Падарожжа ў гісторыю пісьменства

Правесці арыгінальную экскурсію імкнецца кожны кіраўнік музея. Каб распрацаваць такую экскурсію, трэба спачатку дасканала вывучыць біяграфію пэўных экспанатаў, потым творча апрацаваць атрыманыя веды. А калі гэтыя веды апрацаваць яшчэ і з тэатральным ухілам, то атрымаецца прыкладна так, як атрымалася ў метадыста Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска кіраўніка музея развіцця сістэмы адукацыі Галіны Мікалаеўны Якшук. Дарэчы, у мінулым навучальным годзе менавіта гэтая тэатралізаваная экскурсія для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту дапамагла навучэнцам цэнтра стаць прызёрамі рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў (музейных пакояў) устаноў адукацыі, які праводзіўся ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

Мэта: пазнаёміць навучэнцаў з гісторыяй з’яўлення сямі прадметаў пісьменства: пісала, берасцяной граматы, буквіцы, гусінага пяра, пергаменту, ручкі драўлянай з пяром металічным, сшытка з прамакаткай.
Задачы: пашырыць веды вучняў аб ранейшым прызначэнні простых школьных прадметаў; пазнаёміць з гісторыяй іх стварэння; развіваць у вучняў творчыя здольнасці.
Змест дзеяння
(Тэкст на экране мультымедыя.) “Веданне гісторыі пісьменства свайго народа садзейнічае фарміраванню нацыянальнай свядомасці, патрыятычнаму выхаванню, гонару за сваіх далёкіх продкаў, якія заклалі падмурак нашай культуры” (Міхаіл Дабрынін, прафесар).
(Гучыць музыка “Гукі космасу”, за сцэнай чытаюць верш. Пад словы верша выходзіць Вандроўнік і выносіць на сцэну чамадан. Ставіць чамадан на тумбу, а сам сядае ў крэсла.) “Недзе ў дальнім кутку антрэсоляў // Чамадан ляжаў, пылам пакрыты, // I захоўваў ён мноства гiсторый // Аб прадметах усімі забытых…”
Вандроўнік. Дзень добры, шаноўнае спадарства! Вас здзіўляе мой трохі запылены выгляд? (Трасе запылены плашч, з якога сыплецца белы пыл.) Прашу прабачэння, гэта пыл стагоддзяў, а я — Вандроўнік па часе i прасторы, а вось гэта мой нязменны спадарожнік стары чамадан. Адкрыю вам сакрэт: мой чамадан незвычайны, ён чароўны. Па сутнасці, гэта мая машына часу, бо я ніколі не ведаю, куды зацягне мяне мой старадаўні сябар. А падарожнічаю я па стагоддзях і збіраю ў гэты чамаданчык цікавыя, даўно забытыя ўсімі рэчы. Навошта я гэта раблю? Сярод нас з вамі жыве столькі цiкавых i дасцiпных людзей, якiя маюць ахвоту зазiрнуць у мiнулае. Для нас чамаданчык заўсёды гатовы паказаць старадаўнія рэчы, паведаміць цікавыя гісторыі пра іх стварэнне і жыццё. Ну што, заглянем у мой чамаданчык?
(Гучыць музыка “Гукі космасу”.)
Вандроўнік (Адкрывае чамадан і дастае першы прадмет.) Цікава, што там ляжыць? Нейкая палачка вострая з аднаго боку, у дартс гуляць, ці што? Цікава, цікава (чухае патыліцу), а ці здагадаліся вы, што гэта? Я вам дапамагу, загадаю загадку, а вы здагадайцеся, аб чым мы будзем сёння весці гаворку і дзе я падарожнічаў. “Па белым полі скача конік, // Пакідаючы сляды. // Прачытаеш іх, запомніш — // Будзеш ведаць болей ты!” (Я.Хвалей).
Малайцы, гэта ручка, якая піша па паперы. І сёння мы будзем падарожнічаць у гісторыю пісьменства. Чым і на чым толькі не пісалі нашы далёкія славутыя продкі! (Гучыць фанаграма шуму дажджу.) Калі я прызямліўся ў старажытным горадзе Менску на пачатку ХІ стагоддзя, там быў страшэнна моцны дождж. Як жа добра, што бяроста, на якой пісалі ў той час, не баіцца вады, і мне ўдалося паспяхова даставіць гэты ўзор старажытнага пісьма ў наш час! (Дастае другі прадмет — муляж берасцяной граматы.) Паглядзіце ўважліва на гэтыя прадметы: ручак і алоўкаў тады яшчэ не было, таму літары і малюнкі на бяросце проста выдрапвалі вострай касцяной ці металічнай палачкай, якая называлася пісала. Пісала — гэта старажытнае “вечнае пяро”, якое ўяўляла сабой жалезны або бронзавы стрыжань, адзін канец яго быў завостраны, а другі меў плоскую лапатачку. У Менску знойдзена 8 пісалаў. Вострым канцом стрыжня пісалі, а лапатачкай “сціралі” напісанае. Жыхары нашага горада пісалі адно аднаму пасланні на бяросце і назвалі такія пасланні берасцянымі граматамі. А разумных, адукаваных людзей называлі пісьменнымі!
