Рэспубліканскі конкурс камп’ютарных распрацовак патрыятычнага напрамку “Патрыёт.by” падвёў вынікі ў лістападзе. Юныя праграмісты з усёй краіны прадставілі прэзентацыі, сайты, праграмы, якія дапамагаюць вывучаць іх малую радзіму. Складаная графіка і анімацыя, прадуманыя гульнявыя сюжэты і, канечне, выхаваўчая каштоўнасць праектаў уражваюць. Каб даведацца больш пра камп’ютарную творчасць, мы пазнаёміліся з пераможцамі конкурсу.
Кузня IT-талентаў у Полацку
Першае месца ў намінацыі “З чаго пачынаецца Радзіма?” заняла работа Алега Міхновіча, навучэнца Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа. Пад кіраўніцтвам свайго выкладчыка, Сяргея Васільевіча Кухты, ён распрацаваў мабільны дадатак для гасцей і жыхароў Полацка, які дазволіць даследаваць славутыя мясціны Полаччыны з выкарыстаннем камп’ютарнага зроку.
Свае распрацоўкі Алег прэзентуе не ўпершыню, за яго плячыма — удалыя выступленні на кірмашы інавацыйных ідэй Smart Patent, Міжнароднай студэнцкай алімпіядзе ў сферы інфармацыйных тэхналогій для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў IT-Universe ў Кіеве. І гэта далёка не ўвесь спіс дасягненняў тэхнічных талентаў каледжа. Каб падтрымліваць цікавасць моладзі да вынаходніцтва і дапамагчы расці і развівацца, тут працуе аб’яднанне “ІТ-кузня”.
Думка стварыць суполку ўзнікла ў 2014 годзе, калі выкладчыкі прапанавалі навучэнцам спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, якія паказалі слабыя веды на зімняй сесіі, дадатковыя заданні — распрацаваць робатаў без складаных канструктыўных элементаў або з выкарыстаннем транзістарна-транзістарнай логікі. Заданне вызвала такую цікавасць, а навучэнцы падрыхтавалі такія заўважныя работы, што іх прэзентавалі ў каледжы на традыцыйных днях спецыяльнасці. Выкладчыкі Аляксандр Уладзіміравіч Шадурскі і Андрэй Уладзіміравіч Найдзін аб’ядналі аўтараў работ у суполку, якую спантанна вырашылі назваць “ІТ-кузня”.
— Мы чакаем ад гэтага гуртка нечага большага, чым ад суполкі, дзе вучні робяць цікавыя праекты, — патлумачыў адзін з кіраўнікоў праекта выкладчык курса “Камп’ютарныя сеткі” і інжынер-праграміст вучэбна-вылічальнага цэнтра каледжа Аляксандр Уладзіміравіч Шадурскі. — У гэтай суполцы нам бачацца сфарміраваныя ў рамках каледжа субкультура, брацтва, падобныя да “Альфа-бэта-гама”, што часта паказваюць у амерыканскіх фільмах.
Каб перадаць дух гуртка, яго кіраўнікі адабралі матывацыйныя тэзісы Гарвардскага ўніверсітэта, якія пастаянна нагадваюць іх выхаванцам пра імкненне да ведаў і новых адкрыццяў, жаданне стаць першым. На думку кіраўніка аб’яднання, гэтыя пастулаты асабліва актуальныя сёння, калі веды даступны кожнаму: інтэрнэт дае магчымасць хутка атрымаць любую інфармацыю. Адзінае, што патрэбна ад самога вучня, — шчырае жаданне развівацца.
Сёння ўдзельнікі “ІТ-кузні” пад кіраўніцтвам Аляксандра Уладзіміравіча ствараюць самастойныя тэхнічныя праекты: самі праектуюць і збіраюць электрычныя схемы прылад, распрацоўваюць іх алгарытмы і пішуць адпаведны праграмны код. Адным з першых такіх праектаў стаў святлодыёдны 3D-дысплэй (распрацоўшчык — Ірына Курносава, на момант стварэння праекта навучэнка 3 курса), выкананы з трохміліметровых святлодыёдаў у форме куба. Каб стварыць яго, удзельнікі аб’яднання пад наглядам кіраўнікоў паялі сам куб, трасіравалі і паялі плату адрасацыі, падключалі яе да кантролера на базе Arduino UNO і пісалі код.
Да чарговага дня спецыяльнасці былі створаны таксама банер “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” са святлодыёднай індыкацыяй, а таксама праект прыбора “Святлодыёдная матрыца”.
— Калі вучні пачынаюць працаваць над праектам, ім становіцца цікава мадэрнізаваць і ўдасканаліць яго, пашырыць магчымасці прататыпа, — расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Таму некаторыя навучэнцы-распрацоўшчыкі працягваюць работу над праектамі ўжо ў межах дыпломнага праектавання і абараняюць іх перад дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіяй.
Так, Павел Семенчукоў распрацаваў сістэму аўтаматычнай падачы званкоў ва ўстановах адукацыі, праект атрымаў дыплом І ступені навукова-практычнага інавацыйнага форуму INMAX, які праходзіў у рамках кірмашу інавацыйных ідэй Smart Patent. Уладзімір Петрашкевіч і Ірына Курносава стварылі аўтаматызаваную палівачную сістэму для пакаёвых раслін і занялі першае месца на Рэспубліканскай выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
Цікава, што распрацоўшчыкі-старшакурснікі, якія ўжо маюць вопыт праектнай работы, кіруюць работай малодшых калег. А Ірына Курносава, адна з першых удзельнікаў аб’яднання, сёння працуе ў каледжы інжынерам-электронікам, выкладае праграмаванне і працягвае курыраваць праекты навучэнцаў у межах “ІТ-кузні”. Усяго ў аб’яднанні займаюцца 15 чалавек.
