Апошні месяц прайшоў пад знакам музейнай педагогікі. 18 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь ладзіўся круглы стол “Музейная педагогіка Беларусі” з удзелам кіраўнікоў і спецыялістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў сістэмы культуры. 30—31 кастрычніка на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства адбылася першая сустрэча (для педагогаў Брэсцкай вобласці) з цыкла рэспубліканскіх семінараў-практыкумаў па арганізацыі дзейнасці музеяў устаноў адукацыі. А 15 лістапада Нясвіж прымаў Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Выкарыстанне адукацыйнай прасторы музея для грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі: вопыт і перспектывы”. З круглага стала “Музейная педагогіка Беларусі” “Настаўніцкая газета” пачынае серыю тэматычных матэрыялаў.
Child-friendly
Спектр пытанняў, якія разглядаліся на згаданых музейных сустрэчах, быў надзвычай разнастайны. Так, у Нацыянальным гістарычным музеі абмяркоўваліся асаблівасці музейнай камунікацыі, інтэрактыўныя падыходы і канцэпцыя сhild-friendly у сучасным беларускім музеі, асаблівасці выкарыстання інфармацыйных мультымедыйных тэхналогій, праблемы і перспектывы развіцця нефармальнай музейнай адукацыі, асаблівасці стварэння і выкарыстання экскурсійных, суправаджальных тэкстаў, значэнне паняццяў “музейная педагогіка” і “педагогіка ў музеі”, стратэгія ўзаемадзеяння музеяў сістэмы культуры і ўстаноў адукацыі.
У апошнія гады сумесная работа ўстаноў адукацыі і дзяржаўных музеяў у выхаванні падрастаючага пакалення выйшла на больш якасны ўзровень. Рознатэматычныя экскурсіі, акцыі, конкурсы, праекты, праграмы з’яўляюцца ўжо не інавацыямі музейнай педагогікі, а яе неад’емнай часткай. Мінулі тыя часы, калі школьнікі прыходзілі ў музей толькі дзеля таго, каб паглядзець на экспанаты і паслухаць экскурсавода. Галоўным маркерам запатрабаванасці сучаснага музея з’яўляецца яго культурна-адукацыйная дзейнасць. Апошнія гады для многіх музеяў сістэмы культуры былі адзначаны шэрагам значных праектаў, накіраваных на дзіцячую і маладзёжную аўдыторыю.
Напрыклад, у Нацыянальным гістарычным музеі, на базе якога і праводзіўся круглы стол, у 2015 годзе была адкрыта спецыяльная дзіцячая музейна-пазнавальная прастора, якая ўключае асобныя зоны для правядзення музейна-педагагічных заняткаў, лекцый, гульнявую і тэатральную зоны. У сектары-лекторыі праходзяць заняткі “Адкуль наш род”, “Сакрэты ткацкага рамяства”, “Лялькі з бабулінага куфра”. Станоўчай тэндэнцыяй такой работы з’яўляецца павелічэнне колькасці сямейных груп. Адным з важных культурна-адукацыйных праектаў, якія ажыццявіў музей, стаў выхад гістарычнага часопіса для дзяцей “Музейныя вандроўкі”. З яго зместам можна азнаёміцца на сайце музея, а пры жаданні можна і спампаваць адзін з нумароў.
Новы час патрабуе новых падыходаў. І поспех тут залежыць ад ініцыятыўнасці і крэатыўнасці музейшчыкаў. Таму ідэя правядзення круглага стала “Музейная педагогіка Беларусі” ўзнікла невыпадкова. Па словах загадчыка аддзела музейных камунікацый Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Кацярыны Аляксандраўны Далінскай, усе дзяржаўныя музеі сістэмы культуры ў той ці іншай ступені займаюцца музейнай педагогікай, і ў кожнага назапашаны пэўныя напрацоўкі. Існуе таксама шмат праблем. Яшчэ адна з прычын актуальнасці круглага стала заключаецца ў тым, што асноўная колькасць наведвальнікаў дзяржаўных музеяў сістэмы культуры — гэта навучэнцы і педагогі. Менавіта поспех працы з гэтай аўдыторыяй у многім з’яўляецца паказчыкам эфектыўнасці работы музея. Наколькі эфектыўна працуюць вядучыя музеі краіны, можна пераканацца па прадстаўленых у матэрыяле фотаздымках.
