Таленты XXI стагоддзя: фантастыка і рэальнасць

Калі вам прапаноўваюць выкінуць смецце ў сметніцу, якая зараз сама да вас пад’едзе, ці паспрабаваць на сабе нагрузачны касцюм-трэнажор, пасля трэніровак у якім можна смела адпраўляцца ў космас, не здзіўляйцеся! Вы не ў фантастычным блокбастары! Вы проста сярод самай таленавітай моладзі Беларусі і Расіі. Юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў сабраліся разам у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, каб прыняць удзел у конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” і зацікавіць сваімі распрацоўкамі навучальныя ўстановы і навуковыя цэнтры дзвюх краін адразу.
Графен. Нобелеўская прэмія. Нанакандэнсатар

Конкурс стаў адным з самых паспяховых праектаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Ён праводзіцца адзін раз у два гады і сёлета зноў вярнуўся на беларускую зямлю. Яго юныя ўдзельнікі адзначаюць, што магчымасць сустрэцца з такой вялікай колькасцю аднадумцаў, захопленых навукова-тэхнічнай творчасцю, сама па сабе ўнікальная.
276 канкурсантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі (прадстаўнікі ўсіх абласцей і Мінска) і 15 федэральных адміністрацыйных акруг Расіі прадставілі свае праекты ў 8 секцыях: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”, “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Праграмаванне, вылічальная тэхніка”, “Астраномія, касманаўтыка” і “Відэафільм”.
1“Узровень работ, прадстаўленых на конкурсе, вельмі адрозніваўся паміж сабой, — адзначае член журы конкурсу, дацэнт кафедры мікра- і нанаэлектронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, кандыдат тэхнічных навук Віктар Раманавіч Сцямпіцкі. — Здзіўляе, што работы падлеткаў з глыбінкі па ўзроўні нашмат вышэйшыя, чым, скажам, работы многіх мінчан ці прадстаўнікоў найбуйнейшых гарадоў Расіі. Выдатна сябе зарэкамендавалі на конкурсе такія рэспублікі, як Кабардзіна-Балкарыя і Паўночная Асеція-Аланія. Прычым высокія вынікі яны дэманструюць ужо не першы год.
Адной з самых цікавых беларускіх ідэй у гэтым годзе стала работа Ільі Шылко з Дзяржынска, які прадставіў на суд журы праект “Нанакандэнсатар”. У 2010 годзе фізікі Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў атрымалі Нобелеўскую прэмію за работу “Перадавыя вопыты з двухмерным матэрыялам — графенам”. Ілья прааналізаваў навуковую літаратуру, якая датычыцца атрымання гэтага перспектыўнага матэрыялу на аснове вугляроду, і паспрабаваў у бытавых умовах стварыць з яго нанакандэнсатар, які можа выкарыстоўвацца ў бытавой электроніцы, вылічальнай тэхніцы і інш.
Каштоўнасць праекта ў тым, што пры сур’ёзнай адпрацоўцы тэхналогіі вытворчасці, можна атрымаць нанапрыборы, якія валодаюць каласальнай ёмістасцю і могуць захоўваць вялікі электрычны зарад, што ў выніку дазволіць выкарыстоўваць іх у якасці акумулятараў”.
Менавіта Ілья Шылко стаў адным з абсалютных пераможцаў конкурсу.

Астэроіды і мабільны пілатуемы комплекс

Разам з Ільёй радасць абсалютнай перамогі раздзяліў дзесяцікласнік з Нальчыка Іслам Бжынаеў, які прадставіў работу “Мабільны пілатуемы комплекс астэроіднага базіравання для маніторынгу Сонца і планет зямной групы”.
“На гэтым конкурсе я ўжо трэці раз, — адзначае Іслам, — да гэтага прымаў удзел у іншых, як дзяржаўных, так і міжнародных алімпіядах. Спецыфіка маіх работ — астрафізіка, касманаўтыка і звязаныя з імі тэхналогіі. Я прадстаўляю Кабардзіна-Балкарскі рэспубліканскі цэнтр навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, дзе займаюся з 2 класа і крок за крокам пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў дасягаю пэўных вынікаў.
Мой сёлетні праект звязаны з выкарыстаннем некаторых астэроідаў для стварэння на іх мабільнага пілатуемага комплексу. Паколькі яны праходзяць праз прастору сонечнай сістэмы, рухаючыся вакол сонца, нядрэнна было б замацаваць на іх пэўную мантажную апаратуру, якая магла б збіраць тэлеметрычныя даныя з тых аб’ектаў, міма якіх праходзяць астэроіды. Такія вядомыя касмічныя апараты, як “Вояджар”, “Піянер”, “Галілеа”, не мелі стабільных арбіт, іх пастаянна трэба было карэкціраваць. Комплекс, які я прапаную запусціць у пары з астэроідам, здольны мець стабільную арбіту, а значыць, з яго дапамогай мы зможам атрымаць і больш стабільны вынік даследаванняў”.
Іслам плануе працягваць навуковыя даследаванні, звязаныя з космасам. Сёння яго мара — паступленне ў знакаміты Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Н.Э.Баўмана на факультэт “Спецыяльнае машынабудаванне”.

