Справа пра закінутыя магілы

Рэканструкцыю ваеннага мінулага многія ўяўляюць як тэатралізаваны паказ з выбухамі, выстраламі. Ролі ў такім спектаклі-бітве выконваюць члены гістарычных клубаў, апранутыя ў шынелі або мундзіры ці нават рыцарскія даспехі. Рэканструкцыя ваенных падзей бывае не толькі яркай, мнагалюднай, але і больш ціхай, амаль непрыкметнай для шырокага кола грамадства, аднак не менш карыснай у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Гэта пацвярджае шматгадовая дзейнасць гуртка “Пошук” сярэдняй школы № 2 Нароўлі.
Трэба спяшацца

У мінулым і пазамінулым навучальным годзе ў Нараўлянскім раёне адбылося некалькі падзей, якія сталі адметнай з’явай у справе ўшанавання подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Юныя следапыты пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі 2-й нараўлянскай школы Васіля Васільевіча Чайкі ў выніку працяглых і няпростых пошукаў разгадалі некалькі таямніц ваеннай гісторыі: сабралі звесткі пра салдат, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны, добраўпарадкавалі іх магілы. Падчас даследавання навучэнцы выконвалі ролю сышчыкаў. Яны шукалі, распытвалі, знаходзілі, пераадольвалі на веласіпедах дзясяткі кіламетраў лясных і палявых дарог, займаліся своеасаблівым расследаваннем.
Па словах Васіля Васільевіча, неабходнасць сустрэч са старажыламі выклікана тым, што пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС значная частка населеных пунктаў раёна была выселена. Нараўлянскі край пакінулі многія носьбіты вуснай народнай творчасці, сведкі ваенных падзей, а тыя, хто застаўся, імкліва адыходзяць. Трэба спяшацца распытваць людзей пра мінуўшчыну.

Кошык з грыбамі

Першым аб’ектам даследавання юных следапытаў стала магіла колішняй жыхаркі вёскі Хільчыха Аўдоцці Кандыбайла. Як прызнаўся Васіль Васільевіч, калі б ён загадзя ведаў, што дзецям давядзецца пачуць ад мясцовых старажылаў настолькі жудасную гісторыю, то, напэўна, заняўся б справай самастойна. Хаця вайна — гэта вайна, жахлівая, расфарбаваная толькі ў адценні шэрага і чорнага колераў. І ведаць яе трэба менавіта такой.
Асноўныя звесткі пра Аўдоццю Кандыбайла адносяцца да 1943 года, калі партызаны актывізавалі барацьбу і карнікі пачалі ладзіць аблавы, арганізоўваць пасткі. У адну з такіх пастак і трапіла жанчына. Нягледзячы на тое, што Аўдоцця, рызыкуючы жыццём, дапамагала партызанам, пякла для іх хлеб, перадавала карысныя звесткі, часта наведвалася ў партызанскі лагер, схапілі яе ўсё ж не ў той час, калі яна выконвала заданне. Аўдоцця вельмі любіла збіраць грыбы. І вось падчас ціхага палявання каля невялікага моста праз балота непадалёк ад роднай вёскі яна заўважыла паліцаяў. З перапуду выпусціла з рук кошык і кінулася наўцёкі. Але далёка адбегчы ад мужчын на конях не здолела. Канечне, жанчына магла захаваць сабе жыццё і расказаць пра месца дыслакацыі партызанскага атрада, аднак выбрала пакутніцкую смерць. Пасля доўгіх катаванняў яе разарвалі коньмі, а цела пакінулі на ўскрайку балота.
Толькі на трэці дзень родныя Аўдоцці знайшлі яе і пахавалі жанчыну на тым месцы, дзе з кошыка рассыпаліся грыбы. Сваякі партызанскай сувязной доўгі час даглядалі магілу, аднак пасля аварыі на ЧАЭС вёска Хільчыха была выселена, магіла паступова пачала зарастаць. Каб ушанаваць памяць пра Аўдоццю, “пошукаўцы” з дапамогай нараўлянскага камунгаса добраўпарадкавалі магілу, паставілі на ёй новы крыж і агароджу.
— Мы ўпэўнены, што сваёй пакутніцкай смерцю жанчына заслужыла значна больш, чым проста пахілены крыж на магіле, — адзначыў Васіль Васільевіч.

Невядомы партызан

У адрозненне ад папярэдніх пошукаў, расследаванне гібелі аднаго з партызан скончылася для юных нараўлянскіх даследчыкаў менш паспяхова. Магілу яны знайшлі, добраўпарадкавалі, сабралі звесткі і пра абставіны смерці партызана, аднак, на жаль, імя чалавека ўстанавіць не ўдалося.
Пошукі магілы партызана члены гуртка пачалі са знаёмства з былой жыхаркай вёскі Чапаеўка Нінай Рыгораўнай Палей. Падчас сустрэчы жанчына паведаміла, як у вайну яна разам з бацькам неяк сустрэла партызан, яны спыніліся, пачалі размаўляць пра жыццё, і раптам у небе з’явіўся варожы самалёт, пачалася бамбёжка. Ніна Рыгораўна схавалася разам з бацькам у кустоўі, а вось аднаму з партызан не пашчасціла ўратавацца, ён загінуў.
Партызана пахавалі пад дубам. Шмат часу мінула, дуб даўно паваліўся, аднак абгароджаная магіла яшчэ даглядалася, каля яе праходзілі піянерскія зборы, ушаноўвалі памяць пра партызана і мясцовыя жыхары. Пасля аварыі на ЧАЭС сцежкі да магілы пачалі паступова зарастаць. Нядзіўна, што Васілю Васільевічу ў пошуках таго месца давялося разам з вучнямі доўга блукаць па лясным гушчары.
— Нягледзячы на тое, што дарога да магілы была складанай, пакінуць яе ў не самым добрым стане мы не маглі, там усё ж пахаваны чалавек. Вырашылі паставіць новы помнік, агароджу. Дзеля гэтага звярнуліся за дапамогай у адміністрацыю Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, кіраўніцтва якога выдаткавала неабходныя грошы, і магіла была добраўпарадкавана, — паведаміў педагог.

