Ці можаце вы, паважаныя педагогі, успомніць, калі апошні раз адкручвалі баначкі з гуашшу і бралі ў руку пэндзаль? Спытаецеся, навошта гэта вам — матэматыкам, фізікам, філолагам? Так, часам бывае складана знайсці час, каб перадыхнуць, не кажучы ўжо пра творчасць. Такога ж меркавання прытрымлівалася і я, пакуль выпадкова не даведалася пра так званае правапаўшарнае маляванне, якое стала неверагодна папулярным ва ўсім свеце. Што гэта за методыка такая, якая прымушае ўсіх, хто пра яе даведваецца, станавіцца яе прыхільнікам? Падліла масла ў агонь маёй цікаўнасці і мая знаёмая, настаўніца адной са школ, калі, перабіваючы ад эмоцый саму сябе, узахлёб дзялілася ўражаннямі ўжо пасля першых заняткаў па гэтай тэхналогіі.
Смелыя абяцанні
Сусветная павуціна на мой запыт пра паўшарнае маляванне дала больш за паўсотні тысяч адказаў. Гэты метад ўзнік зусім нядаўна дзякуючы амерыканскай выкладчыцы выяўленчага мастацтва доктару навук Бэці Эдвардс. У яго аснове — прынцып работы паўшар’яў мозга, адкрыты псіхабіёлагам Роджэрам Уолкатам Сперы, які атрымаў за свае дасягненні ў галіне работы галаўнога мозга ў 1981 годзе Нобелеўскую прэмію. Левае, вядучае, адказвае за лагічныя сувязі, крытыку, правілы і стэрэатыпы. Правае ж паўшар’е адказвае за творчыя здольнасці, дазваляе мысліць вобразна, лёгка і хутка знаходзіць выйсце з самай складанай сітуацыі, думаць крэатыўна. І Бэці Эдвардс змагла стварыць тэхналогію, якая літаральна за адзін дзень, за некалькі гадзін можа навучыць чалавека, незалежна ад узросту і прафесіі, адкрываць у сабе гэтыя магчымасці.
Пацікавілася я і водгукамі тых, хто ўжо пабыў на занятках, — суцэльнае захапленне. Ды ці можа такое быць? Можа, справа ў нейкім масавым гіпнозе? Можа, і назва такая нездарма? Пакінуць гэтыя пытанні без адказаў я ўжо не магла. Узяўшы кантакты школы правапаўшарнага малявання (аказалася, яна адзіная ў Беларусі), вырашыла адправіцца па адказы прама на заняткі. Так сказаць, выпрабаваць на сабе.
На выкрыццё — з фарбамі
Выбіраючы ў краме гуаш, я цішком прадчувала, што змагу вывесці сваіх выкладчыкаў на чыстую ваду: з маімі мастацкімі задаткамі, а дакладней, з поўнай іх адсутнасцю, гэта зрабіць вельмі лёгка. Мае бацькі ніколі не захоўвалі мае дзіцячыя малюнкі, бо тыя, якія былі вынікам уласна маёй працы, можна было захоўваць хіба толькі дзеля жарту: настолькі недарэчнымі яны былі. А астатнія, якія трэба было прад’яўляць настаўніцы, для мяне маляваў старэйшы брат. І так, амаль варожа настроеная, я прыйшла на выкрыццё.
Прыйшла загадзя, таму паспела пазнаёміцца і са сваімі суседкамі — Аксанай і Ганнай, выкладчыцамі псіхалогіі з БДУ. Як аказалася, яны таксама прыйшлі пасля найлепшых рэкамендацый пра школу малявання ад іх агульнай сяброўкі, якая закончыла ўжо поўны курс. Аксана Кутковіч выкладае ў БДУ псіхалогію ўжо 12 гадоў, акрамя таго, яна псіхолаг-практык, аўтар дзясяткаў публікацый у галіне сацыяльнай і практычнай псіхалогіі. І яе заўсёды цікавяць новыя тэхналогіі, якія могуць быць карыснымі для працы. Асабліва якія тычацца арт-тэрапіі.
Да нашай кампаніі далучыліся яшчэ шэсць жанчын. Самая маладая — студэнтка, самая дарослая, жанчына гадоў пяцідзесяці, працуе пры храме. Усе размясціліся за авальным сталом. Пачалі з простых практыкаванняў — намаляваць сваё імя вобразам, колеравай плямай. Гэта проста. Няхай толькі хто пакрытыкуе — гэта маё бачанне. Потым трэба было намаляваць свае эмоцыі. Начарціўшы “вострую цікаўнасць”, я выказала творча свой настрой. Няхай кардыяграмы “кахання” і віхры “задаволенасці” захапляюць маіх суседак па аркушы.
