Школа ва ўсе часы імкнулася ўзмацніць свой уплыў на сямейнае выхаванне, каб сумесна адкрыць усе таленты дзіцяці. Бо ніхто не зможа скласці канкурэнцыю сям’і ні ў выхаваўчым кірунку, ні ў развіцці інтэлектуальных і эмацыянальных здольнасцей чалавека. Як жа сумясціць сямейнае і школьнае выхаванне? Пашукаем адказы ў сярэдняй школе № 191 Мінска, дзе нядаўна адкрыўся гарадскі рэсурсны цэнтр па сямейным і гендарным выхаванні.
Выхаванне на знаёмых прыкладах
Алена Аксёнава, мама дзевяцікласніка Андрэя Суслава, бадай, найчасцей за іншых бывае ў школе. Хоць яна ўжо вопытная мама — старэйшая дачка ўжо даўно скончыла школу, — па адказ у школу ісці не саромеецца. “Школа не можа даць дзіцяці таго, што могуць даць бацькі, але ж і бацькі могуць не заўважаць тыя рэчы, якія бачыць настаўнік”, — тлумачыць перавагі такога тандэма Алена Генадзьеўна. Праўда, педагогі ў ёй бачаць часцей дарадцу.
“Калі мы пераехалі ў новы дом, нарадзіўся Андрэй, і ўтварылася сяброўская кампанія з новых жыльцоў: восем мам з дзецьмі аднаго ўзросту — усе з каляскамі, — расказвае Алена Генадзьеўна Аксёнава. — Мне было цікава назіраць, як нашы дзеці раслі: мой усім усміхаўся на ўсялякі выпадак, Сярожа трымаўся за мамін палец, потым — за маміну нагу і доўга баяўся ад яе адысці, Ліза ўвесь час крычала і ні разу не села ў каляску, і таму мама заўсёды насіла яе пад пахай. Я гэта да таго, што ўсе дзеці розныя і карэкціраваць іх паводзіны, разумець, што дзіцяці трэба ў канкрэтны момант, часам пад сілу толькі маме.
Здавалася б, усё проста: не можа дзіця супакоіцца, бегае — дайце яму пластылін, няхай прысядзе, палепіць. Але ж не кожны прысядзе. Наша старэйшая дачка была нібы хлопчык у спадніцы. Ды і спадніц насіць яна не хацела. Усе турнікі, усе дрэвы былі нашы, не раз ляцела ўніз адтуль — калені ніколі не зажывалі. Ну, аддай яе, скажам, у бальную школу: хіба яна пойдзе? Я спрабавала яе ў мастацкую школу запісаць, дык яна ўсю тратуарную плітку падняла па дарозе. Затое дома яна малявала і вельмі добра, хоць і была самавучкай. Акрамя таго, у перапынках, калі зажывалі калені, з 2 гадоў шмат чытала, пісала, раздзяляла англамоўныя песні на словы. Прычым дачка сама ўсяму вучылася. На мяне нават сварыліся спецыялісты, бо думалі, што гэта я занадта захапілася развіццём дачкі. У 4 гады, калі лагапед папрасіла яе расказаць які-небудзь вершык, каб паслухаць вымаўленне, дачка выдала ўвесь твор “У лукоморья дуб зелёный…”. Урач мяне адчытала, што прымушаю дзіця вучыць такія вялікія вершы. А я толькі адзін раз ёй яго прачытала”. Тады пра дачку праз выхавальнікаў сада даведаліся навукоўцы і нават прапаноўвалі мне з 5 гадоў аддаць яе ў школу пры Акадэміі навук, на базе якой даследавалі ранняе развіццё дзяцей, але я адмовілася — у дзіцяці павінна быць як мага даўжэйшае дзяцінства”.
Алена Генадзьеўна ніколі не ставіла задачу выхаваць вундэркіндаў і тлумачыць: усе ў выніку заканчваюць школы, атрымліваюць адукацыю, і невядома яшчэ, хто стане больш паспяховым. Наадварот, як паказвае жыццё, людзі, якім лёгка ўсё даецца, менш паспяховыя ў жыцці. Іх можа падкасіць першая сур’ёзная цяжкасць, якіх раней яны проста не сустракалі. А тыя, хто ўсяго дабіваецца ўседлівасцю, карпатлівай працай, як правіла, больш паспяховыя. Па яе меркаванні, куды больш важна засяродзіцца на выхаванні ўнутраных якасцей.