Прыходзь і глядзі
Ёсць тэмы, актуальнасць і значнасць якіх не памяншае ні час, ні частата ўпамінання. Адна з такіх тэм — знішчэнне мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, у Кобрынскім раёне за перыяд акупацыі з 23 чэрвеня 1941 года па 20 ліпеня 1944 года было знішчана звыш 13 тысяч мірных жыхароў, спалена 8 населеных пунктаў. Нядзіўна, што супрацоўнікі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава пастаянна звяртаюцца да гэтай тэмы. Дзецям пра яе гаварыць няпроста, але неабходна.
— Як гаварыў маршал Ракасоўскі, ніколі не навучыцца любіць жывых той, хто не ўмее шанаваць памяць пра загінуўшых. Чатыры залы нашага музея прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Бясцэнны збор уключае дакументы, абмундзіраванне салдат, зброю, унікальныя асабістыя рэчы, пісьмы і фотаздымкі франтавікоў. У сваіх экскурсіях супрацоўнікі музея расказваюць пра тое, якія жудасныя страты нанесла палітыка генацыду. На асобным стэндзе прадстаўлены ілюстрацыі да страшнай падзеі: спальванне вёсак, — паведамляе навуковы супрацоўнік Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В.Суворава Лілія Мікалаеўна Кірылюк.
Штогод калегі Ліліі Мікалаеўны праводзяць прэзентацыю музейна-педагагічных заняткаў, на якія запрашаюцца прадстаўнікі СМІ, навучэнцы, педагогі, усе зацікаўленыя. Запатрабаванымі сталі заняткі “Знак агню”. Падача матэрыялу ажыццяўляецца ў форме мультымедыйнай прэзентацыі, але аповед вядзецца на фоне інсталяцыі, карцін, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, і на фоне блокаў, што ілюструюць побыт мясцовага насельніцтва пад акупацыяй. Каб дастукацца да дзіцячых сэрцаў, выкарыстоўваюцца эмацыянальна насычаныя матэрыялы: і карціны, і фотаздымкі, і фрагменты дакументальных фільмаў, і інсталяцыі.
Інсталяцыя — гэта аб’ёмная кампазіцыя, створаная з рэальных прадметаў, аб’яднаных адзінай мастацкай задумай. За аснову інсталяцыі, прысвечанай знішчэнню вёсак Кобрынскага раёна, узята карціна Віктара Фёдаравіча Фядзюніна “Уварванне”. Абвугленае акно, абгарэлы ствол дрэва. Асабліва страшна глядзець на кінутыя рэчы, цацкі і фотаздымкі з абгарэлымі краямі. Дадзеная кампазіцыя прыцягвае ўвагу дзяцей. Калі яны ўваходзяць у залу, то адразу наступае цішыня. Гэта цудоўна сведчыць пра тое, што сваёй мэты супрацоўнікі музея дасягнулі, яны прымусілі дзяцей задумацца.
— На стадыі падрыхтоўкі да заняткаў мы перагледзелі мноства фільмаў, у тым ліку стужку “Ідзі і глядзі”, дзе вялікая роля адведзена сімвалам. Гул нямецкага самалёта-разведчыка ў пачатку фільма з’яўляецца прадвеснікам смерці. Такі сімвал мы вырашылі выкарыстоўваць і на сваіх занятках “Знак агню”. У якасці рэфрэна, сімвала, што паўтараецца, быў выбраны менавіта агонь. Зварот да тэмы агню аддзяляе адну тэму заняткаў ад іншай, якіх тры (“Трагедыя вёскі Хатынь”, “Трагедыя вёсак Кобрынскага раёна”, “Трагедыя яўрэйскага народа”). Спачатку агонь выступае як стваральная сіла. У чалавечым успрыманні важную ролю адыгрывае прынцып кантрастаў, таму паступова адбываецца ператварэнне агню ў разбуральную сілу. Трагічная музыка, якая гучыць узмацняючыся, стварае атмасферу напружанасці. Так завяршаецца другі блок пра трагедыю вёсак Кобрынскага раёна. Потым зноў агонь, выява свечкі, што гарыць. Так адбываецца пераход да тэмы Халакосту на тэрыторыі Кобрынскага раёна. Заняткі “Знак агню” разлічаны на вучняў 7—11 класаў, — гаворыць Лілія Мікалаеўна.