А потым прапанавалі маляваць пад дыктоўку: загрунтуйце белай фарбай аркуш, нанясіце тоўстым пэндзлем плямы — зялёныя і жоўтыя, а потым абмакніце яго ў белую фарбу і замалюйце ўвесь аркуш. Гэта ўмею (памятаюць, мабыць, мае паўшар’і, як у дзяцінстве, я са слязьмі ад бездапаможнасці, пераўтварала шчацінне пэндзля ў мачалку, бязлітасна, ажно рвучы аркуш, хаваючы пад фарбай ад сябе самой свой “талент”). Што атрымалася, апісаць складана, але трэнер Алена ўсё ж знайшла ў маім малюнку і глыбіню, і чысціню колераў. Знайшліся словы для шэдэўраў і маіх калег. Потым папрасілі намаляваць дрэва і нават паказалі, як. Ну, гэта проста: сорамна было ўжо не вывесці карычневую сагнутую лінію. Сагнула. Потым рабіла ўсё тое, што дыктавалі: ставіла плямы, дадавала глыбіні колерам, складанасці, пырскала фарбамі так старанна, што ажно дапамагла суседкам (нас жа не папярэдзілі, што ўсё добра ў меру). І тут папрасілі перадаць нашы малюнкі для міні-галерэі. І толькі калі маё недарэчнае так званае дрэва аказалася ў рамцы, я ўбачыла, што яно, нягледзячы на маю стараннасць усё сапсаваць (прызнаюся), сапраўды нагадвае дрэва. Ды і ў іншых дрэвы як дрэвы. Тут ужо стала закрадвацца думка, спакваля, баючыся: а можа, я сапраўды нейкім цудам навучуся маляваць? Паспрабую праверыць. Пачынаем зноў тварыць. На гэты раз дыктавалі толькі “загаловак”: загрунтуйце, зрабіце плямы (нават колер не падказалі), замалюйце белай фарбай, намалюйце тое, што просіцца на гэты фон. На мой — папрасіўся чарот, толькі для гэтага трэба было “замяшаць” балота — надта ж у мяне была яркая зялёная фарба. Алена падказала: цямнейшым зялёны зробіць кропелька карычневай. Зноў той жа фокус з рамкай — і разумею, што дарма так варожа настройвалася. Ні табе гіпнозу, ні салодкіх кампліментаў. Канечне, мастацкімі мае творчыя спробы пэндзля назваць нельга, але словы тых, хто быў побач, усяляюць надзею, што не так ужо ўсё безнадзейна (словы Алены не лічацца — яна ж трэнер, выкладчык). Хаця ў некаторых выходзілі сапраўдныя шэдэўры. Не паспела ўявіць наступную сваю карціну, чую, што дзве гадзіны заняткаў сыходзяць — ужо амаль дзесяць гадзін вечара (не заўважыла — выключыла ж левае паўшар’е). Ну няхай, дома намалюю. Як дома? Сама? Намалюю?
І малявала да паўночы, беручы новыя і новыя аркушы. Спынілася, толькі калі белая гуаш скончылася (трэба будзе купіць яшчэ).
У пошуках выключанай логікі
Раніцай паспрабавала вярнуць сабе логіку і зразумець, у чым жа быў фокус. Патэлефанавала згаданай вышэй Аксане, пацікавілася яе ўражаннямі (сама нават не паспявала сачыць за поспехамі іншых на занятках).
— Галоўнае, што чалавек, які не мае спецыяльнай мастацкай адукацыі, можа прыйсці і творча развівацца, — гаворыць яна. — Тут не даюць акадэмічнага разумення жывапісу, не трэба ведаць, што такое перспектыва, гарызонт і як яны будуюцца. Тэхнікі простыя, няма крытыкі. Менавіта таму кожны з трэнінгу пайшоў дадому шчаслівым, упэўненым у тым, што калі ёсць жаданне — і талент знойдзецца. А гэта, на маю думку, дарагога варта. Школьная сістэма творчага выражэння вельмі рэзка ставіць межы. Ва ўсялякім выпадку, тыя, каму за трыццаць, некалі пачулі шмат крытыкі ў адрас сваіх творчых работ. У нашым дзяцінстве не віталася сіняя трава, чалавека трэба было маляваць у пэўных прапорцыях. А тут не трэба кіравацца логікай, задаваць сабе пытанні: ці так? Ці правільна?
Канечне, пробныя заняткі — не паказчык. Ды і Аксана, хоць і псіхолаг, была толькі на іх. Мая знаёмая настаўніца таксама была толькі адзін раз — працягваць навучанне мы будзем разам з наступнага месяца. Абгрунтавана патлумачыць той, хто ўжо скончыў поўны курс. Суразмоўніцай выбіраю сяброўку Аксаны, якая і параіла ёй пазнаёміцца з гэтай тэхналогіяй — Алену Фралову. Яна мае дзве адукацыі — філалагічную і псіхалагічную. Працавала педагогам-псіхолагам у сталічнай школе, а зараз працуе не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі.
Тлумачыць псіхолаг
— У дзяцінстве мяне вадзілі на ўсялякія мастацкія гурткі, спрабуючы адкрыць у мне талент мастака, — гаворыць Алена Яўгенаўна. — Але гэта ніяк не атрымлівалася, нават урокі малявання ў школе з-за гэтага я не любіла — занадта незразумелай для мяне была гэтая навука. Мой тата, інжынер па адукацыі, вельмі добра маляваў, асабліва ўдаваліся алейныя палотны. Але навучыць ён не мог — у лепшым выпадку прапаноўваў мне сядзець побач і глядзець, як ён гэта робіць. Не магла і мая бабуля: яна не ўмела нават чытаць, а малявала шыкоўна.
