Мелодыя свят

Навагодняя музыка — дзейсны спосаб стварыць сабе святочны настрой. Што вы любіце? Frank Sinatra — “Jingle Bells”? “Полымя” — “Снег кружыцца”? “Дыскатэка Аварыя” — “Навагодняя”? Кіраўнікі чатырох вакальных калектываў расказалі, як яны ўздымаюць настрой сваім слухачам перад святамі.

Міні-капуснік і паўрэп

Студыі эстраднага вакала “Элегія” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі 19 гадоў. Ірына Краўчук — яе нязменны кіраўнік. У калектыве займаюцца вучні ад 5 да 17 гадоў, але бываюць выпадкі, калі пачынаюць і ў 4, а працягваюць нават пасля заканчэння школы. Кожнае дзіця наведвае індывідуальныя заняткі і заняткі ў групе. Выхаванцы аб’ядноўваюцца ў дуэты, трыа, квартэты і квінтэты, якія Ірына Анатольеўна падбірае па ўзросце і галасавых характарыстыках.

“Канцэртная дзейнасць да апошняга часу была актыўнай, мы выступалі практычна кожны ты­дзень, — кажа педагог. — Нагод для гэтага знаходзіцца шмат: каляндарныя святы, спаборніцтвы, інтэлектуальныя гульні. Конкурсаў у нас не менш, чым канцэртаў. У 2019 годзе мы ездзілі ў Польшчу, вельмі далёка, на востраў Волін, гэта ўжо пад самай Германіяй. У нас была цікавая паездка: бацькі адной з маіх у­дзельніц арандавалі бус, і мы ўсе на ім ехалі. У 2018 годзе мая выхаванка адправілася з нашай групай танцораў у міжнародны дзіцячы лагер у Балгарыю. У песенным конкурсе яна атрымала дыплом. Гэта што тычыцца нашых выездаў за мяжу. Большасць жа міжнародных конкурсаў, у якіх мы бяром удзел, праходзяць у Беларусі”.

Рэпертуар у студыі разнастайны. Гэта беларускія песні, стылізаваныя беларускія, рускія і ўкраінскія народныя песні, сусветныя хіты і каверы. Дыяпазон замежных моў таксама шырокі: дзеці спяваюць на французскай, італьянскай і англійскай.

“Для выхаванцаў сапраўднае шчасце выконваць навагоднія песні. Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, мы ўсё роўна рыхтуемся да навагодняга спектакля, — расказвае Ірына Краўчук. — У ім задзейнічаны пераважна дарослыя палаца, а мае дзеці выканаюць навагоднюю песню. Сёлета мы падрыхтавалі твор сучаснага расійскага кампазітара Аляксея Альшанскага “Добры Новы год”. Каб надаць песні большай сучаснасці, мы паскорылі тэмп мелодыі. Рэчытатыўная частка стала паўрэпавай, думаю, гэта будзе цікава дзецям”. Таксама выхаванцы студыі спяваюць пра зіму, пра святочную казку, пра навагодніх персанажаў: Снягурку і Дзеда Мароза. Ірына Анатольеўна больш за 15 гадоў выступала ў ролі Снягуркі, у­дзельнічала ў конкурсе “Ёлка-фэст”, таму для яе гэта тэма блізкая.

Ёсць у калектыва і свая святочная традыцыя. Бліжэй да Новага года ўсе разам збіраемся ў кабінеце, бацькі прыносяць выпечку і пачынаецца міні-канцэрт. “Мне хочацца ўбачыць уласную творчасц­ь дзяцей, тое, што яны самі дома падрыхтавалі. Мы робім гэта ў выглядзе міні-капусніка, унутранага конкурсу”. Калі дазваляе надвор’е, педагог з выхаванцамі гуляе ў снежкі, лепіць снегавіка. Але такога задавальнення яны не атрымлівалі ўжо даўно, бо вялікі снег на зімніх канікулах стаў рэдкасцю.

Песні ў кафэ і конкурс на лепшую ёлачную цацку

Дзіцячы ўзорны вакальны ансамбль “Песенька” Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска таксама ўжо дарослы — яму больш за 20 гадоў. Сёння ў ім займаюцца 40 выхаванцаў школьнага ўзросту. “Гэта вельмі незвычайныя дзеці, — кажа педагог Алена Кавалёва. — Яны таленавітыя, цікавыя, кемлівыя, творчыя, яны заўсёды хочуць выступаць, тварыць. Мне як кіраўніку яны даюц­ь шмат станоўчых эмоцый і энергіі, таму нават у гэты няпросты час хочацца ствараць штосьці новае і радавацца нашай агульнай справе”.

