Ромбік — слова, крыжык — сказ

Калі б не асветніцкая дзейнасць братоў Кірылы і Мяфодзія, то матэрыялы ў “Настаўніцкую газету”, SMS-кі і лісты сябрам і каханым мы пісалі б, хутчэй за ўсё, на лацініцы. А калі б не было і лацініцы? Як бы мы перадавалі свае думкі, пачуцці, дзяліліся карыснай інфармацыяй? Усё проста: з дапамогай ткацкага станка, ніткі, іголкі — адным словам, тканых і вышываных арнаментаў.

Геаметрыя плюс мовазнаўства

Думаеце, геаметрычныя фігуры, якімі ўпрыгожаны традыцыйныя беларускія ручнікі, элементы адзення, гэта проста прыгожыя ромбікі, квадрацікі, многавугольнічкі, крыжыкі? Ды не, гэта своеасаблівая азбука, элементы якой, нібыта літары, могуць утвараць незвычайныя словы, выразы, сказы і такім чынам перадаваць нашы пачуцці, думкі, расказваць іншым людзям пра наша жыццё. Прычым адзін узор-сімвал можа замяніць цэлы літаратурны твор. Возьмем, напрыклад, тэму кахання. Майстар слова можа прысвяціць ёй цэлы раман, а вось майстар-ткач — толькі два-тры сімвалы, якія па сваёй мастацкай значнасці нярэдка пераўзыходзяць сотні старонак з апісаннем чалавечых пачуццяў. Найбольш распаўсюджаныя сімвалы кахання — птушачкі. Калі яны глядзяць адна на адну, то незвычайны твор ткацкага мастацтва расказвае пра ўзаемнае каханне. Калі ж паміж птушачкамі вышыта яшчэ і прыгожая кветачка, то гэта сведчыць пра каханне з працягам — шлюб або дзяцей.
Вывучэнне арнаментаў — амаль што сапраўдная навука, якая ўтварылася на стыку геаметрыі і мовазнаўства. Назавём яе так — арнаментазнаўства. Юныя навукоўцы-арнаментазнаўцы ёсць у многіх установах адукацыі, асабліва там, дзе дзейнічаюць гісторыка-краязнаўчыя і этнаграфічныя музеі, у фондах якіх захоўваюцца аздобленыя чароўным арнаментам тканыя вырабы. Адна з такіх устаноў — гімназія № 4 Мінска.

