З калядным настроем, з зімовым запалам

Вось і падыходзіць да завяршэння год. Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з нецярпеннем чакаюць зімовых канікул, іскрыстага снегу, зімовых забаў і, канечне, навагодніх свят і Каляд. Не бывае зімы і без творчасці. Спрадвеку ў Беларусі нашы продкі збіраліся зімовымі вечарамі, каб ткаць, вышываць, плесці, майстраваць. У наш час гэтыя традыцыі працягваюць удзельнікі традыцыйнай XXIV Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.

Гэта, бадай, самы любімы праект у юных майстроў, бо дае ім магчымасць прадэманстраваць краіне свае творчыя таленты. З учарашняга дня кожны жадаючы можа завітаць у Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, каб ад­чуць дух фантазіі, навагодняй казкі і святочны настрой. Для кагосьці гэта магчымасць павучыцца ў юных, але ўжо вопытных майстроў, для некага — “шпаргалка” перад доўгімі зімовымі вечарамі: ідэй для творчасці тут цэлы мех!

Выстава ўвабрала ў сябе больш за 500 творчых работ навучэнцаў з усёй краіны, аб’яднаных па тэмах “Зімовыя святы”, “Зімовыя забавы” і “Зімовыя казкі”. Выцінанка, саломапластыка, мастацкі роспіс, лозапляценне, кераміка, бяроста, вышыўка, ткацтва, габелен — дзіцячым талентам і ўменню працаваць у самых розных тэхніках не было межаў.

На выставе гасцей сустракаюць аўтарскія лялькі і мяккія цацкі, радуюць вока сюжэтныя кампазіцыі, арт-аб’екты на калядную тэматыку і па матывах навагодніх казак, бліскучыя ёлачныя цацкі, падабраныя да Года Быка карнавальныя касцюмы, а таксама сувеніры і навагоднія падарункі з розных матэрыялаў.

Дарэчы, пераможцы выставы-конкурсу па кожнай з намінацый хутка будуць вызначаны і прадстаўлены на сайце НЦМТДіМ. На саму ж выставу можна завітаць да канца студзеня. Акрамя таго, педагогі цэнтра прапануюць гасцям не толькі натхніцца на творчасць, але і здзейсніць незабыўную экскурсію-падарожжа “Зімовыя гісторыі”.

Гіды пазнаёмяць вас з традыцыямі святкавання Новага года і Каляд, раска­жуць незвычайныя калядныя гісторыі, пазнаёмяць з зімовымі відамі спорту, пакажуць мультфільмы пра зімовыя святы, а таксама правядуць гульні і забаўляльныя квізы.

Пра іншыя прапановы і ідэі, як зімовыя клопаты ператварыць у цікавыя справы, як майстэрням і студыям надаць навагодняе хараство, як калядныя пастаноўкі зрабіць незабыўнымі, як умацаваць здароўе дзяцей і чым напоўніць заняткі, чытайце ў нашым дадатку.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.