Для любога калектыву вельмі важна, каб дзеці гастралявалі, выступалі. Ансамбль стараецца хаця б два разы на год куды-небудзь выехаць, паглядзець свет, чамусьці навучыцца. Алена Сяргееўна адзначыла некалькі запамінальных для яе калектыву конкурсаў. Па-першае, гэта “Сонца. Лета. Прыгажосць”, што праводзіцца ў Балгарыі. Туды прыязджае шмат дзіцячых калектываў з розных краін, таму гэта выдатная магчымасць паглядзець на танцавальную культуру іншых народаў. Па-другое, гэта конкурс “Юныя таленты Беларусі”, які праходзіць на базе НДЦ “Зубраня”. Ён ладзіцца акурат перад Новым годам, там збіраюцца лепшыя дзіцячыя вакальныя калектывы краіны. З плюсоў не толькі новы вопыт і магчымасць атрымац­ь дыплом, але і неверагодная нарачанская прырода. Па-трэцяе, гэта радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Да яго Алена Кавалёва раіць сур’ёзна рыхтавацца загадзя, уважліва чытаць палажэнне і падбіраць адпаведны рэпертуар. Гэты конкурс паказальны для калектыву любога ўзроўню. Проста паўдзельнічаць у ім і прайсці адборачныя туры — гэта ўжо перамога. Па-чацвёртае, запомніўся конкурс “Арт-парад” у Віцебску, які праходзіць у перыяд зімовых канікул. Віцебск са сваімі традыцыямі і высокім узроўнем падрыхтоўкі фестываляў вельмі спрыяе развіццю дзіцячай творчасці.

“Мы выконваем песні беларускіх і расійскіх кампазітараў, сучасныя апрацоўкі беларускіх народных песень, англійскія песні. Нашы дзеці адрозніваюцца ад нас, яны выхоўваюцца на іншай музыцы, таму мы ў сваім калектыве знаёмім слухачоў з розным рэпертуарам. І, вядома, не адыходзім ад традыцый”, — кажа Алена Кавалёва.

Зараз ансамбль рыхтуецца да навагодніх праграм і спектакляў у палацы. На жаль, сёлета прыйшлося адмовіцца ад некаторых унутраных традыцый. Асноўнай была праграма “У Новы год з “Песенькай”, якая ішла напярэдадні ці адразу пасля свята. “Мы збіраліся ў кафэ з баць­камі і дзецьмі, кожны канцэртны склад рыхтаваў новую навагоднюю песню, бацькі шылі касцюмы і нават самі рыхтаваліся да выступлення. Былі такія нумары, у якіх бацькі спявалі, а дзеці сядзелі ў журы. Яшчэ ў нас была традыцыя ўпрыгожваць навагоднюю ёлку. Кожнае дзіця рабіла для яе сваю цацку. Мы вешалі на ёлку і пажаданні, і нашы фатаграфіі, і сэр­цайкі, ромбікі, зорачкі з розных матэрыялаў. Потым дружна хадзілі вакол святочнай ёлкі, з цікавасцю яе разглядалі і за самую незвычайную цацку прысуджалі прыз”.

Чаяванне і падвядзенне вынікаў

Узорная вакальная студыя “ДаМіСолька” Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі існуе 17 гадоў. Зараз у ёй займаецца 5 груп: падрыхтоўчая, дзве малодшыя, сярэдняя і старшая. Гэта вучні ад 6 да 15 гадоў. Пад кіраўніцтвам Юліі Зінкевіч выхаванцы развучваюць песні пра сяброўства, мір, радзіму, любоў, а потым выконваюць іх на гарадскіх і раённых канцэртах.

