“Не сядзіце дома — адкрывайце для сябе Беларусь!” — пад такім дэвізам вось ужо больш за 20 гадоў жывуць удзельнікі клуба ЮНЕСКА “Пошук” Паўстынскай сярэдняй школы Слуцкага раёна, якім з дня ўтварэння кіруе настаўнік рускай мовы і літаратуры Ігар Міхайлавіч Жыцін. Але гэтым летам не сядзіцца дома не толькі ім — сёлета да іх дзіцячай даследчай экспедыцыі “Правінцыяльныя шэдэўры” далучыўся 21 удзельнік клубаў ЮНЕСКА з усёй Беларусі.
Пакуль юныя даследчыкі разбіваюць лагер на начлег, распальваюць для прыгатавання вячэры агонь і бойка абмяркоўваюць убачанае за дзень, Ігар Міхайлавіч згадвае, з чаго ўсё пачыналася: “Паход — справа для нас даўно мінулых дзён. З паходаў мы пачыналі, калі ў 1994 годзе ў школе стварылі краязнаўчы клуб. Жадаючых пайсці ў паход было шмат, але хутка мы ўсвядомілі, што простыя паходы, я б сказаў хаджэнні, асабліва не прыносяць карысці: да паходаў трэба рыхтавацца. Тады мы сталі арганізоўваць першыя даследчыя экспедыцыі. Так у клубе зарадзіўся праект “Пілігрым”, які працуе ў нас з 2010 года”.
Сутнасць “Пілігрыма” — пазнаёміцца з архітэктурнай спадчынай Беларусі і навучыцца арганізоўваць экскурсіі па пройдзеных месцах. Кожны год мяняецца іх тэматыка і тэрыторыя даследавання. Так, за апошнія гады пілігрымаўцы далучыліся да пошуку артэфактаў, звязаных з родам Радзівілаў і Нясвіжскім палацам у праекце “Страчаныя калекцыі”, адраджалі “Традыцыі продкаў”, хадзілі “Сцежкамі Чарадзея”.
Сёлета хлопцы і дзяўчаты на працягу 9 дзён шукалі архітэктурныя шэдэўры на Міншчыне. Пад коламі іх аўтобуса засталіся сотні кіламетраў, а ў памяці і на фотаздымках — славутасці Слуцка, Салігорска, Мар’інай Горкі, Чэрвеня, Барысава, Смалявіч, Лагойска, Вілейкі, Нясвіжа… Усяго больш за 20 гарадоў і іх ваколіц!
“Мы займаемся не столькі турысцка-краязнаўчай работай, колькі папулярызацыяй Беларусі, — тлумачыць Ігар Міхайлавіч. — Мы паказваем дзецям, што наша краіна — неверагодна прыгожая і багатая на славутасці. І няма сэнсу шукаць прыгажосць толькі за мяжой — хіба што для параўнання, у якім, упэўнены, Беларусь выйграе: 5,5 тысячы помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, каля 11 тысяч аб’ектаў, вартых увагі, — гэта справа не аднаго жыцця. І мы па меры магчымасці знаёмім дзяцей з імі. Нельга любіць сваю краіну толькі таму, што ўсе яе любяць. Пакуль ты не ўбачыў яе на свае вочы, твае пачуцці не могуць быць паўнацэннымі”.
Яшчэ восенню Ігар Міхайлавіч збірае дзяцей і разам яны прапрацоўваюць маршрут экспедыцыі на наступны год. Многія гэтыя веды выкарыстоўваюць і пасля экспедыцый: прыехалі да іх госці з-за мяжы — і яны ўжо ведаюць, якой ім паказаць Беларусь. І не толькі завезці ў Нясвіж, у Мір ці Белавежскую пушчу. Атрымаць не менш уражанняў можна, праехаўшы і невядомымі мясцінамі.
