Дзе пачаўся твой лёс

Тэма: “Зямля, дзе пачаўся твой лёс…”

Мэта: садзейнічаць паглыбленню ведаў пра гісторыю сваёй вёскі, знаёмству навучэнцаў з паняццямі “тапаніміка”, “мікратапонімы”, развіваць навыкі пошукава-даследчай працы, творчыя здольнасці, спрыяць абуджэнню цікавасці да роднага краю, выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.

Абсталяванне: мультымедыйная прэзентацыя, ілюстрацыі, карта Рэспублікі Беларусь, карткі з назвамі вёсак, кветкі, фота­здымкі, лісты А4, назвы рубрык часопіса.

Ход заняткаў

Арганізацыйны момант

Настаўнік. Добры дзень, мае юныя сябры! Рада вітаць вас на класнай гадзіне. Спадзяюся, што спадарожнікам сённяшняй нашай сустрэчы будзе добры настрой. А для гэтага я прапаную вам гульню “Алітэрацыя імені”.

(Дзеці становяцца ў круг, называюць па чарзе імя свайго суседа і даюць яму характарыстыку на тую ж літару, з якой пачынаецца яго імя. Напрыклад, Аксана — абаяльная, Вікторыя — ветлівая, Таццяна — таленавітая і г.д. Пажадана не паўтарацца, нават тады, калі ёсць некалькі вучняў з імёнамі на аднолькавую літару.)

Паведамленне тэмы і мэты класнай гадзіны

Настаўнік.

Радзімая мая Рагозніца,

Каб апісаць цябе, мне не хапае слоў.

І думкі на волю просяцца

Пад мілагучны шэпт шматвекавых дубоў.

Кожны з вас, напэўна, ужо здагадаўся, што наша сустрэча будзе прысвечана роднай зямлі, нашай малой радзіме. “Зямля, дзе пачаўся твой лёс…” — тэма сённяшняй класнай гадзіны. Мы пазнаёмімся з паняццямі “тапаніміка”, “мікратапонімы”, даведаемся шмат новага і цікавага пра гісторыю сваёй вёскі, яе памятныя мясціны. А цяпер за працу!

Асноўная частка

Настаўнік. Сёння кожнаму з вас выпала цудоўная магчымасць прыняць удзел у выданні часопіса “Зямля, дзе пачаўся твой лёс…”. Наш клас на гадзіну мы паспрабуем ператварыць у сапраўдную рэдакцыю. Я буду галоўным рэдактарам, а вы — журналістамі, дызайнерамі-афарміцелямі, фотакарэспандэнтамі.

(Настаўнік на дошцы размяшчае назву часопіса і назвы рубрык. Пад кожнай рубрыкай будзе размяшчацца ліст А4 з падрыхтаванай вучнямі інфармацыяй.)

Рубрыка “Паслухаем тапаніміста”

(Выступае загадзя падрыхтаваны вучань. Метад інтэрв’ю.)

Настаўнік (галоўны рэдактар). У рэдакцыю часопіса было даслана шмат пытанняў аб узнікненні назваў нашага населенага пункта. Чытачоў ціка­вяць такія паняцці, як тапонімы, мікратапонімы. І сёння ў нас у гасцях вядомы тапаніміст, які і паспрабуе даць адказ на вашы пытанні.

Вучань. Кожная мясцінка на нашай зямлі мае сваё імя. У спадчыну ад мінулых пакаленняў да нас дайшла велізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк і азёр, палёў і сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. На зямлі нашай бацькаўшчыны, бадай, не знойдзеш ніводнай народнай назвы, якая ўзнікла б выпадкова. Вынікае яна з асаблівасцей прыроднага асяроддзя, умоў вытворчай дзейнасці людзей і вельмі часта звязана з гістарычным мінулым чалавека. Сам народ ніколі не назаве сваё паселішча словам, якое ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш пярэчыла б ісціне.

Назвы нашых вёсак і гарадоў, вуліц, паркаў, рэк, азёр, палёў, лугоў у навуковай літаратуры прынята перадаваць запазычаным з грэчаскай мовы словам “тапонім”, у якім topos перакладаецца як месца, мясцовасць, а onoma — імя. Кожны сумленны чалавек глядзіць на перададзеныя яму ў спадчыну ад далёкіх і блізкіх продкаў тапонімы як на найкаштоўнейшыя моўныя і гістарычныя помнікі роднай зямлі, якія патрэбна шанаваць як штосьці самае дарагое ў жыцці. “Назвы, — слушна пісаў К.Паўстоўскі, — гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Яны гавораць пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту”.

