Мой раён — мой гонар

Вялікі горад, якім з’яўляецца Мінск, мае свае асаблівасці пры вывучэнні. Немагчыма ахапіць усё, што знаходзіцца на яго тэрыторыі: працяглую і складаную гісторыю, звыш тысячы назваў вуліц, сотні аб’ектаў, лёсы тысяч людзей. Таму ў жыцці мінчан малая радзіма — той раён, дзе яны жывуць, працуюць і вучацца, які ім больш знаёмы, дарагі і блізкі, больш цікавы для падрабязнага вывучэння. Тут важнымі для вывучэння будуць усе аб’екты: кожная вуліца ці завулак, нават самыя нязначныя помнікі гісторыі і архітэктуры, прадпрыемствы, арганізацыі, падрабязная гісторыя гэтых мясцін.

Вось і ў сваёй сярэдняй школе № 90 мы з вучнямі ўзяліся за падрабязнае вывучэнне Кастрычніцкага раёна, размешчанага ў паўднёвай частцы Мінска. Аказалася, што вывучаць ёсць што, настолькі яшчэ шмат белых плям захавалася на яго тэрыторыі. Пры гэтым выкарыстоўвалася некалькі краязнаўчых кампанентаў, якія дазволілі сабраць неабходныя для ўсебаковага вывучэння раёна матэрыялы.

Першае, за што мы ўзяліся, — гэта распрацоўка праграмы факультатыву “Раёназнаўства. Кастрычніцкі раён Мінска”. Каб праводзіць сярод школьнікаў заняткі, неабходна было сабраць падрабязныя матэрыялы аб раёне, якіх амаль не існавала. У выніку з’явіўся дапаможнік для вядзення факультатыву. Да яго мы зрабілі электронны дадатак, у якім сабралі праграмы краязнаўчага гуртка і клуба па вывучэнні свайго раёна, распрацаваныя прэзентацыі, маршруты экскурсій і экспедыцый па тэрыторыі раёна, шматлікія фотаздымкі выгляду раёна ў розныя часы, картаграфічны матэрыял і г.д.

Другі кірунак работы па вывучэнні малой радзімы — гэта арганізацыя пошукава-даследчай дзейнасці вучняў. У выніку з’явіўся шэраг навукова-даследчых работ школьнікаў, у якіх вывучаліся этапы фарміравання паверхні раёна і яе выгляд у розныя гістарычныя часы; гісторыя зніклых вёсак і хутароў, якія ўвабраў у сябе вялікі горад і памяць пра якія неабходна захаваць; вывучалася рака Лошыца, што працякае па тэрыторыі раёна, з вызначэннем сучасных экалагічных праблем, вывучаліся краязнаўчыя аб’екты раёна, дзейнасць падпольшчыкаў у гады апошняй вайны. Займаючыся гэтай работай, школьнікі зрабілі некалькі маленькіх навуковых адкрыццяў, важных не толькі для раёна, але і ўсяго горада. Так, яны выказалі гіпотэзу, што старажытны Менск у 1067 годзе мог знаходзіцца на беразе ракі Лошыцы ў мікрараёне Курасоўшчына, дзе захавалася не вядомае дагэтуль навукоўцам замчышча. А дарога, якая праходзіла побач і пазней была названа Койданаўскім трактам, з’яўляецца адной са старажытных сухапутных дарог Беларусі, што звязвала Тураў з Полацкам.

Яны ўстанавілі, калі знайшлі ранейшы пачатак ракі Лошыцы, што яна была даўжэйшай у два разы, чым сёння. І што выток легендарнай Нямігі раней знаходзіўся на тэрыторыі раёна, пачынаючыся з балота. І што раней па тэрыторыі аэрапорта “Мінск-1” працякаў Сярэбраны ручай, Серабранка, ад якога пайшла назва вёскі, а сёння і мікрараёна Мінска. І што руіны невядомага дома ў Курасоўшчыне належалі аднаму з самых багатых мінскіх памешчыкаў Немаршанскаму, і гэтыя руіны — чацвёртая па ліку былая загарадная сядзіба, якая захавалася на тэрыторыі горада і аб якой нічога не ведалі гісторыкі. І што падпольная група, якая самастойна ўзнікла яшчэ ў пачатку ліпеня 1941 года ў паравозным дэпо і кіраўніком якой стаў Фёдар Кузняцоў, — першая ў Мінску, менавіта яго прозвішча павінна быць увекавечана ў назве адной з вуліц горада. Як бачыце, школьнікі ў сваіх работах узнялі некалькі праблем не толькі раённага, але і агульнагарадскога маштабу. І сабраныя матэрыялы становяцца цікавымі не толькі для вучняў, але і для жыхароў раёна і горада.

На жаль, у нас яшчэ не поўнасцю вывучаны ўсе адметнасці любой з мясцовасцей краіны. У навукоўцаў да гэтага “не даходзяць рукі”, яны займаюцца вывучэннем толькі найбольш значных і важных аб’ектаў. Дарослыя краязнаўцы-аматары па меры сваіх сіл стараюцца заняцца вывучэннем свайго рэгіёна, але нявывучаных аб’ектаў настолькі многа, што і яны не могуць усё ахапіць. Таму надзея ўскладаецца на настаўнікаў-краязнаўцаў і іх вучняў. Менавіта яны могуць заняцца вывучэннем мала значных для вобласці або краіны, але важных для мясцовага насельніцтва, прыродных аб’ектаў, скласці гісторыю кожнай вёскі, кожнай вуліцы і мікрараёна, запісаць аповеды людзей сталага ўзросту аб іх ранейшым жыцці, зрабіць дакументальнае даследаванне ўсіх больш-менш значных для мясцовасці будынкаў і старых сядзіб, адшукаць і запісаць мясцовыя абрады і звычаі.