Ілья Зіновін, удзельнік клуба ЮНЕСКА “Пегас”, сёлета скончыў сярэднюю школу № 8 Слуцка і паступае на гістарычны факультэт. Яму заняткі ў клубе дапамаглі не толькі вызначыцца з прафесіяй, але і падрыхтавацца да ўступных экзаменаў. “За час работы ў клубе не засталося ніводнага пытання з дапаможніка па падрыхтоўцы да экзаменаў па гісторыі, на якое б я не мог адказаць. У экспедыцыі я толькі другі раз прымаю ўдзел, але ўжо столькі новага даведаўся. Вабіць сама атмасфера, еднасць з людзьмі, якія прагнуць спазнаваць новае пра сваю радзіму, усведамленне таго, што мы праязджаем столькі кіламетраў, столькі мясцін. І не нехта нам расказвае пра тыя месцы, у якіх мы бываем, а мы самі гэта робім”.
Так, 9 дзён праляцелі, як адзін: славутасці Нясвіжа, касцёл у Вілейцы, Брылёўскае поле, Вілейскае вадасховішча — на гэты раз стаўка была зроблена на малавядомыя факты пра іх факты. Адкрыццём стаў паляўнічы домік Тышкевічаў каля вёскі Рудні, што ў Валожынскім раёне, сучасны парк у Маладзечне і інш.
Нядаўна ў пошукаўцаў была экспедыцыя “У краіне замкаў і крыжоў”, у якой яны вывучалі замкі Беларусі і культавыя збудаванні. Толькі на Міншчыне яны наведалі 65 сядзіб са 103. Пасля гэтай экспедыцыі туды дабавяцца яшчэ дзве — Раванічы і Валадута.
Дадаліся ўражанні ад наведвання храмаў, сустрэч з цікавымі людзьмі, ад расказаных імі легенд і паданняў. Акунуліся даследчыкі і ў атмасферу свята — на экспедыцыю якраз выпала Купалле, весела правялі час ў аквапарку ў Маладзечне, пагулялі ў камандныя гульні, памераліся творчымі здольнасцямі падчас конкурсу талентаў і аратарскіх батлаў, а аб’ядналі іх падчас “Вечара бардаўскай песні”, уменне арыентавацца на мясцовасці выявіў квест “ На графскіх развалінах”.
Кожны год падчас экспедыцыі бывалыя ўдзельнікі экспедыцыі праводзяць пасвячэнне навічкоў у “Пілігрым”. Гэта комплекс выпрабаванняў, прайшоўшы якія, дзеці атрымліваюць права даць клятву “Пілігрыма”. Тут былі і абліванні вадой, і праходжанне па бервяне з завязанымі вачыма, і пошукі скарбу па карце. Пасвячэнне — ударная кропка ва ўсім праекце, і ставіцца яна ў апошні дзень ці ноч экспедыцыі. Прычым удзел у ім прымаюць і педагогі, якія дапамагаюць праводзіць экспедыцыю.
Алена Сяргееўна Шапавалава, педагог Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысава і старшыня рэгіянальнага аддзялення Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, таксама хапнула долю адрэналіну падчас свайго пасвячэння: “Мне завязалі вочы і далі павадыра. Пакуль мы “шукалі зоркі”, нас білі спальнікамі, аблівалі вадой, у цёмным пакоі з-пад падлогі хапалі рукамі за ногі, але я ўсё вытрымала, бо надта ж хацелася стаць паўнапраўным удзельнікам “Пілігрыма”, мець магчымасць паглядзець на свае вочы тыя мясціны, якія не нанесены на турыстычную карту Беларусі. І кожная паездка — новае адкрыццё, новыя гарады, сядзібы. Асабліва прыемна, калі ты праз гады вяртаешся на пройдзеныя ўжо месцы, а яны мяняюцца ў лепшы бок. Напрыклад, мы пабывалі ў Залессі ў 2012 годзе і пабывалі там мінулым летам, 5 гадоў назад мы ўбачылі руіны, а цяпер там — цудоўны комплекс, якія прымае турыстаў. Вельмі радуе, што мы не страцілі тое, што нам дасталася ў спадчыну.
Па падліках Ігара Жыціна, праз праект “Пілігрым” за ўсе гады прайшло каля 200 чалавек. Некаторыя з іх з часам сталі паслядоўнікамі Ігара Міхайлавіча: атрымаўшы адукацыю і вярнуўшыся ў родныя гарады, арганізавалі там свае клубы і працягваюць традыцыю адкрываць для сябе Беларусь ужо са сваімі вучнямі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Марыі ШЫМАНОЎСКАЙ.