Настаўнік. Упэўнена, што кожнаму з вас будзе цікава даведацца аб узнікненні назваў вёсак, якія знаходзяцца недалёка ад нас. Для гэтага папрацуем з раённай кнігай “Памяць”.

(Вучні працуюць у парах.)

Рубрыка“Кропка на карце”

(Настаўнік раздае вучням карткі з назвамі населеных пунктаў. Яны адшук­ваюць іх у кнізе “Памяць”, а потым выходзяць да дошкі, тлумачаць назву адпаведнага населенага пункта і прымацоўваюць яе да карты Рэспублікі Беларусь.)

Боркі, вёска ў Пацавіцкім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча, за 22 км ад раённага цэнтра. Паселішча заснавана сярод бору. Адгэтуль і назва.

Ганчары, вёска ў Пескаўскім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча. Назва паходзіць ад занятку мясцовых людзей. Тут былі гліна і іншая сыравіна для ганчар­ства.

Дуляўшчына, вёска ў Пескаўскім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча. Тапанімісты В.Лемцюгова і А.Рогалеў лічаць, што назва вёскі паходзіць ад славянскага племя дулебы. У рукапісных дакументах вёска ўпамінаецца яшчэ пад назвай Дылеўшчына. Адзначаецца, што тут жылі майстравыя людзі. Яны выраблялі розныя хатнія рэчы, а таксама сані. Загатоўкі да саней называліся дылі. У сувязі з гэтым узнікла другое меркаванне, што ад гэтага тэрміна ўтворана назва вёскі Дыляўшчына, пазней пераўтворана ў Дуляўшчыну.

Капачы, вёска ў Пескаўскім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча, на рэчцы Дзеражна. Спачатку і вёска называлася Дзеражна. Каля яе былі запасы мелу, для здабывання якога патрабаваліся капальнікі — “капачы”. Усе яны насілі прозвішча Капач, ад якога паселішчу была дадзена другая назва — Капачы.

Лаўры, вёска ў Пацавіцкім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча. Назва, магчыма, пахо­дзіць ад імя Лаўр (Лаўрэнцій, Лаўрэн).

Ліхінічы, вёска ў Пацавіцкім сельсавеце, у СВК імя А.Міцкевіча. Раней гэтая вёска называлася Дабрынічы, бо жылі тут добрыя і спагадлівыя людзі. Аднойчы праязджаў тут пан. Ён угразнуў на дарозе, паколькі яна праходзіла праз балота. Пан сказаў: “Якія гэта Дабрынічы? Гэта Ліхінічы. Так і завіце вёску”.

Пацавічы, вёска, цэнтр сельсавета. Назва паходзіць ад прозвішча вядомага на Беларусі магнацкага роду Пацаў, прадстаўнікі якога займалі важныя дзяржаўныя пасады ў ВКЛ.

Пескі, вёска, цэнтр сельсавета, у СВК імя А.Міцкевіча, за 10 км ад раённага цэнтра. Назва, верагодна, паходзіць ад асаблівасці глебы.

Рубрыка “Мікратапонімы”

Настаўнік. Цікавасць выклікаюць не толькі тапонімы, але і мікратапонімы. Гэта назвы навакольных лясоў, урочышчаў, палёў, лугоў, найменні вуліц, паркаў, сквераў і г.д. Тапонімы перадаюцца ад пакалення да пакалення амаль нязменна, чым захоўваюць сваю велізарную каштоўнасць, а некаторыя мікратапонімы нават на працягу жыцця аднаго пакалення некалькі разоў могуць мяняць імя. У выніку зніжаецца значэнне мікратапоніма як помніка гісторыі і культуры народа. Нашы фотакарэспан­дэнты здзейснілі некалькі этнаграфічных экспедыцый у вёску, сфатаграфавалі некаторыя аб’екты, распыталі старажылаў вёскі аб ­узнікненні іх назваў. Давайце паглядзім, што атрымалася.

(Вучні выходзяць да дошкі, вывеш­ваюць фотаздымкі, расказваюць аб узнікненні мікратапоніма.)

Зарэчча — частка вёскі, якая пабудавана за ракой.

Лявонаўскі пасёлак — у аснове — імя Лявон.

Двор — месца, дзе знаходзіцца былы панскі маёнтак.

Гуры — частка вёскі, якая аддзялялася ад поля невялікімі ўзгоркамі. Дарога падымаецца на ўзгорак.

