Было сола — стане хор!

Напэўна, у кожнай установе адукацыі стараюцца зрабіць шосты школьны дзень запамінальным, незабыўным. Хочацца, каб дзеці ў гэты дзень ішлі ў школу з радасцю, нягледзячы на маразы і завеі. У нашай установе адукацыі функцыянуюць спартыўныя секцыі, праводзяцца дадатковыя заняткі, дзе кожнае дзіця можа знайсці сабе справу па душы. Аднак зараз хочацца расказаць пра тыя заняткі, якія на працягу года аб’ядноўваюць нашых старшакласнікаў, дапамагаючы ім не толькі самасцвердзіцца, набыць новыя ўменні, але і паўдзельчаць у вельмі значным экалагічным праекце.

Бізнес для людзей, карысць — для птушак

У красавіку 2016 года сярод устаноў адукацыі Віцебскага раёна праходзіў конкурс экалагічных школьных бізнес-ідэй “КЭШБІ” ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Яго мэтай быў выбар ідэй для стварэння школьных бізнес-кампаній, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца абарона прыроды Віцебскага раёна. У конкурсе прынялі ўдзел настаўніцы біялогіі Ганна Віктараўна Сакратарова, Алена Віктараўна Нарушэвіч і навучэнцы 8—9 класаў.Навучэнцам было прапанавана ўявіць сябе ў ролі са­праўдных прадпрымальнікаў і распраца­ваць школьны бізнес-праект. Складанасць заключалася ў тым, што праект павінен быў дапамагчы вырашыць пэўную экалагічную сітуацыю ў раёне або мясцовасці. Як аказалася, канкурсантам гэта было толькі на карысць. Справа ў тым, што побач з нашым аграгарадком праходзяць чыгунка і траса, што выклікае залішнюю задымленасць і павышаны шум. Жыхары аграгарадка даўно заўважылі тут тэндэнцыю змяншэння колькасці пеўчых птушак.

Навучэнцы разам з кіраўнікамі праекта правялі аналіз экалагічнага стану аграгарадка Кіраўская і склалі экалагічную характарыстыку яго тэрыторыі. На аснове даследаванняў і назіранняў былі выбраны два прыярытэтныя напрамкі, па якіх прадугледжваецца стварэнне школьнага экабізнесу.

Вырашаючы жыллёвыя пытанні…

Адзін з гэтых напрамкаў звязаны з вырабам шпакоўняў і кармушак з мэтай павелічэння колькасці птушак у аграгарадку Кіраўская. Менавіта такую бізнес-ідэю навучэнец 9 класа Ігар Ганчароў разам з кіраўніком прадставіў на канферэнцыі па выніках конкурсу, якая прайшла 28 красавіка 2016 года на базе нашай установы адукацыі. Па выніках канферэнцыі наша школа была ўзнагароджана дыпломам і сертыфікатам на набыццё ноўтбука. Аднак гэта быў толькі пачатак. Дзяцей яшчэ чакала вялікая работа па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў нашай мясцовасці.

Спачатку група навучэнцаў 8—9 класаў правяла анкетаванне сярод школьнікаў, іх бацькоў і жыхароў аграгарадка з мэтай вызначэння актуальнасці выбранай праблемы. Па выніках апытання было выяўлена, што большасць участкаў аграгарадка не мае на тэрыторыі шпакоўняў або кармушак для птушак. Набыць шпакоўні па разумных цэнах жадалі б 87% апытаных. Абсалютна ўсе ўдзельнікі анкетавання разумеюць, для чаго патрэбны шпакоўні, і ўсведамляюць праблему змяншэння колькасці пеўчых птушак у аграгарадку.

Далей творчая група навучэнцаў пачала разлікі па вырабе шпакоўняў. У маі педагогі прайшлі навучанне ў дыстанцыйным рэжыме па арганізацыі школьных бізнес-кампаній экалагічнай накіраванасці. Кожная тэма змяшчала тэарэтычны матэрыял і практычнае заданне. Навучанне педагогаў суправаджалася кансультацыямі спецыялістаў Віцебскага бізнес-цэнтра і метадыстаў Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Пасля заканчэння навучання педагогам выдалі сертыфікаты.

У 2016/2017 навучальным годзе работа над праектам была працягнута разам з навучэнцамі. З гэтага года ва ўстанове адукацыі для навучэнцаў 9—10 класаў працуе аб’яднанне дадатковай адукацыі “Юны прадпрымальнік”, кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік біялогіі Ганна Віктараўна Сакратарова. Школьнікі з задавальненнем навед­ваюць заняткі, дзе педагог імкнецца перадаць атрыманыя веды не толькі праз лекцыі, але і ў гульнявой форме. За час навучання дзеці пачалі разбірацца ў шматлікіх пытаннях арганізацыі і вя­дзення бізнесу, а таксама рызыкнулі прыняць удзел у раённым этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, дзе навучэнец 10 класа Ігар Ганчароў атрымаў дыплом ІІ ступені.

