У пошуках зялёных ідэй

Для кагосьці ўніверсітэт становіцца домам на некалькі гадоў, для некага — гэта месца, з якім звязана вялікая частка жыцця. Але і адным, і другім неабыякава, які гэта дом, наколькі ён прыгожы, камфортны і сучасны. Створаная 2 гады назад у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка маладзёжная валанцёрская арганізацыя Green Office BSPU мэтанакіравана працуе над наданнем вядучай педагагічнай УВА краіны іміджу зялёнага ўніверсітэта. І сутнасць гэтай работы не толькі ў стварэнні экалагічнага, эканамічнага і эрганамічнага будынка: сцен, карыдораў, аўдыторый і інфраструктуры — яна значна шырэйшая. Гэта фарміраванне зялёнага мыслення ў супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта і ў школьнікаў, з якімі ў найбліжэйшай будучыні ўжо на рабочых месцах — у сваіх установах адукацыі — працягнуць рэалізацыю зялёных ідэй нашы выпускнікі.

Вучымся ў прыроды

Рэцэптаў ператварэння ўстановы вышэйшай адукацыі ў зялёны ўніверсітэт не існуе. Ёсць толькі вопыт тых, хто рухаецца ў тым жа кірунку. Таму Green Office BSPU на працягу 2 гадоў цесна супрацоўнічае з Green Office Хільдэсхайма (ФРГ). За гэты час у кожнага боку напрацаваны свае арыгінальныя і нестандартныя метады прасоўвання ідэі зялёнага ўніверсітэта, якімі яны з задавальненнем дзеляцца адзін з адным.

Чарговая сустрэча аднадумцаў адбылася ў Германіі ў канцы вясны — пачатку лета ­(з 27 мая па 8 чэрвеня). У рамках нямецка-беларускага праекта “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця праз СМІ”, арганізаванага нашым даўнім паплечнікам па зялёным ладзе жыцця маладзёжнай арганізацыяй JANUN Hannover e.V. сумесна з БДПУ і Універсітэтам Хільдэсхайма, Green Office BSPU (Наталля Салагуб, навуковы кіраўнік Green Office BSPU, і Дар’я Данільчык, валанцёр, студэнтка 4 курса прыродазнаўства) прыняў удзел у міжнародным маладзёжным семінары “Метады экалагічнай адукацыі” падчас рабочай сустрэчы зялёных офісаў ва Універсітэце Хільдэсхайма.

У наш дынамічны час насычаная інфармацыяй прастора — поле неабмежаваных магчымасцей для правядзення зялёнай асветы. Гэта цудоўна разумеюць у тым ліку і прадстаўнікі маладзёжных экалагічных арганізацый Германіі, Беларусі і Кыргызстана. Шматлікія актуальныя пытанні тэорыі і практыкі (як можна і як трэба выкарыстоўваць СМІ ў прасоўванні ідэй і прынцыпаў ­устойлівага развіцця, якія метады і тэхналогіі экалагічнай адукацыі найбольш эфектыўныя і практыка-арыентаваныя, як супрацоўні­чаць са СМІ) абмяркоўваліся ў час маладзёжнага семінара.

Цікава было азнаёміцца з вопытам Green Office Hildesheim па рабоце са СМІ: яна акцэнтавана на сацыяльных сетках, таму што менавіта там сканцэнтравана большая частка моладзі — асноўная мэтавая група Green Office. Пазнавальны стыль афармлення, цікавыя тэматычныя рубрыкі, інфармаванне арганізацый-партнёраў, рэгулярная публікацыя навін — усё гэта для прыцягнення новых зацікаўленых людзей да пытанняў зялёнага ўніверсітэта.