Сталіца — стылізацыя

— Вядомы чатыры віды арнаменту: геаметрычны (самы распаўсюджаны), раслінны, арнамент з жывёламі (самы папулярны матыў — птушачкі) і арнамент са з’явамі прыроды (напрыклад, маланкай). Прачытаць арнаменты — даволі складаная справа, паколькі ў розных рэгіёнах адны і тыя ж сімвалы нярэдка азначаюць розныя паняцці, а з цягам часу кожнаму арнаменту можа надавацца новы сэнс. Арнамент, як вядома, складваецца з розных маленькіх дэталей і перадае ў сукупнасці цэлую гісторыю. Звычайна ткацтвам займаліся жанчыны, таму вышываныя і тканыя ўзоры маюць побытавы сэнс. Адна з асноўных іх функцый — ахоўная. Яскравым прыкладам з’яўляецца вышыўка на мужчынскай сарочцы. Арнаменты часцей за ўсё сустракаліся на адзенні і на ручніках. Адметнасці ўзораў залежалі ад тыпу ручніка. Што тычыцца сучасных арнаментаў, то часцей за ўсё гэта стылізацыя. Найбольшая колькасць тканых і вышываных рэчаў у нашым музеі якраз стылізаваныя, — дзеліцца экскурсавод музея этнаграфіі Беларусі і гісторыі гімназіі № 4 Мінска “Мой родны кут” настаўніца англійскай мовы Марыя Мікалаеўна Зелянко.
Адрозніць аўтэнтычны арнамент ад стылізаванага даволі проста. Звяртаць увагу трэба на колер вышыўкі. Традыцыйна ён чырвоны і чорны. Спалучэнне гэтых колераў, як лічыцца, адганяе нячыстую сілу. Для некаторых рэгіёнаў яшчэ характэрны блакітны колер, але ён сустракаецца рэдка. А вось жоўты, зялёны, фіялетавы і г.д. — гэта ўжо стылізацыя. Сярод найбольш арыгінальных прыкладаў стылізаванага арнаменту, якія захоўваюцца ў музеі 4-й сталічнай гімназіі, можна вылучыць арыгінальнае чырвона-белае пано. Цэнтральная разетка — гэта сімвал вялікай гімназічнай сям’і, вакол якой, нібыта ў карагодзе, танцуюць маленькія васьміканцовыя зорачкі (сем’і навучэнцаў). Па чатырох вуглах пано вышыты сімвалы засеянага поля, якія ўказваюць на плённыя вынікі дзейнасці ўстановы адукацыі, багаты ўраджай ведаў, які штогод вырастае на ўрадлівым гімназічным полі.
— Ёсць у нас і некаторыя аўтэнтычныя рэчы, перададзеныя бабулямі і дзядулямі вучняў. Гэтыя тканыя і вышываныя вырабы мы захоўваем у Цэнтры беларускай нацыянальнай культуры “Сялянская хатка” як самы каштоўны скарб. Не менш каштоўныя і рэчы, створаныя рукамі навучэнцаў за ткацкім станком, які прывезла са Слуцкага раёна бабуля майго былога аднакласніка. Добра памятаю, калі я вучылася ў гімназіі, мы нібыта зачараваныя ўважліва назіралі за кожным рухам былога кіраўніка музея Валянціны Іванаўны Былінай, сачылі за тым, як яна спраўлялася з ніткамі, як на станку міліметр за міліметрам нараджаліся ручнікі, посцілкі, ходнікі. Потым ужо і самі асвойвалі сакрэты ткацтва, прычым не толькі на кроснах, але і на бярдышках, дошчачках, — расказвае Марыя Мікалаеўна.

“Мядзведзь на жалудах”

