Рэгіянальны кампанент

Год малой радзімы — гэта ў першую чаргу год педагогаў-краязнаўцаў, таму і праекты, якія яны прэзентавалі на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прыцягвалі асаблівую ўвагу наведвальнікаў. Разам з настаўнікамі гімназіі Кармы і Ельскай раённай гімназіі пагартаем старонкі ўнікальнага зборніка “Займальныя ўрокі малой радзімы” і электроннай кнігі “Радзімазнаўства. Ельшчына”.

І.А.Шлемянкова знаёміць міністра адукацыі І.В.Карпенку са зборнікам “Займальныя ўрокі малой радзімы”.

Падчас урачыстага адкрыцця выставы міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на ўзма­цненне выхаваўчага патэнцыялу ўрока. У настаўнікаў-прадметнікаў ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў не толькі праз розныя формы пазаўрочнай дзейнасці, але і праз змест вучэбнага прадмета. Эфектыўнасць тут зале­жыць ад мэтанакіраванага адбору вучэбнага матэрыялу, які дае вучням прыклады сапраўднай маральнасці, духоўнасці, грамадзянскасці і патрыятызму. Менавіта такі якасны матэрыял і падрыхтавала аўтар зборніка “Займальныя ўрокі малой радзімы” настаўніца пачатковых класаў гімназіі Кармы Ірына Анатольеўна Шлемянкова. Яе зборнік — разгорнуты адказ на пытанне, як эфектыўна выкарыстоўваць выхаваўчы патэнцыял урока ў Год малой радзімы.

— Словы “патрыятызм” і “грамадзянскасць” часам гучаць патэтычна, няшчыра. Нярэдка ў зносінах з людзьмі ловіш сябе на думцы, што пра гэтыя якасці можна гаварыць больш проста і сардэчна, без пафасу і лозунгаў. Можна тысячу разоў сказаць, што Беларусь — цудоўная краіна, цэнтр Еўропы, і не зачапіць дзіцячыя душы. А можна праз цікавасць да гісторыі роднага горада, вёскі абудзіць у юных розумах і сэрцах тыя самыя пачуцці, якія і характарызуюць іх як сапраўдных грамадзян, што ўмеюць шанаваць мінулае, жадаюць удзель­нічаць у стварэнні цяперашняга і ўсведамляюць сваю адказнасць за будучыню, — падзялілася Ірына Анатольеўна.

Каб абудзіць у дзіцячых сэрцах такія пачуцці, настаўніца вырашыла актыўна выкарыстоўваць у сваёй рабоце рэгіянальны кампанент. У аснову працы лёг пошук адказаў на наступныя пытанні: “Ці можна сумясціць засваенне вучэбных прадметаў і краязнаўства? Ці будзе гэта цікава дзецям? Ці можна, выкарыстоўваючы рэгіянальны кампанент у пачатковай школе, зрабіць вучэбны працэс займальным і выніковым?”. Як лічыць Ірына Анатольеўна, для заняткаў края­знаўствам у пачатковай школе ёсць шмат магчымасцей. Галоўнае, дакладна зразумець мэты і задачы, выбудаваць сістэму ў адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей, прытрымлівацца ў працы прынцыпаў навуковасці, сістэматычнасці, комплекснасці, планавасці, рэгіянальнасці, масавасці, гістарызму.

Л.І.Казак разам з навучэнцамі расказваюць пра родную Ельшчыну.

“Мая радзіма — Ельшчына. Гэта да цябе ляціць маё сэрца ў час расставання. Гэта твае жытнёвыя палі з блакітнымі васількамі, бярозавыя гаі, някідкія краявіды напаўняюць душу непрывычнай пяшчотай. І ты, акрылены гэтым пачуццём, бачыш узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным.

Ельшчына… Для мяне ты святыня, прошча. Пупавінай, бы з маці, знітаваны з табою. Нябачныя нітачкі-сувязі сілкуюць, даюць разуменне асэнсаваць: ты не наноснае семя, у цябе ёсць род, народ, у цябе ёсць радзіма. А гэта — шчасце”.

