За апошнія гады свет накрыла адрэналінавае цунамі. Штодзень у сацыяльных сетках з’яўляюцца новыя фота і відэа “подзвігаў” экстрэмалаў. Калі вы не ведаеце, што такое руфінг, зачэпінг, скайуокінг, дыгерства, бейсджампінг, акрастрыт, — вы не ведаеце моладзь. Спускацца пад зямлю і чапляцца за электрычкі, узбірацца на дахі і скакаць адтуль, наўмысна наносіць сабе парэзы і перакрываць дыханне — варыянтаў паказытаць сабе нервы ў моладзі шмат. Пра трагічныя вынікі такога “козыту” мы часта даведваемся з навін. Каб выратаваць ад бяды спайдэрмэнаў і бэтмэнаў, педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 9 Мінска Вольга Ігараўна Івашына ўсур’ёз акунулася ў тэму падлеткавага экстрыму.
Паспрабую ўсё, калі паспею…
Па словах Вольгі Ігараўны, няўменне прагназаваць наступствы учынкаў — адна з прычын удзелу ў падобных гульнях. Мала хто з дзяцей задумваецца пра рызыку, калі гульня выклікае гаму яркіх эмоцый і перахоплівае дух. Некаторыя пры гэтым схільны пераацэньваць свае сілы і магчымасці. У кампаніі сяброў падлеткі адчуваюць сябе больш смелымі і вынослівымі, адважваюцца на такія дзеянні, якія ніколі б не зрабілі ў адзіночку.
“Адзін у полі не воін, а з кампаніяй гатовы штурмаваць любы ветраны млын, — гаворыць педагог. — Ды і разуменне рызыкі яшчэ не гарантуе, што падлетак ад яе адмовіцца. Часта менавіта дзеля экстрэмальных перажыванняў, звязаных з усведамленнем рызыкі, старшакласнікі ўдзельнічаюць у небяспечных гульнях і забавах. Іншых штурхаюць на рызыкоўныя дзеянні звычайная цікаўнасць, нуда або прытрымліванне прынцыпу “ў гэтым жыцці трэба паспрабаваць усё”.Дзеці малодшага падлеткавага ўзросту могуць удзельнічаць у небяспечных гульнях, бяздумна пераймаючы адно аднаго або старэйшых дзяцей. Логіка ўчынкаў тут простая: раз так робяць іншыя, значыць, і мне можна. Старэйшых і больш асцярожных яны бяруць “на слабо”. У хлапечай супольнасці існуе сакрэтнае правіла: будзь, як усе, ці станеш слабаком, ізгоем. Нямногія знаходзяць у сабе сілы застацца слабакамі. Большасць ідуць на повадзе ў групы, яны гатовы рызыкаваць жыццём, толькі б прыцягнуць да сябе ўвагу прыяцеляў, заслужыць сімпатыю і павагу. Немалое значэнне мае і дух спаборніцтваў, уласцівы любой хлапечай кампаніі. Жаданне памерацца сіламі, высветліць, хто смялейшы і больш мужны, правакуе дзяцей на небяспечныя прыгоды. Нярэдка, каб быць прынятымі ў кампанію або якую-небудзь таемную моладзёжную супольнасць, пачаткоўцам прыходзіцца прайсці некалькі выпрабаванняў. Вынаходлівасць у такіх выпадках наогул не мае межаў”.
Інтэрактыў для экстрэмалаў
Адзін не воін і ў выхаваўчым полі. Таму Вольга Ігараўна ў справе навучання дзяцей 9—11 класаў выбіраць адказныя паводзіны заручылася дапамогай сваіх калег і бацькоў навучэнцаў.
Нягледзячы на тое, што мерапрыемствы па прафілактыцы адхіленняў у паводзінах падлеткаў праводзяцца ў многіх агульнаадукацыйных установах, асноўнай формай падачы інфармацыі застаюцца лекцыі, круглыя сталы, кіналекторыі і г.д. Такія метады прафілактыкі не заўсёды знаходзяць унутраны водгук ва ўдзельнікаў. Таму Вольга Ігараўна стварыла комплекс інтэрактыўных псіхалагічных заняткаў для навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, якія спрыяюць ранняй прафілактыцы рызыкоўных паводзін вучняў.
