З 12 па 18 мая жыццё Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” праходзіла пад знакам тэхнічнай творчасці, інавацый і адкрыццяў. Нарачанскі край прымаў удзельнікаў 5-га, юбілейнага, конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя”. Па традыцыі арганізатарамі конкурсу выступілі Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, а непасрэднымі выканальнікамі — Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Федэральны цэнтр тэхнічнай творчасці навучэнцаў.
Урачыстае мерапрыемства
Нават самыя старыя меднастволыя сосны не памятаюць, калі апошні раз па хвалях Нарачы праплывалі ваенныя караблі. Рыбацкія чаўны і белыя паруснікі тут ходзяць спакон вякоў, сучасныя “маторкі” наогул кожны дзень парушаюць спакой возера. А вось каб ваенныя караблі з артылерыйскім узбраеннем на борце — такога Нарач не бачыла, напэўна, з часоў Першай сусветнай вайны, калі ў гэтым краі праводзілася знакамітая Нарачанская наступальная аперацыя. Так што вечарам 13 мая на беразе возера адбылася без перабольшання гістарычная падзея: на ваду быў урачыста спушчаны вялікі паляўнічы праекта 122-біс.
Невялікае ўдакладненне: на ваду быў спушчаны не сам карабель, а яго макет, створаны навучэнцам Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Дзмітрыем Леўчанкам. Хоць спуск карабля на ваду — захапляльнае мерапрыемства, аднак прысутнічалі на ім толькі тры чалавекі: сам аўтар праекта, яго сябар па камандзе Арцемій Плахоцкі, а таксама супрацоўнік “Настаўніцкай газеты”, які выпадкова стаў сведкам гэтай падзеі. З Дзмітрыем Леўчанкам мы яшчэ абавязкова сустрэнемся на секцыі “Тэхнічнае мадэляванне”, а пакуль што адправімся на куды больш урачыстае мерапрыемства. Яркае маштабнае адкрыццё конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” прайшло 13 мая і складалася з дзвюх частак: святочнага шэсця канкурсантаў ад стадыёна да вучэбнага корпуса і канцэртнай праграмы на сцэне вялікай актавай залы.
Словы падтрымкі
Арганізатары конкурсу і кіраўніцтва НДЦ “Зубраня” зрабілі ўсё магчымае, каб на працягу некалькіх дзён 274 навучэнцы з 23 каманд Беларусі і Расіі не толькі выдатна прадставілі свае творчыя распрацоўкі і дасягненні, але і цудоўна адпачылі, знайшлі новых сяброў, таму нядзіўна, што мэты і задачы конкурсу былі паспяхова дасягнуты. Маляўнічасць сасновага бору, плёскат нарачанскіх хваль выдатна спрыялі далучэнню моладзі да актыўных заняткаў навукова-тэхнічнай творчасцю, вывучэнню, абагульненню і прапагандзе перадавога вопыту, фарміраванню ў навучэнцаў імкнення памножыць дасягненні дзяржаў праз асабістыя поспехі.
Па словах дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Аляксеевіча Рапоты, конкурс сабраў таленавітых маладых людзей, якія падымаюцца да вяршынь ведаў і рэалізоўваюць самыя смелыя, фантастычныя ідэі ў рэальна дзеючыя праекты і мадэлі. У канкурсантаў ёсць унікальная магчымасць сустрэцца са знакамітымі навукоўцамі нашых краін, паказаць свой творчы патэнцыял, чарговы раз асэнсаваць і зверыць свае жыццёвыя пазіцыі, пераканацца, што нават самыя таленавітыя дасягаюць поспеху, толькі дзякуючы настойлівасці і карпатлівай працы. Удзел у конкурсе стане для юных тэхнікаў яшчэ адным крокам у прафесійным выбары.
