Моцнае здароўе дзяцей пачынаецца з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы. А калі да яе дабавіць сучасны падыход да арганізацыі заняткаў фізічнай культурай, атрымаецца ідэальнае асяроддзе для гарманічнага развіцця падрастаючага пакалення.
Спартыўная інфраструктура сярэдняй школы № 45 Магілёва больш нагадвае шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс: дзве трэнажорныя залы, футбольнае поле, два басейны, гімнастычная аўдыторыя, шэсць пляцовак для баскетбола і хакейная каробка. Увесь асартымент выкарыстоўваецца ў рамках рэгулярных заняткаў і ў пазаўрочнай дзейнасці.
— Дзякуючы такой разнастайнасці лакацый, у нас штогод праходзяць гарадскі і абласны этапы Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, а таксама раённыя спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, — рассказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Вітальеўна Васількова. — Акрамя пералічанага, працуюць спартыўныя секцыі па плаванні, футболе, валейболе, настольным тэнісе і шахматах. За кошт такога актыўнага вольнага часу нашы вучні пастаянна займаюць прызавыя месцы на спаборніцтвах і спартакіядах.
І ўсё ж на першым месцы не гонка за медалямі, а фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця. Для гэтага ва ўстанове адукацыі кожны тыдзень праводзіцца гадзіна здароўя і спорту. Яна ўяўляе сабой абавязковы факультатыў, накіраваны на павышэнне ўзроўню агульнай фізічнай падрыхтоўкі.
Яшчэ адзін круты праект — калядны валейбольны турнір, які мы арганізоўваем ужо сёмы год запар. Спаборніцтвы праходзяць настолькі весела і канкурэнтна, што здабылі прыхільнікаў не толькі сярод навучэнцаў. Іх бацькі таксама збіраюць каманды і ладзяць дарослы чэмпіянат.
— Рэгулярна арганізуем спартландыі і эстафеты, каб прыўнесці забаўляльны момант, — падкрэсліла Марына Вітальеўна. — Прыцягваем спецыялістаў з розных відаў спорту. На наступным тыдні ў нас пройдзе дзень адкрытых дзвярэй, гасцямі якога стануць прадстаўнікі Беларускай федэрацыі футбола. Яны правядуць майстар-клас і адкрытую трэніроўку.
Таксама цесна супрацоўнічаем з Магілёўскай абласной цэнтральнай СДЮШАР прафсаюзаў “Днепр”. Яе трэнеры часта праводзяць дэманстрацыйныя выступленні па акадэмічным веславанні. Дзецям вельмі падабаюцца такія мерапрыемствы, бо праз іх яны бачаць новыя магчымасці. Нам застаецца іх ствараць.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.