“Выбар гэтай тэмы быў невыпадковы, — заўважае Вольга Ігараўна. — З 2013 года быў зафіксаваны факт нарастаючай цікавасці навучэнцаў падлеткавага ўзросту да маладзёжных плыняў і супольнасцей. Многія навіны пра трагічныя выпадкі экстрэмалаў не праходзяць міма нашых дзяцей. Яны іх ведаюць, перадаюць адно аднаму, абмяркоўваюць. Прычым, упэўнена, агалоску атрымліваюць далёка не ўсе выпадкі: іх значна больш, чым афішыруюцца.
Тое, што дзеці часта трапляюць у такія сітуацыі, — заканамерна і тлумачыцца іх цікаўнасцю, жаданнем выпрабаваць сябе. Прычым у большасці выпадкаў гэта тычыцца падлеткавага ўзросту. Я працую з 6—7 класамі, але і ў 5-х ёсць такія памкненні. Усё гэта абумоўлена індывідуальнымі асаблівасцямі: нехта раней сталее, нехта — пазней, адзін больш камунікабельны, другі замкнёны, аднаму хапае камп’ютарнай гульні, другі імкнецца адчуць эмоцыі ў рэальнасці. Рана ці позна дзеці ўсё роўна выпрабоўваюць сябе і свае магчымасці”.
Сыр у пастцы
Ва ўсёй сетцы прафілактычных мерапрыемстваў школы ключавымі сталі інтэрактыўныя заняткі з навучэнцамі “Сыр у пастцы” Вось ў чым іх сутнасць. Да тэмы падвёў мазгавы штурм, падчас якога дзеці, раздзяліўшыся на групы, знаходзілі адказы на пытанні. Што такое рызыка? Што могуць страціць рызыкоўныя людзі? Якія вам вядомы сучасныя рызыкоўныя дзеянні, учынкі вашых аднагодкаў, якія могуць пагражаць жыццю і здароўю? Назвы якіх маладзёжных супольнасцей вы ведаеце? Дзеля чаго яны рызыкуюць?
У стужках актыўнасцей падлеткаў вельмі шмат аматарскіх відэападборак з удалымі трукамі і няўдалымі падзеннямі. Увогуле гэтая тэма — адна з самых папулярных у запытах карыстальнікаў YouTube. Таму Вольга Ігараўна прапанавала падлеткам на сваіх занятках даведацца, што адбываецца з героямі такіх ролікаў пасля таго, як зачыняецца затвор відэакамер.
Пасля прагляду ўрыўка з праграмы “Не спрабуйце паўтарыць” канала Discovery, героямі якога сталі маладыя людзі пасля няўдалых трукаў, школьнікі абмеркавалі ўбачанае і прыйшлі да высновы, што за “лайкі” гледачоў не варта аддаваць здароўе і жыццё.
Перажыць вопыт страты блізкіх дапамагло практыкаванне “Шлях страт”. На картках падлеткі пісалі самае каштоўнае ў іх жыцці. На кожнай картцы — нешта адно: любімыя заняткі, справа, прафесія, жыццёвая мэта, мара. Для некага самай вялікай марай у жыцці была сустрэча з каханым чалавекам, для кагосьці — нараджэнне дзіцяці, для некага — любімая прафесія, для іншых — слава, матэрыяльныя даброты.
“Удзельнікам трэнінгу прапаноўвалася ўявіць, быццам у іх жыцці нешта адбылося, і ў выніку давялося чымсьці ахвяраваць (выбраць картку, на якой напісана тое, чым лягчэй за ўсё ахвяраваць, скамячыць і выкінуць далоў), — апісвае псіхалагічны аспект Вольга Ігараўна. — Неўзабаве ім давялося зноў чымсьці ахвяраваць — зноў выбіраць, чым ахвяраваць. Праходзіць час, і жыццё зноў патрабуе ахвяр. Гэта ўжо не сцежка ахвяр, а цэлая бездань. Яны зноў ахвяруюць, выбіраюць, камечаць, кідаюць. Апошняюю “ахвяру” вядучы выхоплівае з рук удзельнікаў, іграючы ролю Лёсу. Практыкаванне выклікае вельмі моцныя эмоцыі, некаторыя могуць нават плакаць, некаторыя гнеўна супраціўляюцца і не аддаюць апошнія паперкі выхапіць вядучаму. У рэабілітацыйнай частцы мы выходзім з практыкавання ў рэальнасць, вяртаем “страчанае” — збіраем з падлогі карткі і распраўляем. Тут галоўнае — абмеркаванне перажыванняў падчас практыкавання. Усе ведалі, што гэта толькі гульня, нават сама думка аб магчымай страце выклікала самыя моцныя пачуцці. Не кажучы ўжо пра пачуцці ў рэальным жыцці”.
