванску). Вінцэнт ездзіў ноччу па сваіх маёнтках, сачыў за тым, як працуюць рабочыя заводаў. Пад раніцу гаспадар прыязджаў дадому, і ўся сям’я клалася спаць. Свой распарадак яны мянялі толькі ў выпадку прыезду гасцей.
Валадковічы былі прагныя не толькі да парадку, але і да ведаў, да мінуўшчыны. У іх палацы была вялікая бібліятэка, якая налічвала каля 10 тысяч тамоў, шмат з якіх былі старадрукамі, нават у скураных пераплётах. У скарбніцы захоўваліся пуды срэбра, шаблі з ручкамі, упрыгожанымі скурай яшчара, калекцыя слуцкіх паясоў работы Яна Маджарскага, у палацы на сценах віселі радавыя партрэты аж з XVI стагоддзя. Адным словам, шыкоўны гісторыка-краязнаўчы музей дома. Гэтыя звесткі Віктар Вільгельмавіч знайшоў ва ўспамінах Мечыслава Ялавецкага, які прыязджаў у госці да Валадковічаў у 1914 годзе. Успаміны былі па-польску, таму настаўніку англійскай мовы падчас архіўнай работы давялося асвоіць яшчэ і польскую мову.
Падчас нашай размовы Віктар Вільгельмавіч заўважыў такую рэч: нярэдка сярод краязнаўцаў здараецца так, што не ты знаходзіш гістарычную інфармацыю, а гістарычная інфармацыя знаходзіць цябе. Восенню 2009 года ў Іванскую школу па даручэнні адной польскай журналісткі, якая зацікавілася лёсам Валадковічаў, завітаў чашніцкі ксёндз Анджэй. Настаўнік перадаў яму неабходны матэрыял, а праз пэўны час у польскай газеце “Альбом Быдгашцкі” з’явіўся артыкул з фотаздымкамі экспазіцыі Іванскага школьнага музея. Дзякуючы артыкулу і пачалося міжнароднае супрацоўніцтва Іванскай школы. Па электроннай пошце Віктару Вільгельмавічу прыйшоў ліст з Галандыі ад дачкі Эльжбеты Валадковіч-Мараўскай Ізабэлы Хус. У выніку плённай перапіскі экспазіцыя музея папоўнілася копіямі фотаздымкаў, радавых вопісаў, распараджэнняў, загадаў па іванскім маёнтку. Дасланыя з Галандыі і Польшчы матэрыялы сталі асновай для напісання Віктарам Вільгельмавічам гісторыка-краязнаўчага нарыса “Іванск і ваколіцы”, які быў выдадзены ў 2011 годзе. Цяпер, дзякуючы сустрэчы з Эльжбетай і яе сям’ёй, гэтая кніга захоўваецца ў бібліятэках Кракава, Варшавы, Амстэрдама, Парыжа. Сваю вядомасць набыў і падручнік па факультатыве “Наша Чашніччына”, распрацаваным Віктарам Вільгельмавічам у 2007 годзе. Да гэтага спісу варта дадаць яшчэ дзясяткі даследчых работ, створаных навучэнцамі, а таксама 27 узнагарод, атрыманых гісторыка-краязнаўчым гуртком, якім кіруе Віктар Вільгельмавіч, за ўдзел у розных конкурсах, у тым ліку рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, і 25 асабістых узнагарод Віктара Вільгельмавіча.

Лепш прамаўчаць

Падчас вяртання Валадковічаў на іванскую зямлю былі не толькі радасныя ўсмешкі, але і слёзы тугі, расчаравання. Настаўнікі і вучні добра памятаюць, як госці з хваляваннем слухалі паланэз “Развітанне з Радзімай”, як дрыжачай рукой пані Эльжбета гладзіла шэра-чырвонае каменне руін палаца, як пад дажджом разам з сям’ёй на каленях яна малілася на месцы радавога склепа. Усё ж такі нам варта павучыцца ў замежных гасцей шанаваць памяць пра сваіх продкаў. Ці могуць яны ў гэтым плане пераняць нешта і ў нас? Канечне, могуць. Аднак калі стаіш ля руін іванскага палаца, то пра гэта лепш прамаўчаць.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.