Мамэта — вуліца ў вёсцы, дзе жыла жанчына па імені Мамэта.

Лысыя горы — месца, дзе нічога не расло.

Забалацкія равы — равы, якія знахо­дзяцца каля вёскі Забалацце.

Домікі — частка вёскі, якая пабудавана нядаўна.

Канец — частка вёскі, якая цягнецца пад магазін.

Свінскі пляж — балота за вёскай, дзе пасвілі свіней.

Карпаткі — балота, на якім вельмі многа калдобін.

Настаўнік. Ну а цяпер давайце адпачнём, бо прыйшоў час сустрэчы з паэтычным словам.

Рубрыка “Паэтычная старонка”

(Чытанне верша В.Юрэвіча “Край Мастоўскі”. Чытанне суправаджаецца паказам мультымедыйнай прэзентацыі.)

Настаўнік. Праслухаўшы гэтыя вершаваныя радкі, кожны з вас здагадаўся, што наступная старонка нашага часопіса будзе прысвечана роднай вёсцы Рагозніца.

Рубрыка “Рагозніца: тут жыве гісторыя”

Настаўнік. Ну што ж, скажам усе разам “Добры дзень” нашай вёсцы.

Куточак адзін на свеце,

Скуль першы і крык мой, і крок,

Мяне ты заўсёды прывеціш.

Цябе я пазнаю здалёк. (А.Бабаед.)

Кожнаму чалавеку дарагі той куток, дзе ён нарадзіўся і вырас. Нездарма ў народзе склалася прымаўка: дарагі той куток, дзе рэзалі пупок — тое месца, дзе нарадзіўся чалавек. І, куды б ні закінуў чалавека лёс, свой родны куток ён будзе ўспамінаць з любасцю, яго будзе сюды вабіць.

Праца ў групах

(Дзяленне на групы адбываецца па метадзе “Каляровыя кружочкі”.)

Заданні для груп:

1 група “Гісторыкі”. Папрацуйце з раённай кнігай “Памяць” і стварыце “Летапіс вёскі Рагозніца”.

2 група “Творцы”. Напішыце міні-сачыненне “Адкуль у вёскі імя?”.

3 група “Экскурсаводы”. Арганізуйце завочную экскурсію па выдатных мясцінах нашай вёскі.

Справаздача груп.

Падвядзенне вынікаў  класнай гадзіны

Настаўнік. А цяпер я прапаную вам зрабіць вокладку нашага часопіса ў выглядзе калажу “Зямля, дзе пачаўся твой лёс…”, выкарыстоўваючы фотаздымкі, выразкі з часопісаў, газет, робячы пад імі подпісы.

(Дэманстрацыя калажу “Зямля, дзе пачаўся твой лёс…”.)

Настаўнік. Рагозніца… Дарагі сэрцу куточак, пра які мы заўсёды памятаем. Колькі ў гэтых словах светлага, прыгожага, замілаванага, пяшчотнага. Калі згадваем сваю вёску, нас перапаўняюць гонар, любоў, радасць, бязмежнае шчасце. Хочацца зрабіць нешта прыемнае, светлае, радаснае для нашай роднай зямлі. Любімая вёска! Мы, твае жыхары, прызнаёмся табе ў любові і хочам зрабіць табе падарунак.

Рэфлексія “Букет настрою”

(Вучні бяруць выразаныя кветачкі і расфарбоўваюць іх у колер, які адпавядае іх настрою. Чырвоны — захапленне, зялёны — спакой, жоўты — радасць. Потым прымацоўваюць гэтыя кветкі на дошцы.)

Настаўнік. Вось і скончылася наша сустрэча з дарагімі і роднымі для кожнага з нас мясцінамі, але гэта толькі сёння. На класных гадзінах мы прадоўжым падарожнічаць па родным краі, каб яшчэ і яшчэ раз упэўніцца, што ён прыгожы і непаўторны і што мае цікавую гісторыю. Паглядзіце, які цудоўны часопіс у нас атрымаўся! Мне хочацца яшчэ раз сказаць вам: любіце і шануйце сваю краіну, сваю родную зямлю. І сённяшнюю сустрэчу хочацца скончыць радкамі:

Вы шануйце свой край,

Родны край, беларусы!

Беражыце лясы,

Каб зямля не хварэла,

Каб цвілі верасы,

Каб Айчына квітнела!

Жадаю вам вырасці дастойнымі людзьмі, любіць і берагчы нашу Беларусь!

Вольга ПАНКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Рагозніцкай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.