Што нам дождж праліўны, калі побач двухколавыя сябры

Ездзіць на веласіпедзе можна, канечне, і зімой, аднак найлепшым часам для велападарожжаў з’яўляецца лета. Хіба можна ляжаць на канапе, калі двухколавы сябар кліча цябе да зялёных лясоў і палёў, да берагоў блакітных азёр і рэк, пад высокае неба? Для ўдзельнікаў гуртка веласіпеднага турызму, што дзейнічае пры Слонімскім раённым цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму, лета і веласіпед — такія ж непадзельныя паняцці, як Парыж і Эйфелева вежа, як Мінск і Няміга, як Палессе і Прыпяць.

На спіцах — промні сонца

З пачаткам летніх канікул на беларускіх дарогах значна павялічылася колькасць велатурыстаў. На іх спацелых тварах — усмешка, у сэрцы — добры настрой, у душы — прага паходаў, на спіцах і рознакаляровых шлемах — промні сонца, а на багажніку веласіпеда — цяжкі рукзак. Куды імкнуцца аматары велападарожжаў, дзе прыхавана іх вандроўнае шчасце? Можа, сярод сцежак Белавежскай і Налібоцкай пушчаў? Можа, каля старадаўніх замкаў Гродзеншчыны? Ці ўсё ж зусім блізка, на прасторах роднай Слонімшчыны? Менавіта ў гэтых мясцінах на працягу трох гадоў шукаюць вандроўнае шчасце, а дакладней, здзяйсняюць велапаходы І і ІІ катэгорый складанасці навучэнцы Слонімскага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму.

Велахвароба

Той, хто хаця б раз пераадолеў на веласіпедзе першую сотню кіламетраў, абавязкова палюбіць рамантыку велапаходаў. Хіба ж можна забыць размеранае гудзенне колаў, хіба не захочацца вярнуць той момант, калі тваё спацелае ад шматгадзіннага падарожжа цела лашчыць лагодны вецер? Ці ёсць нешта больш смачнае за крынічную паходную ваду? А як прыемна пасля далёкай дарогі акунуцца ў прахалодную рэчку або возера! Калі чалавек захварэў на велападарожжы, ён абавязкова захоча падзяліцца часцінкай любові і радасці з іншымі людзьмі, будзе шукаць аднадумцаў, якія змогуць у любую хвіліну забыцца на штодзённы клопат, заскочыць у сядло, націснуць на педаль і адправіцца на пошукі ўсё таго ж вандроўнага шчасця.
Адзін з такіх людзей — Вячаслаў Вячаслававіч Адасік. Эканаміст па адукацыі, ён настолькі захапіўся веласіпеднымі падарожжамі, што вырашыў не толькі арганізаваць велагурток, але і стварыць дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне “Клуб веласіпеднага спорту і турызму “ВелаСлонім”. Пачалося ўсё гадоў пяць назад са звычайных велавандровак, якія Вячаслаў Вячаслававіч ладзіў разам з сынам Антонам па Слонімскім раёне з мэтай вывучэння помнікаў, усталяваных у гонар людзей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
— З часам сыну захацелася падарожнічаць вялікай кампаніяй, разам з сябрамі. Гэта і стала адной з прычын таго, што на базе раённага цэнтра быў арганізавана гурток велатурызму. Дырэктар установы Віталій Іванавіч Міцкевіч дапамог мне скончыць спецыяльныя курсы ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы і атрымаць спецыяльнасць педагога дадатковай адукацыі. Так у Слоніме пачаў дзейнічаць гурток велатурызму, якім я кірую ўжо тры гады. Наш першы катэгарыйны паход, прычым І катэгорыі складанасці, праходзіў па запаветных сцежках Белавежскай пушчы ў 2012 годзе, а вынікі паходу былі прадстаўлены на конкурс “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў намінацыі “Веласіпедныя паходы”. У вобласці мы занялі першае месца, а на рэспубліцы — чацвёртае, — расказвае Вячаслаў Вячаслававіч.