У лістападзе 2016 года навучэнцы паўдзельнічалі ў конкурсе бізнес-планаў экалагічных школьных праектаў у рамках ініцыятывы “Стварэнне і развіццё школьнага эколага-арыентаванага бізнесу ў Віцебскім раёне як фактар устойлівага эканамічнага развіцця рэгіёна”, дзе атрымалі дыплом ІІІ ступені. Таксама педагогі і навучэнцы нашай уста­новы адукацыі прынялі ўдзел у фестывалі “Малады прадпрымальнік” у рамках Міжнароднага форуму інавацыйнага прадпрымальніцтва.

Ад тэорыі да практыкі

У Кіраўскай школе право­дзяцца заняткі дадатковай адукацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: разьба па дрэве” (для юнакоў) і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Натхненне” (для дзяўчат). Юнакі разам з настаўнікам тэхнічнай працы Дзмітрыем Уладзіміравічам Волахам распрацавалі некалькі мадэлей шпакоўняў. А дзяўчаты разам са сваім кіраўніком Наталляй Генрыхаўнай Крывель зрабілі размалёўкі на дэкаратыўных шпакоўнях, апрацоўчых дошках, падсвечніках.9 снежня наша ўстанова адукацыі адзначыла сваё 25-годдзе. Традыцыйна ў гэты дзень у нас праходзіць школьны кірмаш, дзе школьнікі прадаюць вырабы, выпечку з мэтай зарабіць некаторыя грашовыя сродкі, якія далей трацяцца на набыццё спартыўнага інвентару, рамонт класных памяшканняў. Сёлета наша бізнес-кампанія таксама вырашыла паўдзельнічаць у кірмашы, прадставіўшы на ім сваю прадукцыю. Яна карысталася вялікім поспехам. Далей мы плануем продаж прадукцыі на вясеннім кірмашы, калі попыт на шпакоўні будзе большы, а пакуль проста з задавальненнем займаемся вырабам домікаў для птушак.

Ігар Ганчароў працягвае: “Блізка ад аграгарадка прахо­дзіць чыгунка, што выклікае залішнюю зашумленасць. Гэта ўплывае не толькі на жыхароў, але і на тых, каму наша дапамога асабліва патрэбна. У апошні час у нашым аграгарадку была заўважана тэндэнцыя змяншэння колькасці пеўчых птушак, што залежыць не толькі ад шумавога фактару. Прайшоўшы па пасёлку з сябрамі, мы заўважылі, што толькі некалькі прысядзібных участкаў маюць на сваёй тэрыторыі шпакоўні або кармушкі.

Праблема зніжэння колькасці пеўчых птушак у некаторых раёнах нашай вобласці хвалюе многіх арнітолагаў. Мы лічым, што наш праект дапаможа вярнуць птушак у месцы гнездавання і такім чынам абараніць дрэвы ад шкоднікаў. Любы навучэнец нашай установы адукацыі можа паўдзельнічаць у гэтым праекце, бо, напэўна, у кожнага дома ёсць лішні кавалак драўніны, які можа дапамагчы маленькай жывой істоце — птушцы”. Аб’яднаўшы намаганні, мы прыцягнем пеў­чых птушак у месцы гнездавання, тым самым палепшым экалагічную сітуацыю аграгарадка Кіраўская і захаваем у добрым стане пладовыя дрэвы.

“Наш праект мае вялікую экалагічную значнасць, таму што, дзякуючы вырабу шпакоўняў, мы не толькі вернем птушак у месцы гнездавання, але і выратуем пладовыя дрэвы ад шкоднікаў. Акрамя таго, мы выкарыстоўваем і перапрацоўваем другасную драўніну, што таксама з’яўляецца вельмі важным экалагічным аспектам. Прыемна ўсведамляць, што ты ўносіш свой уклад у экалагічную сітуацыю маленькага кутка сваёй радзімы”, — гаво­рыць Аляксандр Кліменка.

“Канечне, перш за ўсё наша работа накіравана на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, таму экалагічная эфектыў­насць з’яўляецца прыярытэтнай. Каб ацэньваць гэта, плануецца падлік колькасці пеўчых птушак у пасёлку адзін раз на год (у красавіку). Фінансавая эфектыўнасць кампаніі таксама вельмі важная, таму мы паспрабуем наладзіць супрацоўніцтва з лясгасам, працуем на заказ, тым самым забяспечваючы сабе па­стаянны заробак. Акрамя таго, з абрэзкаў драўніны мы плануем варабляць кармушкі і розныя іншыя вырабы: падсвечнікі, падстаўкі”, — дзеліцца планамі Настасся Буланчыкава.

Гледзячы на такіх таленавітых навучэнцаў, іх удзел у дапамозе птушкам, міжволі разумееш, што выхаваўчая работа ў Кіраўскай школе вядзецца правільна, дзеці неабыякавыя і гатовы прыйсці на дапамогу ў любы дзень. Бацькі з задавальненнем адпускаюць дзяцей па суботах, ведаючы, што іх дзеці заняты карыснай справай, а не праводзяць час за камп’ютарам, псуючы свой зрок. Мы спадзяёмся, што наша бізнес-кампанія будзе існаваць доўга, з кожным годам паляпшаючы экалагічную сітуацыію ў нашых краях і напаўняючы сады прыгожымі спевамі птушак.

Алена НАРУШЭВІЧ,
настаўніца хіміі і біялогіі Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
Фота аўтара.