“Сёння мы патанаем у моры той інфармацыі, якой усе, каму хочаце, імкнуцца аказаць псіхалагічны ўплыў на нашу моладзь. Я ж лічу, што выхаванне павінна пачынацца ў сям’і, — гаворыць Алена Генадзьеўна. — У нашай сям’і не прынята чытаць лекцыі ці натацыі, выхаванне праходзіць незаўважна, быццам між іншым. Напрыклад, мы разам праглядваем фільмы, мой муж, Андрэеў тата, дзе жартам, дзе ўсур’ёз, звяртае ўвагу на пэўныя моманты, яны разважаюць, ці правільна зрабіў герой фільма, чаму гэта не мужчынскі ўчынак, як бы яны абодва зрабілі.
А яшчэ больш эфектыўна разважаць не над выдуманым сцэнарыстам сюжэтам, а над жыццёвымі гісторыямі членаў уласнай сям’і. У нашай сям’і, напрыклад, вельмі паказальныя, нават выхаваўчыя прыклады дзядуляў — і з майго боку, і з боку мужа. Андрэй можа гадзінамі слухаць нашы аповеды пра іх. Напрыклад, мужаў тата, Віктар Паўлавіч Суслаў, нарадзіўся ў сям’і рабочых у маленькай вёсцы Чыцінскай вобласці, але прайшоў працоўны шлях ад вучня токара да дырэктара некалькіх прадпрыемстваў Расіі і Беларусі, у тым ліку і Мінскага трактарнага завода. Тут у яго можна павучыцца мэтанакіраванасці.
Уменню ніколі не апускаць рук найлепш павучыць ваенная гісторыя гэтага дзядулі. У 1941 годзе ён працаваў дырэктарам Варонежскага машынабудаўнічага завода, потым яго накіравалі дырэктарам іншага завода, дзе пад яго кіраўніцтвам быў наладжаны выпуск рэактыўных снарадаў для танкаў і мінамётаў. Але неяк з-за таго, што пад бамбёжку трапіў эшалон з трубамі для мінамётаў, знізіўся іх выпуск. Віктара Паўлавіча абвінавацілі ў сабатажы, арыштавалі і адправілі ў Асаблівае канструктарскае бюро НКУС, у якім адбывалі пакаранне і адначасова працавалі інжынеры, канструктары, вучоныя. За дасягненні і вынаходніцтвы там у сферы ўзбраення яму дазволілі пайсці на фронт у складзе штрафбата. Дзядуля Андрэя прайшоў шлях ад камандзіра гармат да начальніка вайсковых артылерыйскіх рамонтных майстэрняў. Як рэліквія ў нашай сям’і захоўваецца выцвілая ад часу кніжка чырвонаармейца з асабістай удзячнасцю І.Сталіна за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях пад Курскам.
Мой тата быў партызанам-падпольшчыкам, і ў яго жыцці таксама было шмат выхаваўчых момантаў, асабліва ўменне абараняць і шанаваць сваю сям’ю. Калі дасканала ведаеш гісторыю сваёй сям’і, заўсёды знойдзеш канкрэтныя прыклады, каб расказаць сыну. Не так даўно дзеці пісалі сачыненне аб прадзедах, і Андрэй папрасіў дакументы, якія захоўваліся ў нас дома, сам разабраў усё па палічках і склаў у адно сачыненне. Так з’явілася ў яго нагода расказаць пра сваіх знакамітых сваякоў аднакласнікам”.
Жанчына ў гісторыі і гісторыі жанчын
Безумоўна, жыццёвыя ўрокі з гэтага сачынення вынеслі і дзяўчынкі-аднакласніцы. Увогуле, лічыць дырэктар школы Юлія Ільінічна Пінчук, у гэтым і ёсць адметнасць гендарнага падыходу — не абавязкова акунаць дзяцей згодна з полам ва ўмоўна хлапечыя і дзявочыя тэмы. “Мы гаворым увогуле пра значнасць і мужчыны, і жанчыны, — адзначае Юлія Ільінічна. — У нас нават ёсць кабінет гісторыі, які мы прысвяцілі ролі жанчыны ў гісторыі. Дарэчы, працуе там настаўнік-мужчына — Сяр гей Віктаравіч Чэх. Правільна сказаў нямецкі філосаф: “Гісторыю ствараюць жанчыны, але чамусьці гісторыя запамінае мужчынскія імёны”. Сапраўды, вазьміце падручнік гісторыі — вельмі рэдка дзе праскочыць імя жанчыны. І мы паспрабавалі выправіць гэта, распачаўшы свой праект: у кожнай эпосе мы знайшлі жанчын, якія стваралі гісторыю і пакінулі ў ёй свае яркія сляды. У працяг дзеці вывучалі гісторыі сваіх сем’яў і ў іх прасочвалі менавіта жаночныя ўчынкі, лёсы”.
