“Гуртковы” тыдзень пачаўся!

Здаецца, толькі паспеў празвінець першы званок абвяшчаючы аб пачатку новага навучальнага года, а  ўжо дзеці разам з настаўнікамі сустракаюць новы працоўны тыдзень. Разам з імі пачынаюць навучальны год і ўстановы дадатковай адукацыі, таму першы ты­дзень верасня ўжо традыцыйна аб’яўлены тыднем устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У гэты час школьнікі разам з бацькамі могуць не толькі пазнаёміцца з установамі дадатковай адукацыі, але і запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах, наведаць выставы дзіцячай творчасці, канцэртныя, забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы. Што і гаварыць, у кожнай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — свая насычаная праграма, а вось што падрыхтавалі для дзяцей і іх бацькоў некаторыя ўстановы эколага-біялагічнага профілю, — у нашым сённяшнім аглядзе.

Рэспубліканскі экалагічны цэнтр дзяцей і юнацтва на працягу тыдня право­дзіць рэкламна-агітацыйную кампанію ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска “Экалогія — свет маёй мары”, падчас якой плануюцца прэзентацыі адукацыйных праграм і набор навучэнцаў ў аб’яднанні па інтарэсах. Акрамя гэтага, запланавана экскурсія па вучэбным эколага-біялагічным комплексе з наведваннем міні-заапарка, кутка жывой прыроды і аранжарэі, рухомыя экалагічныя гульні і вандраванні. Сёння, 4 верасня, юных наведвальнікаў і іх бацькоў экалагічны цэнтр запрашае на выставу-кірмаш “З рога ўсяго многа”, падчас якой будуць праводзіцца майстар-класы па вырабе бутаньерак з жывых кветак. Акрамя таго, падчас тыдня навучэнцаў сталічных устаноў адукацыі чакаюць конкурсная праграма “Экалогія, прырода і мы”, а 6—7 верасня — вялікая святочная праграма “Экалогія — свет маёй мары”. 8 верасня навучэнцы цэнтра змогуць наведаць выставы, гульнёвыя пляцоўкі і святочныя праграмы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Фрунзенскага раёна і Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Заводскага раёна сталіцы.

Ва ўстановах дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю Гомельскай вобласці таксама запланава шмат цікавага. Гомельскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі дзень адкрытых дзвярэй правёў 3 верасня, а з 4 па 7 верасня навучэнцаў школ горада чакае рэкламная кампанія “Эказнайка”, падчас якой плануецца запіс у аб’яднанні па інтарэсах. Экскурсіі, прэзентацыі, конкурсныя праграмы — усё гэта таксама чакае на гэтым тыдні будучых юнатаў.

Мазырскі эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі з 4 па 9 верасня запрашае ўсіх жадаючых на выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выставу сельскагаспадарчай прадукцыі “Цуда-агародніна”. Акрамя таго, сярод навучэнцаў плануецца правесці рэкламна-агітацыйную акцыю “Ачысцім планету ад смецця”, аглядныя і тэматычныя экскурсіі па Мазыры для  школьнікаў раёна, а таксама майстар-класы па флорадызайне.

Калінкавіцкі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі запрашае на мультымедыйную прэзентацыю аб’яднанняў па інтарэсах, выставу творчых работ юнатаў, выступленне экатэатра, а 10 верасня, у дзень адкрытых дзвярэй, школьнікаў чакаюць экс­курсіі па кабінетах, эколага-біялагічным комлексе і музеях цэнтра.

Экалагічны аддзел Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі запрашае на гульні-вандроўкі, экскурсіі па вучэбна-біялагічным комплексе і жывым кутку палаца. Акрамя таго, для школьнікаў запланавана работа ў творчых лабараторыях па вырабе букетаў з жывых кветак, экскурсіі, інтэрактыўныя гульнёвыя праграмы, гульні-вандраванні, выступленне фларыстычнага тэатра і нават фотаконкурс “Экалагічны рэпартаж”. 8 верасня ў палацы адбудзецца вялікае свята “Добры дзень, юны эколаг!”, падчас якога запланавана работа творчых лабараторый. 9 верасня юных наведвальнікаў чакае адкрыццё гасцёўні “Шлях да здароўя”.

Брэсцкі абласны эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў з 3 па 9 верасня арганізоўвае для наведвальнікаў выставу дзіцячай творчасці, а таксама выязную экалагічную пляцоўку для навучэнцаў устаноў адукацыі Камянца. А 8 верасня цэнтр запрашае дзяцей разам з бацькамі на дзень адкрытых дзвярэй “Добры дзень, экацэнтр!”, падчас якога ўсіх чакаюць экскурсіі па тэрыторыі цэнтра, майстар-класы “Кветкавыя фантазіі”, “Сувеніры ручной работы” і інш.

