“Ёлка-фэст” — the best!

А ўсё ж Дзед Мароз існуе! Магчымасць пераканацца ў гэтым была ў соцень дзяцей, якія завіталі днямі ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на фінал V Рэспубліканскага конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст-2014”.

Белабародая навука

Як бы мы ні стараліся падрыхтавацца да Новага года, як бы ні ўпрыгожвалі свае дамы і працоўныя кабінеты, як бы ні аздаблялі ёлкі, якія б прыгожыя сукенкі і маскарадныя касцюмы ні апранулі, усё ж сапраўды святочны настрой зададуць толькі яны, галоўныя госці — барадаты дзядуля ў доўгай шубе і яго гарэза ўнучка. Менавіта ад іх майстэрства залежыць настрой на ўвесь Новы год і ў дзяцей, і ў дарослых.
Усе 17 дуэтаў-фіналістаў — пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў конкурсу. Акрамя асноўнай, навагодняй, працы, усе яны маюць аднолькавае хобі — настаўніцтва.
Нядаўна яны скончылі навагоднюю акадэмію чарадзейства, і фінал стаў для іх своеасаблівым выпускным экзаменам, пасля якога яны атрымаюць размеркаванне і будуць удасканальваць сваё майстэрства на дзіцячых навагодніх святах пад кіраўніцтвам самага галоўнага Дзеда Мароза з Белавежскай пушчы. Ён, дарэчы, даслаў відэазварот і пажаданні да выпускнікоў. А ўзначальваў экзаменацыйную камісію і ацэньваў поспехі навучэнцаў у спасціжэнні навагодніх цудаў намеснік дэкана навагодняй акадэміі чарадзейства заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Генадзьевіч Радзівілаў.
Трэба адзначыць, што і яму, і яго калегам-журы прыйшлося нялёгка. У праграму конкурсу ўвайшлі парад-дэфіле, сюжэтна-гульнявыя праграмы, захапляльныя гульні, конкурсы, творчыя нумары. І па іх выніках трэба было вызначыць пераможцаў у дзвюх намінацыях “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма” і “Дзед Мароз і Снягурка года”.
Уладзімір Генадзьевіч у гэтыя дні адзначае дваццацігоддзе з моманту, калі ўзяўся за посах: дваццаць гадоў ён выступае ў ролі галоўнага чараўніка — Дзеда Мароза — на Галоўнай ёлцы краіны.Таму блізкую сабе душу бачыць адразу: “Дзед Мароз павінен быць добрым, чулым, абаяльным, павінен любіць дзяцей. Самае галоўнае — у яго павінны быць добрыя вочы. Дзед Мароз павінен гаварыць дзецям пра любоў да бацькоў, да сям’і, да Радзімы. Ён павінен весці за сабой у добрую казку, заахвочваць займацца спортам, добра вучыцца, гуляць з сябрамі ў футбол, а не ў камп’ютарныя гульні. Але пры гэтым трэба ведаць, чым дзеці жывуць, мець уяўленне пра функцыі смартфона і зносіны ў скайпе”.