Экалагічная адукацыя — адзін з прыяры­тэтных кірункаў, якім займаецца Green Office BSPU. Усеагульная, нягледзячы на ўзрост, сацыяльны статус і ўзровень адукацыі, экалагічная дасведчанасць — гэта залог устой­лівай будучыні. Фарміраваць разуменне, што прырода — унікальная каштоўнасць, ­неабходна з ранняга ўзросту, ахопліваючы ўсе пласты насельніцтва. Ёсць розныя прыёмы і метады па фарміраванні каштоўнасных адносін да прыроды, але арганізатары семінара “Метады экалагічнай адукацыі” выбралі нестандартны. Былі змадэляваны ўмовы, якія прымусілі ўдзельнікаў адчуць на сабе фізічную ізаляцыю і інфармацыйны вакуум, каб ацаніць месца і ролю соцыуму і сродкаў інфармацыі ў жыцці сучаснага чалавека.

Семінар праходзіў на працягу 5 дзён. Па-першае, цалкам адсутнічала мабільная і інтэрнэт-сувязь. Уявілі? Па-другое, фізічная сувязь з мацерыком таксама адсутнічала, паколькі падзеі разгортваліся на востраве. Нойверк — самы маленькі востраў Германіі, част­ка Нацыянальнага парку “Гамбургскія ваты” (ваты — перарывістая чарада ўзбярэжных водмелей у Паўночным моры). Гэты кавалачак сушы двойчы на дзень мяняе свой статус: то ён востраў, аддзелены ад мацерыка 12-кіламетровай паласой дробнага ватавага мора, то частка кантынентальнай Еўропы. На востраве — усяго 40 жыхароў, забаронена карыстацца аўтатранспартам. Ды і не дабрацца сюды на машыне… Уявілі? Крыху страшна, таму што, па-трэцяе, адразу ж ударае ў вушы глыбокая-глыбокая густая цішыня. Але паступова пачынаеш чуць: вецер і мора, траву, якая шамаціць, і птушак, нават шум іх крылаў. І бачыць прыгажосць прыроды. Тое, што рэдка даецца сучасным людзям, асабліва тым, хто жыве ў гарадах, ніякіх перашкод для зносін з прыродай. Адна асалода.

Нестандартнымі былі не толькі ўмовы. Удзельнікі семінара вывучалі і нестандартныя спосабы зносін з прыродай, асвойвалі інструкцыі па развіцці яе ўспрымання. Асноўная ідэя такога трэнінгу — навучыць назіраць за наваколлем, знаходзіць заканамернасці, ­выкарыстоўваючы простыя прыёмы і прыборы, ба­чыць і выяўляць логіку ў з’явах і працэсах прыроды, каб успрымаць яе як сістэму, у якой кожны элемент падпарадкоўваецца агульным законам і залежны ад іншых. Падчас семінара вялікі ўпор рабіўся на адпрацоўку міждысцыплінарнага падыходу ў вывучэнні прыроды, калі ўдзельнікі ўжывую назіралі сувязь біялогіі з мастацтвам, гісторыяй, геаграфіяй і фізікай.

Слова “валанцёры” для Green Office BSPU прывычнае: практычна ўсё робіцца на грамадскіх пачатках тымі, каму гэта цікава. Аднак у Нацыя­нальным парку “Гамбургскія ваты” яно мае некалькі іншую трактоўку. Так, у нацыянальных парках ЗША і Еўропы валанцёрынг на тэрыторыях, якія асабліва ахоўваюцца, шырока распаўсюджаны і мае даўнюю гісторыю. Пры гэтым формы валанцёрства вельмі разнастайныя. Работа валанцёра з музея Нацыянальнага парку “Гамбургскія ваты”, якая правяла для ўдзельнікаў семінара дзівосна-захапляльную экскурсію па марской экасістэме ватавага мора, выклікала глыбокае ўражанне. Зразумела і вобразна экскурсавод расказвала, як “цесна крабу ў старым панцыры, які ён вымушаны скінуць”, як “можна назіраць тысячы домікаў ватавых чарвякоў і зараз іх відаць толькі таму, што мора сышло і ўсе жыхары марскога дна сталі для чалавека як на далоні, праўда, і для чаек таксама”, як “мора сыходзіць і прыходзіць не па сваёй волі, а падпарадкоўваецца Месяцу і Сонцу”. Задачай валанцёраў з’яўляецца не толькі правядзенне ўласных аўтарскіх экскурсій для наведвальнікаў, але і пасільная дапамога супрацоўнікам парку.

