Сакрэты рэха

Калi вам даводзiлася чуць дзiцячы царкоўны хор, то вы добра мяне зразумееце. Пяшчотныя чыстыя галасы, што ўзлятаюць увысь, пад высокiя столi храма, i адносяць цябе далёка-далёка… Лепш за Блока з яго “Дзяўчына спявала ў царкоўным хоры” я ўсё роўна не скажу, затое падкажу, дзе можна пачуць духоўную музыку ў цудоўным выкананнi… Тым больш што гэта той самы выпадак, калi лепш заплюшчыць вочы i сто разоў праслухаць (а потым яшчэ сто разоў, i яшчэ…).

Гучны поспех

Самы просты спосаб дакрануцца да цудоўнага — зазiр­нуць на канал харавога вакальнага ансамбля “Рэха” на YouTube… Так я i зрабiла — i зразумела дзве рэчы. Першая: даўно не чула настолькi ўзнёслага выканання, і другая: як лёгка спус­цiць слухача з нябёсаў на зямлю, калi ўсяго адзiн харыст не тра­пiць у ноту, памылiцца цi выб’ецца з мелодыi… Мiж тым, дабiцца стройнага сiнхроннага гучання — самая складаная задача, якая стаiць перад кiраўнiком хору а капэла. Юлiя Юр’еўна Дударава, кiраўнiк ансамбля “Рэха” сярэдняй школы №14 Мазыра, разумее, што iдзе па тонкiм лё­дзе. Але яшчэ лепш яна ведае, як дасягнуць станоўчых вынiкаў i ўтрымліваць iх.

Хор Юліі Юр’еўны выконвае шматгалосныя беларускія народныя песні ў акадэмічнай манеры, а таксама спявае духоўныя творы а капэла. Дыпломамi аб iх удзеле ў конкурсах i канцэртах можна завесiць, напэўна, цэлую сцяну. Сама меней, толькi пералiк мерапрыемстваў, на якiх “засвяцiўся” хор, займае тры старонкi аркуша А4. У 2017 годзе хор “Рэха” стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, выступае на лiтургiях у храмах, прычым не толькі ў Беларусi.

Харавыя спевы а капэла — адзiн з самых старажытных вакальных жанраў. Здавалася б, тут не можа быць нiякiх навiнак. Уся сiстэма выдатна адточана за стагоддзi, толькi бяры i карыстайся напрацоўкамi папярэднiкаў. Але не ўсё так проста. Звычайна педагогi не любяць гэты жанр, бо ён вельмi няўдзячны: кожная памылка відаць, як на далонi, а працаваць даводзiцца з дзецьмi вельмi рознага ўзроўню. Юлiя Дударава паступова назапасiла дастаткова вопыту, каб не толькi вучыць дзяцей, але i перадаваць калегам свой вопыт i напрацоўкi, “хiтрыкi” i “фiшачкi”, якiя дапамогуць маладым выкладчыкам хутчэй атрымаць вынiк ад заняткаў з хорам.

— Мы пастаянна выязджаем на конкурсы, i калегi часта пытаюцца, як нам удаецца спяваць так стройна i зладжана. Бо ў хоры а капэла самае складанае — трымаць адну танальнасць ад пачатку i да канца твора. Буду рада, калi мой вопыт дапаможа iншым, — дзеліцца педагог.

Для любога настаўнiка, спевака, выхавальніка ў дзiцячым садку голас — гэта рабочы iнструмент. Менавiта ён вельмi часта пакутуе ад прафесiйных захворванняў, перанапружваецца якраз у той час, калi яго трэба максiмальна паберагчы.

Абмен майстэрствам

Сакрэт № 1: “Зараз у мяне ёсць невялiчкi малодшы ансамбль. Гэта маленькiя брацiкi i сястрычкi ўдзельнiкаў канцэртнага складу. Мне звычайна не вераць, калi я кажу, што i такiх маленькiх можна навучыць спяваць а капэла… Сапраўды, заняткi ў хоры раяць пачынаць з 8 гадоў. Я сама не вельмi хацела займацца з малечай, бо люблю хутка атрымлiваць вынiк. З маiм канцэртным складам мы дабiлiся таго, што яны спяваюць каноны на 12 партый (калi ўдзельнiкi спяваюць адну i тую ж музычную партыю, уступаючы па чарзе). Пасля такiх вынiкаў жадання працаваць з малышамi было няшмат, але бацькi настойлiва ўгаворвалi паспрабаваць. Давялося шукаць аптымальныя формы работы, адмаўляцца ад традыцыйных. Напрыклад, ад тых жа канонаў… Чатырохгадовым хлопчыкам i дзяўчынкам яны здалiся занадта сумнымi.

Самым дзейсным спосабам заахвоцiць малых аказалася канкурэнцыя. Я дзялю iх падчас рэпетыцый на каманды — i мы пачынаем спаборнiцтвы, хто каго: чыя каманда лепш праспявае, чыя цiшэй прашэпча, чыя даўжэй працягне ноту… Потым пераходзiм да iндывiдуальных партый: а як ты праспяваеш, а як ты? Гэтыя практыкаваннi дазваляюць паступова развiць музычны слых i навучыцца iнтанаваць, не губляючы цiкавасцi да заняткаў, нават самым маленькiм”.

