Японскі дэтэктыў

Гэта гісторыя с павольным, амаль дэтэктыўным сюжэтам пра тое, як навучэнцы адной школы ў Магілёўскай вобласці шукалі сябе… і адну японскую мастачку…

 А пачну я свой аповед з відавочнай ісціны: кожны навучэнец у школе — гэта асоба, якая жадае рэалізаваць свае таленты і здольнасці. Адны на­дзелены музычным слыхам, у другіх — цяга да мастацкай фатаграфіі, трэція любяць спалучаць неспалучальнае з дапамогай спіц і матка нітак. На пазаўрочных занятках па працоўным навучанні мы з вучнямі знайшлі для сябе адзін зай­мальны спосаб самавыяўлення і прыемнага баўлення часу — тэхніку кiнусайга, якую прыдумала японка Сэцу Маэна. Кінусайга — гэта разнавіднасць аматарскага мастацтва, стварэнне мастацкіх вырабаў з рознакаляровых кавалачкаў тканіны накшталт мазаікі.

Спачатку на паперу наносіцца малюнак, які акуратна расфарбоўваецца: кожны фрагмент сваім колерам. Гэтыя фрагменты нумаруюцца, а ўсе лініі перакладваюцца на драўляную дошку, дзе такім жа чынам робіцца адпаведная нумарацыя. Па контурах эскіза праразаюцца баразёнкі глыбінёй усяго 2 мм. Затым бярэцца адрэз тканіны, з якой наразаюцца невялікія, падыходзячыя па колеры шматкі крыху большага, чым фрагменты, памеру. Пачынаем складаць з іх мазаіку. Краі шматкоў запраўляем спецыяльным інструментам у канаўкі, пры гэтым частка тканіны нацягваецца, а дзе-нідзе ідзе “маршчынкамі”. У кожнага майстра з цягам часу выпрацоўваюцца свае метады і сакрэты работы з тканінай. Спачатку для кінусайга карысталіся выключна шоўкам — бралі старыя непатрэбныя кімано. А цяпер усё часцей трапляюцца карціны з іншых відаў тканіны — ільну, віскозы… І гэтае спалучэнне розных фактур надае гатовым творам пэўную іскрынку.

Па сваіх навучэнцах бачу, што кожная карціна прыносіць ім радасць і задавальненне: падчас работы розум супакойваецца, цела расслабляецца, адбываецца сунастройка з самім сабой. Зацікавіўшыся тэхнікай кінусайга, мы з вучнямі пералапацілі ўвесь інтэрнэт і са здзіўленнем даведаліся, што вынаходніца тэхнікі да гэтага часу жывая. Яна нарадзілася ў горадзе Нагоя ў 1961 годзе і жыве там і сёння.

Мы загарэліся адшукаць яе і ўзяць інтэрв’ю, каб даведацца пра розныя “хітрыкі” і сакрэты майстэрства з першых вуснаў. Знайшлі мастачку праз сацыяльную сетку Facebook, доўга распытвалі пра сакрэты работы і гісторыю стварэння тэхнікі і неўзабаве дамовіліся на віртуальную сустрэчу ў Zoom.

Самым складаным аказалася адшукаць перакладчыка з японскай, які б дапамог нам падчас віртуальнай размовы. Доўгімі шляхамі, праз знаёмых знаёмых, знайшлі ў Магілёве дзяўчыну, што даволі добра валодае мовай самураяў. Вялікі ёй дзякуй, бо толькі дзякуючы ёй наша анлайн-сустрэча з Сэцу Маэна прайшла на ўра. Мае вучаніцы былі вельмі ўражаны, што размаўляюць асабіста са стваральніцай кінусайга, а сама яна з радасцю адказвала на нашы пытанні і не хавала прыемнага здзіў­лення, бо ўпершыню мела зносіны з дзяўчатамі з Беларусі. Сэцу па відэасувязі прадэманстравала нам свае ўменні, а пасля на адрас нашай школы прыйшоў падарунак ад яе — набор інструментаў, дошчачкі і кніга аб названай тэхніцы. Цяпер мы ствараем новыя карціны з дапамогай інструментаў, што прыдзірліва выбірала для нас сама Сэцу Маэна з далёкай Японіі.

Вольга КАНСТАНЦІНАВА,
настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 1 Чавус.