У паходах мы з вучнямі, удзельнікамі гуртка “Пошук”, шукаем адказы на старыя пытанні і задаём новыя. З гэтых пытанняў нараджаюцца задачы, для рашэння якіх адпраўляемся ў падарожжа па родным краі. На адпрацоўку гіпотэзы ці нейкай пастаўленай задачы часам праходзяць гады. Так было і з рэкамі нашага Нараўлянскага раёна. Аб’ехаць і адшукаць сярод палескіх забалочаных і цяжкадаступных месцаў тую ці іншую раку, прасачыць ход яе цячэння, калі, канечне, была такая магчымасць, ад вытоку да вусця, было для дзяцей няпростай задачай. Ужо хаця б таму, што для гэтага неабходны трываласць і немалое цярпенне. Рухацца ўздоўж ракі — задача і для дарослага чалавека нялёгкая. Але тым не менш мы з ёй справіліся.
Упэўнены, што пераважная большасць нашых землякоў назавуць толькі тры-чатыры ракі Нараўлянскага раёна. Спачатку і мы памыляліся адносна гэтага. Але, даследуючы родны край, выявілі, што такіх рэк больш за дваццаць! І гэта толькі з улікам тых, што маюць назвы. А колькі рэк з-за розных абставін ужо проста знікла з карты раёна… Дзе рака Чэраздзярэў? Куды зніклі Бруселька і Касцяроўка? У гістарычных крыніцах яны згадваюцца, але менавіта дзе яны працякалі, ужо ніхто не ведае. На жаль… У кнізе “Водныя рэсурсы Гомельскай вобласці”, якая выйшла ў 2005 годзе, з 23 знойдзеных намі рэк згадана толькі тры. А пра астатнія — ні слова. А часам менавіта на берагах рэк адбываліся найважнейшыя гістарычныя падзеі, якія вырашалі лёсы цэлых народаў.
Прыпяць
Нараўлянскі раён займае значную частку яе правабярэжжа. Пра тое, як рака атрымала сваю назву, існуе некалькі гіпотэз. Адна з іх гаворыць аб тым, што ў палескую Амазонку нібыта ўпадае пятнаццаць рэк. Пятнаццаць — гэта ў даўніну азначала “тры на пяць”. З часам словазлучэнне “тры на пяць” і стала Прыпяццю. Па другой версіі, Прыпяць намывае ўперадзе сябе вельмі шмат водмелей — прыпечкаў, пясчаных кос, якія “прыпякае” сонца. Ёсць яшчэ адна версія — лінгвістычная. У мове скіфаў ёсць слова “пората”, што перакладаецца як “вялікая вада, мора”. Трэба адзначыць, што Прыпяць, асабліва вясной, і сапраўды нагадвае мора. Падабенства каранёвых зычных у словах “прыпяць” і “пората” дае нам права лічыць, што за тысячагадовую гісторыю слова магло падпасці пад чыста моўныя працэсы.
Салакуча
Выток знаходзіцца ў Мазырскім раёне, а ўпадае яна ў Прыпяць двума рукавамі: каля вёскі Барбароў і за вёскай Гута Нараўлянскага раёна. Аб паходжанні назвы ракі старажылы расказваюць такую легенду. Неяк па шляху з Чарнобыля ў Мазыр ехалі купцы. І калі яны ехалі па мосце, то адзін з вазоў перавярнуўся, а ўвесь груз зваліўся ў ваду. А везлі яны сала! Вылавілі гэтае сала з ракі і склалі на беразе, каб з яго сцякла вада. Столькі сала адразу ў адной кучы яшчэ ніхто не бачыў. Усе беглі паглядзець на гэтае дзіва і гаварылі адно аднаму: “Сала куча! Сала куча!”
Карчага
Тапонім з такой назвай у нас з’явіўся нядаўна. Увесь час мясцовыя жыхары называлі яе проста — “канава”. І вось некаму прыйшла ў галаву думка назваць гэты штучны вадаём, выкапаны падчас меліярацыі, ракой. Больш за тое, “лепшай” назвы для яе не прыдумалі. Слова “карчага” пазначае месца, дзе стаіць самагонны апарат.
