Радуйся, памятай

Паслязаўтра Беларусь урачыста адзначыць адно з галоўных дзяржаўных свят — Дзень Перамогі. Па добрай традыцыі ў гэты дзень нас чакаюць парады, мітынгі, а ўжо ў гэтыя хвіліны ва ўстановах адукацыі праходзяць памятныя мерапрыемствы. Памяць… Гэтае слова стала цэнтральным у матэрыялах майскага “Шостага дня”.

Дзень Перамогі — гэта дзень успамінаў, дзень радасці, дзень смутку, а яшчэ дзень памяці. Памяці пра тых, хто ў юнацкія гады падымаўся ў штыкавую атаку, хто загінуў у першыя дні вайны, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, хто выжыў у канцэнтрацыйных лагерах, хто быў спалены карнікамі, хто і цяпер больш чым праз 70 гадоў ляжыць у безыменнай магіле. Дзень Перамогі — гэта і дзень павагі да тых, хто знаходзіць магчымасць і сілы сустракацца з маладым пакаленнем і дзеліцца з ім сваёй памяццю пра вайну. Паслухаць некаторыя ўспаміны дазволіць рубрыка “Мост пакаленняў”. Важнасць захавання памяці пра Вялікую Перамогу стала асноўным лейтматывам выступленняў удзельнікаў міжнароднага форуму “Вялікая Перамога, здабытая адзінствам”. Як захоўваць памяць, што для гэтага робіцца ў краінах СНД і Балтыі, чытайце ў рубрыцы “Форум пераможцаў”. Гавораць, што сучасная моладзь недастаткова ведае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Выправіць сітуацыю дапаможа пазнавальная гульня “Вогненны летапіс Вялікай Айчыннай вайны”, якую можна правесці, напрыклад, на тэматычнай класнай гадзіне. Сцэнарый гульні — у аднайменнай рубрыцы. У канцы дадатку сталічныя педагогі і навучэнцы прапаноўваюць нашым чытачам уявіць сябе байцамі Чырвонай Арміі і напісаць дадому некалькі шчырых і шчымлівых радкоў.
“Ні дня без радка” — такой будзе апошняя рубрыка майскага “Шостага дня”. Ні дня без памяці — такім павінен быць дэвіз нашага жыцця, жыцця нашчадкаў Вялікай Перамогі.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.