Дык вось, паглядзеў і я ўважліва на пісьменных людзей, і так цікава мне стала, а на чым жа яшчэ пісалі пісаламі? А каб даведацца пра гэта, прыйшлося, сябры мае, перанесціся мне з маім чамаданчыкам крыху ў іншы час, у Сярэднявечча. І накіраваліся мы, куды б вы думалі? Вядома, у старажытную школу, якая традыцыйна месцілася пры манастыры.
Дарэчы! Ці заўсёды была школа? Слова “школа” ўтварылася ад слоў “вольны час” (ад грэчаскага — “schole”). Гэта тлумачыцца тым, што школа не заўсёды была месцам для заняткаў. Старажытныя грэкі пад вольным часам разумелі не гультайства, а заняткі, якія развіваюць розум, гутаркі пра розныя разумныя рэчы мудрацоў-філосафаў са сваімі вучнямі. Гэтыя гутаркі вяліся падчас прагулак, абедаў. Спачатку праводзіліся толькі гутаркі, але паступова яны ператварыліся ў самыя сапраўдныя заняткі, якія нагадваюць нашу школу.
Грамату дзеці асвойвалі па царкоўных кнігах. Вось стаю я пад акном і слухаю: “аз”, “букі”, “ведзі”, “глаголь” — гэта ж старажытная азбука кірыліца! Яе склалі для славянскай мовы ў 863 годзе браты Кірыла і Мяфодзій. У кірыліцы было 43 літары, і ў кожнай — свая назва. Стаю, прыслухоўваюся. Раптам чую, як вучань чытае: “Мысліце — аз — мысліце — аз”. Як вы думаеце, што ў яго атрымалася? Дык гэта ж слова “мама”! Ох, і цяжка было азбуку вывучыць, а чытаць навучыцца — яшчэ цяжэй!
Зазірнуў я ў акенца і бачу: трымаюць дзеці нешта накшталт сучасных планшэтаў і водзяць па іх пісаламі. Я таксама захацеў паспрабаваць так пісаць, таму здабыў для сябе ў Сярэднявеччы небходныя прылады. Зараз я вам іх пакажу. (Дастае трэці прадмет — буквіцу.) Даведаўся я ў манастыры, што гэты матэрыял для пісьма прыйшоў са Старажытнага Рыма. Вось такія дошчачкі-васкоўкі — цэры. Навукоўцы лічаць, што слова “буквіца” (так называлі ў нас васковыя дошчачкі) з’явілася раней, чым слова “азбука”, і падкрэсліваюць яго сувязь з назвай дрэва бук. Лічыцца, што ў старажытнасці літары выразалі на букавых дошчачках. Драўляная азбука ўяўляе сабой дошчачку з выразанымі літарамі алфавіта. На васковым баку дошчачкі вучні пісалі літары. Дарэчы, выраз “з чыстага ліста” ўзнік дзякуючы таму, што воск з таблічак перыядычна счышчалі і пакрывалі іх свежым воскам.
Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што ў гэтыя часы на Беларусі пісалі і на пергаменце, але ён быў вельмі дарагі. Хто б дазволіў шкалярам крэмзаць на такой каштоўнасці! (Дастае чацвёрты прадмет з чамаданчыка.) Вырабляўся пергамент са скуры маладых жывёл (цялят, ягнят ці казлянят). Спосаб вырабу пергаменту вельмі цяжкі, ён патрабаваў вялікай працы. На гэтым матэрыяле пісаліся літургічныя кнігі і летапісы. Таму наступны прыпынак нашага падарожжа — XVI стагоддзе. Пісаць на пергаменце вучылі дзяцей заможных бацькоў, якія маглі набываць гэты каштоўны матэрыял. Чарніла навучэнцы выраблялі самастойна з сумесі сажы і клею або з дубовых жалудоў і вішнёвага клею, прычым вага жалудоў адпавядала вазе клею, і ў адпаведнасці з вагой гэтых двух кампанентаў дадавалі кіслы мёд. Гусінае пер’е дбайна апрацоўвалі: увесну ў моцнага маладога гусака трэба вырваць адно з пяці вонкавых пёраў, прычым абавязкова з левага крыла, таму што пяро з правага крыла загароджвала напісанае. Потым выскрабалі тлушч, выдалялі непатрэбныя перапонкі. Пяро трэба было абпаліць у гарачым пяску, каб яно стала сухім і цвёрдым, завастрыць кончык нажом, потым раздвойвалі канец. Чарніла захоўвалі ў глінянай або ў вырабленай з рога жывёлы чарніліцы. Гусінае пяро часта пакідала кляксы, якія дзеці на пергаменце злізвалі або сціралі пемзай. Тэкст на пергаменце доўга не высыхаў. Каб паскорыць гэты працэс, напісаны тэкст пасыпалі пяском. Кожны вучань нёс у школу чарніліцу і мяшочак з пяском. Іх злучалі матузом, які накідвалі на шыю. “Пясочніца — сяброўка чарніліцы”. Цікава, ці здагадаецеся вы пра наступны прадмет, якія я вам пакажу? “Адрэжу галаву, // Выму сэрца, // Дам пiць — // Пачне гаварыць!” (Птушынае пяро для пiсьма.)
