Бездакорны ў службе і служэнні

15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. А праз некалькі дзён краіна адзначыць Дзень абаронцаў Айчыны. У сярэдняй школе № 14 Маладзечна Мінскай вобласці ёсць каго віншаваць з гэтымі святамі. Тут працуе воін-інтэрнацыяналіст, які ў 22-гадовым узросце ваяваў у Афганістане.

Ігар Ігнацьевіч Арабей нарадзіўся ў Карэліі, дзе стварылі сям’ю яго бацькі-беларусы. Праз 10 гадоў пераехалі ў Гродзенскую вобласць. Калі Ігар скончыў 8 класаў, бацькі прапанавалі паступіць у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. 15-гадовы хлопчык згадзіўся і, паспяхова здаўшы ўступныя экзамены, стаў сувораўцам, пасля вучыўся ў Адэскім вышэйшым артылерыйскім камандным ордэна Леніна вучылішча імя М.В.Фрунзэ і вучобу ў ім завяршыў з чырвоным дыпломам. Падчас спакойнай службы ў Львове прыйшла разнарадка, згодна з якой малады лейтэнант быў адпраўлены ў Афганістан, у горад Паўночны Кундуз, і назначаны камандзірам агнявога ўзвода на заставу.
“Мы не дзяліліся на беларусаў, рускіх, узбекаў, таджыкаў, — успамінае Ігар Ігнацьевіч. — Жылі адной сям’ёй: ваявалі разам, харчаваліся разам, спалі разам і жыццё маглі страціць таксама разам”. Узвод колькасцю 24 чалавекі нёс адказнасць за пляцоўку даўжынёй 11 кіламетраў ад Паўднёвага да Паўночнага Кундуза. Небяспечная і цяжкая служба доўжылася год. А потым у адзін з баёў яго параніла. Чатырохразова. З трыма кулявымі і адным асколачным раненнямі лейтэнант трапіў у шпіталь, дзе правёў амаль год. Пасля гэтага бою Ігара Арабея ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Калі мужчына крыху падправіў здароўе, яго накіравалі на нестраявую пасаду ў Карэліцкі ваенкамат Гродзенскай вобласці, потым 7 гадоў служыў ваенным камісарам у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці, а ў апошнія гады службы — у Маладзечанскім раёне. У 38 гадоў Ігару Ігнацьевічу было прысвоена высокае званне палкоўніка, а праз некаторы час ён выйшаў у запас на пенсію.
З 2003 года ён працуе ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна, вядзе тут актыўную грамадскую дзейнасць. Ён загадчык школьнага музея памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў (дарэчы, стварэннем музея займаўся ён сам), адначасова настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі, настаўнік АБЖ, кіраўнік клуба юных ратавальнікаў-пажарных і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах групы “Пошук”. Група “Пошук”, арганізаваная педагогам, праводзіць экскурсіі для наведвальнікаў музея, актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, прысвечаных памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, і нават даглядае магілы тых, хто ваяваў у Афганістане. “Яшчэ мы чытаем ваенныя лісты салдат сваім родным, сустракаемся з іх блізкімі, — расказвае Ігар Ігнацьевіч. — Праз спачуванне і перажыванне я стараюся закласці ў свядомасць дзяцей, што самае важнае на свеце — мір. Падчас вайны было, вядома, страшна, але я павінен быў паказваць прыклад для салдат, таму што я — прафесійны ваенны. Так і з дзецьмі. Трэба паказваць прыклад, быць годным чалавекам. За тваімі словамі павінна стаяць справа”.
Акрамя насычанага школьнага жыцця, Ігар Ігнацьевіч займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю: з’яўляецца старшынёй Савета Маладзечанскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, членам Савета Маладзечанскай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў ”, ганаровым членам Савета Маладзечанскай ДТСААФ, а таксама членам Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Ігар Ігнацьевіч Арабей мае мноства дзяржаўных узнагарод. Каб агучыць іх поўны спіс, спатрэбіцца нямала часу. Варта сказаць, што сярод іх ёсць медаль “Ад удзячнага афганскага народа”, а таксама медалі за бездакорную службу.
Гледзячы на тое, як Ігар Ігнацьевіч лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі, як стараецца выхаваць іх патрыётамі, як шмат робіць для захавання памяці аб воінах-інтэрнацыяналістах, хочацца сказаць яму вялікі дзякуй, а яшчэ абавязкова павіншаваць гэтага сапраўднага мужчыну з надыходзячым святам!

Алеся УШАКОВА.