— Вам, маладым і таленавітым, у будучыні пакараць новыя вяршыні ведаў, рабіць навуковыя адкрыцці, садзейнічаць развіццю і росквіту нашых краін. Конкурс з’яўляецца яркім прыкладам творчага дыялогу моладзі і навукоўцаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, які не толькі дае магчымасць юным талентам зрабіць крок насустрач адно аднаму, але і ўносіць канкрэтны ўклад у фарміраванне адзінай адукацыйнай прасторы нашых дзяржаў. За гады існавання конкурс стаў брэндам сярод мноства праектаў Саюзнай дзяржавы. Упэўнены, што і ў гэтым годзе ён дасць унікальную магчымасць усім удзельнікам паказаць свае распрацоўкі, а інфармацыйныя і адукацыйныя рэсурсы Саюзнай дзяржавы дапамогуць шырокаму грамадскаму прызнанню талентаў, — адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі Беларусі Ігар Васільевіч Карпенка.
Прывітанні юным тэхнікам дасылаліся не толькі са сцэны, з Зямлі, але і з космасу. “Радуе тое, што моладзь са школьнай парты прапаноўвае ідэі, праводзіць доследы, вынаходзіць, дэманструе дасягненні. Палёт у космас больш не здзіўляе, аднак у Сусвеце яшчэ шмат загадак. Можа, нехта з вас адправіцца пакараць касмічныя прасторы, а нехта адкрые новую планету або разгадае адну з таямніц Сусвету. Кожны з вас можа дасягнуць высокіх вынікаў, наблізіцца да сваёй мары пры ўмове, што вы будзеце не пакладаючы рук працаваць, набываць глыбокія сістэмныя веды”, — такім было відэапрывітанне да канкурсантаў ад бортінжынера 51-й экспедыцыі на Міжнародную касмічную станцыю Алега Навіцкага.
Таямніцы Сусвету
Невядома, ці стане бортінжынерам Міжнароднай касмічнай станцыі навучэнка магілёўскага ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандра Нялюбіна, ці адкрые яна новую планету, аднак некалькі таямніц Сусвету ўдзельніца секцыі “Астраномія і касманаўтыка” ўжо раскрыла, дзякуючы працы над абагульненым законам Тыцыуса — Бодэ як законам квантавання планетарных арбіт. Паглыбленае вывучэнне закона дазволіла Аляксандры лепш зразумець працэсы, якія адбываліся пры фарміраванні планетарных сістэм жоўтых карлікаў і іншых зорак невялікіх памераў.
Падчас працы над конкурсным праектам дзяўчына паставіла перад сабой мэту абагульніць правіла Тыцыуса — Бодэ на іншыя планетарныя і падобныя да іх сістэмы, на аснове атрыманага абагульненага правіла атрымаць формулы для вызначэння нумароў планет, якія знаходзяцца ў зоне заселенасці, атрымаць формулы для вылічэння ўдзельнай энергіі, неабходнай для пераводу планет у зоны заселенасці. У якасці задач — вывучыць існуючыя касмаганічныя гіпотэзы, удакладніць значэнне каэфіцыентаў у формуле Тыцыуса — Бодэ для планет Сонечнай сістэмы, выкарыстаць правіла Тыцыуса — Бодэ для сістэм спадарожнікавых газавых гігантаў Сонечнай сістэмы. У працэсе даследавання была выведзена формула ўдзельнай энергіі n-й планеты ў залежнасці ад нумара яе арбіты. Акрамя таго, атрымана формула для разліку нумароў планет, якія ўваходзяць у зону заселенасці планетарнай сістэмы.
Творчасць і практычнасць
На працягу шасці дзён нарачанскі бор слухаў мову тэхнікі і навукі. Што ж, паслухаем і мы юных тэхнікаў, якія падчас работы секцый абаранялі творчыя праекты. У сваім дакладзе кожны выступоўца павінен быў як мага больш якасна і канкрэтна паведаміць пра сутнасць прадстаўленай распрацоўкі, яе актуальнасць і практычную значнасць, арыгінальнасць, прадэманстраваць работу макета або канструкцыі, акрамя таго, змястоўна адказаць на дадатковыя пытанні. Менавіта па гэтых крытэрыях журы ацэньвала конкурсныя работы.