Ханя
З тапонімам Ханя звязана такая легенда. У вёсцы Красноўка, адкуль і бярэ пачатак рэчка, стаяў млын, дзе млынаром быў яўрэй, у якога была адзіная дачка прыгажуня Ханя. Бацька памёр, і яўрэйская суполка вырашыла аддаць Ханю за старога і непрыгожага жаніха. Дзяўчына не захацела, паднялася на млынавую плаціну, кінулася ў ваду і ўтапілася. Млын застаўся стаяць на месцы, і жыхары навакольных вёсак па-ранейшаму вазілі туды малоць збожжа і гаварылі: “Да Хані вязу, да Хані”. А потым так і сталі называць гэтую рэчку.
Славечна
Яе вытокі пачынаюцца на Оўруцкім узвышшы, непадалёк ад вёскі Антонавічы. Працякаючы па тэрыторыі Украіны і двух раёнах Беларусі, Ельскім і Нараўлянскім, рака ўпадае ў Прыпяць паміж вёскамі Цешкаў і Вяжышча. Сваю назву рэчка атрымала, хутчэй за ўсё, ад племя славян, што жылі тут з даўніх часоў. Як вядома, даліна ракі Прыпяць лічыцца прарадзімай славян. У доказ гэтага ў надабалоннай тэрасе Славечны знаходзіцца вялікая колькасць помнікаў археалогіі, што лішні раз пацвярджае гэтую гіпотэзу. Па нашых падліках іх некалькі дзясяткаў. Ёсць у гэтай ракі і народная, на наш погляд, больш дакладная назва — Славешня.
Жалонь
Жалонь, як і Славечна, бярэ пачатак з Оўруцкага ўзвышша. Цікавы лёс ракі. Тысячы гадоў працавала яна, несучы свае воды ў Славечну. І вось у 80-х гадах ХІХ стагоддзя ў наш рэгіён прыязджае экспедыцыя генерала Жылінскага з мэтай асушэння палескіх балот. Ацаніўшы становішча, удзельнікі экспедыцыі прымаюць рашэнне павярнуць рэчышча ракі Жалонь на 90 градусаў, пусціўшы яго паралельна Славечне, каб асушыць пойму гэтай ракі і сяляне маглі там касіць сена. Вырашылі — і зрабілі… Доўгі час мясцовыя жыхары называлі новае рэчышча Мухаедаўскім каналам, не прызнаючы новы тапонім. Але час бярэ сваё, і цяпер ужо мала хто ўспомніць, як працякала Жалонь у старажытнасці і куды яна ўпадала. Стала яна прытокам Прыпяці, а не Славечны, і ўпадае ў яе паміж вёскамі Дзёрнавічы і Вяпры. Само слова “Жалонь” некаторымі крыніцамі трактуецца як салонь — салёная. І ў нашым выпадку гэта ў поўнай меры пацвярджаецца.
Сіпша
Пачынаецца ў балотах Мухаедаўскага лесу і ўпадае ў Славечну за вёскай Вяжышча. Назву атрымала ад слова “сіпець, ледзь гаварыць”. Насамрэч, паўнаводная вясной, да восені гэтая рэчка ледзь “сіпіць”, бяжыць ледзь прыметным ручаём.
Ілья
Левы прыток ракі Уж, што ў Кіеўскай вобласці Украіны, бярэ свой пачатак паміж вёскамі Красноўка і Габрылееўка. Чаму яна так завецца, можна толькі здагадвацца. Па-першае, з-за глеістага дна. Па-другое, першапачаткова яна магла называцца Вілія з-за таго, што пятляла, была звілістай. Па-трэцяе, сваю назву магла атрымаць у гонар прарока Ільі.
Храпунь
Выток знаходзіцца ў Мухаедаўскім лесе, упадае ў Жалонь недалёка ад вёскі Хільчыха. Легенда расказвае, што ўсе, хто ехаў праз яе валамі, трапляў у такі бруд, што валы аж храплі, насілу вылазячы з гэтай балоцістай рэчкі.
Нараўлянка
У гістарычных дакументах XVI стагоддзя рака называлася Нароўля. З часам змялела і стала Нараўлянкай. Пачынаецца на Мазырскім узвышшы і ўпадае ў Прыпяць у нашым райцэнтры, якому яна і дала сваю назву. А вось чаму сама рака так называецца, існуе некалькі гіпотэз. Па-першае, ад “наравістага” характару ракі. Па-другое, ад таго, што калісьці на берагах гэтай ракі жыло легендарнае племя неўраў.
