Мультфільм ад дзяцей для дзяцей

Свой першы артыкул пра аб’яднанне па інтарэсах па дзіцячай мультыплікацыі я напісала гадоў шэсць назад, калі ў нашых установах дадатковай адукацыі яны толькі пачалі з’яўляцца. На сёлетнім конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” ў намінацыі па анімацыі “Чароўныя карцінкі” ў фінал трапілі ажно 23 дзіцячыя мультфільмы з усёй краіны (пераможцы будуць аб’яўлены 25 студзеня). Такі мультыплікацыйны бум не можа не радаваць арганізатараў. Тым не менш відавочна, што аўтары пакуль толькі пратоптваюць сваю сцежку ў свет анімацыі. Дапамагчы расставіць маячкі перад педагогамі, якія толькі спрабуюць сябе ў гэтым кірунку, я запрасіла мастачку, мастацтвазнаўцу і выкладчыцу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у некалькіх пакаленнях, галоўнага эксперта па мультыплікацыі ў конкурсах “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!” Ганну КЛІМЕНКА.

— Ганна Іванаўна, раскажыце, з чаго варта пачынаць свае крокі на экране педагогу, які ў сваёй сферы — прафесіянал, але ў анімацыі — навічок?

— У Беларусі дзіцячай анімацыі вельмі мала, але шмат студый, якія займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і спрабуюць сябе яшчэ і ў анімацыі, што само па сабе нядрэнна. Калі педагог — прафесіянал у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, трэба на ім і грунтавацца, і ствараць на яго аснове мультфільмы. Фетравыя, берасцяныя, саламяныя, пластылінавыя героі, асабліва калі яны зроблены прафесійна, вельмі арганічна глядзяцца на экране.

Дзецям не варта арыентавацца на сур’ёзныя анімацыйныя праекты сусветнага ўзроўню, бо ў іх задзейнічана па некалькі соцень прафесіяналаў і пераўзысці іх у тэхнічным плане, зразумела, дзіцяці і педагогу нерэальна. Дзіцячая анімацыя цікавая сваёй непасрэднасцю, асаблівай эстэтыкай са сваім наівам, а ні ў якім выпадку не правільнасцю малявання і дасканаласцю падачы. Няхай гэта будзе маленькі мастацкі прадукт, аўтарская міні-вынаходка з уласнай стылістыкай.

— Якія дзіцячыя студыі вы можаце адзначыць і прывесці іх работы ў якасці прыкладу?

— Сёлета мяне прыемна ўразілі дзве анімацыйныя студыі Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі — “Юны мультыплікатар” і “Майстэрня цудаў”. Калі людзі засяроджваюцца на эстэтыцы традыцыйнага віду, вельмі складана прайграць. Адзін з мультфільмаў гамяльчан быў створаны на аснове плоскаснага саломапляцення: вельмі ўдала тут паказана пластыка гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Другая работа створана метадам прадрапвання, калі паверхня аркуша пакрываецца каляровай крэйдай , заліваецца тушшу, а потым прадрапваецца. Гэтыя студыі ўжо цяпер могуць шмат чаму навучыць пачаткоўцаў.

Я сачу за развіццём студыі анімацыі “Мульт-фабрык” у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі, дзе дзеці ствараюць пластылінавыя мультфільмы. Самы вялікі плюс гэтага аб’яднання — тут адчуваецца дзіцячая рука. Адна з актуальных праблем конкурсных мультфільмаў у тым, што часта адчуваецца дапамога дарослых.

— Як жа стварыць добры мультфільм? Як з экрана данесці да гледача нешта важнае?