Сакрэт № 2: “Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Я была студэнткай, рыхтавалася да дзяржэкзаменаў, калi раптам адчула, што з голасам нешта не тое. Для любога настаўнiка, спевака, выхавальніка ў дзiцячым садку голас — гэта рабочы iнструмент. Менавiта ён вельмi часта пакутуе ад прафесiйных захворванняў, перанапружваецца якраз у той час, калi яго трэба максiмальна паберагчы. Таму на вуліцы Сухой у Мінску, дзе знахо­дзiцца бальнiца паталогii слыху, голасу i маўлення, вы знойдзеце колькi заўгодна выкладчыкаў i настаўнiкаў, i, вядома ж, спевакоў i студэнтаў творчых УВА. Вось i я звярнулася па дапамогу: як аказалася, праблемы з голасам перад экзаменам — звычайная справа. Мне прапанавалi прайсцi курс лячэння i заняткi з урачом-фанiятарам. Тыя практыкаваннi я запомнiла i часта выкарыстоўваю на занятках. Яны вельмi карысныя ў сезон прастуды, выдатная прафiлактыка вострых рэспiраторных iнфекцый. Пра тое, што такое ларынгiты i фарынгiты, я даўно забылася”.

Сакрэт № 3: “Адна з самых вялiкiх праблем у спевакоў — гэта зацiскi, калi голас не можа ўзяць высокую ноту, “не гу­чыць”. Калi я была на курсах у Польшчы, тамтэйшы педагог падказала мне цудоўную рэч: праблема вакальнага зацiску заўсёды псiхалагiчная, але ёсць добры спосаб справiцца з ёй — трэба наўмысна зацiскаць адну мышцу падчас спеваў i канцэнтравацца на гэтым дзеяннi. Гэта дазваляе раскаваць голас. Спосаб вельмi дапамог мне i паказаў цудоўныя вынiкi на маiх навучэнцах. Мы вучымся, напрыклад, сцiскаць кулачок, каб атрымаць чысты гук. Раю паспраба­ваць!”

З вучняў — у калегі

Аляксандра Прыходзька, артыстка камернага хору Гомельской абласной фiлармонii, дзеліцца:

— Я займалася ў Юлii Юр’еўны ў Ельскiм раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі да заканчэння сярэдняй школы. Гэта быў цiкавы i насычаны вопыт: больш за 7 гадоў спеваў i рэпетыцый, у творчай i добразычлiвай атмасферы. За гэты час я паспела зразумець, што спяваць — маё прызванне, тое, з чым хачу звя­заць жыццё. Пасля дзевяцi класаў я паступiла ў Гомельскi дзяржаўны каледж мастацтваў iмя Н.Ф.Сакалоўскага, у гэтым годзе скончыла яго i апынулася па размеркаваннi ў Гомельскай абласной фiлармонii. Дзiцячыя ўражаннi не забудзеш, а людзi, якiх мы сустракаем у дзяцiнстве, застаюцца ў памяцi назаўсёды. Я нiколi не губляла сувязi з маiм любiмым педагогам па харавых спевах. I калi раптам Юлiя Юр’еўна прапанавала часова падмянiць яе на рэпетыцыях “Рэха”, узяўшы на сябе абавязкi кiраўнiка хору, я адчула, што спраўдзiлася мая даўняя мара. Вядома, я зга­дзiлася! Гэта незвычайны вопыт — кiраваць хорам, працаваць з дзецьмi. Яны нiбы чысты аркуш, на якiм ты можаш намаляваць, што заўгодна. Вядома, да кожнага даводзiцца шукаць падыход, дабiвацца дысцыплiны, але гэта звычайны рабочы працэс для любога педагога. Я ўжо кожнага харыста пазнаю па голасе, разумею, чаго ад iх чакаць. Зараз мы робiм упор на духоўную музыку, бо рыхтуемся да конкурсу. У плане гармонii духоўная музыка вельмi цiкавая, прыгожая, але мае шмат асаблiвасцей i падводных камянёў. Наогул, працаваць з хорам а капэла — вельмi складана.

Харавыя спевы — вельмi няпросты вакальны жанр, а спевы а капэла — самае складанае, што можа быць. З музычным акампанементам цi той жа фанаграмай цябе заўсёды падтрымлiвае танальнасць, ты можаш схавацца за музыкай, калi адчуваеш няўпэўненасць у сваiх вакальных даных у складаным месцы. А капэла цябе нiчога не падтрымлiвае, ты адзiн — як ёсць, так i ёсць. Але за кошт старання, настойлiвасцi дасягаюцца вынiкi! Нават чалавек, якi кажа, што нiчога не чуе i яму мя­дзведзь на вуха наступiў, усё роўна можа навучыцца спяваць i трапляць у ноты, калi будзе старанна працаваць над сабой. Трэба толькi захацець!

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ.
Фота з асабiстага архiва Юлii Дударавай.