І часцей заб’ецца сэрца

Сталічная беларускамоўная гімназія № 14 — вядомая ўстанова ў горадзе. Яна гучыць і сярод педагогаў, і сярод бацькоў, і сярод вучняў: тут прэстыжна і вучыць, і вучыцца. Але акрамя высокіх рэзультатаў у навучанні, славіцца яна і адметнай выхаваўчай прасторай, якая будуецца на нацыянальных традыцыях. Нездарма ёй прысвоены статус рэсурснага цэнтра па выхаваўчай рабоце. Сёлета ў іх чарговая перамога — дыплом І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Ствары свой брэнд” і гран-пры, прысуджаны праекту “Вялікае сэрца маленькага беларуса”, аўтарамі якога сталі дырэктар гімназіі Марыя Іванаўна Гарохава і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Уладзіміраўна Нямковіч.
Бацькі ў школу з дзённікам

“У дарослых людзей сэрца вялікае, б’ецца часцей і трывожней, а ў дзяцей яно маленькае, чыстае і адкрытае, — тлумачыць паэтычную назву праекта Марыя Іванаўна. — Што можа ўліцца ў дзіцячае сэрца, залежыць ад тых людзей, хто побач: родных, сяброў, настаўнікаў. І мы, педагогі, бацькі, стараемся рабіць усё, каб у кожнага, нягледзячы на пакуль што невялікі рост, білася ў грудзях спагадлівае, вялікае сэрца”.
Да таго, як стаць дырэктарам, Марыя Іванаўна васямнаццаць гадоў працавала ў гімназіі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. І праект — гэта спроба сістэматызаваць самыя ўдалыя мерапрыемствы, якія былі праведзены за многія гады ў сценах гімназіі, але з удзелам сем’яў гімназістаў.
“Не магу сказаць, што супрацоўніцтва з бацькамі для нас — новаўвядзенне, — дадае дырэктар. — Нам вельмі шанцуе на кантынгент: сем’і добранадзейныя, у асноўным, на шчасце, поўныя, бацькі ў большасці маюць вышэйшую адукацыю і зацікаўлены ў якасным навучанні і выхаванні сваіх дзяцей, таму яны з ахвотай ідуць да нас у партнёры. У рамках гэтага праекта мы працуем крыху больш як два месяцы, а ў нас ужо вельмі многа бацькоў, якія не супраць памяняць ролі строгіх татаў і мам на членаў каманд сваіх дзяцей, іх паплечнікаў”.
Каб лішні раз падахвоціць бацькоў, у пачатку навучальнага года ім былі выдадзены “Дзённікі сям’і”, дзе пазначаюцца ўсе сумесныя справы ў школе. У канцы навучальнага года будуць падведзены вынікі і самая актыўная сям’я атрымае бонус — абанемент у гімназічны басейн для ўсёй сям’і на цэлы месяц. Відавочна, гэта будуць вучні першай і другой ступені сістэмы адукацыі, бо старшакласнікі матываваны на якаснае набыццё ведаў: наперадзе ў іх вельмі складаная пара ўступных экзаменаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, таму традыцыйна шосты школьны дзень — гэта наведванне прадметных факультатываў, дзе яны паглыбляюць веды па прадметах.

Ёсць такая прафесія — гульнятэхнік

“Усе мерапрыемствы школьнай суботы праводзяць гульнятэхнікі — самыя актыўныя вучні з пятага па дзявяты клас, — расказвае Марыя Іванаўна. — Менавіта яны задаюць дынаміку гульні, з першай хвіліны назіраюць за жыццём групы, аналізуюць ход гульні ў ёй і дапамагаюць яе ўдзельнікам. Не весці за сабой групу, а ствараць умовы для развіцця кожнага з удзельнікаў — асноўная задача гульнятэхніка. Сёння ў нас працуюць дваццаць чатыры гульнятэхнікі. Кожны з іх — надзвычай адказная і творчая асоба. Напрыклад, наш дзевяцікласнік Уладзіслаў Кабякоў можа арганізаваць любую маладзёжную кампанію. І гран-пры (калектыўная пуцёўка на шэсць чалавек на адну з летніх змен у НДЦ “Зубраня”) мы лічым галоўнай узнагародай, бо самыя адданыя справе дзеці змогуць адпачыць улетку і пазнаёміцца з калегамі па справе.
Напружаныя будні і ў дзіцячага савета. У панядзелак яны збіраюцца, згодна з загадзя праведзеным анкетаваннем, плануюць мерапрыемства на суботу. У аўторак гэтыя прапановы вывешваюцца для ўсеагульнага абмеркавання. Астатнюю частку тыдня гімназія рыхтуецца да суботняга мерапрыемства. Працуюць усе — вучні, класныя кіраўнікі, педагогі-прадметнікі, сацыяльная псіхолага-педагагічная служба, бацькі, адміністрацыя, педагог-арганізатар, дзіцячыя і маладзёжныя аб’яднанні, па магчымасці партнёры па сацыяльным узаемадзеянні (пазашкольныя ўстановы выхавання, спорту, культуры, праваахоўныя органы, органы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, грамадскія аб’яднанні). А ў панядзелак зноў збіраецца савет, аналізуе, што атрымалася, а што — не, і зноў прапаноўваюць ідэі.