Валанцёрынг на тэрыторыях, якія асабліва ахоўваюцца, — добрая перспектыва для работы. І мы абавязкова ўключым яго ў метадычны арсенал Green Office BSPU.

На сустрэчы ва Універсітэце Хільдэс­хайма кожны Green Office падзяліўся сваімі фірменнымі праектамі, ідэямі і стратэгіямі па прасоўванні канцэпцыі зялёнага ўніверсітэта. Так, адзін з праектаў Green Office Hildesheim заклікае больш хадзіць па прыступках пры падыманні на паверхі і менш выкарыстоўваць ліфт. Супрацоўнікі офіса стварылі прывабныя плакаты, якія матывуюць да гэтага: “Выкарыстоўваючы энергію, якую гэты ліфт расходуе штодзень, ты зможаш працаваць на ноўтбуку на працягу 31 дня”, “З энергіяй, якую расходуе гэты ліфт штодзень, вы можаце прыгатаваць 535 кубкаў кавы”, “Сярэдняй колькасці энергіі, якая расходуецца штодзень гэтым ліфтам, хапіла б, каб галіць кожнага работніка Універсітэта Хільдэсхайма на працягу 3 месяцаў” і інш.

Ад персанальнага агарода — да пляцовак для кожнага

Green Office BSPU падзяліўся напрацоўкамі па стварэнні на базе аграбіястанцыі БДПУ (Зялёнае, Мінскі раён) прасторы знаёмства з педагогікай навакольнага асяроддзя. Менавіта таму вельмі дарэчы аказалася наведванне школьнага біялагічнага адукацыйнага цэнтра ў Гановеры і Дома прыроды ў Бад-Гарцбургу.

Школьны біялагічны адукацыйны цэнтр у Гановеры — муніцыпальная структура, якая бясплатна аказвае шматлікія адукацыйныя паслугі і з’яўляецца пляцоўкай для пры­родазнаўчанавуковай адукацыі школьнікаў усіх узроставых груп. Якіх толькі пляцовак тут няма! Парк, сад, пчальнік, агарод, кухня, пункт пракату муляжоў, пудзіл і жывых раслін, лабараторыя пад адкрытым небам плошчай больш за 5 га, куды прыходзяць школьнікі і настаўнікі для вывучэння прыроды…

У біялагічным цэнтры Гановера асаблівая ўвага ўдзяляецца вывучэнню прыроды на аснове выяўлення міжпрадметных сувязей і развіццю сенсорыкі ў сучасных школьнікаў. У кожнага навучэнца ёсць свой міні-агарод і магчымасць вырасціць там агародніну, на рэальных прыкладах упэўніцца, як, у залежнасці ад месяца пасадкі і тыпу глебы, развіваюцца расліны. А побач знаходзіцца кухня з плітой і мангалам, дзе дзеці могуць прыгатаваць вырашчаную агародніну, і вялікі агульны стол, за якім можна пачаставаць адзін аднаго вынікам сваёй працы. Створаны спецыяльныя тэматычныя адукацыйныя пляцоўкі. Так, у аптэкарскім агародзе вырошчваюцца расліны для прыгатавання гарбаты для прафілактыкі розных захворванняў. На “генетычнай” сцяжыне можна прайсціся па малекуле ДНК (літаральна — яна выкладзена з брусчаткі) і пераканацца ў рабоце законаў Г.Мендэля — на прыкладзе розных раслін, якія растуць побач з ма­дэллю малекулы. На клумбе-“піцы” высаджаны расліны, неабходныя для прыгатавання гэтай стравы. У са­дзе камянёў навучэнцы вывучаюць горныя пароды і мінералы, іх будову, паходжанне, значэнне ў жыцці чалавека і на мадэлі карты вызначаюць месца, адкуль яны прывезены. І слухаюць, як камяні гу­чаць. Створаны тут і штучныя экасістэмы: балота, пустыня.

