Віртуальна — актуальна

Згодна з тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы, музей — гэта ўстанова, якая збірае, вывучае, зберагае і выстаўляе для агляду помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, а таксама прыродазнаўчыя калекцыі. Ці адносяцца да гэтага азначэння віртуальныя музеі? Колькі наогул такіх музеяў дзейнічае ў айчыннай сістэме адукацыі? Напярэдадні Міжнароднага дня музеяў паспрабуем знайсці адпаведныя адказы.

Далікатная тэма

Паслязаўтра — свята ўсіх музейшчыкаў, усіх настаўнікаў, якія займаюцца зборам і захоўваннем прадметаў даўніны, матэрыяльнай спадчыны нашага народа. Што ж, з надыходзячым вас святам, кіраўнікі, загадчыкі музеяў! Новых вам знаходак і пабольш экскурсантаў! А цяпер давайце звернемся да адной далікатнай тэмы і пагаворым пра віртуальныя музеі. Чаму далікатнай? Усё проста. У музейным асяроддзі чамусьці не прынята засяроджваць на такіх музеях асаблівую ўвагу. Многія настаўнікі лічаць іх, мякка кажучы, непаўнацэннымі. У пэўнай ступені іх меркаванне справядлівае. Усё ж такі віртуальны музей, нават самы сучасны 3D, не перадасць атмасферу даўніны, не створыць у экскурсантаў асаблівы настрой. Гэта пад сілу толькі рэальным музеям. Аднак імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, сыход моладзі ў віртуальную прастору ставіць перад педагогамі новыя задачы. Стварэнне падобных музеяў набывае асаблівую актуальнасць. Відавочнай становіцца іх выхаваўчая роля. Гэта, канечне, не азначае, што настаўнікі павінны ўсё кінуць і сесці за камп’ютар, каб распрацоўваць віртуальныя экспазіцыі. Аднак… І яшчэ: стварэнне віртуальнага музея не патрабуе значных фінансавых выдаткаў, што, пагадзіцеся, вельмі важны аргумент на карысць развіцця віртуальнай музейнай педагогікі.

Прыкладная класіфікацыя

Усе рэальныя школьныя музеі можна падзяліць на наступныя катэгорыі: гісторыка-краязнаўчыя, этнаграфічныя, экалагічныя, баявой славы, вузкаспецыяльныя. Усяго на сёння ва ўстановах адукацыі іх налічваецца каля паўтары тысячы, 63 маюць ганаровае званне “народны”. Аднак пра колькасць віртуальных музеяў афіцыйная статыстыка пакуль што маўчыць. Хаця яна калі і не пераўзыходзіць колькасць рэальных, то дакладна налічвае не адну сотню. Варта правесці і класіфікацыю віртуальных музеяў. Можна, канечне, звярнуцца да традыцыйнага спосабу і аднесці віртуальныя музеі да тых жа гісторыка-краязнаўчых, этнаграфічных, экалагічных, баявой славы або вузкаспецыяльных. Аднак больш правільнай будзе іншая класіфікацыя: музеі-прэзентацыі, 3D-музеі, музеі ў сацыяльных сетках, музеі ў складзе спецыяльных парталаў, музеі, якія сталі асновай для стварэння краязнаўчых сайтаў.

Было 2D, стала 3D

Пасля наведвання двух-трох дзясяткаў віртуальных музеяў можна зрабіць наступныя высновы: самую вялікую групу складаюць музеі-прэзентацыі. Экскурсіі ў такія музеі пабудаваны на прынцыпе знаёмства з рэальным школьным музеем праз размяшчэнне на сайце ўстановы адукацыі фотаздымкаў экспазіцыі, якія суправаджаюцца невялікай тэкставай інфармацыяй. Наступная група — самая адметная. Гэта тыпова віртуальныя музеі, музеі 3D. З іх экспанатамі можна азнаёміцца толькі ў віртуальнай прасторы. Стварэнне падобных музеяў лічыцца вышэйшым пілатажам педагога-музейшчыка. Для паспяховай работы патрабуецца не толькі прага да пошукаў, любоў да роднай зямлі, настаўнік павінен валодаць яшчэ і камп’ютарнымі праграмамі (напрыклад, 3DS Max, Cinema 4D, Free 3D Foto Maker, Maya). Нядзіўна, што кіраўнікамі 3D-музеяў часцей за ўсё з’яўляюцца настаўнікі інфарматыкі, як, напрыклад, Аляксандр Пятровіч Ларчанка са Станькаўскай сярэдняй школы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці, аўтар аднаго з лепшых, а можа, і самага лепшага 3D-музея ў краіне. Пацвярджаюць гэтыя словы шматлікія дыпломы, удзел у рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, Нацыянальным форуме музеяў Беларусі.
Асновай для віртуальнага станькаўскага музея стаў рэальны школьны музей, які, нібыта зерне, быў пасаджаны ў віртуальную глебу. Спачатку на гэтай глебе вырас саджанец (2D), а потым і разгалістае дрэва (3D-музей). А пачыналася музейная справа ў Станькаўскай сярэдняй школе яшчэ ў 70-я гады са стварэння экспазіцыі, прысвечанай жыццю і подзвігу земляка Героя Савецкага Саюза Марата Іванавіча Казея. З часам экспазіцыя папаўнялася рэчамі, звязанымі з жыццём графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, а таксама прадметамі ранейшага побыту вяскоўцаў. Таму ў 2004 годзе быў адкрыты гісторыка-краязнаўчы музей. Яго экспазіцыя складаецца з чатырох частак і расказвае пра мінулае палацава-паркавага ансамбля і яго былых гаспадароў, пра Марата Казея, этнаграфію краю, а таксама беларускую святую Валянціну Мінскую.
Па словах Аляксандра Пятровіча, як і ў любой установы адукацыі Дзяржынскага раёна, у Станькаўскай сярэдняй школы ёсць свой сайт. Каб гэты сайт быў не падобны да іншых, яго і было вырашана дапоўніць віртуальным музеем. Актыўны пачатак — і вось яна ўзнагарода, ды яшчэ якая (перамога ў 2007 годзе на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”)! Стварэнне віртуальнага 3D-музея — справа спецыфічная, таму ў склад музейнага савета школы ўваходзяць не толькі экскурсаводы, даследчыкі, аматары падарожжаў, але і юныя праграмісты. Спецыяльна для іх Аляксандр Пятровіч распрацаваў праграму факультатыўных заняткаў “Асновы 3D-мадэлявання”, якая дапамагае засвоіць асновы і прынцыпы мадэлявання, пабудовы трохмерных сцэн, стварэння анімацыі. Праграмы 3DS Max, Cinema 4D, Maya, якія вывучаюцца на факультатыве, даюць шырокія магчымасці для стварэння 3D-экспанатаў любой складанасці (помнікі архітэктуры, прыродны ландшафт), імітацыі іх руху.
Сярод першых віртуальных экспанатаў — былы палац Чапскага, альтанка і Свята-Мікалаеўскі храм. Падчас стварэння гэтых аб’ектаў юныя праграмісты імкнуліся максімальна наблізіць іх да арыгінала. Над кожнай дэталлю экстэр’еру вялася шматдзённая праца. З часам 3D-экспазіцыя папоўнілася макетамі будынка былой скарбніцы і флігеля. Цяпер наведвальнікі школьнага сайта могуць не толькі разглядваць аб’екты, але і маштабіраваць іх, круціць вакол восі, што дазваляе як мага больш дакладна ўявіць іх арыгінальнасць.