Верасожка
Пачынаецца ва Украіне ва ўрочышчы Сівыя Лозы. Як тлумачаць старажылы, Верасожка — таму што ўздоўж яе берагоў расце шмат верасу. Раней Верасожка была паўнаводнай ракой, па ёй хадзілі караблі. Адзін з такіх караблёў, па словах старажылаў, выкапалі на беразе ракі. Але меліярацыі, дзве з якіх былі маштабнымі, рэзка панізілі ўзровень вады.
Дабрынька
Пачынаецца на Мазырскім узвышшы і ўпадае ў Мытву каля вёскі Смалегаў. У ёй добрая, як казалі ў недалёкім мінулым людзі, вада. Невыпадкова памешчык Горват на беразе гэтай невялікай ракі пабудаваў спіртзавод у вёсцы Галоўчыцы.
Палеча
Пачынаецца на тэрыторыі Ельскага раёна і ўпадае ў Славечну ў вёсцы Дзямідаў. Тапонім “палеча” можна растлумачыць тым, што “гэта рака, якая цячэ з поля”, або цячэнне ракі “хуткае, палятучае”.
Радунь
Пачынаецца на Мазырскім узвышшы, у Ельскім раёне, і ўпадае ў Дабрыньку, непадалёк ад вёскі Галоўчыцы. Хуткі, “радасны” характар гэтай невялікай ракі і стаў падставай для яе назвы.
Ліхавенка
Пачынаецца ў Мухаедаўскім лесе і ўпадае каля вёскі Ліхаўня ў Славечну. Старажылы аб назве гэтай рэчкі расказваюць такую легенду: ехаў на конях у карэце праз яе пан. І так там заграз, праваліўшыся ў яму, што аж колы ў карэце пад ваду схаваліся. Выскачыў спалоханы пан з карэты, ды як закрычыць: “Вось ліха, дык ліха!” З тых часоў рэчку гэтую Ліхавенкай і называюць. Па адной з гіпотэз, вёску Ліхаўня і назвалі па рацэ Ліхавенцы.
Малінка
На берагах гэтай рэчкі, якая праходзіць такі шлях, як і Ліхавенка, людзі здаўна збіралі маліну. Ягада, якая там расла, і дала назву рацэ. Не складана здагадацца і аб паходжанні назвы такіх рэк нашага раёна, як Гразліва, Ражаўка, Жалязніца.
Свердлік
Свой пачатак, як і многія іншыя рэкі нашага раёна, бярэ з Оўруцкага ўзвышша і, працякаючы па тэрыторыі Нараўлянскага раёна, упадае ў Ханю каля вёскі Дзяржынск. Характар ракі, якая быццам “свідруе” камяністую глебу той мясцовасці, і даў ёй такую назву.
Лубянка
Пачынаецца ва ўрочышчы Лінкі і, працякаючы па тэрыторыі Нараўлянскага раёна, упадае ў Жалонь. Па берагах ракі расло многа ліп, з якіх дралі кару на луб. З лубу ў сваю чаргу рабілі посуд і мачала, а таксама накрывалі дахі будынкаў. Ад ракі атрымала сваю назву і вёска Лубень.
Тур’я
Бярэ пачатак з Турынскага балота, што было каля вёскі Мухаеды (Кіраў). Назву магла атрымаць ад тураў, якія некалі вадзіліся па берагах гэтай ракі. Але больш праўдападобна тое, што рака мае хуткі, імклівы нораў. Ад слова “турнуць”, хутка гнаць.
Мытва
Пачынаецца на Мазырскім узвышшы і працякае па тэрыторыі Мазырскага, Ельскага і Нараўлянскага раёнаў, упадае ў Прыпяць каля вёскі Канатоп. Назву атрымала з-за мутнай вады. Яшчэ рэчка магла намываць або падмываць свае берагі, часта мяняючы рэчышча.
Думаем, што наша даследаванне стане зыходным пунктам у развіцці рачной тапанімікі рэгіёна. А яна, хоць і вельмі кансерватыўная па сваёй сутнасці, усё роўна не стаіць на месцы. Праходзяць дзясяткі і сотні гадоў, мяняецца навакольнае асяроддзе, мяняюцца, а то і зусім знікаюць рэкі. Таму вельмі важна адсочваць і фіксаваць гэтыя змены.
Васіль ЧАЙКА,
педагог дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Нароўлі.
Фота аўтара.