Эколага-біялагічны цэнтр Баранавіч з 3 па 8 верасня праводзіць выставы-кірмашы творчых дасягненняў навучэнцаў і педагогаў цэнтра, майстар-класы па складанні букетаў і кампазіцый з жывых кветак, а таксама арганізоўвае работу рухомага заапарка “Дамашнія любімцы”. Падчас мерапрыемстваў у школьнікаў будзе магчымасць не толькі запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах, але і стаць удзельнікамі гульняў-віктарын.

Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Пінска з 3 па 10 верасня запрашае школьнікаў на вандроўку ў краіну Юнацію. Навучэнцаў чакаюць экалагічныя прагулкі, экскурсіі па вучэбным эколага-біялагічным комплексе, сустрэчы ў фітабары, а таксама наведванні выстаў цэнтра. Дзень адкрытых дзвярэй тут пройдзе 5 верасня.

Кобрынскі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва з 3 па 9 верасня праводзіць свята-прэзентацыю “Дзень адкрытых дзвярэй”, падчас якога адбудзецца не толькі прэзентацыя аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра, але і выстава кветкавых кампазіцый, творчых работ, а таксама майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі.

Словам, тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прыемна здзівіць навучэнцаў у кожным куточку краіны, запрашаючы на шматлікія мерапрыемствы, а аб’яднанні па інтарэсах дапамогуць ім з карысцю правесці свой вольны час.

Людміла ГУРСКАЯ.

 

У сістэме дадатковай адукацыі Брэстчыны працуюць 53 профільныя і шматпрофільныя ўстановы. У іх дзейнічаюць больш за 4 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага, спартыўна-масавага і іншых напрамкаў. Амаль 2 тысячы педагогаў дадатковай адукацыі навучаюць каля 50 тысяч дзяцей.

На рахунку Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, які ўзначальвае Г.М.Двораў, шмат цікавых і карысных спраў. На працягу 55 гадоў цэнтр аказвае практычную і метадычную дапамогу ўстановам дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю і школам па эфектыўным выкарыстанні турызму і краязнаўства ў выхаваўчай рабоце з навучэнскай моладдзю.

— Цэнтр каардынуе дзейнасць 16 рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі адпаведнага профілю, — расказаў метадыст цэнтра У.М.Абрамчык. — Гэтыя ўстановы прымаюць групы юных турыстаў, забяспечваюць іх неабходным інвентаром, дапамагаюць у арганізацыі экскурсій і паходаў, злётаў і летнікаў, краязнаўчых мерапрыемстваў. На добрым узроўні турыстычна-краязнаўчая работа вядзецца ва ўстановах дадатковай адукацыі Пінска, Баранавіч, Іванаўскага і Кобрынскага раёнаў.

У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі Брэстчыны працавалі 1075 гурткоў турыстычна-краязнаўчага профілю, якія наведвалі каля 14 ты­сяч дзяцей. Больш за палову гурткоў дзейнічаюць на базе профільных устаноў, астатнія — на базе школ.

Ва ўстановах дадатковай адукацыі створаны неабходныя ўмовы для гуртковай работы: абсталяваны вучэбныя класы, назапашаны турыстычны рыштунак і абсталяванне, створаны 48 палігонаў (спартыўных карт) для заняткаў турызмам і спартыўным арыентаваннем. Што тычыцца цэнтра ў Брэсце, то ў ім штогод працуюць больш за 30 гурткоў, дзе займаюцца каля 400 дзяцей. Акрамя таго, работа гурткоў арганізавана на базе шэрагу школ, гімназій, ПТНУ Брэста і Брэсцкага раёна. Гэта дазваляе наблізіць гуртковую дзейнасць да запытаў вучняў.

Выхаванцы цэнтра актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні (у тым ліку і начных), скалалажанні, фотаконкурсах, краязнаўчых злётах і алімпіядах, адкуль заўсёды вяртаюцца з узнагародамі. На працягу года ладзяцца экспедыцыі, паходы і экскурсіі, прычым не толькі па Беларусі. Юныя турысты пабывалі ў Карпатах, Крыме, Карэліі, а таксама на Каўказе. Дзейнасць многіх гурткоў (“Літаратурнае краязнаўства”, “Юныя геолагі”, “Юныя краязнаўцы”) адзначана на абласным і рэспубліканскім узроўні.