Ідэя стварэння зборніка заданняў для вучняў I ступені навучання з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента падштурхнула педагога на больш глыбокае вывучэнне гісторыі, геаграфіі, культуры Кармянскага раёна. Рэгіянальны кампанент, па словах Ірыны Анатольеўны, можна выкарыстоў­ваць на ўроках “Чалавек і свет”, “Беларуская мова”, “Русский язык”, “Літаратурнае чытанне”, “Матэматыка”. Так, на занятках “Чалавек і свет” краязнаўства прадугле­джвае не толькі тэму “Мой край”, але і “Прырода і чалавек”, “Чалавек і грамадства”. Інфармацыяй па гісторыі і геаграфіі Кармяншчыны можна напаўняць тэму “Мая Радзiма — Беларусь”.

— Выкарыстоўваючы края­знаўчы матэрыял на ўроках, часта згадваю геаграфічныя паняцці: назвы вёсак, рэк нашага раёна. Каб гэтыя звесткі спрыялі фарміраванню правільных уяўленняў пра тэрыторыю Кармяншчыны, ужо ў 1—2 класе можна і трэба знаёміць вучняў з геаграфічнай картай. Яна павінна быць маляўнічай, з буйнымі ўмоўнымі пазначэннямі. Найбольш эфектыўным спосабам рэалізацыі рэгіянальнага кампанента на ўроках “Чалавек і свет” з’яўляюцца экскурсіі па вуліцах горада, падчас якіх фарміруецца цікавасць да асобных старонак гісторыі, паглыбляюцца веды дзяцей пра родны край, пашыраецца іх кругагляд, — паведаміла Ірына Анатольеўна.

Не менш цікавым, чым знаём­ства з адметнасцямі роднага горада падчас экскурсій, з’яўляецца вывучэнне тапанімікі. Назвы су­праваджаюць чалавека ўсё жыццё, таму ў кожнага з нас, незалежна ад узросту, час ад часу ўзнікае жаданне даведацца, адкуль пайшла назва населенага пункта, вуліцы, рэчкі, возера, урочышча. “Тапанімічны слоўнік Кармянскага раёна” дапамагае настаўніцы ў складанні заданняў па мове. Ужо для вучняў 1 класа педагог часта падбірае тапонімы, у якіх дзеці вызнача­юць галосныя і зычныя гукі, першы і апошні гук, дзеляць тапонімы на склады, ставяць націск. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна выконваюць заданні, паколькі працуюць з добра знаёмымі для іх назвамі, з задавальненнем складаюць невялікія апавяданні на тэму “Наш пасёлак”, “Мая вуліца”. Выкарыстанне тапанімічнага слоўніка працягваецца і ў 2—4 класах пры вывучэнні тэм “Аднакаранёвыя (роднасныя) словы”, “Склад слова”, “Часціны мовы”. На ўроках беларускай мовы краязнаўчы матэрыял асабліва дапамагае дзецям у назапашванні беларускай лексікі. Зварот да мясцовага моўнага матэрыялу дае выдатную магчымасць праводзіць захапляльныя ўрокі-экскурсіі, ролевыя гульні, творчыя конкурсы.

— Для ўрокаў матэматыкі складаю заданні, выкарыстоўваючы лікавы краязнаўчы матэрыял. У 1—2 класах выдатна падыходзяць задачы ў вершах. Яны лёгка ўспрымаюцца на слых і з цікавасцю рашаюцца вучнямі. Звесткі пра наш пасёлак і раён выкарыстоўваю і для правядзення матэматычнай дыктоўкі. Ужо ў 2 класе вучні самастойна з поспехам выконва­юць творчыя заданні па складанні такіх задач. Мае вучні на ўроках матэматыкі могуць даведацца пра колькасць вуліц у нашым пасёлку і колькасць вёсак у Кармян­скім раёне, вылічыць працяг­ласць самай доўгай і самай кароткай вуліцы, параўнаць колькасць рэк і азёр у раёне, падлічыць іх агульную колькасць, параўнаць даўжыню рэк, разлічыць вышыню воданапорнай вежы і самага высокага дома ў Карме, вызначыць працягласць нашага пасёлка з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, — сказала Ірына Анатольеўна.

