Дэнім — самая дэмакратычная тканіна ў свеце. Джынсы носяць жабракі і мільянеры, дзеці і пенсіянеры. Блакітныя курткі і камізэлькі ўжо другое стагоддзе не выходзяць з моды… І выносіць іх на сметнік — сапраўднае злачынства…
— Прынамсі, для мяне так. Але, калі я пыталася ў вучняў, што яны робяць са старымі джынсамі, якія ўжо працерліся і не прыдатныя для нашэння, чула амаль адзін адказ: без засмучэння выкідаем! — расказвае настаўніца абслуговай працы кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Рукадзельніца” сярэдняй школы № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Надзея Генадзьеўна Шчэбет.
У яе даўно нарадзілася ідэя пашыць з навучэнцамі модную калекцыю адзення з абрэзкаў джынсавай тканіны. Сказана — зроблена. Надзея Генадзьеўна аб’явіла ўсеагульную школьную акцыю “Мяняем старыя джынсавыя рэчы на падарункі”. Падарункі рабіліся з кавалачкаў тых самых джынсаў, што былі выратаваны ад сметніку, каб у былога гаспадара застаўся на памяць аб любімым прадмеце гардэроба невялічкі сувенір з дэніму: зорка, сняжынка ці цацка, якой можна ўпрыгожыць каляднае дрэўца.
У асноўным у імправізаванае школьнае атэлье прыносілі джынсы, джынсавыя спадніцы, шорты. Самай складанай задачай аказалася спалучыць шматкі дэніму паміж сабой. Здавалася б, сіні — ён і ў Афрыцы сіні, але розныя адценні колеру побач часам выглядалі смешна і недарэчна, быццам рыззё.
— Мы задумалі калекцыю разам з вучаніцай 8 класа Маргарытай Лазуковай. Планавалі закончыць работу да вясны, але перад навагоднімі святамі мы даведаліся аб гарадскім конкурсе маладзёжнай моды “Валёнкі-шоу”, і вырашылі паскорыцца. Таму былі рады любой дапамозе. Справа ў тым, што мы нарэзалі тканіну на занадта малыя квадрацікі. Каб сшыць гэтыя дробныя кавалачкі паміж сабой, нам спатрэбілася шмат часу і мноства ўмелых рук. Самы эфектны прадукт сумеснай дзейнасці, што ў нас атрымаўся, — гэта джынсавая спадніца-трансформер, пашытая ў тэхніцы пэчворк.
Спачатку яна выглядае як спадніца-балон, але калі мадэль, што дэманструе выраб, пачынае кружыцца ў танцы, кароткая спадніца лёгкім рухам рукі ператвараецца ў сонца-клёш даўжынёй да падлогі. Так-так, усё амаль як у савецкай камедыі, дзе “штаны ператвараюцца… ператвараюцца штаны…” Толькі нашы героі пры дэманстрацыі вырабаў з дэніму абышліся без тэхнічных замінак.
— Настаўніца рытмікі Алена Мікалаеўна Міхалік паставіла з намі танец, каб выгадна прадставіць калекцыю. Мы вельмі шмат рэпеціравалі, каб мадэль магла адным рухам рукі выцягнуць гузік з пяцелькі і імгненна трансфармаваць фасон спадніцы… Правялі безліч рэпетыцый, давялі кожнае дзеянне да аўтаматызму, і ўрэшце ўсё прайшло як па масле.
Джынсавы асартымент школьнікі прэзентавалі разам з калекцыяй валёнак на адкрытым гарадскім тэатралізаваным фестывалі дзіцячай і маладзёжнай моды “Валёнкі-шоу” ў межах фестывалю-кірмашу “Берасцейскія сані”.
Увесь сакрэт поспеху — у любові. Немагчыма навучыць любіць і разумець тое, чаго не разумееш і не любіш сам.
— Мы ведалі, што мерапрыемства будзе на вуліцы, таму стараліся зрабіць так, каб нашы мадэлі не замерзлі: пашылі для іх мяккія джынсавыя рукавічкі і ўтульныя шапачкі. І, вядома, падрыхтавалі валёнкі. Мы ўпрыгожылі іх у стылістыцы гжэль, каб яны пасавалі да адзення з дэніму. Калекцыю валёнак стварылі ў лічаныя дні. Калі мы даведаліся пра конкурс, адміністрацыя школы аператыўна заказала з Мінска пяць пар сезоннага абутку. Мы іх хутка “апгрэйдзілі”. Выдыхнулі. А калі, здавалася б, усё было гатова, нам тэрмінова спатрэбілася шостая пара валёнак — да дэманстрацыі далучыўся яшчэ адзін удзельнік. Выйсце знайшлося нечакана. “Абакралі” нашага школьнага дворніка. Заўважылі на ім валёнкі, менавіта такія, як нам патрэбны — і па колеры, і па памеры. Ён ласкава пагадзіўся нам іх пазычыць. Мы ўпрыгожвалі “прыватныя” валёнкі вельмі далікатна, каб чалавек мог імі карыстацца пасля нашых модных эксперыментаў. Прыляпілі з дапамогай клею-пісталета на халявы толькі некалькі сняжынак. Потым акуратна іх знялі і вярнулі абутак гаспадару ў першапачатковым выглядзе.
На “Валёнках-шоу” “шматпакутная” калекцыя “Трыдыцыі і сучаснасць” атрымала дыплом І ступені. Надзея Генадзьеўна вельмі ганарыцца вынікам і верыць, што гэта не апошняя перамога.
— Увесь сакрэт поспеху — у любові. Немагчыма навучыць любіць і разумець тое, чаго не разумееш і не любіш сам. У дзяцінстве я была вельмі актыўнай і творчай дзяўчынкай і хацела праявіць сябе ў розных сферах дзейнасці: маляванні, рукадзеллі, шыцці, лепцы з гліны. Я шмат чаму навучылася і захацела падзяліцца сваімі ведамі з іншымі, таму і стала настаўнікам. Сёння я шчаслівая тым, што мая прафесія і маё хобі — адзінае цэлае. У гэтым бачу місію педагога: быць шчаслівым самому і ствараць умовы, якія дазволяць рухацца па шляху да шчасця яго вучням.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з асабістага архіва герояў.