Медыяпраекты ад моладзі Светлагорска

12 кастрычніка ў Светлагорску завяршыла сваю работу медыяшкола. Вучні — маладыя людзі ад 16 да 25 гадоў — прэзентавалі праекты, падрыхтаваныя за месяц. А мы паглядзелі, што хвалюе моладзь і якія ідэі яна прапануе.

У жніўні будучыя вучні школы — у асноўным школьнікі і маладыя прадстаўнікі творчых прафесій — запоўнілі заяўкі. Самых зацікаўленых  запрасілі на 7 лекцый і семінараў ад прафесійных журналістаў і медыяэкспертаў. Настаўнікі расказалі пра крэатыўную індустрыю і магчымасці яе развіцця ў рэгіёнах, пазнаёмілі з асноўнымі прынцыпамі стварэння якаснага медыякантэнту: фота- і відэаматэрыялу, карыснага і цікавага тэксту. Вучні разабраліся, як зрабіць уласнае медыя і падтрымліваць яго работу.

— Зразумела, што тэмы шырокія і глыбокія, таму мы прайшліся па галоўным: як зрабіць загаловак і лід, як знахо­дзіць галоўнае ў тэксце і пазбаўляцца “вады”, як працаваць у інфармацыйным стылі, — расказвае пра свае заняткі Алена Сэкі, рэдактар радыё “Ранак”. — Мне спадабалася шчырая зацікаўленасць і адкрытасць удзель­нікаў медыяшколы. Сам факт, што яны маюць і рэалізуюць ідэі, асабліва ва ўмовах маленькага горада, — гэта крута!

Вучні прапанавалі амбіцыйныя і маштабныя праекты: фотавыставы, новыя гарадскія медыя і сеткавыя рэсурсы. Хочацца адзначыць агульныя — пазітыўныя і негатыўныя — тэндэнцыі.

Лыжка крытыкі…

Некаторыя натхніліся вядомымі фарматамі і прапанавалі другасныя ідэі, якія наўрад ці вытрымаюць канкурэнцыю з арыгіналам. Напрыклад, YouTube-шоу, дзе дзецям прапануюць дарослыя пытанні, выглядае міла, ды нікога не здзівіць: такога кантэнту ў інтэрнэце багата.

Яшчэ адна праблема — недахоп навыкаў.  За 3 гадзіны лекцыі ментары толькі задавалі напрамак развіцця, астатняя работа — за ўдзель­нікамі. Загрузіць бясплатныя ўрокі фатаграфавання, вёрсткі ці мантажу можна па першым кліку. Тым не менш многім аўтарам не хапіла вопыту і падрыхтоўкі. Сёння без прыгожага малюнка ні адзін творчы прадукт не вытрымае канкурэнцыі.


Лізавета Емяльянчык, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Я пайшла дзеля самаразвіцця. “Дом — работа — дом” — гэта вельмі сумна.

З некаторымі іншымі вучнямі былі крыху знаёмы, але добра нікога не ведала. А зараз мы рыхтуем разам праекты, дапамагаем адно аднаму, сябруем. Мне падабаецца гэтая атмасфера.

Я рыхтую фотавыставу “Наперакор усім узростам і акалічнасцям” — гэта праект пра простых жанчын, якія працуюць, выхоў­ваюць дзяцей ці ўнукаў. Мару, канечне, зладзіць выставу, але буду рада, нават калі здымкі проста разляцяцца па сацыяльных сетках.

Самае складанае — знайсці час і пераадолець сябе, калі трэба падысці да незнаёмага чалавека, патлумачыць ідэю і зрабіць здымак. Жанчыны часта саромеюцца і адмаўляюцца, калі проста просіш дазволу сфатаграфаваць іх. З кожнай трэба размаўляць.

…у бочцы захаплення

Яскравыя праекты ўсё ж былі. Найбольш запомнілася ідэя сабраць аўдыякарту Светлагорска з успамінамі жыхароў пра тое ці іншае месца горада. Шаснаццацігадовая Дар’я Калінава ўжо запісала першыя інтэрв’ю, якія заставілі пасмяяцца і слухачоў, і ментараў. Наперадзе — пошук новых цікавых гісторый, арганізацыя і прасоўванне платформы з сабраным матэрыялам. Медыя­эксперты, што наведалі прэзентацыю, ужо гатовы падтрымаць праект фінансава і арганізацыйна.

Адзначу, што выпускнікі медыяшколы выдатна трымаюць сябе перад аўдыторыяй. Упэўненасці ў сабе (а падчас нават самалюбавання) пакаленню “сэлфі” хапае. Уразіла і ўменне па-даросламу ўспрымаць крытыку: эксперты шчодра дзяліліся думкамі пра недахопы канцэпцый. Калі аўтары ўлічаць усе заўвагі і парады, яны атрымаюць насамрэч працаздольныя медыяпрадукты.

Найбольш парадавала імкненне моладзі зрабіць пра ект, карысны для Светлагорска і яго жыхароў, увага да малой радзімы ў розных яе праяўленнях і адказнасць, з якой аўтары ставяцца да праблем горада.


Аляксандра Сямёнава, кантэнт-менеджар:

— Я прыйшла ў медыяшколу, бо ў Светлагорску не хапае такой адукацыі, няма лекцый, выступленняў медыйных асоб. Нават калі ўжо маеш веды, іх карысна ўдасканаліць сярод новых людзей.

Падчас школы мяне здзівіла, як шмат моладзі, гатовай штосьці зрабіць для горада. Я думала, будуць адны школьнікі. Але і ў іх такія крутыя праекты! Калі ўсё гэта запрацуе, гэта будзе такі “выбух” для нашага маленькага і правінцыяльнага горада!

Сама я арганізую івент Cherdack Fest, бо мне хочацца не проста зрабіць медыя, а даць людзям магчымасць цікава правесці час. Я вырашыла аб’яднаць лекцыі на папулярныя тэмы, маркет і дабрачынную барахолку. Гэты фармат добра знаёмы вялікім гарадам, але ў маленькіх пра яго мала чуваць.

Ідэя была даўно, але толькі калі агучыла яе і знайшла падтрымку, пачала працаваць над рэалізацыяй. А цяпер запрашаю ўсіх 27 кастрычніка наведаць  Cherdack Fest!

***

Ідэя арганізаваць медыя­школу ў рэгіёне належыць медыяхабу “Чердак” і арганізацыі Creative Belarus. Ініцыятыва стала часткай праграмы “Развіццё адукацыі дарослых” Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі. Партнёрамі праекта выступілі аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Светлагорскага райвыканкама, Светлагорскі дзяржаўны індустрыяльны каледж і медыякампанія “Ранак”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.