Першы выстрал

Падставай для пачатку новых пошукаў стала самая звычайная гранітная пліта, якую вучні знайшлі ў адным з закінутых будынкаў райцэнтра. Дзякуючы супрацоўнікам ваенкамата і савета ветэранаў высветлілі, што пліта калісьці была ўстаноўлена з нагоды 40-годдзя перамогі на месцы перапахавання партызан і салдат. У той юбілейны год практыкавалася ліквідацыя адзіночных пахаванняў, астанкі салдат зносілі ў брацкія магілы. На пліце было пазначана некалькі імёнаў чырвонаармейцаў, асабліва дзяцей зацікавіў такі надпіс: “Два невядомыя воіны, з іх адзін афіцэр маёр Сапожнікаў”.
Калі пра маёра Сапожнікава дзякуючы званню і прозвішчу яшчэ можна знайсці звесткі ў архівах, то пра лёс іншага воіна можна было даведацца толькі са слоў мясцовых старажылаў. На метадах і прыёмах, якімі карысталіся юныя нараўлянскія сышчыкі, мы не будзем засяроджваць увагу, няхай гэта застанецца іх таямніцай. Лепш звернемся да вынікаў расследавання. “Пошукаўцам” удалося высветліць, што ў выселеную вёску Вуглы невядомага салдата перапахавалі з Баровіч. На жаль, многія вуглоўцы пасля аварыі на ЧАЭС пакінулі Нараўляншчыну, аднак юныя даследчыкі ўсё ж знайшлі патрэбнага інфарматара. Стала вядома, што ў 1941 годзе Чырвоная Армія адступала па Варашылаўскай дарозе і адзін салдат схаваўся ў хляве. Калі побач праязджала на матацыклетах варожая разведка, ён выстраліў па салдатах з прыадчыненых дзвярэй. Правільна ён зрабіў ці не? Сёння гэта ўжо не істотна. Вядома толькі, што пасля выстралу немцы дасталі кулямёты, аўтаматы і літаральна зрашэцілі хлеў. Мясцовыя жыхары пахавалі салдата каля баровіцкай вузкакалейкі, а потым перапахавалі ў Вуглах.
— Нягледзячы на тое, што гэта адна са шматлікіх, характэрных для таго перыяду вайны падзей, салдат заслугоўвае асаблівай увагі, паколькі ён першым на тэрыторыі Нараўлянскага раёна стрэліў у салдат нямецкай арміі, — адзначыў Васіль Васільевіч.

Расстраляная настаўніца

Пачаткам чарговага даследавання сталі могілкі вёскі Кіраў, дзе пахавана настаўніца Ірына Данілаўна Чарнецкая, расстраляная разам з дзецьмі за сувязь з партызанамі. У гады вайны Ірына Данілаўна жыла з сям’ёй у вёсцы Мухаед, яе муж загінуў на фронце пад Масквой.
Пачалося ўсё пасля таго, як два яе вучні сустрэлі ў лесе разведчыкаў, закінутых у варожы тыл для арганізацыі партызанскага руху. Парашутысты далі падлеткам запалкі і газету “Праўда”, якую тыя прынеслі да настаўніцы. Можа, праз гэты нумар, які заўважыў у доме настаўніцы нядобразычлівец і паведаміў у паліцыю, а можа, таму, што сувязь жанчыны з партызанамі была відавочнай, Ірыну Данілаўну разам з чатырма дзецьмі расстралялі. Месца забойства мясцовыя жыхары знайшлі па туфлях, якія паліцаі загадалі жанчыне зняць перад расстрэлам, аднак так і не забралі: ці проста забылі, ці “сумленне” не дазволіла.
Сям’ю Чарнецкіх вяскоўцы выцягнулі з закінутай галлём ямы і перапахавалі на мясцовых могілках. І вось надышоў 2012 год. Члены гуртка “Пошук” разам з прадстаўнікамі раённай пярвічкі ГА “Белая Русь” набылі помнік, устанавілі яго на магіле, добраўпарадкавалі пляцоўку тратуарнай пліткай. Здаецца, справа зроблена. Аднак гісторыя на гэтым не скончылася. Як высветлілася, у той самы момант, калі добраўпарадкоўвалася магіла Ірыны Данілаўны, месца пахавання настаўніцы шукалі яе сваякі, якія жывуць у Жыткавіцкім раёне. Шчаслівы выпадак, а можа, і лёс дазволілі сустрэцца “пошукаўцам” і сваякам расстралянай настаўніцы. Падчас сустрэчы юныя даследчыкі дадалі ў справу пра закінутыя магілы новыя цікавыя звесткі. Яны, напрыклад, даведаліся, што Ірына Данілаўна была педагогам у пятым пакаленні. Цяпер добраўпарадкаваную магілу даглядаюць навучэнцы сярэдняй школы вёскі Кіраў.
Як адзначыў Васіль Васільевіч Чайка, гэтыя чатыры гісторыі з’яўляюцца толькі пачаткам расследавання маштабнай справы пра закінутыя магілы Нараўляншчыны. Канчатковае яе раскрыццё адбудзецца не хутка, работы хопіць яшчэ для некалькіх пакаленняў юных даследчыкаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Васіля ЧАЙКІ.