Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска прайшоў ІІІ адкрыты конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак”. Невялікая і ад таго па-сямейнаму ўтульная зала залівалася сонцам, гучала ўпэўненымі галасамі і бесперапынна прымала новых гледачоў.
“Конкурс апавядальнікаў народнай прозы — гэта тое мерапрыемства, якое знітавала вялікую колькасць людзей дзеля захавання і далейшага працягу жыцця нашай роднай мовы, нашых народных твораў, — вітала гасцей дырэктар ЦДАДіМ “Ветразь” Валянціна Румава. — Як кожны цікавы праект, наш конкурс маштабіруецца. І мне вельмі прыемна адзначаць, што з кожным разам у ім удзельнічае ўсё больш людзей з разнастайных школ, гімназій і цэнтраў Мінска”.
Сёлета на конкурс прыехала больш за 40 чалавек, якія выступалі ў чатырох узроставых катэгорыях: А (вучні 2—4 класаў), Б (5—7 класаў), В (8—11 класаў) і Г (моладзь ад 17 да 31 года). Катэгорыя ўплывала на матэрыял, які ўдзельнікі прадстаўлялі. У групе А — гэта казка і лічылка, у групе Б — казка і скорагаворка, В — казка і легенда, Г — казка і імправізацыя на зададзеную казкавую тэму. Журы звяртала ўвагу на мастацкую якасць твора, веданне сюжэта, захаванасць дыялекту і мясцовага выканальніцкага стылю, артыстычнасць і майстэрства імправізацыі.
“Дзеці вельмі любяць казкі, і нават адны і тыя ж яны б слухалі і слухалі. Таму што ў гэтым ёсць нешта магічнае, дарагое, важнае і для дзіцяці, і для апавядальніка. Казка ж раней выконвала ролю псіхолага. Дзіця за дзень раз’юшылася, заснуць не хоча, а казка яго расслабляла, улагоджвала”, — гаворыць член журы мастацкі кіраўнік фальклорнага ўзорнага ансамбля “Калыханка” Міханавіцкага цэнтра культуры Мінскага раёна Ларыса Рыжкова.
Аляксей Вайцяховіч, навучэнец гімназіі № 14 Мінска, выступаў у катэгорыі А і расказваў казку “Медзяны воўк”. Гэта вялікі твор, але хлопчык не спужаўся, адказна паставіўся да падрыхтоўкі. Дапамагалі бацькі, прычым, можна сказаць, з нараджэння. Абое размаўляюць па-беларуску, чым ствараюць для сына цудоўнае асяроддзе. Аляксей атрымаў дыплом удзельніка, а перамаглі выхаванка фальклорнага калектыву “Мілавіца” ЦДАДіМ “Ветразь” Рагнеда Акуневіч і навучэнец сярэдняй школы № 59 Мінска Мірон Клешчык.
Марыя Івашкова, навучэнка сярэдняй школы № 168 Мінска (катэгорыя Б), падзялілася казкай “Як пан з мужыком ад зін аднаму хлусілі”. Дзяўчынка займаецца ў школьным фальклорным ансамблі “Пацеркі” і ўзорным ансамблі танца “Рамонак”, таму і беларуская культура, і выступленні на сцэне — рэчы для яе знаёмыя. “Мы бралі казку з тома “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Цэнтральная Беларусь”, — гаворыць кіраўніца ансамбля “Пацеркі” Дана Струнеўская. — Рыхтавацца было няцяжка, бо я бачыла вялікае жаданне ў дзіцяці і зацікаўленасць творам, яна сама яго выбрала. З верасня ў канцы заняткаў мы абавязкова з дзецьмі чытаем казкі. Яны дапамагаюць у выхаванні, адказваюць на пытанні, што добра, а што — не, запісваюцца ў падсвядомасць і, думаю, пры важным жыццёвым выбары адыграюць правільную ролю”. Марыі ўручылі дыплом ІІІ ступені, а дыплом І ступені атрымала выхаванка фальклорнага калектыву “Мілавіца” Лізавета Булычава.
Лізавета Аўласевіч, навучэнка сярэдняй школы № 129 Мінска (катэгорыя В), цікавіцца літаратурай і тэатрам. Тры гады яна займалася ў школьным тэатральным гуртку “Равеснік”, заўсёды ўдзельнічае ў школьных канцэртах, конкурсах чытальнікаў і відэаролікаў. На “Кацігарошак” дзяўчына прыехала з легендай “Марысін парк” пра Нясвіжскі замак, князёў Радзівілаў, Марысю і яе каханне і казкай “Лісіца і Дрозд”. Два-тры разы на тыдзень Лізавета сустракалася з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вольгай Ламакай, яны абмяркоўвалі, як выразна чытаць творы, выбіралі акцэнтныя словы, думалі над касцюмам для выступлення. Яе работу адзначылі дыпломам удзельніка. Перамагла навучэнка сярэдняй школы № 71 Мінска Ганна Дзядзюля.
Ірына Хамутова, кіраўнік калектыву “Скарбніца традыцый” ЦДАДіМ “Ветразь” (катэгорыя Г), выбрала казку, якую запісала ў адной са сваіх фальклорных экспедыцый, — “Зозульчын лёс”. “У мяне ёсць аўдыязапіс, дзе казку расказвае носьбіт — Галіна Іванаўна Хомік з аграгарадка Хаціслаў Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Я яго слухала і так вучыла, — расказвае ўдзельніца. — Дыялект не быў складаным для разумення і вывучэння, бо ў калектыве мы рабілі рэканструкцыю мясцовага абраду “Іванавы ягады”, ужо тады я больш-менш прызвычаілася да мясцовай гаворкі”. Матэрыялы з фальклорных вандровак Ірына Хамутова выкарыстоўвае ў творчых (у калектыве) і навуковых (у магістратуры) мэтах. На конкурсе педагог падзяліла 1-е месца з выхаванцам фальклорнага калектыву “Мілавіца” Юрасём Барадзіным.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва Ірыны Хамутовай.