Многія ўстройствы, прадстаўленыя ў секцыі “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”, цалкам адпавядалі ўмовам конкурсу і былі паспяхова абаронены, таму журы чакала нялёгкая справа па вызначэнні прызёраў. Конкурсныя праекты — гэта спалучэнне творчасці з практычнасцю, што яскрава пацвердзіў навучэнец гімназіі № 1 Барысава Вадзім Машніцкі, прадстаўляючы велакамп’ютар з пашыранымі магчымасцямі. Па выніках конкурсу за сваю распрацоўку юны барысаўскі тэхнік атрымаў дыплом ІІІ ступені.
— Веласіпедны транспарт з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. Аднойчы падчас велапрагулкі я задумаўся, з якой хуткасцю і паскарэннем рухаюся, якую пераадолеў адлегласць. Таксама ўзнікла неабходнасць стварэння цэнтралізаванага асвятлення на веласіпедзе. Адным словам, спатрэбіўся велакамп’ютар. Заўважыў, што прапановы, якія ёсць на рынку, маюць абмежаваны функцыянал або высокі кошт, таму вырашыў стварыць асабісты велакамп’ютар, які быў бы пазбаўлены гэтых недахопаў, — паведаміў Вадзім.
Вучань паставіў перад сабой мэту стварыць прыстасаванне, якое б мела кампактны памер, лёгка прымацоўвалася да веласіпеда, магло вымяраць хуткасць, паскарэнне, пройдзеную адлегласць, сярэднюю хуткасць, кіраваць асвятленнем веласіпеда і вымаўляць хуткасць пры дапамозе голасу, каб веласіпедыст мог не адцягваць увагу на дысплэй прыстасавання. Для гэтага Вадзім Машніцкі вывучаў залежнасць характарыстык руху веласіпеда ад перыяду абароту яго кола, вывучаў мову праграмавання С++, ствараў у ёй праграмы для мікрапрацэсара, правёў выпрабаванне прыбора. Выраб прыстасавання складаўся з некалькіх этапаў. Першы — гэта стварэнне канцэпцыі. Далей — макетаванне, напісанне кода праграмы. Потым — этап стварэння прататыпа прыстасавання. Апошні этап — распрацоўка фінальнай версіі велакамп’ютара.
— У велакамп’ютара ёсць раздым для падключэння шыны для кіравання асвятленнем, ёсць выключальнік, раздым для падключэння датчыкаў абаротаў кола. На коле замацаваны магніт, і пры кожным абароце спрацоўвае геркон. Такім чынам вылічваецца перыяд абароту кола. Ведаючы дыяметр кола, вылічваецца хуткасць. Нічога складанага. Такім жа чынам падлічваецца паскарэнне і па колькасці замыканняў — пройдзеная адлегласць. Хібнасць падлікаў складае 3—4 працэнты. Кіраванне асвятленнем адбываецца пры дапамозе спецыяльнай шыны. Сам прыбор адпраўляе па шыне сігнал мікрапрацэсарам, якія знаходзяцца ў асвятляльных прыборах, а ўжо гэтыя працэсары самі кіруюць асвятленнем. Напрыклад, мы адпраўляем каманду на рэжым міргання з пэўным інтэрвалам. Такім чынам можна падключаць вялікую колькасць асвятляльных прыбораў. Час аўтаномнай работы велакамп’ютара складае прыкладна суткі — паўтара, — паведаміў вучань.
Вадзім Машніцкі плануе стварыць фінальную версію прыстасавання з яшчэ больш прэзентабельным знешнім выглядам і кампактным корпусам, а таксама зрабіць магчымай сувязь прыстасавання з дадаткам на смартфоне.
