У калейдаскопе дзён не заўсёды хапае часу, каб спыніцца і ўсвядоміць асаблівасць нейкага імгнення. Так здарылася, што жыхары Новадзявяткавіч Слонімскага раёна, школьнікі і настаўнікі сталі сведкамі важнай падзеі — сустрэчы з графам Альфрэдам Слізнем, сынам апошняга ўладальніка нашай мясцовасці са славутага роду, адзіным яго нашчадкам. Пан Альфрэд прыехаў да нас з дачкой і трыма ўнукамі, каб праз 85 гадоў наведаць мясціны, дзе ён нарадзіўся і жыў пэўны час, перадаць унукам у спадчыну незвычайную і трагічную гісторыю свайго роду.
Шмат цікавага даведаліся госці пра гісторыю сваіх продкаў у школьным краязнаўчым музеі “Дыяменты даўніны”, дзе пакінулі запіс у кнізе ганаровых наведвальнікаў. Затым, пасля прэзентацыі гісторыі касцёла, які быў пабудаваны ў 1790 годзе, госці з Польшчы пабывалі з экскурсіяй на турыстычным маршруце “Залатое кола Новадзявяткавіч”, падзяліліся цікавымі ўспамінамі. Нашы госці атрымалі ў падарунак ад аўтараў кнігу “История агрогородка Новодевятковичи с древнейших времен до 2010 года”. У кнізе сабрана шмат матэрыялаў пра жыццё ў нашай мясцовасці знакамітага графскага роду з 1648 па 1939 год. У час прэс-канферэнцыі пан Альфрэд і яго дачка падкрэслілі, што былі ўражаны тым, як добра навучэнцы ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы, збіраюць па драбніцах інфармацыю пра мінулае, цікавяцца гістарычнымі падзеямі.
Гэтая сустрэча адкрыла юным краязнаўцам яшчэ адну нязведаную старонку пошукавай работы, натхніла нас на яшчэ больш дасканалае вывучэнне гісторыі роднага краю. Сустрэча з мінулым сям’і адбылася ў Год малой радзімы, і было вельмі хвалююча бачыць, як 91-гадовы чалавек, стаўшы на калені, пацалаваў такі дарагі для яго кавалачак роднай зямлі.
Мы дамовіліся, што сустрэча не будзе апошняй, што супрацоўніцтва паміж навучэнцамі школы і ўнукамі пана Альфрэда Слізня будзе працягвацца. Сям’я з Польшчы паабяцала прыехаць яшчэ не адзін раз, каб даведацца пра неспазнанае і зберагчы ўспаміны для сваіх нашчадкаў. Будзем чакаць новых сустрэч.
Таццяна РАКУЦЬ,
кіраўнік краязнаўчага музея
Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.