Пытанне ўзросту
Менавіта тэма Вялікай Айчыннай вайны стала ключавой падчас круглага стала. У гэтай тэме існуе шмат праблем, сярод якіх падача інфармацыі навучэнцам малодшых класаў падчас правядзення экскурсіі па мемарыяльных комплексах.
— Адной з асноўных катэгорый наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу “Хатынь” з’яўляюцца школьнікі, прычым малодшых класаў. Так, у гэтым годзе нас ужо наведвалі 1252 школьныя групы (больш за 40 тысяч дзяцей), з якіх большая частка — малодшыя школьнікі. У 2016 годзе ў Беларусі быў прыняты закон, які забараняе распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі без прысваення ўзроставай маркіроўкі. Дзейнасці музеяў гэты закон не тычыцца, а гэта значыць, што ўзроставага маркера на наведванне “Хатыні” няма. Адсюль узнікае вялікая праблема, бо тыя формы музейнай педагогікі, якія звычайна прымяняюцца пры рабоце з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту (гульнявыя элементы, спрашчэнне мовы), у “Хатыні”, мякка кажучы, выкарыстоўваць не этычна, — дзеліцца старшы навуковы супрацоўнік мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Ганна Віктараўна Субота.
Калі разглядаць мемарыялы краін Заходняй Еўропы (напрыклад, музеі “Карлхорст” у Берліне, Аўшвіц-Біркенау ў Польшчы), то на наведванне іх пастаяннай экспазіцыі існуе ўзроставы цэнз. Сюды вучні могуць прыходзіць, пачынаючы з 9 класа. Што тычыцца беларускага мемарыялу “Хатынь” і яго філіялу “Дальва”, мемарыяльных комплексаў “Шунеўка”, “Трасцянец”, то тут афіцыйнай забароны на наведванне малодшымі школьнікамі няма, але і праграм, распрацаваных для такой катэгорыі дзяцей, таксама не існуе. Па словах Ганны Віктараўны, ёсць праблема з падрыхтоўкай школьнікаў да наведвання мемарыялаў на месцы спаленых вёсак. Яе можна вырашаць праз работу з педагогамі. Важна таксама бацькам праводзіць напярэдадні экскурсіі размову з дзецьмі.
— Як раскрыць малодшым школьнікам тэму вайны? Адзіны прыём, які тут спрацоўвае, гэта “пытанне — адказ”. Калі тэму Вялікай Айчыннай вайны ўвогуле яшчэ можна адаптаваць для малодшых школьнікаў, то тэма трагедыі Хатыні вузкая, і пры яе раскрыцці адысці ад жахаў вайны немагчыма. Лічу, што школам і турыстычным агенцтвам неабходна рэкамендаваць уводзіць узроставы цэнз на наведванне “Хатыні” і падобных мемарыяльных комплексаў. Пачынаць знаёмства з трагедыяй гэтай вёскі варта тады, калі па школьнай праграме пачынаецца знаёмства з літаратурнымі творамі пра вайну, — лічыць Ганна Віктараўна.
Новыя падыходы
На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў адным з самых папулярных музеяў краіны з’яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. За гады сваёй дзейнасці ён прыняў сотні тысяч наведвальнікаў. Большая іх частка, безумоўна, настаўнікі і вучні. Традыцыйнымі формамі супрацоўніцтва музея з установамі адукацыі з’яўляюцца аглядавыя, тэматычныя экскурсіі, шырока практыкуюцца і выязныя мерапрыемствы кшталту “музей у чамадане”, якія прымяркоўваюцца да памятных дат. Найбольш актыўна музейна-педагагічныя заняткі з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій праводзяцца пасля адкрыцця новага будынка музея. Ён стаў магутным гісторыка- і сацыякультурным цэнтрам. Для работы з насельніцтвам, у тым ліку педагогамі і навучэнцамі, тут створаны навукова-педагагічныя станцыі, інфацэнтры, інфакіёскі, дзе кожны наведвальнік можа самастойна знайсці неабходную інфармацыю. Хаця лепш за ўсё рабіць гэта разам з экскурсаводам і пажадана падчас музейна-педагагічных заняткаў.
