Для мяне ўсе мастакі-педагогі падзяляюцца на дзве групы. Першая — гэта тыя, хто актыўна перадае дзіцяці ўсе тыя мастацкія прыёмы, тэхнікі, якія дапамогуць стварыць маленькаму мастаку шэдэўр… А другая — зусім маленькая кагорта — тыя, хто не вучыць маляваць, а падводзіць да аркуша, знаёміць з ім, а потым адыходзіць, каб… не перашкаджаць. Асабіста мне больш імпануе апошняе. Менавіта да такой кагорты асцярожных мастакоў, дзе галоўнае правіла, як і ў медыкаў, не нашкодзь, і адносіцца Уладзімір Шчаўкун, кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска.
У гэтай студыі ніхто не дыктуе, як маляваць і нават што маляваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі бягуць сюды абмеркаваць прачытаную кнігу адно з адным і з Уладзімірам Мікалаевічам, намаляваць уражанні ад яе, намаляваць свой настрой ці проста памарыць з пэндзлем. Пакуль на канапах збіраецца шумная групка дзяцей, нехта налівае ў слоічкі вады і адкручвае накрыўкі з гуашы, мы гутарым з кіраўніком пра яго разуменне выкладання жывапісу, пра перспектывы дзіцячага мастацтва.
“Я яшчэ з першых студэнцкіх гадоў, амаль 40 гадоў назад, пачаў весці сваю студыю выяўленчага мастацтва, і з іх амаль 30 гадоў тут, у “Светачы”. І ўжо тады, натхнёны сваімі выкладчыкамі, якія вучыліся яшчэ ў пасляваенныя гады ў вядомага сваім вольным падыходам да жывапісу легендарнага Сяргея Каткова, ідэямі сваіх сяброў Васіля Сумарава і Рышарда Мая, я стараўся даваць сваім навучэнцам больш свабоды, — гаворыць У.М.Шчаўкун. — У савецкія часы мастацтва было жорстка рэгламентавана і панавала меркаванне, што дзіця — маленькі дарослы, таму яно павінна адлюстроўваць рэчаіснасць гэтак жа, як яе бачаць дарослыя, ці, што яшчэ горш, у прыклад ставілі шэдэўры вялікіх мастакоў. І гэта быў жах, бо дзіця апрыёры гэтага зрабіць не можа. Я ўжо тады перастаў даваць канкрэтныя тэмы на занятках, не засяроджваўся на тым, каб механічна перадаваць набор пэўных мастацкіх прыёмаў, не вучыў маляваць. Сёння гэтая тэндэнцыя шырэй развіваецца.
Мая задача — даваць дзецям свабоду, магчымасць для пошуку, для самарэалізацыі. Даваць дзецям сваё бачанне, замяняць ім дзіцячае, вучыць іх сваім прыёмам, а не таму, каб яны спрабавалі знаходзіць уласныя прыёмы, фарбы, — злачынства. Асабліва калі размова ідзе пра маленькае дзіця. Вельмі шмат ужо тады існавала клішэ, шаблонаў, якія мэтанакіравана даваліся яшчэ з дзіцячага садка. Мы ўсе памятаем, што рыбка — гэта злучаныя дзве дугі, трохвугольны хвост, вусны і плаўнікі. Але ж рыба — гэта і акула, і камбала, і шчупак… Хто з дзяцей не маляваў сонца, адкрэсліваючы верхні вугалок аркуша і адчэрчваючы ад яго палкі-промні? Хіба малюе хто-небудзь зорку, усё ж адрываючы аловак? Дзіўна, але ўсё гэта дзесяцігоддзямі пераносіцца ад пакалення да пакалення, педагогі выстройваюць дзяцей пад лінейку, каб усе малявалі не проста “прыгожа”, а, што яшчэ страшней, “аднолькава прыгожа”.
