Краязнаўчыя канікулы

У чэрвені ганаровы статус маладзёжнай сталіцы акрамя Магілёва насіў і Мінск. Праўда, у больш вузкім сэнсе (маладзёжная краязнаўчая сталіца), ды і тое неафіцыйна, на працягу ўсяго 9 дзён, калі праводзіўся Рэспубліканскі злёт юных краязнаўцаў. Аднак непрацяглыя краязнаўчыя канікулы былі для 90 актыўных удзельнікаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” настолькі насычанымі, што свой статус маладзёжнай краязнаўчай сталіцы Мінск цалкам апраўдаў.

Краязнаўцы — людзі простыя. Каб летнія канікулы прайшлі выдатна, ім не абавязкова адпачываць у 5-зоркавым ­атэлі з функцыяй “усё ўключана”. Дастаткова меднастволых сосен і высокага беларускага неба над галавой, а побач — сяброў, з якімі пераадолены не адзін дзясятак края­знаўчых дарог. І ўсё ж супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства пастараліся зрабіць краязнаўчыя канікулы ў сталіцы насычанымі, на ўсе 5 зорак, з функ­цыяй “усё ўключана”. Былі і сябры, разам з якімі хлопцы і дзяўчаты з усіх рэгіёнаў абаранялі падчас конкурсаў краязнаўчы гонар малой ра­дзімы, было і высокае неба з аблачынамі над сталічнымі праспектамі, былі і меднастволыя сосны, нават магутныя дубы з таполямі падчас экскурсіі ў Лошыцкім парку. А колькі засталося ўражанняў ад наведвання Беларускага дзяржаўнага цырка, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, алімпійскага музея ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, вяровачнага гарадка “Ліяны”! Колькі эмоцый было падчас сустрэчы з вядомымі паэтамі, бардамі, музыкантамі! Пяцізоркавы атэль? Навошта? Гэта сумна. Адпачынак у края­знаўчым летніку — вось дзе яркія эмоцыі, вось дзе ра­дасць жыцця!

— На працягу ўсяго года вы праводзілі вельмі важную работу па вывучэнні малой радзімы. Захоўваць традыцыі, прымна­жаць іх, шанаваць і любіць родны край — гэта аснова вашага жыцця. Мы ўдзячны і вам, педагогі, што ведзяце гэтую няпростую, але вельмі патрэбную справу; мы ўдзячны вам, дарагія навучэнцы, што разумееце знач­насць таго, што робіце, бо ваша справа — гэта аснова развіцця і росквіту нашай любімай краіны. Спадзяёмся, што гэтыя 9 дзён будуць для вас незабыўнымі, падораць новыя ўражанні, новыя знаёмствы, новыя ­здзяйсненні, — ­адзначыла падчас урачыстага адкрыцця злёту намеснік дырэктара ­Рэспублікан­скага цэнтра экалогіі і краязнаўства Вікторыя ­Вітальеўна Сабалеўская.

Як паведаміла загадчык аддзела края­знаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, для юных краязнаўцаў, для педагогаў, якія суправа­джаюць дзяцей, арганізатары летніка пастараліся падрыхтаваць насычаную праграму для ўзбагачэння хлопцаў і дзяўчат новымі ведамі, уражаннямі, каб яны паказалі свае напрацоўкі, вынікі краязнаўчых даследаванняў. Важна, каб сваю працу яны праводзілі не толькі ў Год малой радзімы, каб і пасля заканчэння школы захоўвалі любоў да роднага куточка.

Хоць краязнаўчыя канікулы і праходзілі ў Мінску, конкурсы і віктарыны дазволілі ­ўдзельнікам злёту здзейсніць завочнае падарожжа па ўсёй Беларусі, завітаць на малую радзіму юных краязнаўцаў. Краязнаўчая віктарына “Ад гульні да пазнання краю”, “Візітоўка каманды”, краязнаўчы конкурс “Мая радзіма ў адным імгненні”, краязнаўчая канферэнцыя “Таямніцы малой радзімы”, трэнінг “Праз музеі — да прафесійных вытокаў” — незвычайнае падарожжа было яркім і разнастайным па тэматыцы. Наогул, тэма малой радзімы была цэнтральнай падчас работы краязнаўчага лагера. Нядзіўна, бо тут адпачывалі тыя, хто любіць малую радзіму, а яшчэ выдатна прадстаўляе яе гісторыю і культуру, яе адметнасці. Асабліва творчым быў конкурс “Візітоўка каманды”. Вось некалькі яркіх фарбаў з гэтых візітовак.