Захочацца яшчэ

Велападарожжа, як спакуса: паспрабаваў адзін раз — захочацца яшчэ, прычым больш, а потым яшчэ і яшчэ… Праехаў 100 кіламетраў — захочацца 150, праехаў 150 — захочацца і ўсе 300, а там і да тысячы рукой падаць. Прыкладна так можна ахарактарызаваць дзейнасць слонімскага велагуртка. Напрыклад, пасля першага 320-кіламетровага паходу па Белавежскай пушчы выхаванцы Вячаслава Вячаслававіча адправіліся з ім у падарожжа працягласцю 465 кіламетраў па замках Гродзеншчыны. Ладзілася вандроўка ў мінулым годзе з 6 па 13 жніўня і пралягала праз Слонім, Моўчадзь, Валеўку, Навагрудак, Бярозаўку, Ліду, Геранёны, Жамыслаў, Гальшаны, Крэва, Іўе, Наваельню, Казлоўшчыну.
Паход стаў своеасаблівым падвядзеннем вынікаў тэарэтычных і практычных заняткаў, якія праводзіліся з гурткоўцамі на працягу года па спецыяльнай праграме “Веласіпедны турызм”. Удзел у паходзе садзейнічаў асваенню і ўдасканаленню навучэнцамі тэхнікі і тактыкі руху на веласіпедах, пераадоленню перашкод, арганізацыі турыстычнага побыту, прывалаў і начлегаў, даўрачэбнай медыцынскай дапамогі. Прадугледжвалася яшчэ знаёмства з Навагрудскім, Лідскім, Крэўскім, Гальшанскім і Геранёнскім замкамі, цэрквамі, касцёламі, былымі панскімі сядзібамі.
— У спартыўным плане для навічкоў гэты маршрут даволі складаны. Усё ж такі праехаць амаль паўтысячы кіламетраў за 8 дзён — справа няпростая. Аднак, каб дзеці не стаміліся, галоўнае прытрымлівацца пэўнай тактыкі. Мы ехалі спакойна, акуратна, разглядаючы навакольнае асяроддзе, робячы прыпынкі. Хвілін 40—45 язды, потым хвілін 10—15 адпачынку. Так за адзін дзець пераадольвалі 60 кіламетраў. Хапала часу і на ежу, і на адпачынак, і на купанне, і на загаранне, і на фатаграфаванне, і на гульні. Дарэчы, гульні ў велапаходзе з дзіцячай групай абавязковыя. Без іх нават самы цікавы паход можа надакучыць юным турыстам ужо на другі дзень. Асабліва гэта тычыцца малодшых школьнікаў, — дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі Вячаслаў Вячаслававіч.
У групе нашага суразмоўніка такіх выпадкаў не здаралася. Усё ж такі Вячаслаў Вячаслававіч — педагог па прызванні. І пацвярджае гэта той факт, што педагагічную спецыяльнасць ён атрымаў ужо ў сталым узросце, пайшоў такім чынам па прафесійным шляху сваёй жонкі, настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 1 Слоніма Таццяны Міхайлаўны Адасік, а па сумяшчальніцтве пастаяннага намесніка кіраўніка турыстычнай велагрупы. Пасля пераадолення чарговага маршруту душа юных слонімскіх веласіпедыстаў прагне новых падарожжаў. Зусім хутка яны зноў адправяцца ў Белавежскую пушчу, праўда, па іншым маршруце. Але вернемся да замкаў Гродзеншчыны. Наколькі захапляльным, з асаблівай атмасферай і настроем, было гэтае падарожжа, можна меркаваць па фотаздымках.
Сваім калегам, якія вырашаць разам з вучнямі адправіцца ў такое падарожжа, педагог раіць строга прытрымлівацца прыродаахоўнага кодэкса турыста і падарожніка, абавязкова знаходзіць час на вывучэнне адметных мясцін, праз якія прахадзіць маршрут. Не трэба забываць і пра магчымасць рэзкага пагаршэння надвор’я, прытрымлівацца правіл паводзін у навальніцу. Карыстацца падчас паходу старымі кастрышчамі, дровы на раніцу рыхтаваць звечара, крупы замочваць на ноч у вадзе, своечасова набываць прадукты харчавання. Нельга забываць, што шматдзённае веласіпеднае падарожжа, нягледзячы на ўсю яго рамантыку, — нялёгкая справа. Тут патрэбна добрая фізічная загартоўка, уменне спраўна кіраваць веласіпедам. Асабліва такія навыкі спатрэбяцца на крутых працяглых спусках (напрыклад, на тэрыторыі Навагрудскага раёна), а таксама падчас пераадолення лясных дарог, на якіх хапае і лужын, і гразі, і пяску. Выкананне гэтых простых правіл з’яўляецца залогам паспяховасці паходу.
Яшчэ, на думку Вячаслава Вячаслававіча, важна правільна выбраць веласіпед. У першую чаргу трэба звяртаць увагу на якасць навяснога абсталявання. Калі ёсць фінансавыя магчымасці, то, канечне, лепш набываць дарагія веласіпеды. Дарослым важна памятаць, што навучэнцу найбольш зручна падарожнічаць на веласіпедзе з лёгкай алюмініевай рамай.