За некалькі клікаў

Дзяржыншчыну можна смела назваць музейным краем. Тут створаны ці не адзіны ў краіне партал школьных музеяў аднаго раёна. Гэта своеасаблівы электронны каталог. На інтэрнэт-старонцы змешчана інтэрактыўная карта і выявы школ, клікаючы па якіх пераходзіш на адпаведную старонку з апісаннем і фотаздымкамі таго ці іншага музея. Націскаеш на фотаздымак гімназіі Дзяржынска — трапляеш у музей баявой славы; Петкавіцкай сярэдняй школы — гісторыка-краязнаўчы музей “Старонкі гісторыі нашай”; Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы — гісторыка-краязнаўчы музей, адкрыты ў далёкім 1969 годзе, а ў 2010 годзе ўдастоены ганаровага статусу “народны”. Стварэнне падобнага партала менавіта на Дзяржыншчыне не з’яўляецца нечым незвычайным, неардынарным. Адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця сістэмы адукацыі раёна — стварэнне сеткі школьных музеяў, укараненне музейнай педагогікі ў агульнаадукацыйны працэс.
Падобны партал плануецца стварыць і ў іншых рэгіёнах краіны, прычым не толькі раённага, але і абласнога ўзроўню. Так на Магілёўшчыне, па словах загадчыцы аддзела краязнаўства і пошукавай работы Абласнога цэнтра творчасці Святланы Анатольеўны Хадоркінай, на працягу лета плануецца зрабіць новы ўлік школьных музеяў, сфатаграфаваць кожную экспазіцыю, сабраць пэўныя звесткі і, акрамя выпуску даведніка, стварыць спецыялізаваны сайт лепшых школьных музеяў Магілёўскай вобласці. Актуальнасць стварэння падобнага партала наспела даўно, бо ўжо многія ўстановы адукацыі змяшчаюць на сваіх інтэрнэт-старонках інфармацыю пра школьныя музеі, нават размяшчаюць у лічбавым варыянце каштоўныя дакументы, а ў сярэдняй школе № 34 Магілёва распрацоўваецца віртуальная 3D-экскурсія па музеі.
У асобны блок вылучаюцца віртуальныя музеі, якія сталі асновай для краязнаўчых сайтаў. Яскравы прыклад — сайт “Лінова і наваколле”, створаны настаўнікам інфарматыкі Ліноўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці Аляксандрам Іванавічам Гукам. Як і рэальны школьны этнаграфічны музей (створаны ў 2003 годзе, кіраўнік — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Людміла Аляксандраўна Бяскроўная), сайт расказвае пра адметнасці малой радзімы. Яго раздзелы, нібыта асобныя тэматычныя экскурсіі, паведамляюць пра памятныя мясціны краю, яго гісторыю, біяграфіі землякоў. Прадстаўлена музейная справа і ў сацыяльных сетках. Аднак там адпаведныя тэматычныя групы нагадваюць звычайныя прэзентацыі. У іх расказваецца пра дзейнасць савета музея, змяшчаюцца фотаздымкі музейных мерапрыемстваў. Відавочна, магчымасці сацыяльных сетак трэба выкарыстоўваць больш шырока.

Каб не спазніцца

Віртуальныя музеі паступова займаюць сваё месца пад беларускім музейным сонцам, іх колькасць з кожным годам павялічваецца, як павялічваецца і іх якасць. Канечне, ні адзін віртуальны музей не заменіць рэальнага. Аднак гэта не значыць, што віртуальным музеям трэба ўдзяляць меншую ўвагу. Віртуальнасць імкліва заваёўвае прастору нашага рэальнага жыцця, асабліва жыцця навучэнскай моладзі. Дык чаму б гэтую віртуальную прастору не сумясціць з прасторай музейнай? Трэба дзейнічаць, каб не спазніцца, бо месца музейнай прасторы можа аказацца вакантным для негатыву, якога ў віртуальнай прасторы больш чым дастаткова.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.