Дзеці, мода і свабода

Гэтыя мадэлі робяць подыумам любы двор. Іх майстэрства — не прайсці на высачэнных абцасах, а быць сабой, быць дзіцем. Новы вобраз яны дэманструюць на роліках, самакатах ці раскручваючыся на галаве пад брэйк. Іх адзенне — для жыцця. Іх стыль народжаны для вуліцы. Каб спазнаць яго,  мы завіталі ў сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі “Вікторыя” да яго стваральніка — педагога, харэографа і дызайнера Аляксандра Кашпея.

Саня і на “ты”?

  Назіраючы, як шумная група дзяўчат вітае свайго педагога Саню (толькі так тут называюць Аляксандра Уладзіміравіча), забываешся, што знаходзішся ў самай звычайнай установе дадатковай адукацыі. Тут замест “вы” ёсць не менш паважлівае (запэўніваю вас!) “ты”, а замест гуртка — Дом вулічнай моды. На час інтэрв’ю Аляксандр прапаноўвае сваім навучэнкам у суседнім пакоі накідаць свае варыянты новага шоу. Так, замест настаўніцкага “будзем рабіць так”, тут заўсёды гучыць пытанне да дзяцей “Як будзем рабіць?”.

— Будаваць заняткі так, як хачу я, — гэта перажытак мінулага, і ад гэтага трэба ўжо адыходзіць. Праўда, гэта складана, бо большасць бацькоў прывыкла якраз да таго, каб аддаваць сваё дзіця туды, дзе яго будуць нешта прымушаць рабіць. А дадатковая адукацыя — гэта крыху пра іншае, — тлумачыць сваю далёкую ад аўтарытарнай выхаваўчую методыку А.Кашпей. — Я ў першую чаргу педагог дадатковай адукацыі і ў гэтым адчуваю асаблівы смак. Калі мы прыдумваем новы нумар, я не дыктую дзецям, што і як рабіць, якія рухі і ў якой паслядоўнасці выканаць на подыуме. Я даю ім права прыдумаць танец самастойна. Некалі менавіта дзеці, падлеткі Бронкса, прыдумалі брэйк, які потым стаў вядомым на ўвесь свет. Інтуітыўна гэтую творчую свабоду хачу даць дзецям і я. Мая задача — не танец паставіць, а развіваць крэатыў, імкненне да творчасці ў саміх дзяцей.

Спачатку быў танец…

А за развіццё крэатыву тут адказвае танец. Дакладней, спарттанец — культура, якая аб’ядноўвае вулічныя віды спорту і танец. З яго, упэўнены педагог, і пачынаецца вулічная культура. Дзякуючы таму, што, здавалася б, у прывычным ужо танцы яго падапечныя дэманструюць новыя фішкі, яго юнацкая каманда Team-a-Team за свае 6 гадоў станавілася пераможцай на чэмпіянатах Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі і нават Еўропы.

Цяпер навучэнцы Аляксандра Кашпея запальваюць не толькі на сцэнах, але і на подыумах. Ён аб’яднаў у творчых паказах тых, хто мае розныя таленты. Так, 13-гадовы Ула­дзіслаў Грынчышын з 5 гадоў займаецца брэйкінгам. Столькі ж у брэйкінгу і Захар Міркін, акрамя таго, ён займаўся футболам, боксам, каратэ, дзюдо, рукапашным боем, валейболам, парусным спортам.  Адна з самых юных модніц, Тая Беразанская, займалася брэйкдансам і скачкамі ў ваду. Таму ўсе яны ў сваіх шоу дэманструюць сур’ёзныя акрабатычныя штукі. Алёна Мартыненка з маленства займалася танцамі, таму яна адчувае сябе тут як рыба ў вадзе. Сінхрон, флэшмобы — гэта яе тэма, але галоўная фішка тут — фэшн-батлы. 

— Гэта перапляценне розных відаў спорту і танца, якія ў выніку ствараюць новы від дзейнасці. Мадэлінг мае на ўвазе дэфіле — дэманстрацыю адзення і аксесуараў, а Fashion Battle — дэманстрацыя здольнасцей мадэлей, спаборніцтва ў крэатыўнасці. Калі ў класічным мадэлінгу ёсць базавыя пазіцыі, то ў фэшн-батлах можна рабіць усё. Вітаецца любое заміранне — на галаве, на руцэ, складаныя акрабатычныя штукі. Бо тут уключаны не толькі мадэлінг і пазіраванне, але і акрабатыка, спорт, гімнастыка, футбольны фрыстайл, стрытбол, брэйк-данс, паркур, язда на роліках і самакатах — падставай далучыцца да нас і паказаць сябе ў фэшн-шоу становіцца ўсё, чым захапляюцца дзеці, — расказвае пра сваё творчае вынаходніцтва Аляксандр Кашпей.

