Да чаго даводзіць дзяцей іх цікаўнасць? Чым заканчваюцца іх навуковыя эксперыменты? І што будзе, калі педагог не адгаворыць дзяцей ад іх смелых, на першы погляд нерэальных, ідэй? У гімназіі № 3 Баранавіч ужо ведаюць адказ — збор ураджаю эксклюзіўнай расліны памітофеля. Гэты гібрыд тамата і бульбы тут вырошчваюць старшакласнікі. І не проста вырошчваюць, але і робяць замах на найлепшую ўраджайнасць, міксуючы розныя гатункі вяршкоў і карэньчыкаў.
Планы на правядзенне батанічных эксперыментаў доўгі час не давалі спакою дзесяцікласніку Даніілу Махначу і дзевяцікласніцы Яўгеніі Шуставай. Менавіта яны ў першыя вясновыя дні гэтага года арганізавалі пасляўрочны клуб аматараў экзотыкі ў батаніцы, запрасіўшы ў навуковыя дарадчыкі сваіх настаўніц біялогіі Ірыну Віктараўну Кручкову і Святлану Іванаўну Жмайлік. І пачаліся эксперыменты.
У сакавіку ў кабінеце яны пасеялі насенне таматаў у скрыні, пазней тут жа пасадзілі бульбу.
“Мы з дзецьмі пачалі з тэорыі і перайшлі да практыкі, — гаворыць Святлана Іванаўна Жмайлік. — Вывучалі, што і як можна прышчапляць, якія культуры маюць шанс жыць у прышчэпцы, якія — не, асвойвалі розныя метады прышчэплівання. І высветлілі, што найлепш для травяністых культур падыходзіць метад “у расшчэп”.
Данііл жыве ў прыватным сектары, дзе ёсць свой участак, таму новая культура ў яго расла і ў адкрытым грунце, і ў цяпліцы. Яўгенія адказвала за рост і развіццё памітофеля ў гімназічнай лабараторыі. Эксперыментальным шляхам юныя навукоўцы высветлілі, што гэтай расліне не трэба ніякіх асаблівых умоў і найлепш яна сябе адчувае якраз у адкрытым грунце. У многім з-за таго, што бульба любіць расці ў прахалодзе, і каб таматам хапіла цяпла, дастаткова падбіраць раннія гатункі. Так ураджай і зверху, і знізу паспее адначасова.
“Лепш браць менавіта нізкарослыя холадаўстойлівыя таматы, — раіць Данііл. — Так, з гатункаў “снегіры”, “санька”, “дачнік” і “ляна” менавіта апошні стаў рэкардсменам па ўраджайнасці. А што да бульбы, то з гатункаў “скарб”, “скарлет”, “аксаміт” і “уладар” якраз “скарб” уразіў нас колькасцю і памерамі клубняў, цалкам апраўдаўшы сваю назву”.
Штуршком для эксперыментаў па вырошчванні прышчэпленых адна на адну агародных культур для многіх юннатаў краіны стала адпаведная намінацыя ў адным з конкурсаў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства — “Незвычайныя расліны”.
Гэтая навуковая работа стала прызёрам у раёне і цяпер прымае ўдзел у абласным конкурсе эколага-біялагічных работ. Яўгенія і Данііл прызнаюцца, што хоць прадстаўленая работа стала навуковым дэбютам для абаіх, працяг у іх навуковых эксперыментаў абавязкова будзе. І Данііл, і Яўгенія збіраюцца працягнуць сваю даследчую дзейнасць у гімназічным навуковым таварыстве навучэнцаў. А ў будучыні з навуковымі даследаваннямі хочуць звязаць і сваю прафесійную дзейнасць: Данііл — у медыцыне, Яўгенія — у мікрабіялогіі.
Святлана НІКІФАРАВА.