Асаблівую славутасць прапануе найбуйнейшы ў Германіі фармікарый — штучны мурашнік, размешчаны ў Доме прыроды ў Бад-Гарцбургу. Тут, у памяшканні і на адкрытым паветры, можна назіраць за жывымі ляснымі мурашкамі з блізкай адлегласці. І дарослым, і дзецям супрацоўнікі музея прапануюць правесці цікавыя эксперыменты, напрыклад, вызначыць, колькі кілаграм можа вытры­маць адна запалка. Задумаліся?! 4,5 кг. Пагля­дзець, якія падзеі памятала дрэва: на спіле кожнае гадавое кольца захоўвае ўспамін пра нейкую падзею, напрыклад, адкрыццё ­Эйфелевай вежы ці першай чыгункі ў Германіі. Кожнае дрэва пражывае разам з чалавекам усе важныя падзеі. І гэта толькі малая частка таго, чым можа здзівіць гэты адукацыйны цэнтр.

Адукацыйныя цэнтры ствараюцца не толькі для дзяцей, іх бацькоў — яны могуць паслужыць крыніцай выдатных ідэй і для педагогаў.

Супрацоўнікі Green Office BSPU вярнуліся з вялікім багажом ідэй і планаў і цвёрдымі намерамі ажыццявіць гэтыя планы ў сваім доме — БДПУ імя Максіма Танка. Тым больш што сцяжынка да зялёнага ўніверсітэта імі ўжо пратаптана. Значную ролю ў гэтым адыграў вопыт калег: менавіта пасля наведвання гановерскага школьнага біялагічнага адукацыйнага цэнтра 2 гады назад узніклі першыя ідэі па стварэнні ў БДПУ Цэнтра педагогікі навакольнага асяроддзя на базе АБС “Зялёнае”, а пасля зна­ёмства з Green Office Hildesheim — ідэя стварэння Green Office BSPU.

І адно, і другое пачынанне ўпэўнена развіваецца. У мінулым годзе Green Office BSPU прызнаны на еўрапейскім узроўні: ён унесены на карту зялёных офісаў і ініцыятыў Еўропы і свету (першым на постсавецкай прасторы). А АБС “Зялёнае” ў гэтым годзе ўпершыню стала пляцоўкай фестывалю зялёных ініцыятыў Green Fest, на якім сабраліся прадстаўнікі экалагічных аб’яднанняў і клубаў навучальных устаноў Мінска, экалагічных арганізацый, камерцыйных і некамерцыйных праектаў экалагічнага кірунку.

На аграбіястанцыі ў Зялёным ужо працуюць створаныя па ўзоры гановерскага цэнтра аб’екты — сенсітыўная дарожка і пляцоўка біяраскладання. Распрацаваны і апрабаваны адукацыйныя праграмы для школьнікаў і настаўнікаў, на экскурсіі і адукацыйныя квесты для вывучэння прыроды нестандартнымі метадамі прыяз­джаюць групы школьнікаў.

Запрашаем і вас у зялёную школу ў Зялёным, якая адкрыта на факультэце прыродазнаўства ў рамках праграмы БДПУ “Летнія школы”. Самі ўсё ўбачыце і разам з намі навучыцеся адчуваць і разумець прыроду. А мы будзем працягваць работу па стварэнні новых адукацыйных аб’ектаў па яе вывучэнні, выкарыстоўваючы свой і набыты ў калег вопыт. І будзем рады вашай дапамозе і прапановам.

Наталля НАВУМЕНКА,
дэкан факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка,
куратар Green Office BSPU;
Наталля САЛАГУБ,
намеснік начальніка Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка, навуковы кіраўнік Green Office BSPU.