Так, дзіця малюе па-свойму: спрошчана, брутальна, сімвалічна, часам, наадварот — занадта дэкаратыўна, і ўсё гэта прымаецца. У дзяцей свая логіка, яны вядуць дыялог з іншымі на зразумелай ім мове. Відаць, такім падыходам і абумоўлена не толькі колькасць навучэнцаў У.М.Шчаўкуна (яна перавысіла паўсотні чалавек), але і іх узрост. У большасці сваёй — ад 4 да 18 гадоў, але гэтыя межы вельмі ўмоўныя. Напрыклад, у дзіцячым хоспісе (ён там час ад часу таксама праводзіць заняткі) яго падапечным можа быць і паўтара года. Ніколі не просіць пашпарт педагог і ў відавочна сталых людзей, якія прыходзяць да яго ў студыю. Напрыклад, аднойчы да яго на заняткі прыйшоў “хлопчык” гадоў пад 80 — былы саліст опернага тэатра. Вітае педагог, калі мамы, таты, бабулі выказваюць жаданне далучыцца да сваіх дзяцей. Праўда, у яго тут адзіная ўмова — не “ўдасканальваць” дзіцячы малюнак, выпраўляючы крываватыя лініі на роўныя, як пад лінейку.
“Любая дзіцячая ўдача павінна быць заўважана, адобрана, нават калі гэта ўсяго толькі пачатак нейкай смелай лініі. Нельга прайсці моўчкі каля дзіцяці — заўважце, што ў яго сёння атрымалася. Можа, гэта нечаканая лінія, добрая пластыка, удалае колеравае спалучэнне і г.д. — не маўчыце, скажыце гэта аўтару. Калі бачыце, што дзіця сёння панурае, не спяшайцеся даць палітру: пагутарыце, высветліце, што здарылася, зазірніце дзіцяці ў вочы — не халодным позіркам, як урач, а цёплым, з суперажываннем”, — гаворыць педагог.
Падыходжу з-за мальберта да 6-класніцы Настассі Берасцень у карункавай сукенцы, прадчуваючы такі ж мілы сюжэт на яе палатне. Але Насця дамалёўвае свайго леапарда па матывах кнігі “Маўглі”. Увогуле, прызнаецца дзяўчынка, яе любімы сюжэт — міфічныя істоты, драконы, ваўкалакі і падобнае. Любіць яна і герояў з не менш любімых ёй кніг “Хронікі анёла” Р.Танкерслі, якія даюць магчымасць пагрузіцца ў свет містыкі, падарожжаў “Адысеі капітана Блада” Р.Сабаціні і інш. Вось табе і клішэ!
“Гэта ў школе нам могуць сказаць тэму, і мы, як бы таго не хацелі, прытрымліваемся зададзенай тэмы: ці то восеньскія лісточкі, ці то зімовыя забавы, ці то яблык на стале. Тут жа я магу намаляваць усё, што захачу. Хоць я і дома малюю, і на пленэры выязджаю, усё ж у студыі асаблівая атмасфера, каб прыдумваць, фантазіраваць. Толькі так я адпачываю”, — тлумачыць Насця.
Васіліна Савельева прыйшла літаральна некалькі заняткаў назад і ўжо мае пухлую папку з карцінамі. У асноўным гэта пейзажы і анімалістыка. Відаць, гэта сказваюцца гены: у дзяўчынкі і дзядуля, і сястра шмат малююць. Але ў Васіліны сваё, адметнае, бачанне: “Я не лічу неабходным імкнуцца да дакладнага адлюстравання: для гэтага ёсць фатаграфія. Мне больш падабаецца перадаваць свой настрой, тое, што я адчуваю, а не тое, што бачу”.
Хочацца спадзявацца, што, дзякуючы такім педагогам, як Уладзімір Шчаўкун, тэндэнцыя “правільнага малявання” паступова будзе забывацца. Зрэшты, для дзіцяці ніколі не будзе важнай карціна як вынік. А вось тое, як ён яе маляваў, што адчуваў, маленькі мастак часта запамінае на ўсё жыццё.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.