Рэгіянальны кампанент робіць урок больш цікавым і займальным. І не толькі ўрок. Любое выхаваўчае мерапрыемства, у аснове якога ляжыць вывучэнне малой радзімы, абавязкова пройдзе захапляюча, запомніцца вучням. Адкуль браць звесткі для такіх мерапрыем­стваў? Каб у калег не ўзнікала падобнага пытання, настаўніцамі беларускай мовы і літаратуры Ельскай раённай гімназіі Любоўю Іванаўнай Казак і Галінай Васільеўнай Лопарт была складзена электронная кніга “Ра­дзімазнаўства. Ельшчына”. Яе прэзентацыя прай­шла падчас работы рэспубліканскай выставы надзвычай яскрава. Педагогі не толькі пагарталі перад кожным жадаючым электронныя старонкі кнігі, у якіх расказваецца пра асаблівасці маляўнічага куточка Палесся, але і правялі завочную экскурсію, падарылі наведвальнікам стэнда памятныя падарункі з напамінам пра Ельшчыну.

— Наш праект ствараўся разам з вучнямі і для вучняў, дзеля абу­джэння ў іх цікавасці да роднай Ельшчыны, паглыблення ведаў пра гэты самабытны куточак Беларусі, далучэння да вывучэння багацця матэрыяльнай і духоўнай спадчыны раёна, раскрыцця ўменняў збі­раць і сістэматыза­ваць мясцовы матэрыял пра важныя падзеі на Ельшчыне, легенды, паданні, гісторыі назваў, пра асоб, якія праславілі родную зямлю. Мы прапаноўваем выкарыстоўваць электронную кнігу “Радзімазнаў­ства. Ельшчына” ў выхаваўчай пазакласнай рабоце, на ўроках гісторыі, мовы і літаратуры не толькі калегам з Ельскага раёна, але і ўсёй Беларусі, бо рэгіянальны матэрыял з’яўляецца цудоўнай магчымасцю выхавання асобы, — паведаміла дырэктар Ельскай раённай гімназіі Любоў Іванаўна Казак.

Знаёмства з кнігай адбываецца ў форме завочнага падарожжа як па населеных пунктах, адметных мясцінах раёна, так і ў часе. Інфармацыя змешчана ў раздзелах “З гісторыі Ельшчыны”, “Славутыя землякі”, “З памяццю ў сэрцы”, “Чарнобыльскі вецер”, “Маршрутамі роднага краю”, “Культурная спадчына”, “Ельшчыне любімай прысвячаю”. Гэта не проста кніга — гэта ўнікальны летапіс раёна, змешчаны на 102 старонках. У дадатку прадстаўлены даследчыя працы вучняў, прэзентацыі, сцэнарыі свят, творчыя работы. Кніга “Радзімазнаўства. Ельшчына”, безумоўна, будзе спрыяць станаўленню і развіццю грамадзяніна, цікаўнага, неабыякавага да сваёй малой радзімы. Паслухаем, як шчыра і пранікнёна расказвалі аўта­ры кнігі пра сваю любоў да малой радзімы ўдзельнікам выставы:

“Ельшчына… З павагай, з пашанай, з удзячнасцю схіляю галаву перад табой, мая радзіма. Люблю сваю святую зямлю аддана і да канца, іншай нам не дадзена, ды і не патрэбна”.

Прыгожа, ці не праўда? Падарожжа па маляўнічай Ельшчыне мы абавязкова працягнем у адным з наступных нумароў “Настаўніцкай газеты” ў рубрыцы “Родная зямля”. А пакуль што пойдзем далей уздоўж выставачных стэндаў. Тут нас чакае яшчэ шмат цікавага.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.