Заслугоўвае ўвагі работа і такіх гурткоў, як “Турызм і спартыўнае арыентаванне” (экскурсіі па Брэсцкім раёне і прыгранічнай тэрыторыі Польшчы), “Скаўцінг для дзяўчынак” (дзейнасць валанцёрскай каманды). Шмат цікавых мерапрыемстваў ладзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (“Летапіс населенага пункта”) і спартыўна-патрыятычных летнікаў. На тэрыторыі вобласці вызначаны пералік экалагічных маршрутаў, сцяжын і турыстычных стаянак.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзейнасці школьных музеяў і музейных куткоў. Сёння на Брэстчыне дзейнічае 201 школьны музей комплекснага, ваенна-гістарычнага, гістарычнага, прыродазнаўчага, краязнаўчага, літаратурнага, тэхнічнага і іншых кірункаў. 4 музеі з’яўляюцца народнымі. Музейная педагогіка абапіраецца на пошукавую і краязнаўчую работу.

Педагогі дадатковай адукацыі ствараюць карты па спартыўным арыентаванні, назапашваюць метадычныя матэрыялы па правядзенні гуртковай работы.

— Выхаваўчая работа немагчыма без пазнання роднага краю, яго гісторыі, гераічных і трагічных старонак, — адзначае У.М.Абрамчык. — Экскурсіі па гістарычных мясцінах і прыродных заказніках ствараюць неабходныя ўмовы для фізічнага развіцця і маральнага ўдасканалення кожнага вучня. Урокі-экскурсіі дазваляюць на практыцы прымяніць веды, набытыя на вучэбных занятках. У гэтым плане магутным выхаваўчым патэнцыялам валодаюць тэматычныя экскурсіі па мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” і нацыянальным парку “Белавежская пушча”.

Наладжана цеснае супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі многіх гарадоў Расіі. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню, пашыраюцца сяброўскія сувязі, узнікаюць новыя маршруты займальных падарожжаў.

Трэба адзначыць, што абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі не забывае і аб прафарыентацыйнай рабоце. Так, супрацоўнікі турыстычнага аддзела аказваюць метадычную дапамогу ў правядзенні летняй вытворчай практыкі навучэнцаў Брэсцкага гарадскога міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната працоўнага навучання і прафарыентацыі вучняў па спецыяльнасці “Агент па турызме”, а таксама кіруюць практыкай студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Турызм і гасціннасць”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

 

Больш за 50 устаноў дадатковай адукацыі Магілёўшчыны гасцінна сустрэнуць педагогаў і вучняў у першыя вераснёвыя дні. У рамках тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі запланаваны дні адкрытых дзвярэй, канцэртныя, забаўляльныя і фізкультурна-спартыўныя праграмы, выставы дзіцячай творчасці, выступленні творчых калектываў на культурна-забаўляльных пляцоўках і інш. Названыя мерапрыемствы дазволяць вучням і бацькам бліжэй пазнаёміцца з паслугамі, якія прапаноўваюць установы дадатковай адукацыі, і дапамогуць выб­раць гурткі і секцыі для развіцця творчых і спартыўных здольнасцей.

У апошніх пяць гадоў на Магілёўшчыне забяспечваецца станоўчая дынаміка занятасці дзяцей і падлеткаў ва ўстановах дадатковай адукацыі. Разнастайнымі відамі арганізацыі вольнага часу ахоплены 60 працэнтаў ад агульнай колькасці вучняў. Найбольш папулярнымі і масавымі застаюцца гурт­кі мастацка-эстэтычнага кірунку. Таксама вялікую цікавасць дзеці праяўляюць да заняткаў у гуртках экалагічнага, тэхнічнага, дэкаратыўна-прыкладнога профілю. У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі працавала больш як 5 тысяч творчых аб’яднанняў і 2 тысячы спартыўных секцый.

Дарэчы, трыццаці дзіцячым творчым калектывам прысвоены званні “Узорны”, “Заслужаны”, “Народны”, што сведчыць аб высокім узроўні арганізацыі іх дзейнасці. Створаны і рэалізоўваюцца арыгінальныя канцэпцыі і рэгіянальныя мадэлі выхаваўчай работы ў шосты дзень. Магілёўскія школьнікі лідзіруюць у рэспубліканскіх конкурсах эколага-біялагічнага кірунку, турыстычна-спартыўных спаборніцтвах, рэспубліканскіх спартакіядах па тэхнічных відах спорту, актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх конкурсах, накіраваных на фарміраванне навыкаў бяспечных і адказных паводзін.

Ксенія ДЗЯДОК,
прэс-сакратар упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.