Прытрымліваючыся гендарнага падыходу ў выхаванні, педагогі школы ставяць мэтай выхоўваць у дзецях адказнасць, узаемапавагу, правільнае стаўленне да сям’і. Але сямейным стасункам школа без сям’і не навучыць, першасным будзе прыклад іх уласных сем’яў. Таму ўзаемадзеянне з бацькамі — асноўны кірунак рэсурснага цэнтра.
“Разводы, на жаль, — агульная тэндэнцыя. Але не менш небяспечная сітуацыя, калі тата ёсць, але мама стараецца адгарадзіць яго ад выхавання дзіцяці, падмяніць яго сваім выхаваннем. Асабліва складана дастукацца якраз да гэтых жанчын, запэўніць іх, што тата дзіцяці патрэбны, — гаворыць Юлія Ільінічна. — Ёсць сем’і, у якіх нават дзядулю адгароджваюць ад дзіцяці. І наша задача — згладжваць такія перакосы. Найчасцей мамы ў такіх сем’ях занадта апякаюць, аберагаюць дзяцей, якія ў выніку становяцца інфантыльнымі, поўнасцю залежнымі ад мам. Мамы не даюць дзіцяці ніякіх абавязкаў, часам нават сустракаюць свайго сына са школы да 6 класа — каб таго не пакрыўдзілі ці не абразілі дзеці. Іншая справа, што прама на гэта маме не ўкажаш. Мы разам з псіхолагамі можам толькі падказаць, як знайсці выйсце — дзе адпусціць сітуацыю, дзе даць сыну магчымасць зносін з мужчынамі”.
Сямейны рытм школьнага жыцця
Афіцыйна рэсурсны цэнтр дзейнічае ў школе толькі з мая, але ў яго межах ужо шмат зроблена. Так, у школе рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў праз узаемадзеянне сям’і і школы на аснове праваслаўных традыцый”, які з’яўляецца ўладальнікам гранта конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. У яго межах праходзіць акцыя “Навучы добраму”, якая ўяўляе сабой сістэму мерапрыемстваў. Важнае месца ў іх рэалізацыі займаюць “Бацькоўскія суботы”: апошняя субота кожнага месяца з’яўляецца тэматычнай і праводзіцца як гульня-падарожжа па станцыях у адпаведнасці з тэмай — дзень дабра, дзень смеласці, дзень працавітасці і інш. Фарміруюць у навучэнцаў культуру сямейных адносін, усвядомленае бацькоўства, пазіцыю ненасілля, спагадлівасць, здольнасць да суперажывання, адказнасць за сваё жыццё і здароўе, за лёс свайго народа факультатыўныя заняткі, а ў іх бацькоў — пастаянна дзеючы семінар “Па адказ — у школу”.
У школе дзейнічае комплекс даследчых праектаў: 1—4 класы ў межах свайго праекта “Радаслоўны куфэрак” знаёмяць аднакласнікаў і педагогаў са сваімі сем’ямі, разам з бацькамі складаюць генеалагічныя дрэвы, 5—6 класы паглыбляюцца ў сямейныя традыцыі, 7—8-я — у гісторыю сваіх сем’яў падчас Вялікай Айчыннай вайны, 9—11 класы праектуюць сваю будучыню ў праекце “Учора. Сёння. Заўтра. Партрэт маёй сям’і”.
Акрамя таго, мамы навучэнцаў ладзяць пазашкольныя мерапрыемствы. Надзея Дзем’яновіч, выкладчык БНТУ, нядаўна праводзіла “МакаронФэст”, падчас якога дзеці стваралі макеты палацаў Беларусі з макароны. Вольга Розум, прафесійны журналіст, кіруе школьнай рэдакцыяй. Іншыя таленты бацькоў раскрываюць конкурсы “Алё, мы шукаем таленты”, “Мая сям’я”, дабрачынныя кірмашы, сямейныя спартыўныя і тэатралізаваныя святы, якія ладзяцца ў школе ў межах праекта.
Як расказала Тамара Уладзіміраўна Міхалковіч, кіраўнік рэсурснага цэнтра, у лістападзе ў школе пройдзе міжнародны сямейны фестываль, у якім прымуць уд зел сем’і — дзеці, бацькі, бабулі і дзядулі — не толькі з Мінска, але і з некалькіх рэгіёнаў Расіі. Яны раскажуць пра традыцыі сваіх сем’яў, прадставяць культурную спадчыну сваіх сем’яў, творчасць, даследаванні аб сваёй сям’і, кулінарныя шэдэўры і інш.
Хочацца павіншаваць усіх мам школьнікаў з іх святам! І няхай іх дзеці заўсёды адчуваюць клопат і любоў!
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва школы.