“Нашы звычайныя заняткі выглядаюць так: дзеці збіраюцца, вітаюць адно аднаго, далей пачынаем распявацца, — кажа Юлія Аляксандраўна. — Калі гэта старшая група, то ўспамінаем нашы галасы, свае партыі. Потым пачынаем рэпетыцыю: спачатку паасобку, а потым усе разам, з мікрафонам, з музыкай, з рухамі. І так паступова даводзім наш рэпертуар да дасканаласці. Гэта доўгая праца, мы можам паўгода рыхтаваць адну песню. Я атрымліваю задавальненне на занятках ад моманту, калі дзеці заходзяць і мне ўсміхаюцца, да іх заканчэння, калі бачу вынік агульных намаганняў”.

Сёлета калектыву, як і многім іншым, прыйшлося падпарадкавацца новым патрабаванням і вочныя конкурсы замяніць на дыстанцыйныя. Аднак нядаўні конкурс “Творчасць без меж” усё ж прайшоў афлайн. “Пасля выступлення і да абвяшчэння вынікаў мы вельмі перажывалі. Калі сказалі, што ў нас дыплом лаўрэатаў 1-й ступені, то мы ўсе разам плакалі ад шчасця. Кожная перамога як першая, мы радуемся ёй з такой жа сілай”.

Зімой выхаванцы студыі звычайна вучаць адну фінальную песню пра Новы год і адну-дзве песні на агульную тэматыку, напрыклад, пра зіму, сняжынкі і г.д. Летась у­дзельнікі старшай групы паехалі на навагоднюю змену ў НДЦ “Зубраня”, дзе іх запрасілі паўдзельнічац­ь у святочным мюзікле і выканаць некалькі песень — пра чараўніцтва, зіму, з­дзяйсненне жаданняў і г.д. Юліі Аляксандраўне загадзя даслалі тэксты, педагог прапрацавала іх з дзецьмі, і яны некалькі разоў выступілі з новым рэпертуарам перад усімі, хто адпачываў у лагеры.

“Калі праходзіць наш фінальны навагодні канцэрт, мы збіраемся ўсёй групай, купляем прысмакі, арганізоўваем чаяванне і глядзім канцэрт. Аналізуем, радуемся, робім заўвагі і вызначаем, над чым прыйдзецца працаваць у новым годзе”.

Распланаваныя святы і навагодняя казка

У заслужаным аматарскім калектыве ўзорнай эстраднай студыі “РОСЫ” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Бабруйска ў асноўным займаюцца навучэнцы школ. Ёсць маленькія групы па 2—3 чалавекі з ліку студэнтаў вучылішчаў і кале­джаў. Выхаванцы часта ездзяць на дзяржаўныя і прыватныя конкурсы, спяваюць на розных гарадскіх пляцоўках. “У нас ужо запланавана 19 снежня выступленне на шэсці Дзядоў Марозаў, 25 снежня — на Калядным свяце, у Навагоднюю ноч, 7 студзеня мы таксама працуем, — кажа кіраўнік Святлана Аўрамчык. — Рэпертуар залежыц­ь ад аўдыторыі. Калі гэта навагодняя ноч, выступае дарослы склад і спявае песні, якія могуць завесці публіку. Напрыклад, “Гутарка са шчасцем”, “Столь ледзяны”, “Белая зіма” Сафіі Ратару, песні Веркі Сярдзючкі, групы “Дыскатэка Аварыя”. Публіка можа падпявац­ь і танцаваць пад іх. Калі нас запрашаюць на навагоднюю казку для дзяцей, рэпертуар падбіраем адпаведны. Можна праспяваць “Белы снег” Алега Газманава, “Гэты Новы год” Ксеніі Сітнік, “Снег” Наталлі Фіронавай. Я стараюся падбіраць вясёлыя песні, каб слухачы не думалі пра свае праблемы, клопаты, а проста расслабіліся, весяліліся і спявалі разам з намі. Гэта своеасаблівы абмен: дзеці спяваюць, дораць свой запал і адчуваюць аддачу. Цяжка перадаць, з якім захапленнем яны спускаюцца са сцэны і кажуць: “Як было крута, як нас сустракала публіка!”

Штогод старэйшы склад студыі паказвае малодшым дзецям навагоднюю казку. Гэта тэатралізаваны паказ — сюжэт яны прыдумляюць самі, самі рэпеціруюць і самі паказваюць. Кожны год казкі розныя, таму малодшыя вельмі чакаюць гэтага моманту. Ужо пытаюцца ў Святланы Рыгораўны: “А сёлета будзе казка?” А яна адказвае: “Вядома, мы традыцыі не мяняем”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.