— Тут трэба быць асцярожнымі. Ёсць пэўная агульнакультурная праблема. Усе мы ведаем, што робіцца ў сусветнай анімацыі, наколькі знізіўся яе мастацкі ўзровень. Тое ж і з кніжкамі, якія мы набываем у магазінах для малышоў і якія дапамагаюць дзецям з першых гадоў жыцця настройвацца на пэўную эстэтыку. Як раней падыходзілі да стварэння кніжкі! Колькі маст­саветаў трэба было прайсці, каб яна ўбачыла свет! Які ўражальны склад экспертнай камісіі прымаў удзел у стварэнні праекта! Цяпер жа мастацкія саветы часта ўвогуле не запрашаюцца выдаўцом, людзі, не маючы мастацкай адукацыі і мастацкага густу, з дапамогай камп’ютараў ствараюць праекты вельмі сумніўнага эстэтычнага зместу, не кажучы ўжо пра этычны. І ў дзіцяці, якое выхоўваецца на такіх кнігах, выпрацоўваецца прыкладна такі ж густ.

Тое ж самае і ў мультыплікацыі. Таму педагогу, які пачынае займаецца анімацыяй, неабходна звярнуцца да класікі: пачынаць трэба з вывучэння і з паказаў класічных рэчаў, напрыклад, прадуктаў студыі “Саюзмультфільм”. Нездарма гэтыя мультфільмы лічацца адным з лепшых узораў за ўмелы падыход да работы з персанажамі, з кадрам, за рэжысёрскае і аператарскае майстэрства. Гэтыя ж традыцыі падтрымлівае і сучасная айчынная анімацыя. У нас шмат добрых праектаў “Беларусьфільма”, але я не ведаю і не разумею, чаму на экране яны амаль не трансліруюцца. Не тое што дзеці, але і дарослыя пра іх не ведаюць, таму, зразумела, для сваіх дзяцей яны не знойдуць гэтыя праекты нават на відэахостынгах. Цікавыя мастацкія знаходкі ёсць і ў расійскіх анімацыйных студый, такіх як “Пілот”, “Метраномфільм” (праекты “Калыханкі свету”, “Круглы год”, дзе дзіцячая эстэтыка створана дарослымі) і іншыя студыі.

Я парэкамендавала б пачатак кожных заняткаў прысвячаць прагляду мультфільма гэтых кампаній і яго абмеркаванню: які характар у персанажа, якія дэкарацыі падабраны, як будуецца сюжэтная лінія? Адсюль вынікае метад нагледжанасці, калі нівеліруецца тое сацыякультурнае асяроддзе, у якім дзіця знахо­дзіцца сёння, і ўзнікае інтуіцыя, мастацкі густ, разуменне, што і як рабіць.

— Калі казаць пра тэмы: якія з іх сёння самыя актуальныя? Гэта спрадвечныя тэмы дружбы, шчырасці, узаемадапамогі ці сённяшні дзень дыктуе свае, напрыклад, тэмы аховы прыроды ці захавання міру?

— Нягледзячы на агульнавядомы выраз, што ў мастацтве важней “як”, а ўжо потым “што”, я з гэтым у корані не згодна і лічу: ідэя больш важная, чым спосаб яе выяўлення. Хаця паняцці гэтыя, зразумела, цесна пера­плецены. Засяродж­ваючыся на нечым адным, дастойны мастацкі прадукт не створыш: павінны быць і этыка, і эстэтыка.

Вечныя каштоўнасці ніхто не адмяняў і ніколі не адменіць. І калі вы возьмеце за ідэю тэму савецкага мультфільма і крыху актуалізуеце яго пад наш час, гэта будзе вельмі дарэчы. Тыя мультфільмы былі добрымі, прыгожымі, маральна глыбокімі, бо іх стварала пасляваеннае пакаленне, з вялікай чуллівасцю, з дакладным паняццем дабра і зла. І гэты этычны змест анімацыі мы часта ўпускаем і, праглядваючы дзіцячыя мультфільмы, заўважаем і цікавыя эстэтычныя знаходкі, і пластыку формы, і прафесій­насць, і дзіцячую наіўнасць, але не відаць ці відаць зусім невыразна сюжэтная лінія, губляецца сэнс. Таму ў першую чаргу варта выбудоўваць сюжэт.

Некалькі гадоў назад на семінары па дзіцячай анімацыі мы праглядвалі некалькі праектаў. Я добра запомніла адзін з іх. Па сюжэце стары дае пэўныя парады маладому чалавеку, а той робіць усё па-свойму, і ў выніку ўсё цудоўна заканчваецца. Вось і чытаецца ідэя: да дарослых не трэба прыслухоўвацца, ёсць ноткі і абыякавага стаўлення да старасці, мудрасці.