Першыя спробы пасябраваць з жывапісам я зрабіла, ужо калі працавала у школе псіхолагам і сур’ёзна захапілася псіхалогіяй творчасці. Распрацавала трэнінг творчага росту па развіцці цэнтраў правага паўшар’я і па ім напісала праграму. Толькі пасля гэтага даведалася пра гэтую школу, дзе, адчуўшы роднасць інтарэсаў, прайшла адразу некалькі курсаў.
Правапаўшарнае маляванне — гэта цудоўная магчымасць не толькі навучыцца маляваць, але і падмануць усе псіхалагічныя абароны, падавіць увесь той страх, які ўзнікае, калі ты бярэшся за новую для сябе справу. Акрамя таго, гэта цудоўны прыём арт-тэрапіі. Ты адкрываеш унутры сябе і выпускаеш дзіця, для якога натуральна тварыць. І гэта прыносіць задавальненне.
Ёсць такі тэст, які вызначае інтэлектуальнае развіццё, — малюнак чалавека. Да трох гадоў дзеці малююць кружочкі, у тры — прымалёўваюць ножкі-ручкі. У сем гадоў дзеці намалююць авальнае тулава, шыю, пальцы на руках і іншыя дэталі. І ўсе гэтыя малюнкі будуць нерэалістычнымі. З гэтага ўзросту да 13—14 гадоў дзеці намагаюцца маляваць рэалістычна, што сведчыць пра новы віток у развіцці ўспрымання. І калі ў іх гэта не атрымліваецца, яны кідаюць жывапіс. І ў выніку ўзровень выяўленчага мастацтва ўсё жыццё застаецца на ўзроўні сямі гадоў.
У чым жа сакрэт поспеху гэтай тэхналогіі? Што дазваляе дарослым людзям павышаць гэты ўзровень? Сакрэт у тых практыкаваннях, якія выкарыстоўваюць трэнеры. Самае першае з іх — пераключэнне мыслення. У нас асобна мысляць правае і левае паўшар’і, яны ўспрымаюць рэчаіснасць амаль незалежна. І задача трэнера — настроіць на вобразнасць, адчуванне і бачанне прасторы. Каб гэта зразумець, возьмем за прыклад стэрэакарцінкі. Вы бачыце плямы, кропкі, бессэнсоўныя ўзоры ці мячыкі, а як толькі пастараецеся расфакусіраваць вока, вы сапраўды ўбачыце ў іх аб’ём. Тыя ж мячыкі быццам вісяць у прасторы — ад малюнка да вачэй, хочацца нават крануць іх рукой. І гэты момант — успрыняцця аб’ёму, які часта суправаджаецца лёгкім галавакружэннем, і сведчыць пра пераключэнне на правае паўшар’е. Вы можаце рухаць вачыма і не страчваць глыбіню малюнка. Гэта стан расслабленасці і сканцэнтраванасці.
На адным з трэнінгаў нас вучылі маляваць такія малюнкі. І не было калі супраціўляцца, разважаць, што ты можаш, а што — не. Чалавек перастае адчуваць страх, перастае аналізаваць, выключае ўнутраны дыялог з сабой. І ён проста бярэ і робіць. Левае паўшар’е “скажа”: “Ты намаляваў крыва, няправільна размясціў”, а правае інтуітыўна, падсвядома будзе накіроўваць вас. Гэта немагчыма без даверу да настаўніка, а ён фарміруецца дзякуючы таму, што складанасць малюнка з кожным разам нарастае. І калі трэба будзе асвоіць больш складаныя прыёмы, маляванне алоўкам, вугалем, алеем ты ўпэўнены, што атрымаецца, як атрымалася і ўчора. Гэта як катацца на веласіпедзе. Ты сеў, праехаў першыя метры сёння і ведаеш, што заўтра навучышся ездзіць не трымаючы руль, адпусціўшы педалі ці робячы больш складаныя трукі.
Гэта цудоўна — паверыць у сябе, а гэта ўжо паўплывае на ўсё жыццё. Ты некалі баяўся алоўка ці фарбаў, а тут з 12 заняткаў запар ты выходзіш з уласнымі шэдэўрамі. Наўрад ці ўспомніш тыя эмоцыі, калі перажываў на ўроках малявання ў дзяцінстве, а свежыя ўражанні з нядаўніх заняткаў лёгка пераносяцца ў аўдыторыю, дзе вучыць дзяцей ці сам будзеш вывучаць замежныя мовы, у аўтамабіль, якім ты будзеш вучыцца кіраваць… І гэтая вера — самае каштоўнае.
Святлана НІКІФАРАВА.
Малюнкі аўтара, фота з архіва школы малявання “Усе Малевічы”.