Замест класікі — японскі варыянт

Ці чулі вы калі-небудзь пра сёгі? Шчыра кажучы, я і сама зусім нядаўна пазнаёмілася з гэтым відам спорту. Між іншым ён незаслужана мае не вельмі вялікую папулярнасць сярод беларусаў. Выпраўляем!

Чэмпіянат Еўропы, чэмпіянат свету па сёгі ў Браціславе (2019 г).

Сёгі? Гэта звязана з Японіяй?

Менавіта так. Можна ска­заць, гэта японскія шахматы. Свае карані яны бяруць ад гульні чатуранга, якая нарадзілася ў іран­скім Абадане. Аматары завезлі яе ў Еўропу, дзе тая трасфармавалася ў шахматы. У VIII стагоддзі гульня з’явілася ў Японіі. З тых часоў сёгі для Краіны ўзыходзячага сонца сталі важнай часткай традыцыйнай культуры. Стагоддзе, яшчэ стагоддзе, яшчэ некалькі — і вось у XVI стагоддзі японскія шахматы атрымалі свой сучасны выгляд. Сёгі былі прызнаны гульнёй, якая развівае стратэгічнае і ваеннае мысленні. Зараз яна не менш папулярная, чым у старадаўнія часы. Партыі прафесіяналаў паказ­ваюць японскія тэлеканалы, пра турніры пастаянна пі­шуць у прэсе, літаратура пра сёгі ёсць у кожным кніжным магазіне.

Зводны брат шахмат

Дошка для сёгі (сёгібан) мае памер 9х9 клетак. Яны — прамавугольныя, аднаго колеру і без абазначэнняў. Лепшыя сёгібаны робяць з тарэі арэханоснай. Гэтае дрэва расце вельмі павольна, таму дошкі з яго могуць кашта­ваць вельмі дорага. Бюджэтны варыянт — сёгібан з елкі ці японскага кедру. Традыцыйна фігуры ро­бяць з самшыту драбналістага. Гульцы паміж сабой могуць называць іх чорнымі і белымі, але насамрэч усе  яны аднолькавыя. Адрозніваюцца толькі надпісы, якія нанесены ў выглядзе іерогліфаў. У распараджэнні кожнага гульца — 20 фігур васьмі найменняў: кароль, ладдзя, слон, два залатыя і два сярэбраныя генералы, два кані, два кап’і і дзевяць пешак. Падчас гульні яны “карабкаюцца”, “хістаюцца”, “выглядваюць”, “плаваюць”, “бамбардзіруюць” адно аднаго. У адрозненні ад шахмат, калі гулец захоплівае фігурку праціўніка, ён адкладвае яе на пляцоўку побач са сталом і пры гэтым мае права пры неабходнасці выставіць на любы ўчастак дошкі. Гэта зводзіць працэнт нічыіх амаль да нуля.

Яна Юдзянкова, навучэнка 10 “А” класа сярэдняй школы № 37 Мінска:

“Я займаюся сёгі ўжо трэці год. Разам з мамай прыйшла ў Палац дзяцей і моладзі выбраць сабе гурток. Мне спадабаліся японскія шахматы, захацелася паспрабаваць. Добра, што праводзіцца шмат турніраў. Напрыклад, я ўдзельнічала ў чэмпіянаце Беларусі, чэмпіянаце Мінска. Там выступае шмат моцных гульцоў. Самым складаным для мяне быў паядынак з чэмпіёнам Еўропы Вінсэнтам Танянам”.

Гульня для ўсіх

Пачатак развіцця гульні ў нашай краіне звязаны з 2000 годам. Тым летам Андрэй Каспяровіч і Сяргей Карчыцкі зацікавіліся сёгі, стварылі першыя камплекты і правялі дэбютныя партыі. Усю інфармацыю бралі з інтэрнэту, бо ў бібліятэках літаратуры пра ўсходнюю гульню амаль не было. 8 лістапада 2000 года ў сярэдняй школе № 60 Мінска прайшоў першы турнір па сёгі. Склад удзельнікаў быў невялікі, усяго 6 чалавек: Сяргей Карчыцкі, Андрэй Каспяровіч, Сяргей Багдановіч, Андрэй Лысенка, Аляксандр Паўловіч і Юрый Тэпер. У такім жа парадку размеркаваліся і месцы. З 2002 года нашы спартсмены пачалі ўдзельнічаць у міжнародных турнірах, а ў 2016 го­дзе Беларусь прынялі ў Федэрацыю еўрапейскіх сёгі асацыяцый. У той жа час у краіне зарэгістравалі сваю Федэрацыю японскіх шахмат сёгі. З яе старшынёй кіраўніком секцыі сёгі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі і ў сталічнай гімназіі № 29 Сяргеем Уладзіміравічам Лысенкам мне давялося правесці пазнавальную гутарку.