— За апошні год-два было некалькі конкурсных работ у пясочнай тэхніцы. Што вы можаце сказаць пра іх?

— Што тычыцца пясочнай анімацыі, я ўвогуле тут не бачыла дзіцячых работ. Так, яны прыгожыя, эфектныя, але дзіцячай рукі тут не адчуваецца. Можна наглядзецца дарослых праектаў, але ўсё роўна дзіцяці трэба пастарацца знайсці аўтарскія прыёмы і зрабіць пясочную анімацыю ў дзіцячым стылі. А для гэтага неабходна правесці шмат творчых эксперыментаў. Дастойных прыкладаў, на жаль, у гэтым кірунку ў нас вельмі мала.

— Ганна Іванаўна, якія самыя галоўныя заўвагі пасля прагляду конкурсных работ можаце зрабіць аўтарам і іх педагогам?

— Акрамя агучаных вышэй, я адзначыла б няўмелае выкарыстанне камп’ютара: мультфільмы больш нагадваюць відэапрэзентацыі. Бывае, што работу псуюць шрыфты: калі мультфільм удалы, а шрыфты чорна-белыя, яны выбіваюцца з карцінкі. Лепш выбіраць шрыфты ў стылістыцы ўсяго мультфільма. Можна нават працягнуць дэкаратыўна-прыкладную творчасць, працуючы над цітрамі. Толькі так атрымаем арганічнасць мультфільма ад першага да апошняга кадра. Не заўсёды ўдала накладваецца музыка. Часта анімацыі не хапае руху: па экране ходзяць статуэткі, якія ні ручкай не памахаюць, ні галавы не павернуць. Не раз бачыла плоскасную пластылінавую анімацыю, але пластылін зайграе толькі ў аб’ёме, а не размазаны па аркушы. Лепш для плоскаснай анімацыі ўзяць фарбы. Так, тэхнікі дыктуюць: ці аб’ём, ці плоскаснасць.

— Скажыце, калі ласка, чаго ў дзіцячай анімацыі больш — руціны ці творчасці?

— У дзіцячай анімацыі больш творчасці. І тут не варта арыентавацца на сур’ёзныя анімацыйныя праекты сусветнага ўзроўню, бо ў іх задзейнічана па некалькі соцень прафесіяналаў. Пераўзысці іх у тэхнічным плане, зразумела, дзіцяці і педагогу нерэальна. Дзіцячая анімацыя цікавая сваёй непасрэднасцю, наівам, а ні ў якім выпадку не правільнасцю малявання ці дасканаласцю падачы.

Ствараючы мультфільм, дзіця асвойвае майстэрства сцэнарыста, рэжысёра, аператара, гукааператара і інш. Атрымліваецца, спачатку ўсе гэтыя ўменні неабходна асвоіць педагогу. Але перад пачаткам заняткаў не скончыш кафедру рэжысуры, таму не варта арыентавацца на маштабны праект. Лепш абмежаваць сябе маленькім цікавым сюжэтам, эксперыментальным практыкаваннем, маніпуляцыяй пад камерай. У тым і каштоў­насць дзіцячай анімацыі: гэта не закончаны, дасканалы ў тэхнічным плане, а маленькі мастацкі прадукт, маленькая аўтарская вынахода з уласнай стылістыкай.

— Калі вы ацэньваеце конкурсныя работы як эксперт, на што звяртаеце асаблівую ўвагу? За што ў вас заўсёды будзе “плюс бал”?

— Па-першае, ідэйная аснова, бо ва ўсім павінна быць сутнасць. Па-другое, вобразная пластыка персанажаў. Не менш важная арганічнасць, рукатворнасць, непаўторнасць, унікальнасць — тое, чаго яшчэ не было ў дзіцячай анімацыі, ці было, але раскрыта інакш.

— Дзякуй за гутарку! Спадзяюся, што вашы парады дапамогуць педагогам і іх навучэнцам стварыць свае лепшыя мультфільмы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з устаноў дадатковай адукацыі.