Пра водны Новы год і “Таварыства божых каровак”

Уся прастора гімназіі падзялілася на дзесяць пляцовак. Усе яны пазначаны на стэндзе — даведніку па шостым школьным дні. І ў тую суботу, калі ладзіцца мерапрыемства, яны мігаюць чырвонымі сэрцайкамі.
Так, у “Сямейным кутку” праходзяць творчыя прэзентацыі сем’яў навучэнцаў гімназіі, рэалізуюцца праекты, якія прысвечаны адпачынку, традыцыям і рэліквіям сем’яў. Дзеці ў сваіх пастаноўках расказваюць пра прафесіі бацькоў. Зараз у самым разгары падрыхтоўка да выставы рарытэтных навагодніх цацак. Сярод іх будуць і тыя, што віселі яшчэ на даваенных ёлках.
У “Краіне майстроў” прапісаліся бацькі і спецыялісты розных прафесій, якія вядуць работу па прафарыентацыі, дзейнічаюць разнастайныя працоўныя майстэрні. Таты на сваіх майстар-класах вучаць хлопчыкаў рабіць шпакоўні, даюць асновы будавання дома, расказваюць і паказваюць, як зрабіць дробны рамонт у кватэры. Пастаянна ладзяцца выставы работ “Умелыя рукі маёй маці”, “Бабулін куфэрак”, “Беларускія народныя стравы”.
Пляцоўка “Адкрываем для сябе Беларусь” працуе для тых, хто любіць падарожжы і вывучае культурную і гістарычную спадчыну беларускага народа.
У межах “Цэнтра прававых ведаў” яго ўдзельнікі актыўна супрацоўнічаюць з інспектарам па справах непаўналетніх, з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, актыўна задзейнічаюць матэрыял дзіцячага прававога сайта, праводзяць дні права, віктарыны на веданне Канстытуцыі і Закона “Аб правах дзіцяці”. На базе гэтага цэнтра праходзяць адкрытыя пасяджэнні суда па справах непаўналетніх, якія вучацца ў сталічных школах.
Для актывістаў маладзёжных грамадскіх арганізацый працуе школа “Лідар”, у аснову работы якой пакладзены вопыт дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў гімназіі. Іх мэта — зрабіць любое традыцыйнае мерапрыемства ўнікальным. Тут, напрыклад, рэалізуецца праект дыскатэкі “Вячэрні звон”, які стаў лепшым маладзёжным праектам “100 ідэй для Беларусі” на сталічнай прасторы (аўтары — педагог-арганізатар Андрэй Аляксандравіч Баравікоў і вучань 9 класа Уладзіслаў Кабякоў). Яны знаходзяць спонсара, запрашаюць гасцей і праводзяць тэматычную вечарыну. Напрыклад, сёння будуць запрошаны дзеці з сацыяльнага прытулку Заводскага раёна і з дзіцячага інтэрната № 6 на тэматычна-інфармацыйную дыскатэку “Каляда ідзе”, дзе можна не толькі патанцаваць, адпачыць, але і даведацца, якія гурты спяваюць гэты рэпертуар.
У “Музычную гасцёўню” кожную суботу запрашае заслужаны аматарскі музычны калектыў узорнага фальклорнага ансамбля “Дударыкі”, дзе дэманструе традыцыі беларускай народнай культуры.
Экалагічны куток “Зялёная планета” аб’ядноўвае настаўнікаў біялогіі і геаграфіі і вучняў, бацькоў, каб прышкольная тэрыторыя і будынак гімназіі не проста былі добраўпарадкаваны, а кожны год мяняліся. Напрыклад, плануецца, што кожны паверх будынка гімназіі набудзе свой непаўторны кветкавы вобраз.
У “Музейнай прасторы гімназіі” дзейнічаюць музеі “Гісторыі партызанскай славы”, “Беларуская хатка”, “Народных музычных інструментаў”. Гэта не тыя музеі, дзе экспанаты “рукамі забаронена чапаць”. У сценах музея інструментаў штодзень экспанаты пераліваюцца трэлямі ў руках вучняў. На базе “Сялянскай хаткі” праводзяцца народныя абрадавыя святы: восеньскі кірмаш, калядкі, гуканне вясны, у якіх прымаюць удзел не толькі вучні, педагогі і бацькі, але нават жыхары мікрараёна. Сёлета аднаўляюцца сямейныя святы. Пакуль рыхтуюцца матэрыялы, распрацоўваюцца сцэнарыі, мамы шыюць касцюмы, а пазней на школьнай сцэне будуць ладзіцца заручыны, вяселле, радзіны, хрэсьбіны і іншыя абрады.