Менавіта тут, у Доме вулічнай моды праходзяць чэмпіянаты. Яны праводзяцца па трох намінацыях: fashion battles 1 на 1 (вызначаецца лепшы ў мадэлінгу), maneken walk — гульня, падчас якой суддзі вызначаюць лепшага у мадэлінгу і пазіраванні, і synchron battles (незнаёмыя людзі дзеляцца па парах падчас рэгістрацыі і за кароткі час рыхтуюць свае нумары).

Галоўнае, каб касцюмчык сядзеў

Падчас фэшн-батлаў мадэлі дэманст­руюць адзенне, якое шые сам Аляксандр. Практычнасць, арыгінальнасць і камфорт — галоўнае ў дызайне. Увогуле, саму ідэю размерных радоў і масавага адзення Аляксандр не прызнае і сам носіць адзенне выключна ўласнага пашыву. Яго адзенне з-за свабоднага крою і мінімуму швоў аднолькава пады­дзе і падлетку, і сталаму чалавеку, часта яно — унісекс. Але што да дзявочага адзен­ня, то Аляксандр імкнецца не пазбаўляць яго дзявоцкасці, таму замест спартыўных касцюмаў для дзяўчат шые зручныя для танца сукенкі.

З-за таго, што Аляксандру было складана адарваць танец ад мадэлявання, ён часам браўся за нажніцы і іголку прама на трэніроўках, пакуль яго навучэнцы адточвалі новыя элементы брэйка. Гэта толькі нядаўна ён асвоіў прафесійныя швейныя машынкі — да гэтага шыў толькі рукамі, часам — на хаду, ледзь не ў танцы.

— Так я далучаю дзяцей да творчасці. Я сам з маленства і да сённяшняга моманту цікаўлюся шмат чым  і заўсёды імкнуся гэта ўсё сумяшчаць. І таму хачу, каб і дзеці таксама развіваліся ў розных кірунках. Спачатку яны прыглядваліся, спрабавалі ствараць нешта самі: абрэзкі тканін яны навязвалі на галаву, як бандану, на калені… Так ненавязліва многія сталі гэтым захапляцца. І калі мы адкрылі Дом вулічнай моды, яны самі сталі спрабаваць шыць і дэманстраваць свае першыя вобразы.  Пашыць нешта сваё, індывідуальнае — гэта намнога складаней, чым сшыць нешта па шаблоне, — гаво­рыць педагог.

Калекцыі адзення ад Аляксандра Кашпея добра вядомы ў модным асяроддзі. Яны не раз пакаралі журы творчых конкурсаў. Напрыклад, у іх скарбонцы — некалькі перамог на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет”, гарад­скім конкурсе юных мадэльераў “Блакітная пралеска” і інш.

Адзенне з сімвалам страказы (аўтарскі брэнд) прадаецца ў Еўропе, яго ўпадабалі эстрадныя выканаўцы Беларусі, фотамадэлі, у ім жа танцавалі дзеці ў фінале дзіцячага “Еўрабачання” ў Мінску. Толькі за гэты год у Беларусі навучэнцы Дома вулічнай моды прынялі ўдзел у 60 паказах і шоу. А.Кашпея запрашаюць арганізоў­ваць найбуйнейшыя паказы. Напрыклад, ён быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам  самага маштабнага ў Беларусі дзіцячага Fashion Kids Reality, сутнасць якога — за кароткі тэрмін паставіць паказы маладых дызайнераў з удзелам дзяцей, якія ніколі не займаліся ў мадэльных агенцтвах. Так, Аляксандр за 2 тыдні паставіў 12 паказаў з удзелам больш як 400 дзяцей. Арыгінальнымі былі яго паказы і на апошнім Рэспубліканскім конкурсе “Млын моды”, калі яго калекцыя CREAM атрымала 2-е месца сярод адзення для падлеткаў.

Дарэчы, па меркаванні экспертаў, перавагі вобразаў Аляксандра якраз у тым, што прафесійна шыць ён нідзе не вучыўся.

 — У любым кірунку ёсць свае правілы і законы. Ёсць яны і ў мадэляванні адзення. Менавіта яны ствараюць рамкі, за якія чалавеку складана выйсці. І крэатыў пачынаецца тады, калі чалавеку ўдасца перайначыць, абнавіць шматгадовыя традыцыі ў пашыве. А калі я ніколі не вучыў гэтыя правілы канструявання, мне нічога не трэба ламаць у галаве. Я рэалізую тыя вобразы, якія ў мяне ўзнікаюць. Часта без эскізаў, нават без крэйды — крою без лякал і выкраек і сшываю, — гаворыць педагог.

Паспрабуй, каб выбраць

Гэтае яго ўменне — захацеў, прыдумаў і зрабіў — родам з маленства. Шыць ён пачаў у 5 гадоў. Гэта па словах яго бацькоў, сам жа Аляксандр не памятае перыяду без нажніц і іголкі.