Нядрэнная ідэя
Веласіпед — гэта не толькі прыстасаванне для перамяшчэння, гэта і здароўе, і добры настрой, і маладосць, і прыгажосць. Таму велакамп’ютар з пашыранымі магчымасцямі, створаны Вадзімам Машніцкім, безумоўна, перспектыўная распрацоўка. Перспектыўным, актуальным, а таксама фінансава выгадным з’яўляецца і створаны навучэнцам гімназіі № 6 Мінска Данілам Елісеевым 3D-прынтар, які быў прадстаўлены на секцыі “Тэхнічнае канструяванне”. У аснову работы 3D-прынтара закладзены прынцып паступовага стварэння цвёрдай мадэлі. Самае папулярнае прымяненне 3D-прынтараў — дробнасерыйная вытворчасць. Такая тэхналогія актыўна ўкараняецца ў машынабудаванне, авіяцыю, ювелірную вытворчасць, медыцыну.
— Мяне заўсёды цікавілі электронныя і тэхнічныя прылады. У 13—15 гадоў я сабраў свой першы ЗD-прынтар. Ідэя з’явілася пасля таго, як на працы ў майго бацькі з’явіўся ЗD-прынтар Ultimaker 2. Я быў здзіўлены, убачыўшы, як з яго дапамогай можна прымяняць тэхналогію для стварэння пластмасавых вырабаў. Не менш быў здзіўлены і вялікаму кошту цуда-машыны. Я пачаў вывучаць мэтанакіравана ўсё, што тычылася 3D-прынтараў. Прайшоў месяц, і я падумаў: “А ці не зрабіць што-небудзь падобнае, бо ідэя нядрэнная!” Вывучыўшы літаратуру, інтэрнэт-крыніцы, прааналізаваўшы этапы работы над праектам, прадумаў і вызначыўся з выбарам аптымальных прылад, каб у выніку атрымаць высокі эканамічны эфект. Працуючы над стварэннем прынтара, прадугледзеў неабходнасць мадыфікацыі і выкарыстання дадатковых прылад. Мне стала вельмі цікава, ці змагу я самастойна сабраць настолькі складаную прыладу як у праграмнай, так і ў механічнай сферы, — паведаміў вучань.
Сумненні былі дарэмнымі. У Данілы ўсё атрымалася, у чым і пераканалася журы, аддаўшы мінскаму тэхніку першае месца секцыі “Тэхнічнае канструяванне”. Хлопец стварыў 3D-прынтар, які па якасці і хуткасці друку не саступае дарагім аналагам. У далейшым хлопец плануе ўстанавіць другі экструдар, што дазволіць друкаваць двума матэрыяламі або двума колерамі. Гэта дасць магчымасць друкаваць больш складаныя мадэлі, не пагаршаючы якасць паверхні. Цяпер вучань працуе над магчымымі мадыфікацыямі 3D-прынтара.
Тэхнічнае краязнаўства
Навукова-тэхнічная творчасць заўсёды звязана з адкрыццямі і вынаходствамі. Каб стаць сапраўдным даследчыкам і вынаходнікам, канкурсантам давялося праявіць лепшыя якасці. Толькі той, хто валодае працавітасцю, энтузіязмам, логікай, рашучасцю, аптымізмам, фантазіяй, інтэлектам, дысцыплінай, аналізам, пачуццём гумару, інтуіцыяй, можа горда называцца вынаходнікам. Сапраўдны тэхнік-вынаходнік — гэта не толькі фізік, матэматык, астраном, гэта яшчэ і краязнаўца, што выдатна пацвердзіў навучэнец Гродзенскага абласного цэнтра тэхнічнай творчасці Віктар Калантай, які ў секцыі “Тэхнічнае мадэляванне” прадставіў мадэль паруснага судна XVIII—XIX стагоддзяў.
