Бацькава школа

Хачу вам, чытачы, задаць пытанне: ці шмат на бацькоўскія сходы да вас прыходзіць татаў? Мабыць, не памылюся, што вы адкажаце “не”. І то, як паказвае практыка, калі пара-тройка іх і ёсць, то часта таму, што іх жонкі ў гэты час даглядаюць меншых дзяцей. Няўжо выхаванне дзяцей, іх вучоба мае для мужчын меншае значэнне? Запрашаю пазнаёміцца з іх процілегласцю — Эдуардам Карнійчуком, вядучым інжынерам-тэхнолагам лакаматыўнага дэпо з Ліды. Ён сам выхоўвае сваіх трох дачок.

“Бачу мэту — не бачу перашкод”

Яго сям’я аспрэчыла стэрэатып, што маці і дзеці — неразрыўнае цэлае, а бацька — на другім плане. Ужо пяць гадоў яны жывуць такім складам — у маці з’явілася іншая сям’я. Зрэшты, і раней выхоўваў дзяўчынак амаль толькі бацька. Ідучы да дому Карнійчукоў, пакуль дзяўчынкі — старэйшая Марына і малодшая Іна — весела шчабечуць далёка спераду (Насцю не адпусціла вучоба), мы з Эдуардам пачалі разбірацца ў тонкасцях і адрозненнях мужчынскага і жаночага выхавання.
“Выхавання не бывае мужчынскага ці жаночага, — разважае Эдуард. — Ад полу не залежыць жаданне жыць з дзецьмі адным жыццём, пранікнуцца працэсам выхавання, даць ім падтрымку, упэўненасць, што ты заўсёды будзеш на іх баку, уменне не казаць, што і як рабіць, а матываваць іх саміх на дзеянні. Мой дэвіз: “Бачу мэту — не бачу перашкод”. І дзецям я таксама раю не баяцца ставіць мэты, нават калі яны здаюцца надта высокімі. Разам мы дасягнём любых мэт”.Што тычыцца дасягненняў, у Карнійчукоў іх шмат. На гэтым этапе у іх доме галоўнае — вучоба. Мінулае лета было самым складаным — усе тры дачкі былі выпускніцамі і паспяхова справіліся з экзаменамі. Старэйшая Марына паступіла ў БДУІР, сярэдняя Настасся — у Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі, а малодшая Іна — у 5 клас гімназіі № 1 Ліды. З вучобай у дзяўчат праблем няма. Яны з маленства вучыліся з лёгкасцю.
“Гэта заслуга гімназіі — там усе дзеці матываваны на вучобу. Нічога з-пад палкі рабіць не будуць, на поспех працуе і здаровая канкурэнцыя ў класе”, — гаворыць Эдуард.
Але без педагагічнай працы Эдуарда, несумненна, тут не абышлося. Нездарма педагогі лічаць Эдуарда калегам. Нават Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрасіла яго адзінага з татаў прадставіць погляд бацькі на выхаванне на Рэспубліканскім педагагічным форуме з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе.