Як лічыць загадчык сектара навукова-метадычнай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Таццяна Фёдараўна Палітыка, адукацыйны патэнцыял любога музея выяўляецца ў яго прадметна-інфармацыйнай, эмацыянальна цэласнай насычанасці, што дапамагае ўздзейнічаць на эмацыянальную сферу дарослага чалавека і на дзіцячую памяць. Свой адукацыйны патэнцыял музей можа рэалізаваць толькі дзякуючы скаардынаванай сумеснай рабоце з установамі адукацыі. Калі не будзе ўзаемадзеяння школы і музея, то ён не дасягне сваёй галоўнай мэты.
— Важнай з’яўляецца адпаведнасць адукацыйнай праграмы, якая рэалізоўваецца ў мікраасяроддзі, узроўню ўзроставага развіцця дзіцяці. Гэтае пытанне якраз і тычыцца тэмы Хатыні. Падчас заняткаў трэба ствараць атмасферу эмацыянальнага камфорту. Паказаць дзецям малодшага школьнага ўзросту гісторыю Вялікай Айчыннай вайны вельмі і вельмі складана. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для малодшых школьнікаў распрацавана толькі аглядавая экскурсія “Дарогамі вайны”, падчас якой гаворыцца пра тое, што такое добра, а што такое дрэнна. Дзеці ў такім узросце найбольш яскрава запамінаюць вобразы. Нам у гэтым плане пашчасціла. У музеі створана шмат інсталяцый, дыярам, якія дапамагаюць маленькім наведвальнікам зразумець, што вайна — гэта жудасна, гэта дрэнна, яны пачынаюць вызначаць, хто вінаваты, хто мае рацыю, хто на чыім баку ваяваў, — паведамляе Таццяна Фёдараўна.
Актуальнымі для малодшага школьнага ўзросту з’яўляюцца заняткі “Прывітанне, музей”, якія дазваляюць паглыбіць дзяцей у сферу музейнай культуры. Пачынаць наведванне музея варта з вырашэння пытанняў “Як?”, “Якім чынам?”. Малодшых школьнікаў трэба вучыць, як паводзіць сябе ў музеі, расказваць, што гэта за ўстанова, у чым яе каштоўнасць, якія бываюць віды музеяў. Дзеці знаёмяцца з музейнымі тэрмінамі, прафесіямі. Практычна ўсё адбываецца ў гульнявой форме. Прыемным сюрпрызам для малодшых школьнікаў становяцца невялікія сувеніры, што ўручаюцца пасля рэфлексіі.
Заняткі “Салдацкі трохвугольнік” разлічаны на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту і дапамагаюць азнаёміцца з тэмай Вялікай Айчыннай вайны праз асабістае ўспрыманне яе ўдзельнікаў. У канцы заняткаў дзецям прапануецца самім напісаць ліст, уявіць сябе на фронце. У гэтым годзе плануецца правесці заняткі “Лясныя школы”, дзе школьнікі будуць падрабязна знаёміцца з партызанскім побытам, цяжкасцямі жыцця ў лесе, вучыцца пісаць вугольчыкамі на бярозавай кары, пёрамі, рабіць чарніла з ягад. Практычная частка гэтых заняткаў ужо праводзілася падчас іншых мерапрыемстваў.
— Новым відам музейна-педагагічнай работы становяцца анлайн-урокі. Для нас гэта новая форма супрацоўніцтва з установамі адукацыі, якая нарадзілася па ініцыятыве педагога Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Юліі Іванаўны Аўрамавай. Некалькі гадоў назад былі праведзены падобныя заняткі па тэме “Дэмаграфічныя страты”. Цяпер мы распрацавалі цэлую сістэму ўрокаў у адпаведнасці са школьнай праграмай. Гэта будуць 2 заняткі ў тыдзень. Іх плануецца праводзіць з залаў музея ў форме анлайн-канферэнцыі па пэўнай тэматыцы; педагог музейны разам з педагогам школьным адначасова будуць весці заняткі, разглядаць тэмы школьнай праграмы, — гаворыць Т.Ф.Палітыка.
Тое, што трэба!