— Я вырас у вёсцы пад Туравам, былі 90-я гады, таму заўсёды панаваў дэфіцыт. І мяне так выхоўвалі бацькі, што, калі мне нешта трэба, я павінен зрабіць гэта сам. Прыязджалі з горада мае сябры і прывозілі крутыя цацкі — я таксама перарабляў свае старыя паламаныя цацкі, рабіў ім абгрэйдынг, — успа­мінае педагог. — Куплялі мне ў сельскім магазіне звычайнае адзенне — я перарабляў яго ў моднае, куплялі звычайную кепку — дапаўняў яе вязаным  казырком ці шыў яе сабе зусім на новы манер, звычайныя кеды выбельваў адбельвальнікам, дапаўняў каляровымі шнуркамі і г.д. І так было заўсёды. Мне падабалася мяняцца, я падхопліваў літаральна ўсе модныя кірункі. Пачынаючы ад змен у знешнасці (то пірсінг рабіў, то кароткія валасы насіў, то адпускаў доўгія, то рабіў дрэды) — да змены стылю (панк, эма, рокеры, рэперы — усё было ў маім жыцці). Не менш у мяне было і захапленняў. Я танцаваў брэйк-данс і іншыя танцы, катаўся на роліках, займаўся варкаўтам. Карзкціраваў вагу — займаўся бо­дзібілдынгам, рэзка скідваў 30 кілаграмаў.

Я ўпітваў любую інфармацыю, з якой сутыкаўся: хапала часу і на вучобу (у школе быў выдатнікам, скончыў яе з медалём), захапляўся і навукамі, у прыватнасці, філасофіяй, потым — графалогіяй і інш. Не адразу знайшоў сваю прафесію, тым не менш, заўсёды імкнуўся быць лепшым. Я атрымаў 2 вышэйшыя адукацыі з адзнакай — у банкаўскай справе і ў будаўніцтве. Напрыклад, пасля Адэскай акадэміі будаўніцтва і архітэктуры пайшоў працаваць на будоўлю і ўсяго за 2 гады прайшоў шлях ад падсобнага рабочага да інжынера па кантролі за будаўніцтвам.

Можа, хтосьці скажа, што гэта легкадумна — столькі захапленняў мяняць, але толькі так можна знайсці сваю справу, не памыліцца. І дзецям я кажу: калі нешта вам не даецца, не атрымліваецца, не марнуйце часу — пашукайце сябе ў іншым. Як бы вы ні любілі футбол, калі вы не маеце пэўных здольнасцей, вы не станеце вялікім футбалістам. А вось з-за таго, што не паспрабавалі выйсці за межы футбольнага поля, вы не прыйшлі, скажам, у майстэрню і не даведаліся, наколькі лоўка вам удаецца апрацоўваць дрэва. Не бойцеся, шукайце і знаходзьце. Я, напрыклад, знайшоў сябе і свой кірунак. Цяпер мая задача — яго развіваць. Але пры гэтым я не магу сказаць, што ўсё, чаму я за жыццё навучыўся, дарэмна. Мне ўсё спатрэбілася. Напрыклад, каб аформіць памяшканне Дома вулічнай моды, мы з маёй дзяўчынай, Настассяй Абожынай (яна таксама працуе педагогам дадатковай адукацыі ў “Вікторыі”), рабілі ўсё сваімі рукамі — ад тынкоўкі і падлогі да канапы з драўляных паддонаў. Гэта яшчэ адна магчымасць паказаць дзецям, што ўсё проста. Дастаткова толькі захацець нешта самому стварыць.

Але я заўсёды зайздросціў людзям, якія раз і назаўсёды выбіралі для сябе прафесію і ўсё жыццё ў ёй развіваліся. У мяне ж была іншая праблема — мне падабалася ўсё. Але ў той жа час заўсёды вабіла выкладанне і мадэ­ляванне адзення.

У “Вікторыю” ён таксама прыйшоў як навучэнец — шукаў пляцоўку для трэніровак і трапіў да педагога-харэографа заснавальніка Федэрацыі брэйк-данса Беларусі Аляксандра Воінава. Але той убачыў у Аляксандру калегу, таму спачатку працавалі яны ў пары, а потым — кожны са сваёй камандай навучэнцаў.

— Адна з апошніх нашых калекцый называецца “Адзін у полі не воін”. І гэта назва стала нашай філасофіяй — мы спрабуем сабраць разам тых людзей, якія маюць пэўную мэту і гатовы да яе рухацца, — гаворыць педагог.

У гэтыя дні Аляксандр як прызёр “Млына моды” павёз сваю калекцыю ў Швецыю, дзе праходзяць Дні беларускай культуры. Хутка са сваімі падапечнымі ён адправіцца на 2 змены ў профільны летні лагер, дзе разам яны будуць рыхтаваць новыя паказы: у верасні Аляксандра і юных мадэлей будуць чакаць з паказамі ў італьянскім Мілане.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.