Калі сталіца — гэта стылізацыя, то аўтэнтыка, адпаведна, — вёска, напрыклад, знакамітая Неглюбка Веткаўскага раёна, дзе кожны жыхар, асабліва жанчыны, — сапраўдны навуковец-арнаментазнаўца. Сярод іх і кіраўнік гуртка па ткацтве Неглюбскай сярэдняй школы настаўніца абслуговай працы Настасся Рыгораўна Каўтунова. У вучоных ёсць адна слабасць: падчас размоў з дылетантамі яны часта любяць ужываць навуковыя тэрміны. Так адбылося і падчас нашай размовы з Настассяй Рыгораўнай. Амаль у кожным сказе гучалі “яблыкі з капыткамі”, “васьмірогі”, “казёл”, “пячэнне”, “мядзведзь з вераб’ём”, “певень”… Як ні прыглядаўся да доўгіх, у некалькі метраў неглюбскіх ручнікоў, аднак чамусьці ні яблыкаў, ні мядзвежых кіпцюроў, ні вераб’іных крылаў, ні казліных капытоў і рагоў там не заўважыў. Падалося, што настаўніца жартуе.
— Ды не. Проста нашы майстрыхі — вялікія фантазёркі. “Яблык”, які з “капыткамі”, — гэта ў іх кветачка, маленькі крыжык сімвалізуе галубоў, а вось “васьмірогі” — гэта васьміканцовыя зоркі, — падзялілася таямніцамі ткацкай азбукі настаўніца.
Па словах Настассі Рыгораўны, геаметрычныя і геаметрычна-раслінныя арнаменты неглюбскіх ручнікоў дайшлі да нас з глыбокай старажытнасці. Кожны ромбік, квадрацік, крыжык, многавугольнічак мае пэўны сімвалічны сэнс. Незвычайная неглюбская ткацкая азбука складаецца з больш чым 20 сімвалаў. Доўгія, нярэдка больш за 4 метры неглюбскія ручнікі — як своеасаблівая кніга, на якой з дапамогай “елкі”, “ліста”, “яблынькі”, “яблыка з капыткамі”, “павука”, “мядзведзя на жалудах”, “мядзведзя з вераб’ём”, “мядзведжай лапы”, “барабанаў” створаны незвычайныя апавяданні, аповесці і нават раманы. Калі гаварыць пра знешняе афармленне твораў ткацкага мастацтва, то варта адзначыць, што канцы неглюбскіх ручнікоў багата арнаментаваны вузкімі і шырокімі палосамі, якія адрозніваюцца малюнкам і колерам. Паўтарэнне рытму адбываецца праз 3—5 палос. Кожны колер мае сваю сімволіку. Напрыклад, белыя палосы азначаюць неба, зіму, холад. Чырвоныя — вясну, цеплыню.
Асноўная задача выхаваўчай работы, якая праводзіцца ў Неглюбскай сярэдняй школе, — захаванне і папулярызацыя народных традыцый ткацтва. Найбольш актыўна работа ў гэтым кірунку вядзецца з 1985 года, калі ў школе быў створаны гурток “Юныя ткачыхі”. Яго заснавальнікам і першым кіраўніком была знакамітая неглюбская майстрыха Таццяна Фёдараўна Дзеранок. Хаця больш справядліва аб’яднанне трэба было назваць “Юныя ткачыхі і ткачы”, бо сярод удзельнікаў гуртка нямала і хлопчыкаў, якія не горш за дзяўчынак спасцігаюць сакрэты арнаментазнаўства. Заняткі праходзяць у спецыяльным класе за станкамі, створанымі мясцовым майстарам Мікітам Лявонавічам Каротчанкам. Юнымі навукоўцамі-арнаментазнаўцамі школьнікі становяцца паступова. Спачатку яны вучацца ставіць аснову, знімаць яе з рамы, запраўляць чаўнок, перабіраць аснову ў рамізы і бярдо, знаёмяцца з асноўнымі элементамі ўзору і гармоніяй колеру ручнікоў. Перад тым як сесці за станок, выконваюць некалькі кампазіцыйных эскізаў, выбіраюць лепшы з іх, падбіраюць ніткі ў адпаведнасці з фонам. Толькі пасля гэтага пачынаецца працэс ткацтва.
Тканыя вырабы гурткоўцаў часта прадстаўляюцца на раённых, абласных, рэспубліканскіх выставах дэкаратыўнай творчасці, дзе неаднаразова адзначаліся дыпломамі. Мову арнаментаў вывучаюць і ўдзельнікі школьнага гуртка “Спадчына”. Пад кіраўніцтвам Яўгеніі Аляксандраўны Язерскай вучні стварылі работы “Неглюбскі ручнік: гісторыя ўзнікнення, тэхніка выканання, арнамент”, “Неглюбскі жаночы строй”, “Чырвоны кут у неглюбскай хаце”.

Навука для ўсіх

Толькі лянівы не заўважае, з якой хуткасцю ў нашым грамадстве ўзрастае цікавасць да традыцыйнага арнаменту. Дайшло да таго (у добрым сэнсе гэтага выразу), што на гарадскіх вуліцах пачалі з’яўляюцца ўпрыгожаныя ромбікамі, многавугольнікамі, крыжыкамі аўтамабілі. Асабліва працэсам ткацтва і вышывання захапляецца моладзь. Калі будзеце ехаць пасля работы ў грамадскім транспарце, то прыгледзьцеся больш уважліва да людзей. У кагосьці з хлопцаў або дзяўчат абавязкова ўбачыце на запясці тканую палосачку, аздобленую адмысловым арнаментам. Ведайце, яе ўладальнік — або аспірант, або кандыдат, можа, нават прафесар арнаментазнаўства — незвычайнай навукі, пазнаць таямніцы якой могуць як фізікі, так і лірыкі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.