“Куточак мой родны, кожны будзе згодны, дзе б ты ні спыніўся, дзе б ні прытуліўся, там заўсёды будзе рай, дзе твой родны, мілы край”, — так пра родныя Баранавічы спявала каманда Брэсцкай вобласці.

“Мозыряне, мозыряне, в этом слове — огонь и сила, в этом слове — победы пламя, поднимаем Отчизны знамя”, — а так з гонарам спявалі прадстаўнікі Гомельскай вобласці.

“На Віцебшчыне, з Полацка, пачалася беларуская дзяржаўнасць. На віцебскай зямлі захоўваецца духоўная святыня беларусаў — крыж Ефрасінні Полацкай. На Ві­цебшчыне нарадзілася найбольшая колькасць ­герояў Савецкага Саюза. А яшчэ на Віцебшчыне знаходзіцца самая высокая электрастанцыя краіны — Лукомльская ГРЭС” — падобных фактаў каманда Віцебскай вобласці назвала не адзін дзясятак.

“Край наш толком не изучен, как же он богат, приезжай, товарищ, в Щучин, тихий город-сад”, — запрасілі на малую радзіму прадстаўнікі каманды Гродзенскай вобласці.

“Гісторыя Магілёва цікавая і багатая на падзеі. Толькі наш горад мае 14 версій паходжання сваёй назвы, з якіх 6 паданняў і 8 навуковых версій. Шмат гарадоў у Беларусі, блакітных, як вясна, гарадоў, толькі нам усім даражэй на свеце і мілей на Дняпры Магілёў”, — адзначылі прадстаўнікі маладзёжнай сталіцы Беларусі. Удзельнікі яшчэ адной каманды з Магілёўшчыны (навучэнцы з Асіповіцкага раёна) з гонарам заяўлялі, што яны з вёскі, любяць яе і ніколі не прамяняюць на вялікі мітуслівы горад. “Нет вкуснее клюквы и боровика, что на столе у осиповичского краеведа-добряка”. Што ж, варта прые­хаць у Асіповіцкі раён восенню і пераканацца ў праўдзівасці гэтых слоў.

“Вітайце, крутагорцы ідуць, малой ра­дзіме славу пяюць. Мы каманда — пад Дзяржынскам, на гары жывём — пад Мінскам, краязнаўцы мы — турысты, патрыёты — аптымісты”, — адзначылі прадстаўнікі ­каманды Мінскай вобласці.

Пераможцам конкурсу “Візітоўка каманды” стала каманда Магілёўскай вобласці. Па выніках краязнаўчай канферэнцыі дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Вера Сасунова і Павел Шэметаў з гімназіі № 4 Магілёва, Кацярына Анюхоўская з сярэдняй школы № 2 Асіповіч. У фотаконкурсе “Мая радзіма ў ­адным імгненні” дыплом І ступені атрымалі Расціслаў Раковіч з Татаркаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, Дар’я Разуева і Алена Сямашка з Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) Шчучынскага раёна. У конкурсе-трэнінгу “Праз музей — да прафесійных вытокаў” 1-е месца занялі каманды Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Лепшай у краязнаўчай віктарыне “Ад гульні да пазнання краю” 1-е месца ў каманды Магілёўскай вобласці.

— Дэлегацыя нашай школы не першы раз адпачывае ў рэспубліканскім краязнаўчым лагеры. Кожны раз, калі я пытаюся ў нашых дзетак пра іх адчуванні, яны ўкладваюцца ў тры словы: “Цікава, смачна, цудоўна”. Мы ведаем, што за гэтымі словамі стаіць прафесіяналізм, вялікая праца і анёльскае цярпенне арганізатараў, — падзяліўся настаўнік Кансталінскага дзіцячага сада — базавай школы Браслаўскага раёна Віктар ­Елісеевіч Бунта.

Падчас краязнаўчых канікул у сталіцы хлопцы і дзяўчаты не толькі дзяліліся краязнаўчымі даследаваннямі, але і выдатна чыталі вершы, выдатна спявалі, выдатна танцавалі, выдатна ігралі на гітары. Актыўны, насычаны адпачынак — гэта па-нашаму, па-маладзёжнаму, па-краязнаўчаму.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.