Інтэлектуальнае захапленне

І распачалося ўсё яшчэ тады, калі ён вывозіў немаўлём старэйшую Марыну на прагулкі. “З першых дзён жыцця пачаліся адукацыйныя зносіны, — усміхаецца, успамінаючы, бацька. — На прагулцы я не змаўкаў — каменціраваў усё, што бачыў: кветкі, птушак, аблокі, сонца. Падбіраў шмат азначэнняў, сінонімаў. Пазней, калі Марынка стала гаварыць, пасля прагулкі ў мяне балелі не ногі, а язык, і першым словам у яе было “Чаму?”. Мы спазнавалі з ёй свет вакол, прыроду, вучыліся гаварыць, пісаць, чытаць. Мы ішлі крыху з апярэджаннем: я ўжо ведаў, у якім узросце што павінна ведаць і ўмець дзіця, таму стараўся падвесці так, каб у садку, а потым у школе, калі да гэтага ўмення даходзіць чарга, для Марыны гэта было паўтарэннем пройдзенага”.
У адным з садкоў была сфарміравана група, у якой планавалася займацца з дзецьмі па методыцы Мантэсоры. Эдуард ужо да гэтага пранікся методыкай, шмат займаўся з Марынкай, сам рабіў цацкі, выпільваў кубікі, драўляны канструктар, друкаваў словы на картках і развешваў па ўсёй хаце, прыдумваў гульні. І таму вельмі хацеў, каб дачка працягнула такія заняткі ў садку. Але бралі туды дзяцей толькі з 3 гадоў. Тата прапанаваў выхавальнікам меркаваць не па ўзросце, а па развіцці. Малеча, акрамя ўменняў самаабслугоўвання, магла расказаць пра сябе і пра прыроду, ведала колеры, формы, лічыла, чытала. Безумоўна, такую выхаванку ўзялі адразу.
А ў садку яна марыла пра школу, прасіла тату расказаць, чаму там будуць вучыць, як памнажаць, дзяліць, якія задачкі буду рашаць. І незаўважна вучылася ўсяму гэтаму загадзя.
Затое ў школе дзяўчынцы было проста. Таму без урону для вучобы яна поўнасцю аддалася свайму галоўнаму захапленню. Ужо ў 3 класе яна з аднакласнікамі арганізавала каманду і да 11 класа гуляла ў “Што? Дзе? Калі?”. Дарэчы, трэнерам быў тата адной з дзяўчат. На іх рахунку перамогі і прызавыя месцы на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных турнірах. Асабліва ў малодшых класах, бо былі самай вопытнай камандай, хоць часта і самай малодшай. У інтэлектуальнай тэлевіктарыне “Дзеці новага пакалення” Марына стала лепшай сямікласніцай краіны. Па яе выніках была на сустрэчы з прэзідэнтам, адтуль прывезла шмат каштоўных прызоў. Летась, напрыклад, паспяхова згуляла на чэмпіянаце свету па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”.
Нягледзячы на паспяховую вучобу (у атэстаце Марыны толькі “дзясяткі”), дзяўчына гаворыць, што ніколі не аддавалася вучобе поўнасцю: “Я марыла паступіць у БДУІР на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, але як жа паступіць — на яе самы вялікі конкурс. Каб падстрахавацца, я схітрыла. У 11 класе самастойна пачала вывучаць астраномію. Гэта лёгка, і канкурэнтаў-астраномаў не так шмат — ужо праз паўгода стала прызёрам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, што і дало права паступіць на любую спецыяльнасць з прафілюючай матэматыкай ці фізікай без здачы ЦТ”.

Рацыянальнае навучанне

Гэта дзяўчаты перанялі ад бацькі — умець вучыцца рацыянальна, так, каб заставаўся час на захапленні. У гэтай сям’і ўсе дзяўчаты — чамучкі, выдатніцы, прайшлі адну татаву школу. Яны не могуць спакойна нават чаю папіць: у дзяцінстве яны прасілі расказаць пра прыродныя з’явы, што як працуе. Цяпер чай выпіваецца халодным з-за навуковых спрэчак, дыскусій, якія часам разгортваюцца ў цэлыя баталіі. Што тычыцца дакладных навук, то ў многім настаўніцтва бярэ на сябе Эдуард, уключаючы ў справу сваю тэхнічную адукацыю. Ён ведае, як растлумачыць любую тэму дочкам даступна, і нават складае для іх дапаможнікі — уключае сціслую інфармацыю, сшывае лісты — і вечар вызваляецца: не трэба вышукваць неабходную інфармацыю па кіпах кніг. А калі нечага не ведае (навука ж не стаіць на месцы), спачатку сам вывучыць (часта ён сядзіць за кнігамі, вывучае апошнія навуковыя работы), а ўжо потым перадае сутнасць дзяўчатам.
Асабліва гэта актуальна для Насці — яна ў сям’і самая актыўная, непаседлівая дзяўчына. Такі жыўчык доўга сядзець за падручнікамі не будзе. Кожны вечар у яе распісаны. Гэта цяпер крыху скарэкціравалі расклад пераезд у Мінск, вучоба, а яшчэ нядаўна яна спрабавала сябе ў музыцы, танцах, тры гады займалася цыркавой гімнастыкай. Што з гэтага працягне — пакуль вырашае.
Малодшая, Іна, — натура творчая. Яна гадзінамі можа плесці фенечкі, а ў перапынках мяняе ніткі на камяні — мінералогія запаўняе большасць вольнага часу. Яна сабрала вялікую калекцыю мінералаў, вывучае іх уласцівасці, знайшла аднадумцаў у школе, праводзіць з імі шмат часу ў імправізаваным клубе мінералогіі. Яна збірае мінералы на дарозе, у возеры, у лесе. З прагулкі прыходзіць з адцягнутымі ўніз кішэнямі, таму часта ў памочнікі бярэ тату. Калі яны не могуць ідэнтыфікаваць знойдзены камень, Іна ідзе да географа, з ім праводзіць лабараторнае даследаванне.
“Калі я чытаю кнігі пра мінералогію, сустракаю шмат незразумелых тэрмінаў з фізікі, хіміі, таму надта ў іх не ўнікаю — пачакаю, пакуль яны з’явяцца ў школьным раскладзе. Можа, я іх і пачну глыбей вывучаць, а можа, завярну на другі шлях, скажам, у медыцыну. А можа, нешта яшчэ. Галоўнае — выбраць цікавую для сябе прафесію і абавязкова тую, якая будзе лёгка давацца”, — разважае дзяўчынка.
У Эдуарда ў адносінах да Іны ёсць пачуццё бацькоўскай віны за тое, што пакуль большасць часу праводзіў са старэйшымі дочкамі, дапамагаў ім вучыцца, ён не дадаваў увагі менавіта Іне. Таму цяпер, калі дома засталася толькі яна, самы час выправіцца.