Сяргей Уладзі­міравіч захапіўся японскімі шахматамі ў 15 гадоў, калі сам быў вучнем. “Пра сёгі мне расказаў старэйшы брат Андрэй, паказаў правілы і навучыў гуляць. У дзяцінстве я займаўся толькі класічнымі шахматамі, сёгі падаліся мне больш цікавымі, — расказвае старшыня федэрацыі. — Калі я пачынаў, у Мінску гуляла не больш за 8 чалавек. Потым паступіў у БДПУ імя Максіма Танка і з першага курса пачаў весці гурток па японскіх шахматах. З розных факультэтаў прыходзілі студэн­ты, захапляліся. Гэта доўжылася 5 гадоў”.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Сяргей Лысенка вырашыў, што трэба пачынаць вучыць дзетак, бо студэнты — гэта народ не заўсёды абавязковы: сёння яны гуляюць, а заўтра захочуць пайсці на дыскатэку. “З дзеткамі ўсё прасцей: яны хутка захапляюцца і маюць больш вольнага часу. Такое жаданне і прывяло ў Палац дзяцей і моладзі, — гаворыць выкладчык. — У 2010 годзе я набраў групу з 16 чалавек, палова з якіх была шахматыстамі. Дзеці з гэтай паловы пачалі паказваць вельмі добрыя вынікі. Літаральна за год яны змаглі павысіць сваё майстэрства на 1—2 разрады ў класічных шахматах”.

Сёгі могуць займацца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Падчас гульні працуюць абодва паўшар’і мозга, падключаецца і творчасць. Сяргей Лысенка вядзе гурток яшчэ ў 29-й гімназіі і расказаў цікавую гісторыю: “Пачатковая школа, 3 клас, першы бацькоўскі сход, настаўнік адзначае дзяцей, у якіх па матэматыцы заўважны паляпшэнні. А потым кажа: “Так… І вы ходзіце на сёгі, і вы, і вы, і вы”. Да мяне тады ўвесь клас прыйшоў займацца, каб падцягнуць матэматыку”.

Сяргей Лысенка.

Узрост для японскіх шахмат таксама не мае значэння. Праўда, з большай лёгкасцю інфармацыю ўспрымаюць дзеці. “У дарослых назапашваецца пэўная стомле­насць да пазнання чагосьці новага, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч, — а ў дзіцяці заўсёды ёсць цяга да ведаў. Калі людзям паказваеш сёгі, то дарослых пужаюць іерогліфы, а для маленькіх гэта проста карцінкі, якія запамінаюцца вельмі хутка”.

На маё пытанне “Ці мае значэнне ўзрост праціўніка?” выкладчык без роздуму адказвае “не”. “Калі я пачынаў працаваць, у мяне быў хлопчык-другакласнік. Праз тры месяцы ён перамог прафесара з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Гэта не бег, не плаванне, не штурханне ядра. Інтэлектуальныя віды спорту тым і добрыя, што табе не важна, якая вага ў праціўніка, рост, узрост і пол”, — упэўнены Сяргей Лысенка.

Беларуская школа

Беларускую школу сёгі ў Еўропе ведаюць і заслужана пабойваюцца. Нашы спартсмены не раз станавіліся прызёрамі розных турніраў і спаборніцтваў. “У 2012 го­дзе з двума самымі моцнымі гульцамі палаца мы паехалі ў Кракаў на дарослы чэмпіянат Еўропы, — узгад­вае Сяргей Уладзіміравіч. — На такіх спаборніцтвах звычайна вызначаецца лепшы гулец чэмпіянату Еўропы і лепшы гулец чэмпіянату свету. На тых турнірах выступаў адзі­н вельмі моцны француз, і арганізатары падумалі, што ён і забярэ гэтыя дзве ўзнагароды, таму зрабілі толькі адзін кубак. А лепшымі прызналі нашых хлопцаў. Гэтая ўзнагарода і цяпер стаіць у маім кабінеце, бо вучні ўсё роўна не змаглі б паміж сабой яе падзяліць. У 2013 годзе ў Мінску прайшло адкрытае першын­ство свету па сёгі. Яго выйграў беларус. У 2016 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме наш навучэнец Вінсэнт Танян заняў 2-е месца. Вельмі складана на тых спаборніцтвах дайсці да фіналу, бо калі прайграеш, то вылятаеш. Праз год у Кіеве ён ужо выйграў гэты турнір, а ў 2018 го­дзе стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы і адкрытага першынства свету.