“Краіна ведаў” раскінулася на тэрыторыі бібліятэкі. Тут заўсёды шумна (што ўвогуле не характэрна для бібліятэкі), бо яна адначасова рэдакцыя гімназічнай газеты “На далонях” і літаратурнага альманаха “Натхненне”, дзе вучні размяшчаюць свае першыя пробы пяра, асвятляюць самыя важныя падзеі. Тут жа працуе літаратурная гасцёўня, куды два разы на месяц запрашаюцца сучасныя беларускія паэты, празаікі, мультыплікатары, мастакі — сучасная творчая эліта, якая дапамагае дзецям у нефармальнай форме набываць веды па сучасным мастацтве і літаратуры. На базе бібліятэкі працуе і творчае аб’яднанне, якое называецца “Таварыства божых каровак”. Заснавала яго вядомая дзіцячая пісьменніца Алена Масла. Дзеці праводзяць прэзентацыі ўласных вершаў, конкурс чытальнікаў вершаў, сустрэчы ў творчай гасцёўні, дзень падрыхтоўкі ілюстрацый да літаратурных твораў і шмат іншага.
Цэнтр “Алімпійцы” адкрыты на базе спартыўнага комплексу з басейнам. Тут праходзяць усе спартыўныя мерапрыемствы, у час якіх праводзяцца беларускія нацыянальныя дзіцячыя гульні. Хутка ў гэтым цэнтры будзе адноўлена самае любімае мерапрыемства гімназіі — “Новы год на вадзе”: у басейне з вады вырасце ёлка, дзеці, якія займаюцца водным пола, пагуляюць у снежкі, выканаўцы сінхроннага плавання паводзяць карагод і пакажуць святочныя нумары сінхроннага плавання. А Дзед Мароз павіншуе ўсіх прысутных з Новым годам у незвычайнай кампаніі — цара падводнага царства Нептуна і прыгажунь русалак.
“Такой спрыяльнай базы для арганізацыі выхаваўчай работы, мабыць, няма нідзе ў Мінску, — гаворыць Марыя Іванаўна. — У нас ёсць цудоўны спартыўны комплекс: дзве прасторныя спартыўныя залы і шыкоўны басейн, актавая зала, школьнае кафэ, дзе дзеці праводзяць класныя і школьныя святы. Мы прадастаўляем дзецям і іх бацькам магчымасць наведаць іх у любы час. Мы прытрымліваемся прынцыпу “лепш менш, ды лепш”, — гаворыць Марыя Іванаўна. — Каб мерапрыемства было цікавым і арганізавана на сучасным узроўні, патрабуецца два тыдні, таму, натуральна, не ўсе дзесяць пляцовак адкрыты кожную суботу, але 5-6 — абавязкова”.
Аўтар праекта зазначыла, што ўся выхаваўчая работа гімназіі — гэта не асобныя мерапрыемствы, а цэлая сістэма. Вучні прымаюць актыўны ўдзел у жыцці гімназіі, спакойна ўваходзяць у дарослае жыццё, маюць станоўчую сацыяльную адаптацыю. Яскравы прыклад гэтага ў тым, што піянерская дружына гімназіі па выніках мінулага навучальнага года прызнана лепшай у горадзе. Лепшыя вучні гімназіі штогод атрымліваюць пашпарты з рук кіраўнікоў горада. У гімназіі рэгулярна праводзяцца святочныя мерапрыемствы гарадскога і раённага ўзроўняў: гарадскі тур гульні “Родны мой горад”, спартыўныя спаборніцтвы па плаванні на прызы Аляксандры Герасімені “Залатая рыбка”, раённае свята “Дзве Русі — дзве сястры”, раённае свята прыёму ў піянеры, раённае свята “Дзень Перамогі” з віншаваннем ветэранаў, раённае свята “Велікодны куліч”. Ва ўсіх гэтых мерапрыемствах актыўны ўдзел прымаюць вучні гімназіі і іх бацькі, бо маюць магчымасць рэалізаваць сябе, раскрыць свае здольнасці і падзяліцца сваім талентам.

Святлана НІКІФАРАВА.