Прафарыентацыя ў класе і за камп’ютарам

Хакатон для настаўнікаў, “неканферэнцыя” па прафарыентацыі, стварэнне ўласнага прафарыентацыйнага сайта — гэта толькі частка актыўнасцей, якія запусцілі педагогі сярэдняй школы № 16 Баранавіч за апошнія некалькі гадоў. З 2017 па 2020 гады ў школе праходзіў інавацыйны праект “Увядзенне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”. Дзевяць настаўнікаў-інаватараў спрабавалі новыя для сябе адукацыйныя тэхналогіі, вучыліся працаваць у анлайне. Пра ход і вынікі праекта мы пагутарылі з дырэктарам школы Аленай Аляксандраўнай НОВІК.

Ідэя і падрыхтоўка педагогаў

Работа над інавацыйным праектам пачалася для педагогаў, калі яны правялі гарадскі семінар-практыкум для настаўнікаў-філолагаў, прысвечаны метадам і прыёмам прафарыентацыйнай работы. На адкрыцці семінара кожны педагог прэзентаваў уласны шлях у прафесію, а пасля ўдзельнікаў запрасілі на вучэбныя і факультатыўныя заняткі з прафарыентацыйным зместам. Таксама ім прадэманстравалі сюжэтна-ролевую гульню “Перспектыва” і відэапраекты вучняў “Мая будучая справа”. Поспех семінара паказаў, што тэма прафарыентацыі запатрабавана як ніколі.

— Галоўная задача праекта — дапамагчы школьнікам не проста выбраць прафесію, але і навучыцца канструяваць свой прафесійны маршрут, — тлумачыць Алена Аляксандраўна. — Сённяшнім школьнікам нельга раз і назаўсёды выбраць прафесійны шлях, ім патрэбна будзе ўвесь час працаваць над наборам кампетэнцый, каб скласці з іх нейкую ўласную “прафесію”.

Ідэя інавацыйнага праекта ў тым, каб навучыць сённяшніх школьнікаў не проста вызначыцца са спецыяльнасцю, а пастаянна ствараць новыя на аснове сваіх ведаў. Гэта дазволіць хутка рэагаваць на пастаянныя змены рынку працы і заставацца патрэбным спецыялістам ва ўмовах няпэўнасці.

— Каб падрыхтавацца да інавацыйнага праекта, а таксама развівацца падчас яго правядзення, педагогі наведвалі сустрэчы, семінары, канферэнцыі, прысвечаныя кампетэнтнасна арыентаванай прафарыентацыі, кіберсацыялізацыі асобы, STEM-адукацыі, — пералічвае Алена Аляксандраўна.

Самыя запамінальныя адукацыйныя мерапрыемствы для педагогаў-інаватараў — круглы стол “Выніковасць і вынікі інавацыйнага праекта: дасягненні і фактары рызыкі”, дзелавая гульня “Фарміраванне і развіццё даследчыцкіх кампетэнцый як гатоўнасці да апісання і прэзентацыі педагагічнага досведу”, метадычны мост з установамі адукацыі — удзельнікамі інавацыйнага праекта. Каб настаўнікі дапамагалі адно аднаму атрымліваць новыя веды і ўнутры школы, тут працуе метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-прадметнікаў “Тэхналогіі развіцця візуальных і віртуальных кампетэнцый у навучэнцаў”.

Таксама на працягу ўсяго інавацыйнага праекта педагогам дапамагала іх навуковы кансультант — кандыдат педагагічных навук дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Леаніда Віктараўна Луцэвіч. Яна правяла для настаўнікаў шматлікія семінары, напрыклад трэнінг, прысвечаны SMART-тэхналогіям у праф­арыентацыйнай рабоце, навучыла праца­ваць з картай-навігатарам сталення і кіберсацыялізацыі асобы, расказала пра сістэму прафарыентацыі ў Фінляндыі. Усё гэта дапамагала засвоіць тэорыю, каб хутчэй перайсці да актыўных дзеянняў.

Удзел у хакатоне і прафарыентацыйны сайт “Перспектыва”

Фокус інавацыйнага праекта — на інфармацыйных і электронных адукацыйных рэсурсах, таму педагогам давялося не толькі актуалізаваць свае веды па прафарыентацыі, але і сур’ёзна папрацаваць над уласнымі камп’ютарнымі кампетэнцыямі.

— У 2018 годзе ў межах праекта прайшоў І Рэспубліканскі настаўніцкі хакатон, у якім прынялі ўдзел настаўнікі з усёй Бе­ларусі, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Педагогі з Баранавіч, Ляхавіч, Радашковіч, Зэльвы і Зэльвенскага раёна, а таксама з Гомеля і Мінска сабраліся ў сярэдняй школе № 153 Мінска, каб два дні займацца распрацоўкай сайтаў, відэаролікаў ды іншых прафарыентацыйных матэрыялаў.

Над сваімі праектамі працавалі 12 каманд з настаўнікаў самых розных прадметаў — ад інфарматыкі да працоўнага навучання, — а таксама са старшакласнікаў і іх бацькоў. Расклад — як на сапраўдным праграмісцкім хакатоне: ад пітчынгу (прэзентацыі ідэй) да работы ўсю ноч. У першы дзень таксама прайшлі інтэнсіўныя майстар-класы па распрацоўцы сайтаў пры дапамозе канструктара WIX.com, па стварэнні відэаролікаў на платформе Sparkol, па распрацоўцы рабочых лістоў і па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.

— Хакатон — гэта прастора, у якой дзейнічае прынцып “роўны навучае роўнага”. Там сабраліся педагогі-інаватары, якія валодаюць пэўнымі прафесійнымі кампетэнцыямі і тэхналогіямі адукацыйнага працэсу, каб павучыцца адно ў аднаго і распрацаваць лічбавыя сродкі падтрымкі прафарыентацыі.