— За апошнія гады павысілася цікавасць да вывучэння роднага горада, раёна, вёскі. Амаль у кожнай школе адкрыты краязнаўчыя музеі або куткі гісторыі роднага краю. З’явіўся прадмет “Раёназнаўства”, у прыватнасці ў школах Гродна — “Гродназнаўства”. На жаль, вывучэнню гісторыі развіцця тэхнікі і прамысловасці пакуль удзяляецца недастаткова ўвагі. Калісьці на Нёмане і яго прытоках віравала бурлівае жыццё: на верфях будавалі караблі, даволі вялікія для таго часу, пастаянна плавалі судны, на якіх купцы перавозілі свае тавары. Каштоўнай крыніцай для вывучэння навігацыі на Нёмане з’яўляюцца запіскі купца з Коўна, які ў 1829 годзе ажыццявіў гандлёвае падарожжа ў Кёнігсберг на віціне па Нёмане, — паведаміў Віктар.
Менавіта стварэннем віціны і заняўся хлопец. У рамках праекта было вырашана пабудаваць мадэль паруснікаў, якія раней хадзілі па Нёмане і яго прытоках. Былі вывучаны архівы і літаратура па гісторыі суднаходства ў басейне Нёмана, знойдзены фотаздымкі, якія тычацца тэмы праекта, вывучана тэхналогія будаўніцтва рачных суднаў XVIIІ—XIX стагоддзяў на Гродзеншчыне. Стэндавая мадэль віціны абшыта шпонай, аснова — гэта палуба з фанеры, пакрытая марылкай, папярочныя дошкі клеіліся са шпоны. Мадэль рабілася на працягу года. Арыгінальна вучань падышоў і да стварэння каманды парусніка. Сённяшнія матросы раней былі салдатамі. Той, хто вяжа вузлы, калісьці трымаў у руцэ вінтоўку. У рулявога некалі за плячыма быў рукзак з узбраеннем, збоку — фляга, а ў руцэ — граната. Цяпер у яго нават ёсць капялюш. А вось капітана давялося толькі перафарбаваць. Лесвіцы, дзверы — усё створана ўручную.
Мадэль віціны для Віктара не першая. Сённяшні дзесяцікласнік пачаў займацца суднамадэлізмам у дзесяцігадовым узросце і за гэты час стварыў сем мадэлей. Першая, як і ў многіх пачаткоўцаў, была створана з кардону. Далей быў старажытны паруснік, які можна было нават спускаць на ваду. Потым з’явілася жаданне пабудаваць радыёкіруемую яхту вышынёй амаль два метры, потым — чатырохмачтавы карабель. Цяпер — віціна.
Пажадаем Віктару далейшых творчых поспехаў і вернемся, як і абяцалі, да Дзмітрыя Леўчанкі, таго самага, які 13 мая, напярэдадні абароны свайго праекта ў секцыі “Тэхнічнае мадэляванне”, спускаў на ваду мадэль вялікага паляўнічага праекта 122-біс.
Добрая традыцыя
“Таленты ХХІ стагоддзя” — гэта не толькі адкрыццё новых імён юных тэхнікаў, вынаходнікаў, гэта таксама з’яўленне новых традыцый. Не стаў выключэннем і 5-ы, юбілейны, конкурс. У апошні вечар адпачынку на беразе Нарачы Дзмітрый Леўчанка разам з сябрам па камандзе яшчэ раз спусціў на возера макет ваеннага карабля. Націсканне на кнопку пульта — і карабель зрабіў развітальнае кола. Няхай праект Дзмітрыя і не стаў прызёрам конкурсу, няхай гэтае своеасаблівае развітанне з Нарачанскім краем прайшло амаль незаўважна, аднак цалкам магчыма, што яно паклала пачатак новай добрай традыцыі. Хто ведае, можа, на беразе Нарачы ў хуткім часе пройдзе маштабны злёт юных суднамадэлістаў — і тады люстраную паверхню самага знакамітага беларускага возера ўпрыгожаць дзясяткі яхт, фрэгатаў, створаных юнымі талентамі, за якімі будучыня ХХІ стагоддзя.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара
і Алега ІГНАТОВІЧА.