Як затрымаць злодзея з дапамогай …сігналізацыі?

Пераможцамі секцый “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка” і “Мультымедыйныя тэхналогіі” сталі школьнікі з Растоўскай вобласці Іван Угрумаў і Валерый Ільін.
Іван, бадай, адзін з самых юных удзельнікаў конкурсу. Яму толькі 13 гадоў і ён вучыцца ў сярэдняй школе № 10 горада Шахты. Аднак, нягледзячы на такі юны ўзрост хлопца, праект у яго сур’ёзны і можа выкарыстоўвацца на практыцы. Іван спраектаваў ахоўную сігналізацыю з магчымасцю кіравання па GSM-сувязі.
“Сёння існуе мноства сігналізацый, якія пры спрацоўванні датчыка телефануюць гаспадару ці адпраўляюць яму SMS, — расказвае Іван. — Аднак такая сігналізацыя ніяк не можа ўплываць на ход падзей. У мяне з’явілася ідэя зрабіць сігналізацыю з магчымасцю зваротнай сувязі, інакш кажучы чалавек зможа кіраваць ёю з дапамогай уласнага тэлефона.
Уявіце сабе, што ў вашу кватэру прабраліся злодзеі. Пасля таго, як спрацаваў датчык, паступае каманда на тэлефон. Гаспадар прымае званок і чуе галасавое паведамленне. Далей сігналізацыя пераходзіць у рэжым апазнавання голасу. Гаспадар можа выбраць, якую каманду ёй падаць. У маёй сігналізацыі 5 каманд: блакіраваць дзверы, уключыць асвятленне, уключыць камеры назірання, уключыць сірэну і пераход на дзяжурны рэжым.
Усе каманды загадзя запісаны гаспадаром, і сістэма рэагуе толькі на яго голас і на канкрэтны выраз. Інакш кажучы, скарыстацца гэтым не зможа ніхто іншы”.
Разумныя рэчы заўсёды дастаткова простыя. Іван прызнаецца, што карыстаецца такой сігналізацыяй у сябе дома, аднак пакуль толькі ў якасці эксперымента. Відаць, у Шахтах жывуць сумленныя і шчырыя людзі.

Сметніца, якая збірае смецце сама

Валерый Ільін, які здзівіў і журы, і канкурсантаў праектам “Робаты ў свеце людзей”, у родным Валгадонску асоба знакамітая. Хлопец адзначае, што робататэхніка — адзін з самых сучасных кірункаў, у якім Расія, ды і Беларусь таксама, не асабліва шырока прадстаўлены на сусветным рынку. Лідзіруючыя месцы на ім займаюць Японія і ЗША. Валерый вырашыў папулярызаваць гэты кірунак сярод моладзі ў сваёй краіне, а таму наўмысна зрабіў праект крыху фантастычным.
“Каб зачапіла! — усміхаецца распрацоўшчык. — І, здаецца, атрымалася. Мой праект ужо дэманстраваўся ва ўсіх школах Валгадонска. А з гэтага года пры Валгадонскім філіяле Нацыянальнага даследчага ядзернага інстытута арганізуюць гурток робататэхнікі.
Работа ўяўляе сабой інфармацыйна-пазнавальны даследчы праект. Аснова яго дадатку створана ў праграме Adobe\CS5. Таксама мне давялося зрабіць вялікую колькасць 3D-анімацый.
У якасці ілюстрацыі праекта, я прывёз на конкурс “Таленты XXI стагоддзя” робата-сметніцу, якога зрабіў з падручных матэрыялаў. Пры яго стварэнні была выкарыстана платформа Arduina Mega 2560. Праграмаваўся робат на мове праграмавання С.
Такая сметніца ездзіць у грамадскіх месцах, скажам, на вакзале, па закладзеным маршруце. На яе можна замацаваць невялікія плазменныя экраны, якія будуць дэманстраваць віды горада. Калі чалавек плясне ў далоні, то сметніца спыніцца і будзе чакаць, калі ў яе выкінуць смецце. Калі гэтага не адбудзецца на працягу 5 секунд, яна пачне рухацца далей. Гэты праект я ўжо прадстаўляў на ўсерасійскім конкурсе інавацыйных ідэй, дзе ён заняў першае месца”.