Дзед Мароз і музыка

Як паказалі фінальныя выступленні, гэтымі якасцямі валодае большасць удзельнікаў. Найлепшы дуэт нават дадаў да гэтых якасцей іншыя. “Музычны Дзед Мароз” — менавіта так прадставіўся маленькім гледачам, энергічна выплясваючы, Андрэй Уладзіміравіч Цюкалаў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава. Ён і яго калега па святочным цэху Ірына Валер’еўна Зуёнак і заваявалі званне “Дзед Мароз і Снягурка года”.
“Наш Дзед Мароз — артыст, — з гонарам прадстаўляе свайго Дзядулю Снягурка, па сумяшчальніцтве педагог-арганізатар цэнтра. — Не толькі на сцэне, але і ў жыцці ён вельмі артыстычны чалавек, цудоўна іграе на цымбалах, на гітары. Яго вельмі любяць дзеці, многія з іх імкнуцца быць падобнымі на яго, таму займаюцца ў тэатральнай студыі, якой ён кіруе”.
Гэтая пара не першы раз прымае ўдзел у конкурсе і заўсёды імкнецца як след падрыхтаваць рэквізіт, незвычайныя касцюмы. Сёлета журы і гледачоў захапілі самі героі, іх шчырасць, натуральнасць і прафесіяналізм. Дапамаглі ім стварыць навагодні настрой у зале вясёлыя гарэзы Чамучкі. Была адзначана і вернасць традыцыям — усё ж кардынальна мяняць вобраз дабрака дзядулі не варта. Таму яны і абышлі сваіх сучасных сапернікаў, напрыклад, тэхна-Мароза, белабародага ды-джэя і тых, якія больш нагадвалі Санта-Клаусаў.
Што тычыцца намінацыі “Лепшая сюжэтна-гульнявая праграма”, то тут фантазія канкурсантаў зашкальвала. Асабліва шмат варыяцый было на спартыўную тэму. Напрыклад, на Снягурцы з Ашмян пасля багетаў не сышлася шубка, таму прыйшлося сесці на дыету і стаць аматаркай чырлідынгу. А як жа інакш, калі яе Дзед Мароз увесь вольны час праводзіць у спартзале. Пара з Полацка, асцерагаючыся камп’ютарнага грыпу, асвоіла ролікі, павышала тэмпературны рэжым глядацкай залы падчас флэшмобу. Вельмі неардынарна падышлі да сюжэта Дзед Мароз са Снягуркай з Петрыкава: у сне абаяльнай дзяўчынцы Дашы падарылі… Дзеда Мароза і Снягурку. А ўжо яны падарылі і зіму, і гурбы скрыпучага снегу і пракацілі па зале на конях і дзяўчынку, і гледачоў.
Але ўсіх абышлі педагогі з ужо знаёмай для арганізатараў конкурсу ўстановы. Сярэдняя школа № 18 Пінска (Брэсцкая вобласць) ужо трэці раз у лідарах! Два апошнія разы Снягуркай года станавілася Таццяна Сяргееўна Зырко, настаўніца французскай мовы. Сёлета яна сціпла абрала сабе ролю трэнера і настаўніцы і па перамогу адправіла сваіх калег Кацярыну Паўлаўну Захажэўскую і Анатоля Анатольевіча Палюховіча, настаўнікаў англійскай мовы. І зноў не прагадала.
Новы дуэт прымераў свае ўборы і папрактыкаваўся ў чараўніцтве ўсяго толькі тры месяцы назад. Іх прэм’ера была на раённым адборы, адточвалі сваю праграму ўжо ў абласным туры. Хаця да самой перамогі магія дачынення не мае. Кацярына і Анатоль тлумачаць: “Усё проста. Дзеці любяць казкі, і Дзед Мароз і Снягурка павінны быць самі па сабе казачнымі і ўмець заклікаць дзяцей да сябе ў чараўніцтва”.
У аснову іх сюжэта лягла кніга — не былі б то настаўнікі. “Навагодняя кніга казак” з’явілася, як і належыць, з дапамогай чараўніцтва, праектара і тканінных старонак. З адной з іх сышлі на сцэну і яны — добры Дзядуля і абаяльная Снягурка, каб раздаць дзецям падарункі. Але неўзабаве наляцела завіруха, завіхурыла, завыла і замяла ўсё навокал. Засыпала снегам і каробкі з падарункамі, куды адправіліся чакаць сваіх гаспадароў вясёлы клоўн, танцорка-лялька. І адагрэць іх, растапіць снег і лёд змаглі толькі вяселле і радасць — вось чаго, дзякуючы Дзеду Марозу і Снягурцы, у зале аказалася з лішкам — ажно два мяхі.
Па рашэнні журы, за крэатыўнае рашэнне навагодняй праграмы ўзнагароджаны Віталь Анатольевіч Хаданёнак і Надзея Яўгенаўна Татун з сярэдняй школы № 16 Полацка, а прыз глядацкіх сімпатый атрымалі Дзмітрый Міхайлавіч Свірыдовіч і Галіна Віктараўна Навіцкая з ЦДАДіМ “Вікторыя” Партызанскага раёна Мінска.

Пачуцці ў падарунак

Сваімі ўражаннямі ад выступленняў канкурсантаў падзялілася Тамара Міхайлаўна Трыгубовіч, адна з аўтараў конкурсу і яго рэжысёр: “Гэты конкурс мы прыдумвалі пяць гадоў назад, калі стала відавочна, што трэба падымаць узровень правядзення навагодніх свят для дзяцей. Мы хацелі, каб педагогі-арганізатары змаглі падзяліцца сваім вопытам у выкарыстанні сучасных метадаў і падыходаў пры правядзенні традыцыйнага свята. І мы сёння бачым вынікі. Як мы і планавалі, выдаюцца метадычныя рэкамендацыі, найлепшыя сцэнарыі конкурсных праграм, праводзяцца рэспубліканскія навучальныя семінары, майстар-класы пераможцаў і прызёраў конкурсу. Мы сапраўды бачым новыя арыгінальныя рэжысёрскія падыходы, сцэнічнае рашэнне гульнявой паграмы. Вельмі прыемна бачыць пары, якія выкарыстоўваюць беларускія традыцыі, гульні. Але ў той жа час нам ёсць над чым працаваць. Асаблівыя цяжкасці выклікае методыка правядзення гульняў з аўдыторыяй. З мэтай навучыць нашых педагогаў-арганізатараў актывізоўваць гледачоў мы праводзім навучальныя семінары”.
Для фіналістаў парад стаў галоўнай рэпетыцыяй напярэдадні чарады свят. “Гэты конкурс — не толькі магчымасць для педагогаў паказаць сваё творчае майстэрства. Ён дае старт на ўдзел найлепшых пар у мерапрыемствах акцыі “Нашы дзеці”, якія будуць праходзіць да 14 студзеня наступнага года, — гаворыць намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык. — Самыя творчыя педагогі будуць наведваць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, бальніцы, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, апякунскія сем’і. І самае галоўнае — гэта тыя пачуцці, якія яны падораць нашым дзецям разам з падарункамі”.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.