Малая радзіма… Для кожнага з нас яна свая, непаўторная, блізкая і такая родная. Магчыма, таму, што на ёй адбываецца станаўленне чалавека, калі ён яшчэ ў дзяцінстве або ў юнацкія гады паступова пазнае свет. Спачатку даследуе сваю кватэру, дом, потым — двор, вуліцу, вёску або мікрараён горада. У школьныя гады свет пашыраецца да ўзроўню горада ці раёна, краіны і ўсёй планеты. Але ўсё ж самым блізкім і дарагім застаецца адзіны на Зямлі куточак — малая радзіма. Чаму так адбываецца, што тое месца, дзе прайшло дзяцінства, застаецца дарагім на ўсё жыццё? Гэта лепшыя гады ў жыцці чалавека? Магчыма. Але ж даводзіцца жыць і ў іншых месцах, і неаднойчы. І жыццё там можа быць больш шчаслівым, чым нават у дзяцінстве. Але гэтыя месцы мы не лічым малой радзімай, сваім родным куточкам. Малая радзіма, як і маці, толькі адна.

Хачу прывесці яшчэ некалькі прыкладаў практычнага ўвасаблення праведзеных са школьнікамі даследаванняў з уласнага вопыту работы. Пасля публікацыі адпаведных матэрыялаў у гарадской газеце ў Мінску з’явіліся афіцыйныя назвы сквераў “Дзівівелка” і “Немаршанскі сад”, а будучыя станцыі метро ўжо атрымалі назвы “Кавальская Слабада” і “Немаршанскі сад”. А ўсё таму, што з вучнямі мы высветлілі, дзе гэтыя гістарычныя аб’екты (рэчка Дзівівелка, палац князёў Немаршанскіх, вёска Кавальская Слабада) раней знаходзіліся, і сабралі звесткі пра іх. На праекце забудовы тэрыторыі былога аэрапорта “Мінск-1”, які праходзіць пад назвай “Мінск — Мір”, ужо з’яўляецца рэчка, што ў гэтым месцы раней працякала. Важна, каб за ёй замацавалася і ранейшая гістарычная назва — “Сярэбраны ручай”.

Яшчэ адзін напрамак рэалізацыі праведзенай работы — абазначэнне на мясцовасці краязнаўчых аб’ектаў. Людзі проста могуць не ведаць, чаму так важна іх захаванне або што тут было раней. Устаноўленыя тлумачальныя шыльдачкі, нават самаробныя, дапамогуць праінфармаваць насельніцтва. Тады і выпадкаў нядбайных адносін да гэтых аб’ектаў стане менш. Ужо ў шэрагу гарадоў побач з сучаснымі назвамі вуліц вісіць пералік усіх іх гістарычных назваў. А чаму б і ва ўсіх гарадах, пасёлках і вёсках не зрабіць такое?

Сёння школьнае краязнаўства развіваецца ў кожнай навучальнай установе Беларусі. Настаўнікам, якія разам з вучнямі ўдзельнічаюць у гэтым напрамку работы, даводзіцца працаваць не толькі ў межах сваіх вучэбных дысцыплін, а часта паглыбляцца і ў іншыя. А калі для арганізацыі правядзення краязнаўчай работы са школьнікамі не хапае метадычнай літаратуры, кожнаму настаўніку прыходзіцца самастойна адшукваць патрэбныя матэрыялы або ісці метадам проб і памылак, назапашваючы ўласны вопыт.

Займаючыся працяглы час краязнаўчай дзейнасцю ў школе, назапасіўшы неабходны вопыт арганізацыі краязнаўчай работы са школьнікамі, стварыўшы школьны краязнаўчы музей, я ўзяў адказнасць па напісанні дапаможніка для настаўнікаў “Арганізацыя краязнаўчай работы са школьнікамі”. Ён будзе накіраваны на ўсебаковае вывучэнне школьнікамі прыродных аб’ектаў і эканомікі, гісторыі і культурных асаблівасцей малой радзімы. А ўжо для асобных мясцовасцей, сабраўшы неабходны матэрыял, настаўнікі змогуць распрацаваць свае праграмы краязнаўчых гурткоў і факультатываў, падрыхтаваць пытанні для краязнаўчых віктарын і алімпіяд, стварыць новыя музеі і краязнаўчыя куткі, падрыхтаваць з вучнямі даследчыя работы, зрабіць іншыя распрацоўкі.

Кожны павінен любіць тое месца, дзе нарадзіўся і дзе жыве. І любоў да родных мясцін пачынаецца яшчэ з маленства, са школьных гадоў. Менавіта тады ў свядомасці юных жыхароў краіны закладваюцца асновы патрыятызму і грамадзянскасці. Таму так важна не прапусціць гэты момант і выхаваць з падрастаючага пакалення сапраўдных патрыётаў малой радзімы, якія б пачалі адчуваць сябе як неад’емную частку Радзімы.

Станіслаў ХОЛЕЎ,
кіраўнік народнага краязнаўчага музея сярэдняй школы № 90 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.