Likes.by

Тое, што конкурс “Таленты XXI стагоддзя” — скарбніца ідэй, сумнявацца не даводзіцца. Прычым увагі годныя не толькі тыя праекты, якія атрымалі дыпломы першай ступені. Праекты, якія занялі другія і трэція месцы, не менш цікавыя і арыгінальныя. Магчыма, іх зорны час яшчэ наперадзе. А здзівіцца, сапраўды, ёсць чаму: ад хадавой маштабнай мадэлі тарпеднага катэра “Праект-205” і міні-станка для вытворчасці цыркулярных піл малога дыяметра да музычнага сартавальніка смецця, робата-дэкаратара і інкубатара “цёплая скрынка”. Канкурсанты даследавалі распіл дзелавой драўніны, шклопакет Балыкіна-Машэлавай, працавалі над стварэннем праграм “Авіянавігатар”, “Універсальная сістэма кіравання серверам хосцінга гульнявых сервераў”, вывучалі ўзаемадзеянне каметных ядраў з атмасферамі планет, здымалі відэафільмы і інш.
Адным з цікавых праектаў, які, дарэчы, заняў другое месца, стаў “Маладзёжны сайт Likes.by”. Яго аўтар — навучэнец ліцэя № 1 Мінска Аляксандр Жасткоў.
“Мы з сябрамі вырашылі стварыць маладзёжны партал для Мінска, — расказвае Аляксандр. — Сёння на нашым сайце можна знайсці самыя свежыя сталічныя навіны, над гэтым працуюць нашы рэпарцёры. Таксама мы супрацоўнічаем з адным са сталічных клубаў: бяром інтэрв’ю у музыкантаў і груп, якія там выступаюць, робім фотасправаздачы.
На нашым сайце пастаянна абнаўляецца інфармацыя пра распрадажы ў горадзе, пра тое, дзе і якія скідкі можна атрымаць. Наша мэтавая аўдыторыя — ад самых маленькіх мінчан да 25-гадовых жыхароў сталіцы.
Апошняя навінка сайта — відэачат, які дае магчымасць інтэрнэт-знаёмстваў па Беларусі. Прычым праграма выбірае відэасуразмоўцу выпадкова, што стварае дадатковую інтрыгу. Акрамя таго, мы дадалі каталог месцаў адпачынку ў нашым горадзе. У яго будуць уваходзіць абсалютна ўсе забаўляльныя месцы сталіцы, пачынаючы ад кафэ і кінатэатраў да музеяў і выставачных галерэй”.
Сёння Аляксандр можа ганарыцца тым, што ў свае 16 гадоў ён разам з сябрамі і пры дапамозе спонсараў стварыў сайт, які наведваюць ад 900 да 1300 чалавек у дзень.

Прадухіліць трагедыю дапаможа робат

Аляксандр Дубавіцкі, які таксама прадстаўляў на конкурсе сталіцу і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі ў прыватнасці, стаў пераможцам у секцыі “Тэхнічнае канструяванне” з праектам “Робат-даследчык”.
“Сёння людзі выкарыстоўваюць нямала розных робатаў, — адзначае хлопец. — Аднак ні ў жылых памяшканнях, ні на вытворчасці ў нас пакуль няма робатаў, якія сочаць за бяспекай людзей. У мяне ўзнікла ідэя стварыць робата, які будзе аналізаваць, наколькі небяспечная абстаноўка для жыццядзейнасці чалавека.
Якія віды датчыкаў стаяць у многіх жылых і вытворчых памяшканнях? Звычайныя датчыкі дыму. У маім жа робаце ёсць мноства датчыкаў, якія вызначаюць наяўнасць дыму, шкодных газаў і рэчываў, тэмпературу, вільготнасць і інш. Яны працуюць ва ўзаемасувязі і паказваюць вынік на 50— 60 % лепш, чым тыя сістэмы, што звычайна выкарыстоўваюцца. Пакуль што распрацоўкі, аналагічныя маёй, мне невядомыя.
Эфектыўнасць робата яшчэ ў тым, што ён мае невялікую вышыню, а ўсе шкодныя газы звычайна знаходзяцца ўнізе. Падобны робат не будзе каштаваць вельмі дорага, і ў будучыні яго зможа набыць амаль кожны чалавек.
Дарэчы, з яго дапамогай можна не толькі кантраляваць, але і карэкціраваць сітуацыю ў памяшканні. Для гэтага на ім усталявана рука-маніпулятар. З робатам можна падтрымліваць пастаянную сувязь з дапамогай тэлефона ці інтэрнэту, а падключыўшы відэакамеру, нават паглядзець, што адбываецца ў пакоі. Напрыклад, вы забыліся выключыць у кватэры прас, і праз відэакамеру ўбачылі, што ён сапраўды ўключаны ў разетку. Можна накіраваць робата да разеткі, рукой-маніпулятарам захапіць шнур і вырваць яго.
Або ваш робат выявіць у кватэры пары ртуці ці задымленне, а вас у гэты час няма дома. У такім выпадку ён аўтаматычна тэлефануе ў адпаведную службу, каб паведаміць адрас кватэры, дзе адбылося здарэнне”.
Многія конкурсныя праекты здаюцца надзвычай глыбокімі, асабліва, калі ўлічыць, што іх стварылі падлеткі. Такія, як Аскербі Канукоеў з Кабардзіна-Балкарыі, Уладзіслаў Багданаў з Паўночнай Асеціі-Аланіі, Ксенія Крупень са сталіцы Беларусі. Мы віншуем усіх пераможцаў і ўдзельнікаў і спадзяёмся яшчэ не раз пачуць іх імёны, але цяпер ужо ў дачыненні да вялікай навукі.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота БелТА і Алега ІГНАТОВІЧА.