“85 працэнтаў ад агульнай колькасці нашых наведвальнікаў — гэта вучні агульнаадукацыйных устаноў, — такую статыстыку агучвае загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Вольга Генадзьеўна Пархімовіч. — І мы даўно зразумелі, што неабходна адыходзіць ад класічных экскурсій, навучальных лекцый на базе музея, па-за музеем, а трэба прапаноўваць новыя формы работы, якія будуць запатрабаваны ў нашых наведвальнікаў”.
Не сакрэт, што самыя папулярныя формы работы з навучэнскай моладдзю ў любым музеі — гэта квесты, гульні-віктарыны. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы яны называюцца “У пошуках папараць-кветкі”. Супрацоўнікамі музея распрацаваны даведнікі для ўсіх катэгорый наведвальнікаў, пачынаючы з 1-га па 11 клас, для студэнтаў, дарослых, у залежнасці ад узроўню іх падрыхтоўкі, магчымасцей і г.д. Гэтыя даведнікі адпавядаюць калекцыям, прадстаўленым у экспазіцыі.
У аснове працы музея з навучэнцамі, асабліва пачатковай школы, павінна быць гульня, а ў аснове гэтай гульні — пошук. Формула простая і надзвычай эфектыўная. У літаратурным музеі самым каштоўным экспанатам з’яўляюцца рукапісы, у прыватнасці рукапісы Янкі Купалы. Але адшукаць іх пад сілу навучэнцам старшых класаў. Для іншых школьнікаў падрыхтаваны больш простыя і не менш захапляльныя заданні: адшукаць прадметы, фотаздымкі, мастацкія работы. Убачыць, якім быў Янка Купала ў розныя перыяды жыцця, якім было асяроддзе класіка, цікава не толькі дзецям, але і дарослым.
— Напрыканцы кожных музейных заняткаў дзяцей важна ўзнагародзіць. І мы вырашылі распрацаваць сувенірную прадукцыю, якая была б толькі ў нашым музеі. Адзіная ўмова: гэтая прадукцыя павінна быць таннай, але яркай, запамінальнай. Самы яскравы таму прыклад — закладкі. Аднак звычайныя закладкі для сучаснага школьніка малацікавыя. Каб яны былі карыснымі і практычна выкарыстоўваліся дзецьмі пасля музейных заняткаў, мы размясцілі на закладках шпаргалкі. Напрыклад, месяцы на рускай мове ў перакладзе на беларускую, табліцу множання. Такая закладка будзе запатрабавана да канца навучання ў школе. А калі аздобіць яе выявамі музея, урыўкамі з вершаў Янкі Купалы, напісанымі ўнікальным шрыфтам “Пясняр”, гэта будзе тое, што патрэбна сучаснаму школьніку. Папулярнасцю карыстаюцца такія святы, як “Пасвячэнне ў першакласнікі”, квесты, што праходзяць і ў музейных залах, і на тэрыторыі парку. А на падарункавых падстаўках пад гарачае змешчаны словы Купалы: “Будзем цешыцца, што ты вучышся, і да невукаў не далучышся”, — расказвае Вольга Генадзьеўна.
Запатрабаваныя дашкольнай і малодшай школьнай аўдыторыяй таксама музейна-педагагічныя праграмы на аснове каляндарна-абрадавых свят. Раней гэтая катэгорыя дзяцей менш наведвала музей: лічылася, паколькі ён літаратурны, ім тут будзе нецікава. Магчыма, так і было, пакуль у Купалавым доме не адкрылі новую экспазіцыю са спецыяльнай інтэрактыўнай зонай для дзяцей “Хлопчык і лётчык”. Праводзяцца Калядкі, Гуканне вясны, Вячоркі, Багач. Такая форма работы дае магчымасць павялічыць колькасць юных наведвальнікаў.
Слушныя прапановы
Калі дзецям спадабаюцца музейна-педагагічныя заняткі, то слова “музей” у іх будзе абавязкова асацыіравацца са знакам “плюс”, станоўчымі эмоцыямі. Важна, і з якім настроем, эмацыянальным пасылам рэалізоўваецца музейна-педагагічная праграма. Гэтыя словы актуальныя толькі для дзяржаўных музеяў сістэмы культуры? Канечне, не. Да слоў удзельнікаў круглага стала “Музейная педагогіка Беларусі” варта прыслухацца і кіраўнікам музеяў устаноў адукацыі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.