Уначы, па балоце

Велападарожжа або велапаход — гэта традыцыйныя формы правядзення летніх канікул велатурыстамі. Апошнім часам знаходзіць сваіх прыхільнікаў і веламарафон. Самым папулярным, цікавым і прэстыжным у нашай краіне лічыцца веламарафон па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Арганізатарам гэтых захапляльных міжнародных спаборніцтваў з’яўляецца Федэрацыя прыгодніцкіх гонак. Пастаяннымі ўдзельнікамі веламарафону з’яўляюцца і выхаванцы Вячаслава Вячаслававіча.
— У гэтым годзе веламарафон меў фармат веласіпеднага, бегавога, воднага (байдаркі) і мультыспартыўнага мерапрыемства. Мы ўдзельнічаем у веласіпедным марафоне. Яго асаблівасць заключаецца ў тым, што для праходжання маршруту даецца 24 гадзіны. Пры гэтым кожны ўдзельнік можа выбраць маршрут у адпаведнасці са сваімі фізічнымі магчымасцямі: ад 40 да 200 кіламетраў. Сёлета мы замахнуліся на поўны маршрут. Пераадолелі яго за 22 гадзіны і ў выніку занялі ганаровае 2 месца. Маршрут праводзіцца па лясных дарогах, даводзіцца перасякаць уброд невялікія рэчкі. Асабліва памятным стала пераадоленне балота. Адбывалася гэта прыкладна ў гадзіну ночы, калі нам даводзілася літаральна скакаць па купінах з фанарыкам і веласіпедам. Аднак самымі складанымі адрэзкамі веламарафону былі ўчасткі асушанага балота, бо ўлетку тут стаіць спёка, як у Сахары, — расказвае Вячаслаў Вячаслававіч.

Добрая нагода

З кожным годам у нашай краіне павялічваецца колькасць прыхільнікаў велападарожжаў. Прычын тут некалькі. Некаторыя набываюць веласіпед, кіруючыся модай, іншыя становяцца ўладальнікамі байкаў “за кампанію”, аднак пераважная большасць сучасных велааматараў заводзіць двухколавых сяброў толькі з адной мэтай: адпачыць ад паўсядзённай гарадской мітусні, аўтамабільнага гулу, падыхаць свежым паветрам, падставіць сваё спацелае цела лагоднаму ветру і ўмацаваць здароўе. Хіба гэта не добрая нагода, каб пасябраваць з веласіпедам? Хіба не гэтага мы чакаем ад летняга адпачынку?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота з архіва Вячаслава АДАСІКА.