Вінсэнт Танян.

Антон Старыкевіч, студэнт 1 курса БДУІР:

“Шэсць гадоў назад, шукаючы сабе хобі, я прыйшоў у Палац дзяцей і моладзі. Хадзіў, глядзеў на секцыі. І, калі ішоў побач з шахматнымі, мяне паклікаў Сяргей Уладзіміравіч. Расказаў пра сёгі, мне спадабалася, я запісаўся і з тых часоў займаюся. Многія людзі гавораць, што гульні шахматнага тыпу развіваюць логіку, матэматычны склад розуму. Лічу, што яны маюц­ь рацыю. На гуртку па сёгі я знайшоў многа сяброў, таму заняткі чакаю з нецярпеннем. Для мяне японскія шахматы ўжо нешта большае за хобі. Кожны дзень я гуляю партыю-другую проста таму, што хочацца. Сёгі захапілі мяне”.

Тады ўжо загаварылі, што ў Беларусі дзеці нядрэнна гуляюць у сёгі. У наступным годзе пачалі праводзіць маладзёжны чэмпіянат Еўропы ў некалькіх узроставых катэгорыях. Мы адтуль прывезлі 6 медалёў. Праз год узялі ўжо 8. У гэтым годзе не так шмат нашых гульцоў даехала — у нас 5 узнагарод. Затое тыя, хто не ўдзельнічаў у мала­дзёжным чэмпіянаце, адправіліся на дарослы. Там адбылася вялікая для нас падзея. Спачатку праходзілі камандныя турніры. Мы выставілі дзве каманды: Belarus 1 (Вінсэнт Танян, Максім Шапараў і Антон Старыкевіч) і Belarus 2 (Уладзіслаў Закржэў­скі, Пётр Шчаслёнак і я). Усяго гуляла 21 каманда, без паражэнняў да апошняга тура дайшлі толькі нашы. У выніку Belarus 1 заняла 1-е месца, Аўстрыя па дадатковых паказчыках — 2-е, а Belarus 2 — 3-е. У асабістым турніры да фіналу чэмпіянату Еўропы дайшлі тры беларусы і немец Томас Ляйтэр. Пераможцам стаў Вінсэнт Танян, і ў Еўропе пагаворваюць ужо, што, здаецца, выйграць чэмпіянат Беларусі больш складана, чым чэмпіянат Еўропы. “Серабро” дасталася Томасу, а “бронза” — Антону Старыкевічу. У наступны дзень працягнулася адкрытае першынство свету, дзе Антон падскочыў на 2-е месца і стаў віцэ-чэмпіёнам. Вышэй за яго толькі 6-ы дан (дан — нешта нак­шталт разраду ў шахматах. — Заўв.аўт.) з Японіі, у Еўропе такіх гульцоў нават няма. У наступным годзе чэмпіянат свету і чэмпіянат Еўропы пройдуць у Мінску”.

Антон Старыкевіч.

Федэрацыя пастаянна працуе над тым, каб пра сёгі ў Беларусі ведала як мага больш лю­дзей: выкладчыкі і вучні право­дзяць майстар-класы ў розных гарадах. Сяргей Уладзіміравіч адзначае, што пазнаёміць людзей з япон­скімі шахматамі нескладана, больш цяжк­а зацікавіць іх настолькі, каб яны самі пачалі займацца. Для гэтага патрэбны ініцыятыўныя асобы, якія захочуць працягнуць справу. У гэтым годзе, напрыклад, майстар-клас праходзіў у Мядзелі. Зараз там і ў Старых Габах спрабуюць вучыцца сёгі.

“У чым прыгажосць гэтай гульні?” — задаю пытанне Сяргею Лысенку. “Тут да канца ёсць надзея, што можна перамагчы. Прычым не метафарычная, а рэальная, таму гульцы заўсёды ідуць да канца. Гэта фарміруе цвёрды характар”, — адказвае ён і ставіць гэтым натхняльную кропку ў нашай размове.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Федэрацыі японскіх шахмат сёгі.