У выніку з’явілася адразу некалькі рэсурсаў, прысвечаных прафарыентацыі: сайты і блогі, відэаролікі на тэму “Тваё заўтра”, заснаваныя на “Атласе новых прафесій”, прафурокі. Адзін з праектаў — кадравы кансалдынг “Перспектыва”, распрацаваны камандай сярэдняй школы № 16 Баранавіч: Г.С.Тур, Н.В.Краўчэняй, Г.У.Васянковай і К.Е.Арцем’евай. Развіццём і напаўненнем сайта педагогі займаюцца і сёння.

— На прафарыентацыйным сайце можна пазнаёміцца з атласам прафесій, які падказвае, напрыклад, дзе ў Беларусі вучыцца на ІТ-медыка ці спецыяліста па 3D-тэхналогіях, а таксама дае падказкі, як вызначыцца са сваім прафесійным напрамкам, — тлума­чыць Алена Аляксандраўна. — Можна атрымаць інфармацыю пра навучальныя ўстановы, прайсці прафарыентацыйнае і псіхалагічнае тэсціраванне, атрымаць кансультацыю пра тое, як улічваць свае асабістыя асаблівасці пры выбары прафесіі.

Тут жа — распрацоўкі ўрокаў і гульняў для прафарыентацыі школьнікаў рознага ўзросту. Дзякуючы з’яўленню такога партала, педагогі маглі на працягу ўсяго праекта збіраць і захоўваць свае педагагічныя знаходкі, а таксама зрабіць іх даступнымі для калег. Усе матэрыялы можна выкарыстоўваць на ўроках і пазакласных занятках.

Сярод прафарыентацыйных гульняў на сайце — квест “Людзі Х”, які быў праведзены з вучнямі 8—9 класаў.

— З дапамогай дадаткаў у мабільных тэлефонах камандам трэба было счы­таць QR-код і знайсці кабінет, дзе прахо­дзіла чарговае заданне-вандроўка ў прафесію. Падчас кожнага задання школьнікі даведваліся нешта новае пра розныя спецыяльнасці, а педагогі стваралі і тэсціравалі матэрыял для будучай камп’ютарнай гульні “Людзі Х”, — узгадвае дырэктар.

Цяпер настаўнікі могуць праводзіць такі ж квест віртуальна, не выходзячы з кабінета інфарматыкі. Зараз гульню рых­туюць да публікацыі, і хутка яна з’явіцца на прафарыентацыйным сайце “Перспектыва”, як і іншыя прадукты інавацыйнага праекта.

НЕканферэнцыя

Адным з самых маштабных мерапрыемстваў у межах інавацыйнага праекта стала НЕ канферэнцыя “Трэнды прафарыентацыйнай работы: учора, сёння, заўтра”, якая прайшла на базе гімназіі № 5 Баранавіч. Фокус НЕканферэнцыі — лічбавая трансфармацыя прафарыентацыйнай работы. Таму кожны педагог мог прадставіць свае тэхналагічныя напрацоўкі і падзяліцца вопытам.

Для настаўнікаў баранавіцкіх устаноў адукацыі, задзейнічаных у інавацыйным праекце, НЕканферэнцыя стала добрай пляцоўкай, дзе замест сур’ёзных справаздач і выступленняў у мікрафона можна было проста пагутарыць, паглыбіцца ў новыя методыкі ці проста папрасіць парады ў калегі-інаватара. Удзельнікі НЕканферэнцыі наведалі майстар-класы па выкарыстанні Google-сайтаў, стварэнні 3D-панарам і 3D-экскурсій, інфаграфіцы. Зразумела, на прафарыентацыйнай НЕканферэнцыі не абышлося без майстар-класа па псіхалогіі.

Свой вопыт у прафарыентацыі педагогі аформілі на вялікім інтэрактыўным стэн­дзе, якім могуць у любы час карыстацца і вучні, і госці школы. Тут сабраны асноўныя кампетэнцыі запатрабаванага спецыяліста будучыні, а таксама тэст на прафесійны тып з QR-кодамI.

Педагогі прадстаўлялі вопыт сваёй работы разам з калегамі-інаватарамі з гімназіі № 5 і сярэдняй школы № 14 Баранавіч. Настаўнікі-інаватары сярэдняй школы № 16 дзяліліся сцэнарыямі класных мерапрыемст­ваў, метадычнымі распрацоўкамі для класных гадзін і ўрокаў. Таксама расказвалі пра псіхалагічнае дыягнаставанне, якое зрабілі лічбавым агульнымі намаганнямі настаўнікі інфарматыкі і педагог-псіхолаг С.У.Кірык. Цікава, што прэзентацыя ідэй праходзіла ў фар­маце кароткіх дакладаў — літаральна 5 мінут на кожную распрацоўку. Каб НЕканферэнцыя заставалася цікавай і дынамічнай.


Інавацыйны праект падышоў да завяршэння, таму мы папрасілі Алену Аляксандраўну сфармуляваць яго галоўную каштоўнасць для школы:

— Зразумела, самае каштоўнае — гэта самаразвіццё педагогаў і пошук аднадумцаў, — адразу адказала яна і дадала: — Мы не хацелі б спыняцца, таму падалі заяўку на новы праект прафарыентацыйнага напрамку — спадзяёмся працягнуць работу. Ведаю, што актыўна працаваць над інавацыямі ў галіне прафарыентацыі пла­нуюць 8 школ горада — нам будзе дзе шукаць падтрымкі!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіва школы.