Для бацькоў праходзілі псіхапрафілактычныя заняткі “Не веру сваім вачам”, на якіх бацькі даведваліся пра прычыны схільнасцей падлеткаў да рызыкоўных паводзін, з дапамогай відэапрэзентацыі пазнаёміліся з экстрэмальнымі гульнямі — новымі і папулярнымі ўжо сярод моладзі, падчас трэнінгу павучыліся правільна рэагаваць на экстрэмальныя зносіны падлеткаў, каб быць у курсе падзей, даведаліся, як у сацыяльных сетках знаходзіць патрэбную інфармацыю.
Для педагогаў Вольга Ігараўна праводзіла прафілактычныя заняткі “Небяспечныя гульні падлеткавых субкультур”, на якіх усе сумеснымі намаганнямі змадэлявалі алгарытм эфектыўнага рэагавання на рызыкоўныя паводзіны і пераключэння дзяцей з экстрэмальнай да больш небяспечнай дзейнасці, дзе б яны маглі рэалізавацца без урону здароўю.
Памяншаем рызыку
Спрабаваць перавыхаваць падлетка, які цягнецца да экстрыму, немагчыма — ён усё роўна будзе імкнуцца згуляць з лёсам на выжыванне. Таму псіхолагі раяць: калі вашы дзеці ці вучні шукаюць сябе ў паркуры, руфінгу ці ў нечым іншым — пераканайце іх у неабходнасці як мага больш сур’ёзна ставіцца да правіл тэхнікі бяспекі. І лепш, калі асвойваць іх яны будуць у афіцыйна зарэгістраваных клубах і пад наглядам вопытных інструктараў.
Вось прыклады , як павярнуць сваю энергію ў больш здаровае рэчышча:
Руфінг — прагулкі па дахах.
Руферы — гэтакія карлсаны нашага часу, якіх цягне на дахі. Узброіўшыся фотаапаратам або звычайным тэлефонам з камерай, руферы блукаюць па гарышчах і дахах гарадскіх шматпавярховак і здымаюць віды, якія адкрываюцца з вышыні. Так яны нібыта шукаюць прыгажосць, спакой і натхненне. Але руфінг заслужана адносіцца да самых небяспечных забаў падлеткаў. Па-першае, пранікненне на дах супрацьпраўнае, а значыць, у выпадку чаго вам прыйдзецца забіраць дзіця з аддзялення міліцыі. Па-другое, нават самыя мірныя забавы на вышыні пяціпавярховага (і больш) дома бяскрыўднымі не назавеш. Лепш не рызыкаваць і загадзя абмеркаваць з падлеткам небяспечнае хобі.
Альтэрнатыва: палёт на параплане, на паветраным шары або на самалёце з дасведчаным інструктарам.
Скайуокінг — заваяванне самых высокіх кропак у горадзе без спецыяльнай страхоўкі.
Скайуокеры, як і руферы, любяць вышыню. Нават сама назва гэтага захаплення даслоўна перакладаецца як “хаджэнне па небе”. Скайуокеры залазяць на самыя высокія аб’екты: дахі, вежы, масты. Гэта ім трэба для таго, каб зрабіць дзіўныя фатаграфіі і атрымаць асалоду ад адчування свабоды і палёту. Менавіта гэтае пачуццё (ну і, вядома, жаданне ўразіць аднагодкаў) прымушае адчайных маладых людзей падымацца на вышыню некалькіх сотняў метраў без страхоўкі. Ці варта казаць, якія небяспечныя такія ўздымы і якой рызыцы падвяргаюць сябе тынэйджары?
Альтэрнатыва: палёт на паветраным шары, скалалажанне, скачок з парашутам з інструктарам.
Дыгерства — спуск і вывучэнне падземных камунікацый (шахты метро, бамбасховішчы і г.д.).
Дыгеры спускаюцца ў падзямеллі не з любові да гісторыі і археалогіі. Падземкі, бамбасховішчы і шахты вабяць безразважных тынэйджараў, як магніт. Гэта ж сапраўдны трылер з эфектам прысутнасці! А нядаўна дыгерства выйшла на новы ўзровень: цяпер можна заказаць экскурсію па гарадскіх падзямеллях і адчуць усё іх змрочнае хараство. Але ніхто не застрахаваны ад абвальвання, ды і давяраць экскурсаводам небяспечна — у такіх месцах вельмі лёгка заблудзіць.