Дамаводства па-мужчынску

“Для мяне галоўнае — выгадаваць дачок камунікабельнымі, адаптаванымі да жыцця, каб у любой сферы ўмелі будаваць зносіны, каб у прафесіі былі прафесіяналамі, дома — добрымі гаспадынямі. Праўда, у апошнім пункце ў нашай сям’і свае адметнасці”.
Так, у гэтай сям’і няма падзелу абавязкаў — усё тут робіцца разам. Замест таго, каб напамінаць дзяўчатам заслаць ложкі ці прыбраць у пакоі, Эдуард зрабіў мэблю, якая выхоўвае. Яго канструктарская думка аформілася ў вельмі незвычайнае прыстасаванне: на сцяне ў цэнтры — тры адкідныя ложкі, як у купэ цягніка. Трох’ярусная сістэма аўтаматызаваная: падрыхтаваць канструкцыю да сну пад сілу нават Іне. Па абодвух баках ложкаў — убудаваныя кніжныя паліцы за рассоўнымі дзвярамі. Адкрыць іх можна толькі пасля таго, як складзецца ложак.
“Мая канструкцыя дысцыплінуе дзяцей, — тлумачыць Эдуард. — Дзяўчынкі не могуць легчы спаць, пакуль не прыбяруць на сваім працоўным стале, а раніцай — сабрацца ў школу пры непрыбраных ложках.
Што тычыцца кухні, я не надта засяроджваюся на кулінарным майстэрстве, бо мне шкада вельмі шмат часу праводзіць на кухні. Мы робім усё хутка. На святы гатуем традыцыйныя салаты кшталту “аліўе” ці “селядзец пад шубай”, запякаем у духоўцы мяса па-французску ці рульку. Усё павінна быць сытна, карысна і хутка — мужчынскі “прымітыўны” падыход. Абавязкова з восені робім нарыхтоўкі на зіму ўсёй сям’ёй — дзяўчаты ўюцца вакол мяне, як пчолы: мыюць, чысцяць, адмяраюць, накладваюць. А вось аджыка і леча — гэта Марынін канёк. На выпечцы спецыялізуецца Іна — асабліва любіць частаваць сям’ю шарлоткай і іншымі пірагамі. Урэшце, чым стаяць паўдня і ляпіць пельмені, мы лепш прыгатуем штосьці прасцейшае ці пап’ём чаю з булкай і маслам. А выйграны час правядзём у парку, на стадыёне ці проста сходзім усе разам у кіно”.Практыку па дамаводстве дзяўчаты цяпер праходзяць у інтэрнатах — спраўляюцца і з праннем, і з прыбіраннем, і з гатаваннем. Яны вельмі абмежаваны ў сродках, Эдуард не мае магчымасці даваць дзяўчатам грошы, затое ён забяспечвае іх прадуктамі, а дзяўчаты гатуюць з іх. А часам разам фаршыруюць дома бліны, галубцы, якія дзяўчаты забіраюць замарожанымі. Увогуле дзяўчаты не перажываюць за гэта: “А як можна не ўмець гатаваць? Умееш чытаць — значыць, умееш гатаваць, а рэцэптаў шмат”, — гаворыць Марына.

* * *

Развітваючыся, я папрасіла Эдуарда вывесці формулу яго выхавання. “Мы прыхільнікі актыўнага адпачынку, ніхто з маіх дзяцей не апантаны камп’ютарнымі гульнямі, залежнасцю ад тэлевізійных праграм. У кожнага дзіцяці ёсць свой свет. І мяне радуе тое, што ён актыўны, з жывымі зносінамі. Самае прыемнае для мяне — гэта гутарка з дзецьмі, і важна, каб яна была даверлівая, — гаворыць ён. — Але я ні ў якім выпадку не культывую ў грамадстве ідэал сваёй сям’і. Жыць з адным з бацькоў — непаўнацэнна для грамадства, для самой сям’і. Гэта ўсяго толькі наш вопыт, вымушанасць жыць у няпростых абставінах. Сям’я — гэта святое, і ідэальна, калі ёсць побач і тата, і мама, калі яны ўдваіх за рукі вядуць па жыцці дзіця. Але калі побач толькі адна рука, трэба прыкласці ўсе намаганні, каб дзіця не адчула сябе абдзеленым”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.