Адносіны да мінулага сваёй краіны — паказчык маральнага здароўя нацыі. Адна з гераічных старонак нашай гісторыі — Вялікая Айчынная вайна. Існуе вядомая ісціна: забываючы мінулае, мы рызыкуем сустрэцца з ім заўтра. А таму трэба перадаваць маладому пакаленню памяць пра тую вайну, выхаваць у ім пачуццё адказнасці за будучыню чалавецтва.
Усе нашы суайчыннікі рыхтуюцца да знамянальнай даты — 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І наша школа не стаіць убаку: з дапамогай мерапрыемстваў мы знаёмім вучняў з гераічнымі і трагічнымі падзеямі Вялікай Айчыннай вайны на аснове мінулага роднага горада і вобласці. Так, былі праведзены класныя гадзіны “Абарона і вызваленне Магілёва”, “Іх імёнамі названы вуліцы”. Запомнілася і натхніла вучняў літаратурна-музычная кампазіцыя “Бессмяротнае поле”. Гучалі ваенныя песні, вершы, з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій нават паказана некалькі эпізодаў сапраўднага бою. Старшакласнікі напісалі эсэ пра Канстанціна Сіманава “Усё жыццё ён помніў Буйніцкае поле”, здзейснілі туды экскурсію. Актыўны ўдзел прымаем у абласным конкурсе “Не гасне летапіс перамог” у намінацыі “Зорачка на карце”. У рамках конкурсу адсочваем пахаванні, абеліскі, брацкія магілы на тэрыторыі Магілёўскага раёна, збіраем тэкставы матэрыял, фатаграфуем, а потым плануем скласці інтэрактыўную карту гэтых аб’ектаў — зорачак сваёй малой радзімы.
Нядаўна прайшла дэкада гісторыі і грамадазнаўства. Настаўнік гісторыі Сяргей Леанідавіч Карніенка з вучнямі 9-х класаў правёў пазнавальную віктарыну “Партызанскія месцы Магілёўшчыны”, у якой змагаліся тры каманды. З дапамогай пытанняў вучні перагарнулі няпростыя старонкі партызанскай вайны і даведаліся шмат новага і важнага пра той цяжкі час. У Польшчы, у Лодзі, ёсць помнік: вялікае разарванае матчына сэрца, якое быццам гаворыць, што для маці няма нічога даражэй, чым сваё дзіця, і калі яно гіне, гіне і сэрца маці, разрываецца на кавалачкі. Дзецям вайны была прысвечана дакументальна-мастацкая праграма “Хтосьці родам з дзяцінства, а я з вайны”, падрыхтаваная настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Маргарытай Мікалаеўнай Даніленка. У праграме ўдзельнічалі вучні малодшага і сярэдняга ўзросту: паказвалі масавыя сцэны, чыталі ўрыўкі з успамінаў і дакументальных матэрыялаў. І вось на экране заключныя словы: “У цэлага пакалення, якое нарадзілася з 1928 па 1945 год, скралі дзяцінства. У Другой сусветнай загінула 13 млн дзяцей, 2,5 млн з іх памерлі ў канцлагерах”.
Жанчына і вайна — словы несумяшчальныя. Твор Барыса Васільева “А золкі тут ціхія…” (адзін з лепшых твораў пра жанчыну на вайне) лёг у аснову драматычнай пастаноўкі, рэжысёрам і сцэнарыстам якой была Маргарыта Мікалаеўна. Ролю старшыні выканаў Алег Бубноў, вучань 10 класа. У апошняй сцэне, калі ён гаварыў: “Паляглі вы ўсе, усе пяцёра. А за што? За дзесяць фрыцаў? Але ж не прайшлі яны, не перамаглі нас! А мяне запытаюць: “Што ж вы, мужыкі, не абаранілі нашых мам, ад куль не збераглі?” — у зале стаяла цішыня, словы краналі сэрца кожнага. Нежаночая гэта справа — вайна, але ж менавіта ў імя жыцця дзяўчаты ішлі на вайну, абаранялі мір. Нізкі паклон ім, іх вялікаму подзвігу.
Пакаленне, якое перажыло вайну, адыходзіць. Тым важней для нас захаваць і перадаць далей памяць пра сілу духу, мужнасць, прагу да жыцця людзей, якія падарылі нам Перамогу і свабоду. І гэтая памяць не павінна згаснуць, таму што гэта памяць народа. Гэта наша сумленне.
Алена ІВАШНЁВА,
дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.