Альтэрнатыва: вывучэнне гісторыі, паездка ў археалагічны лагер.
Зачэпінг — праезд на электрычцы ці трамваі звонку, а не ўнутры: на даху, на падножцы, на поручнях.
Гэтае экстрэмальнае захапленне ўзнікла ў пачатку мінулага стагоддзя, калі ездзіць па-за салонам цягніка людзей прымушала патрэба: перапоўненыя трамваі і цягнікі, а таксама высокі кошт на квіткі ператваралі звычайных людзей у зачэпераў. Цяпер зачэперамі кіруе смага прыгод.
Асноўная небяспека, якая падпільноўвае зачэпераў, гэта, вядома, падзенне на рэйкі пад колы цягніка, які рухаецца. Штогод у Расіі фіксуецца некалькі дзясяткаў такіх няшчасных выпадкаў, падцягваецца ў сумнай статыстыцы да суседзяў і Беларусь.
Альтэрнатыва: любы гурток ці секцыя, здольныя захапіць дзіця і астудзіць яго цягу да небяспечных забаў.
Бейсджампінг — скачкі з вышыні ў некалькі соцень метраў са спецыяльным парашутам.
Думаеце, ніхто не стане рызыкаваць жыццём без крайняй патрэбы? Бейсджамперы абвяргаюць гэта. Іх хобі — лазіць без страхоўкі па скалах і мастах і скакаць адтуль. Са спецыяльным парашутам.
Асноўнае адрозненне бейсджампінгу ад парашутнага спорту — у вышыні, з якой здзяйсняецца скачок. У бейсджампера застаецца значна менш часу на раскрыццё парашута і групоўку цела ў палёце, таму рызыка здзейсніць памылку, заблытацца ў стропах або не паспець раскрыць парашут большая.
Бейсджампінг распаўсюджаны толькі на абывацельскім узроўні, хаця ў некаторых краінах ёсць і спецыялізаваныя школы. Асноўныя правілы перадаюцца з вуснаў у вусны, а значыць, увесь поспех скачка залежыць не толькі ад здольнасці “вучня”, але і ад таго, ці пашанцуе яму з “настаўнікам”.
Альтэрнатыва: палёт на параплане, скачок з парашутам пад кіраўніцтвам дасведчанага інструктара.
Паркур — рацыянальнае перамяшчэнне і пераадоленне перашкод, якія трапляюцца на шляху (сцен, лесвіц і г.д.). Спалучае ў сабе мноства даволі складаных і небяспечных трукаў: кулянні, скачкі з апорай на рукі.
Паркур з’яўляецца адным з самых папулярных хобі сучаснай моладзі. Але, нягледзячы на мноства небяспечных элементаў і трукаў, якія прадугледжвае паркур, назваць гэтую забаву абсалютна шкоднай нельга.
Трэйсеры (людзі, якія займаюцца паркурам) шмат часу праводзяць у спартыўных залах і на трэніровачных пляцоўках, развіваючы цягавітасць і спрыт. З часам яны становяцца значна мацнейшымі і больш спартыўнымі за сваіх аднагодкаў, але бацькоўскае хваляванне за дзіця-трэйсера цалкам апраўдана.
Паркур — траўматычны і небяспечны від спорту, асабліва калі падлетак эксперыментуе ў адзіночку ці з сябрамі-дылетантамі. Немагчыма сустрэць трэйсераў, у якіх бы не было ніводнага пералому або расцяжэння. Найбольш частыя траўмы: пералом пальцаў і запясцяў, разрыў сухажылляў, пашкоджанне галёнак, пятак і ключыц. Дарэчы, цяпер узнікаюць школы, дзе вопытныя трэнеры навучаюць падлеткаў правільным і адносна бяспечным трукам.
Альтэрнатыва: гімнастыка, лёгкая атлетыка.
Акрастрыт — вулічная акрабатыка, якая прадугледжвае выкананне даволі складаных і небяспечных трукаў: стойка на галаве, скачкі з узвышшаў, сальта. У адрозненне ад паркура, усе трукі выконваюцца на месцы. Вучыцца акрастрыту звычайна пачынаюць на вуліцах, і гэта галоўная небяспека для здароўя. Адсюль і траўмы.
Альтэрнатыва: танцы, лёгкая атлетыка, спартыўная гімнастыка.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з інтэрнэту.