Малайцы! (Дастае з чамаданчыка пяты прадмет — гусінае пяро.) У адрозненне ад васковак альбо бяросты, на якія надпісы наносіліся пісалам, на пергаменце пісалі гусінымі пёрамі. Як рыпелі гэтыя пёры! Асаблівае ўмельства — вастрыць пяро: ад гэтага залежала якасць напісання літар. Перапісчыкі рукапісаў працавалі не толькі на сталах, куды клаўся матэрыял, але і на далоні левай рукі, якая абапіралася локцем на калена. (Вандроўнік спрабуе так сесцi.) Аднак гэта вельмі складана! Работа, звязаная з перапісваннем кніг, высока цанілася. Вось як апісвае працу старадаўняга перапісчыка Максім Багдановіч. (Чытае верш “Перапісчык”, 1912.) Сябры мае, мне спадабалася пісаць пяром — гэта вельмі цікава! Ды, на жаль, не вельмі зручна, бо бясконца атрымліваюцца кляксы, і рукі вельмі запэцканыя… Напісаная рукой кніга — рукапіс, старонка, краіна. Спачатку лінейкі вострай палачкай праводзілі, як зямлю аралі. Па ўсіх чатырох баках чыстыя палі пакідалі, ды і зараз пакідаюць. Потым літары пісалі-піхалі, быццам сеялі чорнае насенне ў разоры. Таму і гаварылі: “Сейце разумнае, добрае, вечнае”.
Далей падарожнічаем, бліжэй да нашага часу пад’язджаем. (Дастае з чамаданчыка шосты і сёмы прадметы — ручку драўляную з пяром металічным і сшытак з прамакаткай.) З сярэдзіны XIX стагоддзя вучні пішуць драўлянымі ручкамі з пяром металічным. Зручна ім пісаць. Прыгожы почырк у вучняў, каліграфічны. І чарніліцы сталі “неразлівайкі” са шкла, фаянсу. З’явіліся сшыткі з прамакаткамі. Такімі ручкамі пісалі яшчэ вашы бабулі і дзядулі. Завіталі мы з чамаданчыкам да маёй добрай знаёмай, якая зараз ужо бабуля, а тады была яшчэ толькі першакласніцай і вучылася выводзіць свае першыя літары ў сшытку. (Дарэчы, са з’яўленнем паперы людзі заўважылі, што лісты, каб не рассыпаліся, можна сшываць. Так нарадзіўся сшытак.) У школе сярэдзіны ХХ стагоддзя былі спецыяльныя заняткі — чыстапісанне. У той час трэба было абавязкова пісаць разборліва, чыста, крэмзаць не дазвалялася. Гэта сапраўднае мастацтва — каліграфічнае пісьмо. Пашукайце, можа, у вашым дамашнім архіве ёсць старыя паперы, напісаныя рукой дзядулі або прадзядулі. Разглядвайце прыгожа напісаныя літары і здзіўляйцеся! Асабіста мне мая знаёмая падарыла свой школьны сшытак. Я рады, што магу паказаць яго вам, і ўпэўнены, што ён вас уразіць!
Вось і завяршаецца наша вандроўка па гісторыі пісьменства на Беларусі. Вярнуліся мы з вамі ў сучаснасць. Дарэчы, пакажыце, калі ласка, чым вы зараз пішаце ў школе? Ну, я так і думаў! Шарыкавая ручка яшчэ не выйшла з ужытку і пакуль дамінуе сярод прыладаў пісьма. Ужо звыш 40 гадоў мы выкарыстоўваем у жыцці шарыкавыя ручкі. З’явіліся гелевыя ручкі, а зараз мы адпраўляем электронныя лісты, і ў кожным доме ёсць камп’ютар або электронны планшэт.
Я крыху стаміўся. Трэба адпачыць. Але толькі для таго, каб падрыхтавацца да новага падарожжа! Цікава было б даведацца, у чым насілі свае школьныя прылады старадаўнія менскія шкаляры! Думаю, мы з чамаданчыкам абавязкова пазнаёмімся з яго даўнімі продкамі — торбамі, партфелямі… і, хто ў цябе яшчэ сваякі, чамаданчык? А на тым бывайце, шаноўныя сябры! Я з вамі развітваюся да наступных цікавых экскурсій па часе і прасторы!

Галіна ЯКШУК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.