— Зараз у рабоце электронная ўдарная ўстаноўка, гоначны робат, 3D-свяцільня, светлавая прылада поўнага руху і шэраг праграмных прадуктаў, — пералічвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Вялікім імпульсам у распрацоўцы праектаў стаў куплены каледжам 3D-прынтар. Цяпер мы можам самастойна вырабляць карпусы для створаных прылад.
Справіцца са складанымі задачамі праектнай работы навучэнцам дапамагаюць курсы, створаныя на адукацыйным серверы каледжа ў сістэме дыстанцыйнай адукацыі Moodle. Кіраўнікі “ІТ-кузні” ўжо запусцілі курсы “Праграмаванне. Першыя крокі”, “Аперацыйная сістэма GNU Linux. Адміністраванне і праграмаванне”, “Робататэхніка”.
Ёсць у аб’яднання яшчэ адна важная мэта — фарміраваць у абітурыентаў цікавасць да прафесіі праграміста і заахвочваць іх да паступлення ў каледж. Таму некалькі разоў на год удзельнікі “ІТ-кузні” арганізуюць майстар-класы для вучняў 8—11 класаў. Школьнікаў знаёмяць з прынцыпамі работы апаратнай платформы Arduino, вучаць падключаць да кантролера святлодыёды, датчыкі і індыкатары, пісаць першыя праграмы для сабраных сваімі рукамі схем. Такі асабісты кантакт дапамагае і самому аб’яднанню развівацца і папаўняцца таленавітымі навучэнцамі са свежымі ідэямі, якія, можна не сумнявацца, ужо заўтра прагрымяць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і выставах.
“Калі ты зараз заснеш, табе, канечне, будзе мроіцца твая мара. Але калі замест сну ты выбераш вучобу, то ты ператворыш сваю мару ў жыццё”.
“Калі ты думаеш, што ўжо занадта позна, на самай справе яшчэ рана”.
“Мука навучання ўсяго толькі часовая. Мука няведання — ігнараванне — вечная”.
“Вучоба — гэта не час. Вучоба — гэта намаганні”.
“Нават зараз твае канкурэнты прагна гартаюць разумныя кнігі”.
З правіл матывацыі студэнтаў Гарварда.
Пра архітэктуру Гомеля
Ілья Баркоўскі і Дар’я Несцерава, навучэнцы 11 класа сярэдняй школы № 33 Гомеля, перамаглі ў намінацыі “Люблю цябе, мой край родны”, прадставіўшы свой творчы вэб-праект “Асабісты гід па горадзе Станіслава Шабунеўскага”.
Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі — вядомы архітэктар, жыццё і творчасць якога цесна звязаны з Гомелем. У гэтым годзе адзначаецца 150-гадовы юбілей творцы. У сваім праекце вучні расказваюць пра Станіслава Шабунеўскага і яго мастацкую спадчыну.
На створаным імі сайце — біяграфія архітэктара і асобныя старонкі для кожнай яго значнай работы. Тут можна прачытаць гісторыю складання праекта і яго рэалізацыі, пабачыць фотаздымкі, зробленыя больш за стагоддзе назад, і параўнаць іх з сучаснымі выявамі будынкаў Шабунеўскага. Каб наведвальнікам сайта прасцей было пабачыць архітэктурныя творы на свае вочы, да кожнай старонкі прымацавана Google-карта, дзе ўжо адзначана месцазнаходжанне будынка. Адзін клік — і карта сама прапануе кароткі маршрут.
На распрацоўку сайта вучням спатрэбілася каля месяца. Пакуль Дар’я рыхтавала матэрыял, Ілья ствараў сайт. Акрамя свайго настаўніка інфарматыкі, школьнікі кансультаваліся ў педагогаў Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Дзяніса Канстанцінавіча Ляпшэя і Андрэя Сяргеевіча Макеенкі.
Важная частка падрыхтоўкі — распрацоўка прэзентацыі праекта. Ілья правёў відэаапытанне: выйшаў на вуліцы Гомеля і распытаў у мінакоў, ці вядома ім імя Станіслава Шабунеўскага. Дапамагала ў падрыхтоўцы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Леанідаўна Гейс. Журы конкурсу запомнілася не толькі сама праграма, але і яе нестандартнае прадстаўленне.
Вэб-рэсурс будзе карысны не толькі жыхарам горада, але і яго гасцям: увесь кантэнт даступны на 4 мовах: рускай, беларускай, англійскай і кітайскай. Каб дапамагчы турыстам знайсці гэтую інфармацыю, аўтары праекта стварылі для сайта QR-коды і звярнуліся ва ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта з просьбай падтрымаць ініцыятыву і ўсталяваць шыльды з QR-кодамі каля найбольш значных будынкаў цэнтральнай часткі горада, пабудаваных па праектах Станіслава Шабунеўскага. Каардынацыйны савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Гомеля прапанову падтрымаў: выраб шыльд пачаўся. Засталося толькі знайсці спонсара, які змог бы аплачваць хостынг сайта.
Настаўнікі, краязнаўцы і цікаўныя ўжо сёння могуць даведацца больш пра гомельскую архітэктуру і жыццё таленавітага гамяльчаніна Станіслава Шабунеўскага. Дастаткова перайсці на сайт d0009976.atservers.net і пазнаёміцца з работай пераможцаў конкурсу “Патрыёт.by”.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістых архіваў герояў.